« Назад Ад "Мачахі..." да "Нявесты..." Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прапанаваў гледачам віртуальнае падарожжа ў сонечную Грузію: тут адбылася прэм’ера музычнай камедыі Гія Канчэлі "Нявеста з Імерэтыі". Аповесць "Мачаха Саманішвілі" Давіда Клдзіяшвілі была напісаная ў канцы ХІХ стагоддзя — у 1897-м. Акурат праз паўстагоддзя перакладзеная на рускую мову, увайшоўшы ў першае рускамоўнае выданне абраных твораў пісьменніка. Але папулярнасць да гэтага сюжэта прыйшла праз аднайменную грузінскую кінастужку 1977 года — дарэчы, таксама з музыкай Гія Канчэлі, але ў суаўтарстве з Джансугам Кахідзэ. Некаторыя з тых музычных тэм былі перанесены праз пяць гадоў у спектакль Георгія Таўстаногава ў колішнім Ленінградзе. Аснову музычнай камедыі склалі п’еса і вершы, напісаныя паводле аповесці вядомымі расійскімі лібрэтыстамі Барысам Рацэрам (дарэчы, родам з Тбілісі) і Уладзімірам Канстанцінавым. У адпаведнасці з жанрам, тут моцна перайначаны сюжэт, рэзка зменены настрой і агульны сэнс аповеду. Замест паказу цяжкага дарэвалюцыйнага жыцця, калі нараджэнне "непланаванага" хлопчыка выклікае падзел маёмасці і варожасць між бацькам і дарослым сынам, у камедыі зроблена праекцыя на рэаліі ХХ стагоддзя: акцэнтуюцца ўзаемаадносіны пакаленняў, сквапнасць, інфантылізм моладзі, імкненне сесці на карак маці (у дадзеным выпадку мачасе), цалкам скінуўшы на яе ўсю хатнюю працу і гадаванне дзяцей. У цэнтры цяперашняга спектакля аказваецца такая актуальная сёння тэма, што літаральна не сыходзіць з тэлеэкранаў, як падзел спадчыны між нашчадкамі. І варыяцыі на тэму кахання, якому "ўсе ўзросты падуладны". Вядома, усё заканчваецца не трагічным шматкроп’ем, а хэпі-эндам — імгненным дзівосным "перавыхаваннем" няўдзячнай моладзі, што спачатку адмаўляе права бацькі на асабістае шчасце. Музкамедыя ішла па ўсёй Расіі і ў саюзных рэспубліках. У 1990 годзе была пастаўленая ў нашым Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага, прычым Міхаілам Кавальчыкам. Ён выступіў рэжысёрам і цяперашняй прэм’еры ў Музычным, пераасэнсаваўшы, па ўласных словах, свой вопыт і набыўшы новыя веды. Галоўнай гераіняй новай версіі становіцца музыка. Творчасць Гія Канчэлі, грузінскага класіка і непераўзыдзенага сімфаніста ХХ стагоддзя, прадстаўленая ў нашым Музычным упершыню. У жанры музкамедыі даўно прынятая практыка перайначваць аркестроўку, "падганяючы" яе пад склад свайго аркестра. Наш тэатр набыў партытуру ў Барнауле, у тамтэйшым Алтайскім дзяржаўным музычным тэатры: тая была зробленая па аўтарскім клавіры кімсьці з мясцовых музыкантаў. Але наш дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч, які нядаўна справіў юбілей аўтарскай вечарынай у Мінскім дзяржаўным каледжы імя М.Глінкі, не проста перапісаў яе нанова, упрыгожыўшы яркімі тэмбравымі фарбамі і падгалоскамі, а яшчэ і дапоўніў нумарамі, якіх у клавіры не было. Бо таго патрабавала рэжысёрская канцэпцыя спектакля. У выніку ўзніклі ўверцюра, дзе адна з узнёслых мелодый была пераробленая ў лезгінку, музычны эпілог з той жа тэмай, што стала своеасаблівым лейтматывам, працяглая пластычна містычная сцэна трэцяга сну Платона, заснаваная на шматках-абрысах ранейшай музыкі спектакля, запальныя танцы на аснове народных грузінскіх тэм. Праца М.Макарэвіча ва ўсіх трох іпастасях: дырыжора, аранжыроўшчыка і кампазітара — папраўдзе бездакорная. Адзінае — магчыма, трэба было б крыху ўдасканаліць пачатак другога акта, дзе было скарыстана аркестравае суправаджэнне аднаго з вакальных нумароў. Бо пазбаўлены мелодыі фрагмент гучыць "безаблічна", не дапамагае і харэаграфія. Каб паглыбіцца ў грузінскую культуру, харэографы Мікалай і Юлія Міхайлавы адмыслова прайшлі курсы грузінскага танца. Але, пэўна, патрабаваўся час, якога не ставала, каб матэрыял стаў папраўдзе "іхнім". Узнікла сумесь ніякаватага эстраднага танца ў лірычных нумарах — і ўскосных спасылак на элементы грузінскага ў масавых сцэнах. Удзельнікі спектакля спраўляюцца з гэтым па-рознаму. У артыстаў балета, вядома, атрымліваецца куды лепей, але часам усё ж не хапае грузінскага імпэту. Сярод спевакоў — увагу прыцягвае пластыка Лідзіі Кузьміцкай (Мелано), дзе дасягнута выразнасць кожнага руху рук, Вікторыі Жбанковай-Стрыганковай (Элене) з яе лёгкімі дробнымі крокамі сапраўднай грузінскай паветранасці і палётнасці. Гэтыя ж артысткі разам з Антонам Заянчкоўскім (Бякіна) выдатна пачуваюць сябе ў рэалістычным ключы, цудоўна перадаюць змены думак і настрояў сваіх герояў, нідзе не збіваючыся на залішнюю тэатральную патэтыку. Астатнія персанажы вырашаны рэжысёрам больш у камічна-эксцэнтрычнай манеры. Кожны артыст (а іх два склады) уносіць свае дэталі: хтосьці больш засяроджваецца на акцёрскай ігры, хтосьці — амаль цалкам на вакальнай кантылене. Але вельмі радуе, што ўсе добра засвоілі асаблівасці працы з падгучкай і ўжо не імкнуцца, як гэта здаралася раней, крычаць у гарнітуру. Дапамаглі і высілкі рэпетытара па сцэнічнай мове Вольгі Бяльмач: салісты натуральна пачуваюць сябе не толькі ў спеўных, але і ў размоўных сцэнах. Увогуле амаль усе выканаўцы — куды маладзейшыя за сваіх герояў, і ў пераўвасабленнях моладзі ў старых выратоўвае мастак па грыме Людміла Басалай — начальнік грымёрнага цэха тэатра. Касцюмы Ільі Падкапаева і частка сцэнаграфіі Андрэя Меранкова пераносяць гледача ў Грузію. Веранды і балконы з разной арнаментыкай — акурат як у цэнтры старога Тбілісі. А вось драўляныя платы са сланечнікамі больш пасуюць "Вяселлю ў Малінаўцы". Не магу пахваліцца, што аб’ездзіла цалкам усю Грузію, але і ў музеі-скансэне, і проста ў вясковых мясцінах у вочы кідаліся агароджы, складзеныя з камення ці наўпрост з бярэмя галля-ламачча. У спектаклі многа гумару — не толькі ў тэксце, але і ўласна ў пастаноўцы. Раз-пораз атмасферу разраджае галава каровы з-за куліс: што ні кажыце, а элементы тэатра лялек яшчэ ніколі нікому не шкодзілі. Але чым далей, тым больш зразумела, што нас упэўнена вядуць ад "пасмяяцца" да "задумацца": адказам на больш жартоўную першую частку становіцца лірыка-філасофская другая, што робіць спектакль падобным да грузінскага тосту. Духоўны пасыл адчувальны нават па сцэнаграфіі, дзе функцыянальнасць (ложак ператвараецца ў стол, а з прыстасаванымі па баках коламі — у арбу) спалучаецца з сімволікай. Напаўпразрыстыя белыя тканіны на задніку, што жывуць сваім жыццём, нагадваюць заснежаныя горныя вяршыні, асацыююцца з пахавальным саванам і адначасова вясельным вэлюмам, балдахінам над калыскай немаўляці, а ў пэўны момант становяцца сімвалам духоўнасці. Сімвалічнымі з’яўляюцца і абрысы магутнага дрэва, і галіны, што ў другой дзеі расцвітаюць, і лічба тры. Сноў прарочых у Платона (Сяргей Суцько, у іншым складзе — Арцём Хамічонак) — тры. Пасынкаў ва ўдавы — трое. Выкрадаюць нявесту — утрох. А галоўнае — выявы трох мужчын на невялічкай квадратнай суперзавесе, дзе прасочваюцца традыцыі іканапісу. Такая дададзеная ў спектакль адсылка да святой Тройцы канчаткова пераводзіць дзеянне з каларытнай жанрава-побытавай замалёўкі ў прыпавесць — пра тое, што падзяляць трэба толькі любоў: тады яе для абодвух бакоў становіцца больш удвая. Ці ўсё ж утрая? Надзея БУНЦЭВІЧ |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by