« Назад Прэм’ерныя паказы мюзікла Глеба Матвейчука адбыліся ў Беларускім музычным тэатры 26 і 27 красавіка ў Беларускім музычным тэатры прайшлі прэм’ерныя паказы мюзікла Глеба Матвейчука "Небяспечныя сувязі". Гэта беларуска-расійскі праект, які быў ажыццёўлены дзякуючы мастацкаму кіраўніку тэатра Адаму Мурзічу. Усё творчае жыццё Матвейчука звязана з Масквой, дзе ён і нарадзіўся, але дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Мінску. Тут ён займаўся ў дзіцячай студыі пры нашым Вялікім тэатры, тут закончыў каледж пры Беларускай акадэміі музыкі. Яго першым педагогам па вакале быў Адам Асманавіч Мурзіч, які больш за 40 гадоў прысвяціў вакальнай педагогіцы і выхаваў дзясяткі маладых спевакоў, якія дастойна заявілі аб сабе і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў еўрапейскіх краінах. Далейшую сваю адукацыю Глеб працягваў у Расіі, дзе закончыў Маскоўскую кансерваторыю як вакаліст і Вышэйшае тэатральнае вучылішча імя Шчэпкіна як акцёр. Набыў вядомасць як папулярны спявак, а таксама як аўтар музыкі да тэатральных пастановак і мноства фільмаў, сярод якіх — шырокавядомы шматсерыйны кінафільм "Адмиралъ". А 10 гадоў таму Матвейчук арганізаваў сваю Тэатральную кампанію, першай пастаноўкай якой стаў музычна-драматычны спектакль "Тэрыторыя страсці", створаны паводле рамана Шадэрло дэ Лакло "Небяспечныя сувязі". У гэтай пастаноўцы ён выступаў не толькі як кампазітар, але і як выканаўца адной з галоўных роляў. Сярод тых, хто высока ацаніў новы творчы праект Глеба Матвейчука, быў і яго першы педагог. Адам Асманавіч, будучы на той час мастацкім кіраўніком Беларускага музычнага тэатра, загарэўся жаданнем ажыццявіць гэтую пастаноўку на нашай сцэне. Але ўсяму свой час. Спектакль "Тэрыторыя страсці" з цягам часу відазмяняўся, і ў 2021 годзе з’явілася яго абноўленая версія пад арыгінальнай назвай "Небяспечныя сувязі". Менавіта гэтая версія і была пастаўлена на сцэне нашага тэатра. А рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў сам Глеб Матвейчук. Над спектаклем працавалі яшчэ два прадстаўнікі яго Тэатральнай кампаніі — другі рэжысёр Аляксандра Каспарава і балетмайстар-пастаноўшчык Ірына Сацюкова. Перш чым разважаць аб гэтым спектаклі, неабходна спыніцца на яго спецыфічнай літаратурнай аснове. Гэта французскі эпісталярны раман другой паловы XVIII стагоддзя, які меў скандальную рэпутацыю і некаторы час быў нават забаронены за абразу маральнасці. Але з цягам часу Шадэрло дэ Лакло і яго "Небяспечныя сувязі" былі рэабілітаваны. І ў рамане ўбачылі не абразу маральнасці, а вострую сатыру на норавы французскай арыстакратыі і глыбокі псіхалагізм. Нават у артыкуле Вялікай савецкай энцыклапедыі, прысвечаным дэ Лакло, адзначалася, што ў сваім адзіным літаратурным творы ён праявіў сябе як майстар аналітычнага рамана і цвярозага псіхалагічнага аналізу. Цікава, што дэ Лакло ўдасканаліў жанр эпісталярнага рамана, значна павялічыўшы ў ім колькасць персанажаў — аж да дзесяці. І пастаянная змена характару кожнага з іх фіксуецца ў паслядоўнасці яго ўласных пісьмаў, а таксама адлюстроўваецца ў характарыстыках, дадзеных іншымі персанажамі ў перапісцы паміж сабой. У цэлым у раман уваходіць 175 пісьмаў, доўгіх і насычаных падрабязнасцямі, а падзеі, якія ў іх апісваюцца, адбываюцца на працягу прыкладна паўгода. Пераўтварыць такі літаратурны масіў у п’есу не так складана, а вось паставіць на яе аснове нават драматычны спектакль — складана, бо непазбежна давядзецца рэзаць і спрашчаць матэрыял. А стварэнне лібрэта для музычнага спектакля — справа наогул вельмі спецыфічная. І за яе ўзяўся акцёр Валерый Яроменка, які выконваў адну з роляў у першай версіі гэтай пастаноўкі. Тут ужо нельга гаварыць нават аб спрашчэнні літаратурнай асновы, бо яна выкарыстоўвалася толькі як крыніца для стварэння вобразнай сістэмы сцэнічнага твора. Калі ў рамане падаецца разгорнутая і паслядоўная карціна змены характараў і паводзін персанажаў, то ў лібрэта прадстаўлены толькі кульмінацыйныя моманты самых важных падзей. І, што нечакана, сам тэкст лібрэта падаецца ў вершаванай форме, прытым са спецыфічнай рыфмай. Глеб Матвейчук адзначае, што менавіта такая рыфмоўка з лагічным націскам на ключавыя словы найбольш прымальная для сцэнічнага вымаўлення. А тэксты песень для музычных нумароў напісаў вядомы драматург Карэн Кавалеран, з творчасцю якога нашы гледачы знаёмы па многіх расійскіх мюзіклах. Пра музычны складнік сваёй пастаноўкі Матвейчук распавядае так: "Я адразу бачу рэжысёрскае вырашэнне спектакля. Таму як рэжысёр даю заданне сабе як кампазітару напісаць музыку да той ці іншай сцэны. Я музыку не чую, а бачу ўжо ў сцэнічным яе ўвасабленні. Самае галоўнае на этапе стварэння праекта — закласці і ў лібрэта, і ў музыку хітовыя моманты, якія ўплываюць на эмацыянальнае ўспрыманне зместу ўсяго твора. Музычны матэрыял у цэлым выглядае як шматжанравая палітра, дзе спалучаюцца класічныя жанры, джаз, рок, эстрада, элементы клубнай музыкі. Пры гэтым усе нумары аб’яднаны агульным музычным вырашэннем, якое прадугледжвае стылізацыю. Такая шматжанравасць дапамагае пераключаць увагу гледача і пастаянна яго захапляць і здзіўляць, падтрымліваючы цікавасць да пастаноўкі". З усімі складанасцямі гэтага музычнага мікса выдатна справіўся наш дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч. У розных мюзіклах па-рознаму вытрымліваецца баланс літаратурнай асновы (лібрэта) і музычнага матэрыялу. Пастаноўка Матвейчука поўнасцю трымаецца на музычнай драматургіі. А непрацяглыя размоўныя сцэны мала спрыяюць развіццю сюжэта і хутчэй служаць своеасаблівай падводкай да музычных нумароў. І гэта праяўляецца ўжо з першай сцэны спектакля. Перад гледачом паўстаюць постаці жанчыны і мужчыны ў чорных плашчах і масках, якія сімвалізуюць жаночы і мужчынскі пачаткі, а масоўка з хору і балета — усё чалавецтва. Кароткі антаганістычны дыялог дзвюх постацей заканчваецца сакраментальным выслоўем: "Мужчыну з жанчынай змагацца? / Змагацца жанчыне з мужчынам? / Як гэта неразумна..." А потым гучыць музычны пралог "Небяспечная гульня", адрывістыя харавыя фразы якога па настроі асацыіруюцца са знакамітай кантатай Карла Орфа Carmina Burana. Трывожны пачатак, які нагадвае аб зменлівасці і непераадольнасці Фартуны... Па задумцы аўтараў праз увесь спектакль лейтматывам праходзіць тэма барацьбы мужчынскага і жаночага пачаткаў. У рамане такой заяўкі, зразумела, няма. А вось барацьба галоўнай гераіні з галоўным героем ёсць — прыземленая, цынічная і бязлітасная. ...Постаці ў чорным скідваюць свае плашчы і маскі, і перад гледачом паўстаюць бліскучыя прадстаўнікі французскай арыстакратыі — маркіза дэ Мертэй і віконт дэ Вальмон. Яны — былыя палюбоўнікі, але паміж імі існуе нейкая метафізічная сувязь, якая дазваляе ведаць падрабязнасці новых любоўных прыгод адно аднаго. Без лішніх рэверансаў маркіза звяртаецца да віконта з просьбай дапамагчы ёй адпомсціць свайму апошняму палюбоўніку графу дэ Жэркуру, які кінуў яе і сабраўся жаніцца з 16-гадовай Сесіль дэ Валанж. У адпаведнасці з каварным планам маркізы віконт павінен спакусіць юную нявесту, якая атрымала выхаванне ў манастыры: "Няхай Жэркурава бацькоўства надта хуткае пацешыць свет". І гэта пры тым, што Сесіль даводзіцца ёй хроснай дачкой! Але віконт, вядомы парыжскі валакіта і спакуснік, напачатку адмаўляецца: "Мне нават не пасуе / З маёй рэпутацыяй раптам у лялькі гуляць". Усе яго думкі былі скіраваны на новую нязвыклую ахвяру — замужнюю мадам дэ Турвель, якая вызначалася сапраўднай, не фальшывай дабрадзейнасцю і шчырай рэлігійнасцю. У рамане віконт у сваіх пісьмах падрабязна апісвае ўсе спробы дабіцца прыхільнасці гэтай жанчыны, і маркіза разумее тое, чаго яшчэ не разумее ён сам. Вальмон закахаўся!.. І з гэтым яна не змірыцца ніколі! Тым часам мадам дэ Турвель прыкладае неймаверныя намаганні для барацьбы з самой сабой — яна лічыць грахом нават думаць пра віконта! Адначасова разгортваюцца падзеі, звязаныя з Сесіль і яе настаўнікам музыкі шэвалье Дансені, паміж якімі ўспыхваюць іскрынкі першага нясмелага кахання. А, між тым, маці Сесіль — заўзятая пляткарка і аматарка ўмешвацца ў чужыя справы, красамоўна расказвае мадам дэ Турвель пра шматлікія "подзвігі" віконта. І вось тут ён успомніў просьбу маркізы... Усе перыпетыі ў спектаклі перадаюцца пераважна музычнымі сродкамі праз арыі, дуэты, ансамблі — нумарамі, блізкімі да сімфа-року, лірычнымі баладамі, электроннай танцавальнай музыкай і нават вальсам. Пры гэтым практычна ў кожнай сцэне прысутнічаюць балетныя нумары, харэаграфічны малюнак якіх уражвае сваёй вобразнай напоўненасцю, нечаканасцю прыёмаў і вытанчанай прыгажосцю. Без балета гэты спектакль проста немагчыма ўявіць. Таксама як і без хору, якому падуладны ўсе жанры, у тым ліку і грыгарыанскія харалы, калі падзеі разгортваюцца ў каталіцкім храме. У канцы спектакля псіхалагічныя дуэлі паміж маркізай і віконтам усё больш абвастраюцца. Яна не можа дараваць яму каханне да іншай жанчыны, а ён ад гэтага кахання рве сваю душу на часткі: "Як мне цябе кахаць і быць сабой?!" Да таго ж віконт становіцца закладнікам недарэчнай спрэчкі з маркізай, паабяцаўшы кінуць дэ Турвель адразу пасля таго, як яму ўдасца яе заваяваць. Ён аказваецца бязвольным і слабым перад жалезнай воляй маркізы, якая літаральна здзекуецца з яго ў сваім пісьме: "З-за таго, што мяне забаўляла сароміць вас гэтым каханнем, вы мужна ахвяравалі ім. Вы б і тысячай жанчын ахвяравалі, абы не цярпець насмешку". Спектакль гэты — пра гібель маралі, што прыводзіць да гібелі кахання і смерці тых, хто кахаў. Віконт загінуў на дуэлі з шэвалье Дансені, якому маркіза нашаптала, што сталася з Сесіль. Мадам дэ Турвель атрымала псіхічнае расстройства і ў хуткім часе памерла. А Сесіль вымушана была схавацца ў манастыры, каб свет не дазнаўся, што з ёю адбылося. Але Фартуна пакарала і драпежніцу маркізу. У фінале рамана яна акунулася ў мора нягод: цяжкая хвароба і фізічнае калецтва, пройгрыш даўняй судовай цяжбы і поўнае банкруцтва... А ў спектаклі яе паглынае полымя ўласнай злачыннай энергіі, якая спаліла знутры. Ролю маркізы выконваюць Вольга Цярэнцьева-Чубукова і Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова; віконта — Ілья Саванеўскі і Сяргей Суцько; мадам дэ Турвель — Яўгенія Крохіна і Ілона Ланкуць-Капусцінская; Сесіль — Ганна Юрачкіна і Наталля Чабёлка; Дансені — Уладзімір Свібовіч і Міхаіл Андрэеў. У іншых ролях заняты Наталля Дзяменцьева, Кацярына Дзегцярова, Сяргей Спруць і Яўген Ермакоў. Зоя МАТУСЕВІЧ |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by