« Назад
Паездка ў Косава: амаль без замка і Касцюшкі
Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Косава / Як установы культуры ў горадзе на дзве тысячы жыхароў зарабляюць
У перапынку паміж удзелам у пастаноўках ды гастролямі я ўсё ж такі “выкраў” Сяргея Суцько з Мінска і выкарыстаў у сваіх “карыслівых” мэтах. Для яго ж самога яны апынуліся карыснымі. З артыстам-вакалістам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра мы выправіліся з настальгічным візітам да яго на радзіму — у Косава Івацэвіцкага раёна Брэстчыны. І даведаліся, як жывуць тыя ўстановы культуры, куды ён хадзіў 20 — 30 гадоў таму...
Пасля другога класа агульнаадукацыйнай школы бацькі аддалі Сярожу ў музычную на аддзяленне баяна. Яе іх сын і скончыў праз пяць гадоў. Са спадарожных прадметаў больш аддаваў перавагу спевам у хоры. “Заразіўся” вакальным мастацтвам будучы лаўрэат міжнародных конкурсаў шмат у чым ад бабулінага прайгравальніка пласцінак, якому ён з задавальненнем падпяваў, пераканаўшыся, што дома, акрамя яго самога, нікога няма. А вось шчырага жадання навучацца ігры на інструменце не адчуваў, імкнучыся ўсяляк адлыньваць ад заняткаў.
— Але ў мяне ўжо ў юным узросце было разуменне таго, што, калі я хачу вырвацца з роднай, аднак усё ж глыбінкі, з усімі яе не заўсёды вабнотамі, то музыку кідаць не варта, — тлумачыць свае “кар’ерныя памкненні” Сяргей Аляксеевіч. — Пры ўсім маім спакойным дачыненні да баяна, музыку ўвогуле я любіў.
У “музыкалцы” яе вучні арганізавалі гурт, у якi ўваходзіў і Сяргей: у iм ён граў на клавішных. І крышку займаўся танцамі ў харэаграфічным гуртку. Наязджаючы ў Косава спачатку пачаткоўцам, а потым ужо артыстам, які адбыўся, у альма-матар ён заходзіць перакінуцца парай слоў з тымі, хто яго вучыў. Глыбока ў тое, што адбывалася ў музычнай школе апошнія гады, Сяргей Аляксеевіч не ўнікаў, і таму наш з ім візіт стаў, як я мяркую, у чымсьці адкрыццём для былога выпускніка. Дык вось, ужо гадоў з дзесяць школа знаходзіцца ў іншым будынку i называецца па-іншаму — Дзіцячая школа мастацтваў (яшчэ ёсць выяўленчае аддзяленне).
— Да мяне даходзілі чуткі, — вырашаецца на шчырасць Суцько, — што і ў Косаве, і ў Баранавічах сёй-той лічыць, што гэта дзякуючы ім я стаў тым, кім цяпер з’яўляюся. А тады некаторыя педагогі ледзь не ў твар казалі мне, што я балбес i з мяне нічога талковага не выйдзе. Магчыма, з-за такога “асадачка” я не надта ахвотна іду на кантакты з некаторымі ўстановамі, у якіх вучыўся.
У 1996 годзе ён з другой спробы паступіў у Баранавіцкае дзяржаўнае музычнае вучылішча (цяпер — музычны каледж), прычым зноў на аддзяленне баяна (але там, праслухоўваючы фрагмент оперы “Іван Сусанін”, цяга да спеву ў падлетку і ўзяла верх). Далей — па ўзыходзячай...
Цудоўныя справы твае...
Тэму “балбеса”, пазначыўшы яе ў больш мяккай форме, я папрасіў развіць дырэктара Дзіцячай школы мастацтваў Святлану Фядосік. Высветлілася, што, па ўспамінах настаўнікаў, Суцько ярка выяўленай адоранасцю не бліскаў, талент яго быў прыхаваным, але тое, з чаго можа вырасці нешта, у ім адзначалі.
— Здавалася, ён быў з хлопцаў звычайных, — кажа Святлана Мікалаеўна, — з тых, хто проста вучыўся сабе і вучыўся, не прэтэндуючы на большае, як бы неахвотна, і вось — глядзі ты...
— Ацэнкі ў яго былі сярэднія, — далучаецца да размовы загвуч Ірына Іванова. — А ў кансерваторыю з нашых вучняў паступілі і закончылі яе толькі два чалавекі, адзін з якіх — Сяргей.
Чагосьці абсалютна яркага не бачаць дырэктар з загвучам у сваёй установе і цяпер, але поспехі на міжнародных конкурсах прыходзяць да яе выхаванцаў рэгулярна, як гэта адбылося зусім нядаўна, калі ў Польшчы сталі лаўрэатамі інструментальны калектыў ды саліст-гітарыст. Можа, і ў дадзеным выпадку са спачатку невідавочнага пад чулым кіраўніцтвам педагогаў ужо нараджаюцца будучыя знакамітасці?
За без малога паўстагоддзя існавання ўстановы падрыхтавана 445 выпускнікоў, у музычнай прафесіі з іх засталося 35... Сёння ў ёй і трох яе класах у сельскай мясцовасці 23 выкладчыкі навучаюць 145 чалавек (месяц заняткаў, напрыклад, на фартэпіянным аддзяленні каштуе 13 рублёў 80 капеек). Дзяцей, якія жадаюць атрымаць пачатковую музычную адукацыю, шмат, але павялічыць колькасць навучэнцаў магчымасці няма. Тым не менш, абставіны прыпіраюць...
— З-за таго, што, згодна з планам платных паслуг, у гэтым навучальным годзе ўстанова павінна зарабіць (канцэртамі, пракатам інструментаў, прадастаўленнем нотнай літаратуры) амаль удвая больш у параўнанні з годам мінулым, мы ўшчыльную задумаліся аб стварэнні пры ёй платнай школы ранняга развіцця, — дзеліцца Святлана Мікалаеўна. — Цікава жывем — выконваем яшчэ план па зборы другаснай сыравіны (макулатуры, пластыкавых ёмістасцяў...): кожны настаўнік павінен здаць яе за год 45 кілаграм. І нас яшчэ “прашчупваюць” на прадмет таго, каб ДШМ цалкам перайшла на самаакупнасць...
Некалькі гадоў таму выконваць ды перавыконваць дапамагалі выступленні творчых калектываў ДШМ у населеных пунктах, якія знаходзяцца побач з горадам. Сёння “лішніх” грошай у іх жыхароў няма. Паездкі гэтыя не спыніліся, але фінансавую аддачу паступова замяняюць маральнае задавальненне ды піяр...
Галоўная “кватэра” займае трынаццаць кабінетаў першага з трох паверхаў сярэдняй школы. (Цікава, што першапачаткова пад ДШМ “замахнуліся” аддаць увесь будынак, улічваючы дзятву з бліжэйшых вёсак...) Пакоі кампактныя, утульныя, вось толькі амаль ва ўсіх сцены ды столевыя стыкі ў расколінах — падмурак з-за спецыфікі глебы асядае, і незразумела што з гэтым рабіць: па розуме, будынак трэба зносіць наогул, а ўстановы перабазаваць у іншыя памяшканні, але, хутчэй за ўсё, абыдуцца рамонтам ды агульным умацаваннем аснавання.
А парк інструментаў, якія патрабуюць сталага рамонту (майстар, які бярэ за свае паслугі няслаба, прыязджае раз на год), у ДШМ умацавалі ў 2014-м новымі, калі былі набытыя два баяны, акардэон, ударная ўстаноўка, дзве электрагітары, клавішныя, а ў 2016 годзе набытыя калонкі.
...Развітваючыся, “бакі” дамовіліся аб будучым супрацоўніцтве. Якім яно выйдзе — у выглядзе ці майстар-класаў, ці канцэртаў — пакажа час. Сяргей Аляксеевіч, скажам, гатовы пахадайнічаць перад кіраўніцтвам свайго тэатра, каб ён прыняў арганізаваны выезд навучэнцаў ДШМ на адну з пастановак, можа, і кошт квіткоў для такога выпадку быў бы льготны (не выключана, што гэта будзе аперэта “Містэр Ікс”, дзе ён іграе галоўную мужчынскую ролю, або рок-опера “Юнона” і “Авось” (граф Разанаў)...
Дзе культуры больш
Гарадскі дом культуры некалі пераехаў у будынак былога кінатэатра, займеўшы дадатковую прыбудову. Фільмы тут не дэманструюць — як сцвярджаецца, няма глядацкага попыту (толькі часам наведваецца перасоўка). З тых калектываў ды аб’яднанняў, што функцыянуюць у установе, дырэктар Людміла Малчановiч асоба вылучае “Косаўскую скарбнiцу”, яе народных умельцаў, якія працуюць з пацеркамі, вышыўкай, саломкай... Дуэт з гуртка “Ліра” толькі што стаў лаўрэатам на фестывалі “Суквецце культур”, які прайшоў у Івацэвічах. У рэпертуары лялечнага тэатра ёсць тры спектаклі. Людзі ва ўзросце спяваюць у хоры ветэранаў “Спатканне”. Усяго ў ГДК займаецца каля 150 чалавек (“руляць” імі чацвёра — дырэктар, рэжысёр, хормайстар ды мастацкі кіраўнік).
— Праўда, моладзі не так шмат, — паведамляе Людміла Уладзіміраўна. — Але гэта характэрна для нашага часу, калі такія ўстановы як наша, у асноўным, наведваюць дзеці і людзі сярэдняга ды старэйшага пакаленняў.
У старым будынку дома культуры Сяргей Суцько зрэдку выступаў на канцэртах мясцовай мастацкай самадзейнасці — як навучэнец музычнай школы: “раздзіраў” баян ды вырабляў танцавальныя па. І, натуральна, дыскатэка. “Выплясваюць” тут дзяўчаты ды юнакі і сёння, але з прычыны таго, што тыя, каму не споўнілася васямнаццаць гадоў, могуць працягваць “шалець” пад мелодыі і рытмы нашай і нянашай эстрады пасля 22-й толькі пры наяўнасці ў зале ўласных бацькоў, мерапрыемствы гэтыя сыходзяць на нішто. Такое становішча, вядома, адбіваецца на выкананні плана платных паслуг, наогул на заробку ўстановы. (Дапусцім, патрэбны мікрафон коштам у 150 у.а. — занадта вялікая раскоша, каб яго купіць. А студыя гуказапісу была пабудавана сіламі саміх работнікаў ГДК, фінансы на забеспячэнне яе апаратурай таксама “спяваюць рамансы”.) Пазабюджэт акрамя даходаў з культурна-масавых мерапрыемстваў прырастае сродкамі, атрыманымі, да прыкладу, ад арганізацыі і правядзення вясельных урачыстасцяў, у тым ліку на выездзе. Некалькі з iмпрэз вяліся на беларускай мове.
— Аднак праграмы, заснаваныя на беларускіх традыцыях, абрадах, мы не рыхтуем, — тлумачыць дырэктар. — Спрабавалі, але яны, што называецца, “не пайшлі”. Звязана гэта з асаблівасцю нацыянальнага складу ваколіц, у якіх пераважаюць іншыя народнасці. Брэндам Косава, на мой погляд, сёння можа быць толькі ўсё, што звязана з Тадэвушам Касцюшкам і замкам. Але заўтра, я спадзяюся, беларускасць заваюе належнае ёй месца ў культуры Косаўшчыны.
Сяргей Аляксеевіч прапанаваў свае паслугі ў плане такi заваёвы: выступ вакальнага гурта “Арнамент”, у якiм ён заняты акрамя службы ў тэатры, з адпаведным “меню”. Людміла Уладзіміраўна абяцала падумаць...
— Я люблю нямінскую публіку, — прызнаецца спадар Суцько. — Нераспешчаная, максімальна шчырая, якая вельмі эмацыйна, нават неяк па-дзіцячы перажывае ўсё тое, што адбываецца на сцэне. Абавязкова чакае таго моманту, пакуль заслона за артыстамі не зачыніцца канчаткова, і толькі пасля гэтага пакідае залу. А ў Мінску акцёры яшчэ толькі выходзяць на фінальныя паклоны, як людзі ўжо натоўпам пачынаюць бегчы з залы…
Не вельмі высокай думкі Сяргей Аляксеевіч і пра сучасную беларускую музычную культуру. У першую чаргу развіваць яе павінны, мяркуе ён, не нейкія праекты, падзеі, напрамкі, а асобы, якія, як гэта бачыць Суцько, з краіны з’язджаюць, адчуваючы сябе ў ёй запатрабаванымі не ў тых маштабах, на якія яны здольныя (і ўносяць сваё майстэрства ў творчую скарбонку іншых дзяржаў, узбагачаючы яе). “Маё адчуванне такое: пазбаўляючыся людзей неардынарных, сумна ў Беларусі працякае музычнае жыццё...”
А ў Косава — перыядычна весела і гучна, калі ГДК, прапісаны на вуліцы Ціхай, падчас розных святаў транслюе на ўвесь горад музыку. “Я ў добрым сэнсе здзіўлены таму, што, аказваецца, з культурным жыццём на маёй радзіме ўсё ідзе больш-менш нармальна, — вынiкае рэзюмэ ад Сяргея Суцько. — Думаў, што ўсе хоць колькі-небудзь крэатыўныя людзі адсюль з’ехалі. Але ж не: тыя, што засталіся, лічаць сваім абавязкам рабіць нешта карыснае для горада і яго жыхароў. І ў іх гэта атрымліваецца. Я шчаслівы!”
І пра актуальнае
...У нейкага з перакрыжаванняў на шляху да Косаўскага замка сядзелі два цалкам чароўныя беспародныя далікатныя сабачкі-жабракі, што, мабыць, рэгулярна выходзяць да дарогі за халяўнай ежай. У горадзе і прылеглых да яго тэрыторыях гэтыя жывёлы і коткі сустракаліся нам ледзь не часцей, чым людзі (адзін такі ўкормлены вусаты-паласаты зладзіў цэлае цыркавое прадстаўленне перад Сяргеем Аляксеевічам ля ганка Мемарыяльнага музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі). Дарэчы, аб замку. Не ўсё так відавочна ў сітуацыі з яго рэстаўрацыяй, як пра тое было нядаўна агучана ў Брэсце на пасяджэнні абласных вярхоў. Прынамсі, нядрэнна дасведчаны інфарматар на ўмовах ананімнасці распавёў аб сваёй няўпэўненасці ў тым, што ў гэтым годзе частка Косаўскага замка будзе адкрыта для наведвальнікаў. Маўляў, унутраныя рэстаўрацыйныя працы сапраўды амаль завершаны, а да заканчэння вонкавых яшчэ далекавата. Хоць “запускаць у строй” замак плануецца насамрэч паэтапна. Ну а пакуль у дзень нашага знаходжання ў Косава на шчыце пашпарта аб’екта дата тэрміну яго здачы не была паказаная...
Мінск — Косава — Мінск
Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
"Культура" № 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г
Фота аўтара
|