« Назад
Мэры Попiнс вяртаецца
Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр рыхтуецца завяршыць сезон гучнай прэм'ерай — шоу-мюзіклам "Мэры Попінс" на музыку Максіма Дунаеўскага. Спектаклі на сцэне — 14, 15 і 22 ліпеня.
У казачнай аповесці Памэлы Трэверс аб незвычайнай няні Мэры Попінс, якая паступае на працу ў англійскую сям'ю Бэнкс, даўняя і яркая гісторыя. Кніга, выпушчаная ў 1934 годзе, адразу набыла вялікую вядомасць, а з часам стала класікай дзіцячай літаратуры. Выходзілі яе працягі і перавыданні, пераклады на многія мовы, пастаноўкі на сцэне і экранізацыі.
У 1983 годзе на савецкіх экранах з’явіўся тэлевізійны музычны фільм рэжысёра Леаніда Квініхідзэ "Мэры Попінс, да пабачэння!" з Наталляй Андрэйчанка ў галоўнай ролі. Песні з яго, напісаныя кампазітарам Максімам Дунаеўскім і паэтам Навумам Олевым, і сёння, больш за 30 гадоў пасля, памятаюць і любяць: "Полгода плохая погода", "Тридцать три коровы", "Ветер перемен", "Леди совершенство"…
Пастаноўшчык новага спектакля і галоўны рэжысёр Музычнага тэатра Міхаіл Кавальчык гаворыць, што менавіта неверагодна прыгожая музыка Максіма Дунаеўскага стала адной з галоўных прычын новага звароту да вядомага літаратурнага твора і стварэння шоу-мюзікла. Тым больш што ў тэлевізійны фільм увайшлі далёка не ўсе песні, напісаныя кампазітарам для гэтай стужкі.
— У фільме гучыць каля 10 музычных нумароў. У нашым спектаклі іх каля 20. Гэта шлягеры, якіх тут яшчэ не чулі, гэта — адкрыццё, гэта — новы Дунаеўскі! Прычым музыка самага высокага класа, — не хавае захаплення рэжысёр.
У тэатры імкнуцца стварыць яркі і запамінальны музычны спектакль пра тое, як з'яўленне незвычайнай гувернанткі Мэры Попінс ускалыхне застылае жыццё не толькі ў сямействе Бэнкс, але і ва ўсім сонным прыгарадзе Лондана. Вядома, бацькі будуць імкнуцца пазбавіцца раздражняльніка і звольніць непажаданую гувернантку. Дзеці ж прыйдуць у захапленне ад усяго новага і незвычайнага, што прынясе ў іх жыццё Мэры Попінс.
— Парадаксальнасць Мэры Попінс у тым, што яна паводзіць сябе не так, як звыклыя гувернанткі або няні. Яна вучыць неяк не вучачы — і асабістым прыкладам, і экстравагантнымі неардынарнымі паводзінамі. Няма ўказальнага пярста. Яна становіцца на ўзровень дзяцей. І дзеці, безумоўна, адразу ж у яе ўлюбляюцца, хоць яна часам праяўляе строгасць, нават, можа, большую, чым іх бацькі, — разважае над вобразам галоўнай гераіні Міхаіл Кавальчык.
Паводле яго слоў, нягледзячы на відовішчнасць прадстаўлення і казачнасць сюжэта, размова ў шоу-мюзікле будзе ісці аб сур'ёзных рэчах — аб правілах выхавання дзяцей. Асноўная задача спектакля — нагадаць бацькам пра тое, як патрэбны дзецям іх любоў і ўвага, рэальныя справы і асабісты прыклад, а таксама пра тое, што, вырастаючы, не трэба забываць сваё дзяцінства.
Шоу-мюзікл пазіцыяніруюць для сямейнага прагляду. У тэатры ўпэўнены, што пасля спектакля татам і мамам будзе пра што пагаварыць са сваімі дзецьмі.
Маргарыта Александровiч, заслужаная артыстка Беларусі, выканаўца партыі Мэры Попінс:
— Мая гераіня злучае бацькоў з дзецьмі, быццам перакладае дарослым мову дзяцей, і наадварот. Яна вучыць верыць у цуд. Я вось усё думала: чаму яна так "якае": я — лэдзі дасканаласць, я — па-за канкурэнцыяй. Па-мойму, у гэтым схаваны крыху іншы пасыл. Яна гаворыць: "Людзі, будзьце больш упэўненыя ў сабе, і ўсё атрымаецца. Так, я сама дасканаласць, але рабіце, як я, паводзьце сябе, як я, і вы будзеце яшчэ лепшымі, чым я".
Ирина СВИРКО"Рэспублiка". - 2016. - 11 лiп.Фото: Татьяна Столярова
|