« Назад "Блакітная камея" вярнулася на сцэну музычнага тэатра "Крычыце мне „брава!“ Я паўтару на біс", — так спяваў адзін з характарных персанажаў мюзікла "Блакітная камея", які быў пастаўлены на сцэне Беларускага музычнага тэатра ў 2011 годзе. Словы аказаліся прарочымі. Гэты своеасаблівы сцэнічны твор кампазітара Кіма Брэйтбурга і паэта Карэна Кавалерана, якія раней вельмі плённа працавалі ў песенным жанры, карыстаўся велізарным поспехам у гледачоў. І калі ў 2019 годзе па тэхнічных прычынах ён быў зняты з рэпертуару, гледачы адразу адрэагавалі на гэта: хто — засмучэннем, а хто — патрабаваннем вярнуць на сцэну любімы спектакль. І вось праз пяць гадоў "Блакітная камея" зноў з’явілася ў рэпертуарнай афішы нашага тэатра. Над аднаўленнем спектакля працавалі тыя ж маскоўскія пастаноўшчыкі: Мікалай Андросаў — рэжысёр і балетмайстар у адной асобе — і музычны кіраўнік Валерыя Брэйтбург. Чаго не скажаш пра выканаўцаў, бо некаторых з іх у тэатры ўжо няма, а трупа ў цэлым за апошнія гады істотна змянілася і памаладзела. Таму тыя артысты, якія былі задзейнічаны ў першай пастаноўцы, сталі для маладых узорам для пераймання. Але асаблівая адказнасць выпала на плечы Ілоны Казакевіч, якая раней была выканаўцай галоўнай ролі, а цяпер стала асістэнтам рэжысёра адноўленай версіі. Ніякіх істотных адрозненняў паміж першай і другой версіямі спектакля няма. З аднаго боку, ён пабудаваны па законах тэатральнай пастаноўкі, а з другога — у ім праяўляюцца характэрныя рысы маскультуры праз мноства сродкаў сцэнічнай выразнасці, уласцівых сучаснаму эстраднаму шоу. Аб гэтым сведчыць і тая акалічнасць, што ў спектакля няма дырыжора-пастаноўшчыка — "Блакітная камея" ідзе пад інструментальную фанаграму, так званую мінусоўку. У прыхільнікаў класічнага мюзікла, якія прывыклі адчуваць жывое дыханне аркестра, гэта выклікае зразумелае раздражненне, і пустая аркестравая яма толькі ўзмацняе іх эстэцкія перажыванні. Але такога дысанансу не ўзнікае ў тых гледачоў, для якіх самае галоўнае ў гэтай пастаноўцы — поп-музыка сама па сабе, да таго ж аздобленая якасным і відовішчным шоу. Так што ў ацэнцы гэтага спектакля ўсё залежыць ад устаноўкі гледачоў. І тут важна прывесці выказванне Кіма Брэйтбурга пра яго творчыя пошукі: "Я не прэтэндую на стварэнне твораў, у якіх з’яўляюся дылетантам. У прынцыпе, я працую ў звыклым для сябе жанры, але падаю яго ў новай арыгінальнай форме. Канцэртныя песенныя праграмы сябе ўжо вычарпалі, і сёння колькасць сольных канцэртаў скарачаецца, а колькасць мюзіклаў, падобных нашаму, узрастае. Супрацоўніцтва з музычным тэатрам значна садзейнічае майму творчаму самавыяўленню, бо пры дапамозе тэатральнай пастаноўкі можна вырашаць больш складаныя мастацкія задачы". У аснове сюжэта гэтага твора — падзеі з другой паловы XVIII стагоддзя, у цэнтры якіх знаходзілася легендарная авантурыстка-самазванка князёўна Тараканава, якая аб’явіла сябе прэтэндэнткай на расійскі трон. Але, як сведчаць даследчыкі, гэтая асоба такім імем сябе ніколі не называла. У яе было мноства іншых гучных імён, пад якімі яна, пачынаючы з 1772 года, з’яўлялася ў еўрапейскіх сталіцах, жывучы за кошт вельмі ўплывовых пакравіцеляў. А закончыла свае небывалыя па дзёрзкасці прыгоды ў 1775 годзе пад імем прынцэсы Лізаветы — дачкі імператрыцы Лізаветы Пятроўны і яе фаварыта графа Аляксея Разумоўскага, якая з самага нараджэння выхоўвалася па-за межамі Расіі. Дзеянне ў спектаклі якраз і адбываецца ў гэтым годзе, які стаў для самазванкі фатальным. Кацярына ІІ добра разумела палітычную падаплёку такіх небывалых чутак, якія імкліва распаўсюджваліся па ўсёй Еўропе. Гэта быў перыяд пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, і польскія ўплывовыя магнаты, так званыя канфедэраты, імкнуліся абмежаваць уплыў расійскай імператрыцы на далейшы лёс іх дзяржавы. У сваёй палітычнай барацьбе яны маглі выкарыстаць і легенду пра дачку Лізаветы Пятроўны — нібыта сапраўдную спадчынніцу трона... З цвёрдым наказам "изловить авантюрьеру, всклепавшую на себя имя", якая на той момант знаходзілася ў Італіі, Кацярына адпраўляе туды сакрэтную місію на чале са сваім верным паплечнікам героем руска-турэцкай вайны графам Аляксеем Арловым. Аўтар лібрэта засяродзіўся на тэме кахання гэтых двух персанажаў, не закранаючы вострых палітычных перыпетый, у якія была ўцягнута галоўная гераіня. У выніку перад гледачом паўстае не легендарная авантурыстка і самазванка, а вельмі рамантычная асоба, якая стала ахвярай міжнародных палітычных інтрыг. "Прынцэса Лізавета" клянецца Арлову, што нават не марыць аб троне, а толькі хоча даказаць сваё пахожданне, пацвярджэннем якога служыць блакітная камея з імператарскім вензелем, якая нібыта дасталася ёй ад маці. У сваю чаргу Арлоў пранікаецца да яе настолькі глыбокім пачуццём, што прапануе руку і сэрца. А каб законна аформіць шлюб, Лізавета павінна падняцца на палубу расійскага флагманскага карабля. І вось тут яе авантурнае чуццё не спрацавала... Самазванка была арыштавана на караблі, дастаўлена ў Санкт-Пецярбург, дзе яе заключылі ў Петрапаўлаўскую крэпасць. На допытах яна не прызнала сваёй віны і не адкрыла свайго сапраўднага імя. Ад цяжкіх умоў знаходжання ў сырым змрочным каземаце яна захварэла на сухоты і памерла ў канцы таго ж 1775 года. І пахавана была, па афіцыйнай версіі, у двары крэпасці. Але спектакль заканчваецца зусім не так сумна… Кім Брэйтбург адзначае, што музыку ён пісаў ужо на гатовы тэкст лібрэта, дзе па ходзе развіцця галоўнай тэмы разгортваецца мноства падзей, напоўненых самым розным зместам і рознай эмацыянальнай афарбоўкай, што праяўлялася ў выкарыстанні разнастайных паэтычных жанраў і стыляў. Адсюль вынікае і жанрава-стылявы сінтэз у музычным матэрыяле, які складаецца з разнастайных невялікіх кампазіцый (можна сказаць — песень), што вызначаюцца як тэматычнай і сэнсавай закончанасцю, так і жанравай адметнасцю. Калі гаварыць абагулена, то гэта поп-музыка ў самым шырокім сэнсе, дзе ёсць элементы і класікі, і рока, і сучасныя музычныя стылі тыпу ай-рэн-бі. Разгорнутай музычнай драматургіі, уласцівай класічнаму мюзіклу, у гэтым творы няма, але ў ім прасочваецца пэўны лейттэматызм, які падтрымлівае адзінства ўсёй кампазіцыі. І, што самае галоўнае, характары персанажаў раскрываюцца менавіта праз яркія музычныя характарыстыкі, у якіх улоўліваюцца і рамансавыя, і фальклорныя інтанацыі, і найлепшыя рысы сучаснай песні. Усім гэтым кампазіцыям уласціва адна агульная рыса — яркі меладызм. І гэтым прыгожым запамінальным мелодыям кампазітар надаў выразную рытмічную адметнасць, што асабліва прыцягальна для аматараў сучаснай поп-музыкі. Зразумела, што ў адпаведнасці з музыкай і ў танцах, без якіх немагчыма гэта пастаноўка, назіраецца адпаведны стылістычны сімбіёз: гэта і класіка, і мадэрн, і такія сучасныя стылі, як хіп-хоп. У гэтым спектаклі ёсць усё: і драма, і лірыка, і гумар. Адпаведна і персанажы падаюцца ва ўсёй разнастайнасці іх характарыстык. На прэм’еры ролю князёўны Тараканавай выконвала маладая салістка Ганна Юрачкіна, якая даволі паспяхова пачала асвойваць амплуа гераіні. Па ходзе спектакля ў яе ёсць пяць выразных музычных нумароў. Першы з іх вырашаны ў стылі ай-рэн-бі з вялікай доляй рамантычнай лірыкі і з’яўляецца візітоўкай князёўны, якая выходзіць на публіку ў суправаджэнні клеўрэтаў. Па сюжэце ў яе будзе захапляльны раманс, два любоўныя дуэты з графам Арловым і напоўненая горыччу і адчаем арыя "Плач не плач", звязаная з яе зняволеннем у Петрапаўлаўскай крэпасці. У ролі Арлова выступіў Ілья Саванеўскі — вядучы саліст, у якога маладосць спалучаецца з тэатральным вопытам. Да таго ж ён выдзяляецца вельмі выйгрышнай сцэнічнай фактурай, так неабходнай для амплуа героя. Для раскрыцця вобраза Арлова ўпор робіцца на вакальныя партыі з выкарыстаннем розных па характары і стылі кампазіцый, найбольш эмацыянальна насычанымі з якіх з’яўляюцца пранікнёна лірычная "Нечаканае каханне", а таксама надрыўна-драматычная "Каханне забіта стрэлам ва ўпор", дзе артыст праявіў таксама і драматычны талент. Пампезны вобраз Кацярыны ІІ увасобіла на сцэне народная артыстка Беларусі Маргарыта Александровіч, якая выконвала ролю і ў першай пастаноўцы. Гэта адзіны персанаж мюзікла, які патрабуе акадэмічнай манеры выканання, і зразумела, што прыма выглядала ў ім вельмі пераканаўча. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Цыркуновіч таксама другі раз паўстаў перад публікай у ролі Шустава — рэзідэнта сакрэтнай службы і прыдворнага інтрыгана. Гэты персанаж з яркай адмоўнай харызмай выпісаны аўтарамі найбольш выразна і надзелены разнастайнымі псіхалагічнымі характарыстыкамі, якія артыст вельмі ўдала раскрывае гарманічным спалучэннем музычных і драматычных выразных сродкаў. Ёсць у спектаклі і два каларытныя персанажы: сакратар князёўны француз Нуарэ — нарумянены і напамаджаны "галантарэйны мужчынка", які раздзяляе захапленне сваёй гаспадыні, і дзяншчык Арлова Сомаў, паводзіны і замашкі якога выдаюць у ім тыповага рускага мужыка. Два абсалютна розныя тыпажы, надзеленыя супрацьлеглай характарнасцю, аб’яднаны ў дзіўны сцэнічны дуэт — яны разам праходзяць праз усе сюжэтныя перыпетыі спектакля, нейкім чынам знаходзячы ўзаемаразуменне паміж сабой. У гэтых ролях выступілі Міхаіл Калбянёў (Нуарэ) і Сяргей Жараў (Сомаў). Фінал гэтай рамантычна-авантурнай гісторыі аказаўся зусім нечаканым. Фрэйліна Кацярыны княгіня Пашкова, ролю якой выканала Ганна Юрынок, раптам успомніла, што 25 гадоў таму ў Парыжы ў яе быў раман з адным маркізам. Плод таго кахання, нованароджаную дзяўчынку, яна пакінула ў манастырскім прытулку. А ігуменні аддала на захаванне сваё каштоўнае ўпрыгажэнне — блакітную камею, якую атрымала ў падарунак ад былой імператрыцы Лізаветы Пятроўны. А цяпер тую самую камею фрэйліна ўбачыла на грудзях самазванкі, якую таемна, разам з Нуарэ і Сомавым, наведала ў крэпасці... Зразумела, цяпер усе прэтэнзіі на тытул і трон аўтаматычна адпадаюць, Кацярына вызваляе дачку фрэйліны і благаслаўляе яе шлюб з Арловым. А ў фінальнай песні гучаць словы, якія ненавязліва заклікаюць гледача да роздуму: Было так, а может быть, и нет — Зоя МАТУСЕВІЧ |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by