« Назад
Егіпецкая феерыя? Не толькі... Балет "Клеапатра" ў Беларускім музычным тэатры
Трапляеш на чарговую прэс-канферэнцыю перад прэм’ерай. Пастановачная брыгада шчыра дзякуе кіраўніцтву тэатра. Кіраўніцтва на ўсе лады хваліць пастаноўшчыкаў. А яны разам і паасобку — выканаўцаў. Мо нас чакае сустрэча з сапраўдным шэдэўрам? Сам спектакль такія эмоцыі звычайна зніжае або нават знішчае. Што ў новай "Клеапатры" вартае і прывабнае? Адразу заўважу: тэатр зрабіў твор, на які будзе хадзіць публіка. Складнікі папулярнасці — эфектная назва, водгулле даўняй старажытнаегіпецкай і рымскай гісторыі. Любоўная інтрыга, загадкавасць і харызматычнасць асобы егіпецкай царыцы, яе стасункі з Цэзарам і Маркам Антоніем. Гледача вабіць экзотыка. Усходнія танцы заўжды прынадныя. І таму, што яны апрыёры прасякнуты эратычнасцю. І таму, што касцюмы звабліва блішчаць і ззяюць. Першая сцэна балета робіць уражанне. Егіпет. Гарачае паветра, мроіва. Загадкавы Усход. Аляксандра Ракоўская танцуе царыцу, артыстка надзвычай эфектная — высокая, стромкая. У яе выразная пластыка, прыгожыя рукі, гордая пастава. У такой гераіні сапраўды адчуваеш загадкавасць, таямніцу, вялікую жаночую прывабнасць. Кантраст паміж сціплай і мілай дзяўчынай, якую я бачыла на прэс-канферэнцыі, і ўладарнай, ракавой царыцай, што паўстала ў спектаклі, моцны. Цяжка паверыць, але для Аляксандры гэта першая вядучая партыя. Вобраз Цэзара (Сяргей Глух) не такі разнастайны, герой досыць статычны. Велічны і закаханы. Часцей ходзіць, чым танцуе. Багацця фарбаў, харэаграфічных і акцёрскіх, відавочна не стае. Марк Антоній (Цімафей Вайткевіч) шмат у чым кантрастуе з Цэзарам. Ён больш малады. Кучаравы, азартны і славалюбівы. Танцоўшчык тэхнічны, віртуозныя варыяцыі выконвае лёгка і нязмушана. Да станоўчых бакоў новай "Клеапатры" я б аднесла і разнастайнасць танцавальных мелодый і рытмаў. Яны дастаткова добра кладуцца на вуха, пад іх лёгка танцаваць. Тым больш што ў спектаклі хапае персанажаў. Шмат у балеце выразных і яркіх касцюмаў (мастачка Інара Асланава). Што да сцэнаграфіі, дык у егіпецкіх эпізодах яна больш абагуленая і пераканаўчая, у сцэнах Рыма ёсць ілюстрацыйнасць. Цяпер некаторыя сур’ёзныя заўвагі. Першая — наконт музыкі і партытуры. На прэс-канферэнцыі Адам Мурзіч, мастацкі кіраўнік тэатра, нагадаў, што "Клеапатра" — чацвёрты праект Музычнага, у якім актыўна ўдзельнічаюць майстры з Азербайджана. Ранейшыя спектаклі — гэта балет "Тысяча і адна ноч", музычная камедыя "Вясельны кірмаш", мюзікл для дзяцей "Прыгоды Кая і Герды". Прычым у апошнім музыка належала якраз Гяльсят Шайдулавай. Увогуле тэатр мае права звяртацца да якога заўгодна кампазітара і пастаноўшчыка. Але ў двух вядомых беларускіх творцаў — Вячаслава Кузняцова і Сяргея Бельцюкова — ёсць гатовыя партытуры балетаў з такой самай назвай — "Клеапатра". Музыку першага планавалася ўвасобіць у Нацыянальным тэатры оперы і балета. Славуты Вячаслаў Окунеў нават зрабіў эскізы сцэнаграфіі, і яны ўражваюць амаль касмічным размахам. Але штосьці не склалася. Відавочна, у дзвюх труп розны колькасны склад, магчымасці і, шчыра скажам, розны бюджэт. Але задам рытарычнае пытанне: ці варта заказваць музыку аўтару з іншай краіны, калі ёсць дзве гатовыя партытуры той жа назвы ў беларускіх кампазітараў? Мне запярэчаць: маўляў, Гяльсят Шайдулава, родам з Баку, з адукацыяй, набытай у Маскоўскай кансерваторыі (фартэпіяна і кампазіцыя), магчыма, лепш адчувае псіхалогію егіпцянкі Клеапатры. Тым больш у яе шмат камерных і сімфанічных сачыненняў. Як сведчыць усюдыісны Інтэрнэт, Шайдулава піша песні для расійскай эстрады, у яе ёсць вопыт музычнага суправаджэння навагодніх шоу ў маскоўскім комплексе "Алімпійскі", ёй належыць музыка навагодняга шоу "Таму што зіма — гэта здорава" і лядовага прадстаўлення "Па шчучыным загадзе". А яшчэ Гяльсят — аўтарка мюзіклаў "Снежная каралева" і "Салавей-разбойнік", увасобленых сумесна Маскоўскім тэатрам эстрады і Акадэміяй дзіцячага мюзікла. Ды справа ў тым, што спадарыня Шайдулава пісала толькі клавір (дакладней, дасылала ў Мінск медыяфайлы, з якімі працавала балетмайстарка Медына Аліева). А аркестроўку музыкі рабіў, як сцвярджае сайт тэатра, "выдатны маскоўскі аранжыроўшчык, заслужаны артыст Расіі Міхаіл Фадзееў". Не маю нічога супраць яго як творцы. Думаю, чалавек ён дастаткова вопытны, мае густ. У новай "Клеапатры" хапае эпізодаў (асабліва лірычна-дуэтных, камерных), адметна і цікава аркестраваных. Але хапае (асабліва ў ваенна-масавых і кульмінацыйных сцэнах) празмернага ўжывання медных і барабанаў. Тут, на маю думку, густ яму здраджвае. Бо падыход — чым грамчэй, тым лепш — прыдатны для эстрады, але не для спектакля ў акадэмічным тэатры. Кампазітар, які не можа напісаць аркестроўку ўласнага балета?! Як кажуць, "шок — гэта па-нашаму"! Чаму? Верагодна, рэдка гэтым займаўся. Не ўяўляю сітуацыю, каб хто-небудзь з вучняў Яўгена Глебава або Дзмітрыя Смольскага, напісаўшы клавір балета, пачаў шукаць аркестроўшчыка ці аранжыроўшчыка. Наша музычная грамадскасць абвінаваціла б яго ў непрафесійнасці, спапяліла б гневам і абурэннем. З яго б кпілі і здзекаваліся. Што да харэаграфіі. Безумоўна, пастаноўшчыца Медына Аліева шмат думала над яркім і эфектным увасабленнем музыкі. Шукала і перабірала выяўленчыя крыніцы (фрэскі, насценныя роспісы), каб знайсці для Клеапатры, двух закаханых у яе мужчын, а таксама эпізадычных герояў ды шматлікага кардэбалету адпаведную пластычную мову. Спалучыць, умоўна кажучы, танец народны з класічным. Але тыя ж роспісы і фрэскі нямыя, нерухомыя. Таму трэба было шмат дадумваць. У многіх эпізодах гэта атрымалася. Прывабліваюць харэаграфічным малюнкам дуэты, дастаткова складаныя, з разнастайнай лексікай і віртуознымі падтрымкамі. Розныя па тэмпарытму, малюнку шматлікія танцы ў егіпецкіх сцэнах. Так што з фантазіяй у Медыны Аліевай усё ў парадку. Увогуле стваральнікі спектакля прапанавалі досыць камернае рашэнне сюжэта. Магчыма, яно абумоўлена тым, што трупа класічнага балета ў калектыве невялікая, складае толькі 35 чалавек. І артыстам, занятым у эпізадычных ролях, даводзіцца неаднойчы пераапранацца. А калі заглыбіцца ў структуру пастаноўкі, яе драматургію, дык заўважаюцца непрадуманыя моманты і пэўныя хібы. У выніку якіх, няхай не крыўдуюць стваральнікі "Клеапатры", балет часам успрымаецца як яркі, вынаходлівы канцэрт на тэмы егіпецкага танца. Мяркую, над лібрэта працавалі разам кампазітар і балетмайстар. Але калі задумацца: які канфлікт праходзіць праз увесь спектакль? Сутыкненне медытатыўнага, наіўна-гарманічнага Егіпта і ваяўніча-агрэсіўнага Рыма? Дык Рыма ў пастаноўцы надзвычай мала, ён прысутнічае ў адной карціне. Клеапатра змагаецца з братам і сястрой, што прэтэндуюць на ўладу? Ды яна досыць хутка са сваякамі распраўляецца. Праўда, з дапамогай Цэзара. Рым незадаволены паводзінамі Антонія? Але той сюжэтны паварот узнікае толькі ў фінале 2-й дзеі. Эпізоды можна было вырашыць праз эфектную сцэну бітвы. А то вынікае, што войска ў Антонія, які займаўся выключна балямі і любошчамі, не засталося. Яго, эфектнага прыгажуна і славутага палкаводца, ловяць два рымскія легіянеры, як нейкага, прабачце, дробнага злодзея. Мне здаецца, што гэта "жаночае" ўяўленне пра вайну. Атрымалася не трагедыя, а амаль "вайнушка". У той жа час сцэна смерці Цэзара вырашана дастаткова пераканаўча — і менавіта праз танец. Засмучае абсалютнае падабенства мізансцэн падчас знаёмства царыцы з першым і другім героямі. Абодва прыходзяць у розны час заваёўваць Егіпет. Кожны бачыць Клеапатру, спыняецца, слупянее. Далей пачынаецца разгорнутае любоўнае адажыа. Пасля смерці Антонія царыца, вядома, у адчаі. Але ў наступнай сцэне (эпілог, погляд праз гады і стагоддзі) спакойна ўзмахвае залацістымі крыламі. Чытай: ператварылася ў легенду. Дадам, што адзенне легіянераў Цэзара і Антонія дужа нагадвае сцэнічныя касцюмы балета "Спартак", які быў пастаўлены яшчэ ў 1956-м балетмайстрам Леанідам Якабсонам. Для таго, хто гэта ведае, элемент архаікі бясспрэчны. Але, мяркую, некаторыя эпізоды балета можна змяніць і ўдасканаліць. Складваецца ўражанне, нібы новы спектакль шмат у чым разлічаны на гледача, які не мае вялікага досведу ў мастацтве. Што ён ні ўбачыць, тое і будзе ўспрымаць як адкрыццё. Галоўнае, каб на сцэне ўсё ззяла і зіхацела! Памятаю выдатную пастаноўку Вахтангаўскага тэатра, які паказваў у Мінску шэкспіраўскую трагедыю "Антоній і Клеапатра". У галоўных ролях былі Міхаіл Ульянаў і Юлія Барысава. Памятаю балет "Антоній і Клеапатра" (музыка Эдуарда Лазарава, харэаграфія Ігара Чарнышова) і эстонскую балерыну Кае Кырб у партыі егіпецкай царыцы. Гэта быў, прабачце, зусім іншы ўзровень. А хто не бачыў славуты гістарычны фільм "Клеапатра" з Элізабет Тэйлар і Рычардам Бёртанам?! Зразумела, параўноўваць амерыканскую стужку, якая мела бюджэт у 44 мільёны долараў, і магчымасці нашага Музычнага тэатра не варта і нават некарэктна. Але параўнанні мастацкія, сюжэтныя і вобразныя напрошваюцца самі. Ад іх нікуды не дзенешся. Такім чынам, уражанні ад новай балетнай "Клеапатры" розныя. Але суцешу кіраўніцтва тэатра: для гледача абсалютна не істотна, як напіша крытык, добразычліва ці прыдзірліва. Глядач давярае выключна меркаванням знаёмых і сарафаннаму радыё. Новае, яркае? Пойдзем і прагаласуем рублём. У беларускім тэатры ўвогуле (і Музычным тэатры ў прыватнасці) каса, бывае, перамагае высокае мастацтва. Невыпадкова выдатныя спектаклі "Мефіста" або "Дванаццаць крэслаў" на афішы надоўга не затрымаліся. З многіх прычын. А вось візуальна яркая, але разам з тым надзіва пошлая "Блакітная камея" (чаго варты адзін толькі радок з арыі Кацярыны ІІ — "Зачем нужны мужчины? Есть разные причины!") аказалася на працягу многіх сезонаў найбольш запатрабаванай пастаноўкай. На яе прадаюцца самыя дарагія квіткі. "Камея" корміць. Вось у такіх умовах існуе сучасны тэатр. Глядач у пераважнай большасці хоча, каб яго забаўлялі і весялілі. Каб ён пераключыўся, адпачыў ад напружанай, надакучлівай ці сумнай працы. Інакш кажучы, няхай жыве рэлакс! Ён быў, ён ёсць і ён будзе... Таттяна Мушынская |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by