Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Тыдзень класікі па-руску (Надзея Бунцэвіч, газета "Культура", 25.04.2025)

Тыдзень класікі па-руску (Надзея Бунцэвіч, газета "Культура", 25.04.2025)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Тыдзень класікі па-руску

Тыдзень рускай класікі завяршыўся ў Мінску 7 красавіка. На сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра выступілі драмкалектывы са Смаленска, Бранска, Пензы, Тулы, Калугі, Мічурынска.

Усе гэтыя тэатры — сябры нашага Музычнага. З тым жа Смаленскім імя А. Грыбаедава творчыя стасункі падтрымліваюцца ўжо 15 гадоў: невыпадкова менавіта яму выпаў гонар адкрыць фестывальную афішу спектаклем "На ўсялякага мудраца даволі прастаты". П’еса А. Астроўскага, вельмі скарочаная, ды шчодра дапоўненая музыкай-песнямі-танцамі, атрымала надзвычай актуальнае гучанне. Пачатковая чорна-белая палітра выбухнула ў другой дзеі чырвоным фракам Глумава. Разам з дзвюма пластычнымі сцэнамі — уверцюрай і фіналам — гэта як найлепей падкрэслівала новы статус героя. Калі спачатку перад ім зачыняліся раней разнасцежаныя дзверы, што набываюць у спектаклі яшчэ і сімвалічны сэнс, дык потым ён стаў не проста заўважным, але і незаменным — для ўсіх і кожнага. Больш за тое, усе танчылі пад яго віяланчэль — у прамым сэнсе. Адсутнасць у пастаноўцы станоўчых герояў — прысуд грамадству, заснаванаму на ліслівасці, хлусні, падмане, дзе шчырасць вядзе да ганебнага пройгрышу. І расказалі нам пра гэта без залішняга маралізатарства, з добрай іроніяй і нечаканым увасабленнем некаторых персанажаў: тая ж Манефа паўстала гэткім фальшывым экстрасэнсам. 

тыдзень класікі па-руску (1)

Завяршала Тыдзень яшчэ адна камедыя Астроўскага — больш меладраматычныя "Заможныя нявесты" Мічурынскага драмтэатра, які ў Беларусь прыехаў упершыню. Чатыры лакацыі, што ахоплівалі ўсю шырыню і вышыню сцэнічнай прасторы, не кантраставалі, а выступалі ў адзінстве. Пры ўсёй традыцыйнасці пастаноўкі, да заяўленых драматургам персанажаў дадалася масоўка — гэткая "грамадская думка", што назірае не толькі за дыялогамі, але і за маналогамі герояў. Такое "жыццё напаказ" яшчэ больш вымушала заўважыць, што галоўная прычына ўсіх трагічных чалавечых сутыкненняў — няўменне слухаць і чуць суразмоўцу, нястача выхаванай эмпатыі да людзей, у кожнага з якіх можа быць свая праўда. 

Лермантаўскі "Маскарад" Калужскага абласнога драмтэатра быў заяўлены як трагіфарс. На адным баку былі часам гіпертрафіраваныя чалавечыя жарсці. На другім — персанажы італьянскай камедыі масак, карагод якіх раз-пораз з’яўляўся на сцэне, а таксама ўстаўныя нумары папулярнай музычнай класікі — Вердзі, Каніё, Даніцэці. 

Тульскі акадэмічны тэатр драмы імя М. Горкага, што традыцыйна гастраляваў у нас у студзені, гэтым разам паўтарыў паказ сваёй містычнай гісторыі "Пікавая дама" А. Пушкіна (гл. "К" № 4 за бягучы год), якую так упадабалі гледачы. 

Сярод заўсёднікаў беларускай сцэны таксама Бранскі абласны тэатр драмы імя А. Талстога. У пастаўленай там камедыі "Людзі добрыя!" апавяданні В. Шукшына з’яднаны ў непарыўнае вясковае жыццё, сярод якога ў пэўны момант быццам бы з’яўляецца і сам пісьменнік — маўляў, прыехаў пагасціць.

Сапраўдным адкрыццём стаў Пензенскі абласны драмтэатр імя А. Луначарскага. Калектыў завітаў упершыню — у рамках Дзён Пензенскай вобласці ў Беларусі — і не з адным спектаклем: у Брэсце з вялікім поспехам былі паказаны "Ціха тут на досвітках...". А за два дні да таго ў Мінску ў Музычным тэатры — "Мёртвыя душы" М. Булгакава паводле аднайменнай гогалеўскай паэмы. 

тыдзень класікі па-руску (2)

Асноўная частка сцэнаграфіі — вялізная сцяна картатэкі з шуфлядкамі розных памераў і адценняў драўнянага колеру. Над ёй — яшчэ адна сцэнічная пляцоўка, дзе спачатку ўзнікае тэатр ценяў. Шуфлядкі раз-пораз выязджаюць, адтуль з’яўляюцца персанажы, рэквізіт. Чычыкаў выходзіць з дыму-туману. Каробачка — з шафы, Маўра — з лазні, прыкрытая прасцінай і венікам. Плюшкін так і застаецца ўнутры скрыні, бы ў труне. А як згадваюць памерлых, картатэка ўспрымаецца ячэйкамі-боксамі морга, адкуль высоўваюцца ногі нябожчыкаў з прымацаванымі біркамі. Ды і ў іншых выпадках сустракаецца даволі іранічная візуалізацыя згаданых рэчаў і падзей. 

Роля Пятрушкі значна пашырана. Сабакевіч і Каробачка зусім маладыя. Апошняя ўвогуле схільная да пераўвасабленняў: яе эфектнае з’яўленне суправаджаецца музыкай танга, а пачуўшы, што гераіня была старой, артыстка рэзка пераходзіць на старэчы голас. 

Калі першая дзея вырашана ў пясочна-кававых тонах сцэнічных строяў, дык другая — цалкам чорна-белая. Баль у губернатара ператвораны ў маскарад, ды маскі на кожным — сімвалічныя, звярыныя, што адпавядае тэксту пра пачвар. Паказальна, што і ў фінале паліцмайстар, атрымаўшы ад Чычыкава хабар за яго вызваленне, апынаецца ў масцы свінні і каларытна рохкае. Ёсць і іншыя моманты містыкі. Мяшэчак з грашыма за прададзеныя мёртвыя душы рассыпаецца дробным пясочкам. А Чычыкаў з самага пачатку атрымлівае ад Гогаля, прысутнасць якога ў спектаклі вельмі значная, гэткі "чароўны ражок": засвішчаш-загудзіш у яго — навакольныя заміраюць, а па новым свістку адміраюць, быццам нічога з імі і не адбывалася. Адкрыты ж фінал, у адрозненне ад п’есы, схіляе да самастойнага працягу дзеі і далейшага роздуму. 

Тыдзень рускай класікі стаў святам не толькі для гледачоў, але і для тэатраў, што завіталі ў госці. Гаспадары прадугледзелі для іх экскурсіі, дыпломы за ўдзел, падарункі, сярод якіх быў і вялізны пернік з выявай нашага Музычнага тэатра. Кожны прагляд пачынаўся з урачыстасцей, а завяршаўся авацыямі. На ўсіх спектаклях — аншлагі. З гасцямі былі падпісаны дамовы аб далейшым супрацоўніцтве. А на развітанне была выказана ўпэўненасць, што такі праект замацуецца і будзе штогадовым.

Надзея Бунцэвіч
Газета "Культура". - 2025. - 25 крас.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: