« Назад У красавіку Вялікі і Музычны тэатры Беларусі радавалі гледачоў балетнымі прэм'ерамі Красавік аказаўся шчодрым для балетаманаў: практычна адначасова адбыліся прэм’еры новых пастановак у Вялікім тэатры Беларусі і Беларускім музычным тэатры. Тут 11 красавіка адбыўся вечар аднаактовых балетаў, які адначасова стаў вечарам французскай музыкі. Галоўны балетмайстар Ігар Колб прадставіў тры новыя пастаноўкі: "Балеро" Равеля, "Танец смерці" Сен-Санса і "Кармэн" Бізэ. Дырыжорам-пастаноўшчыкам гэтага балетнага трыпціха з’яўляецца галоўны дырыжор тэатра Арцём Макараў. Чаму менавіта гэтыя творы? Балетмайстар-пастаноўшчык тлумачыць: "Перапляценне трох з’яў, без якіх немагчыма само жыццё: фізічны пачатак, духоўны і непазбежны фінал. Яны ствараюць непарыўны ланцуг ад зараджэння жыцця да яго завяршэння. Каб падкрэсліць гэтае трыадзінства, і з’явіліся тры назвы, якія сталі своеасаблівымі сімваламі трох пачаткаў. „Балеро“ выступае метафарай фізіялогіі, „Танец смерці“ — як дыялог з непазбежным, „Кармэн“ увасабляе парыў душы". "Балеро" ставілі многія вядомыя балетмайстры. Гэтая музыка мае асаблівую прыцягальнасць дзякуючы гіпнатычнаму ўздзеянню нязменнай рытмічнай фігуры, якая паўтараецца мноства разоў і на фоне якой дзве тэмы таксама праводзяцца некалькі разоў, ствараючы незвычайны рост эмацыянальнага напружання. "О болеро, священный танец боя!" — пісаў Мікалай Забалоцкі. Але закладзеная ў гэтым творы праграма ў пастаноўцы Колба набывае зусім іншы сэнс: яго харэаграфічны малюнак на фоне нязменнага рытму нагадвае пульсацыю жывога арганізма. "Танец смерці" — абсалютна арыгінальная пастаноўка. Музыка гэтага балета заснавана на аднайменнай сімфанічнай паэме Сен-Санса, якая мае асаблівую музычную каларыстычнасць, і фрагментах з іншых твораў кампазітара. Перад гледачом разгортваецца інфернальная карціна, закладзеная ў праграме названай сімфанічнай паэмы, але выразнай сюжэтнай лініі не прасочваецца. Затое назіраецца буйства фантазіі балетмайстра з мноствам метафар і алюзій. Ён жа невыпадкова зазначае: "На ўзроўні падсвядомых асацыяцый, нібы вядзёны інтуіцыяй, працягваю свой творчы пошук..." У балет уведзены вобраз Гульца, які на працягу ўсяго дзеяння вядзе дыялог з непазбежным. Гэтую партыю бліскуча выконвае вядучы майстар сцэны Андрэй Барыеў. Адметнай рысай балета "Кармэн" з’яўляецца яго арыгінальная музычная версія, зробленая беларускім кампазітарам Алегам Хадоскам на аснове аднайменнай оперы Бізэ. Балетмайстар уводзіць у сваю пастаноўку траіх галоўных персанажаў: Кармэн, Тарэадора і Хазэ, партыі якіх выконваюць вядучыя майстры сцэны Аляксандра Чыжык, Дзяніс Шпак і Антон Краўчанка. Як і ў оперы, у гэтым балеце шмат масавых сцэн, таму ў пастаноўцы гучаць і харавыя партыі. Пра галоўную ідэю балета Ігар Колб гаворыць так: "Каханне, будучы самай яркай эмоцыяй, абарочваецца трагедыяй. І тры смерці ў фінале невыпадковыя. Цела, душа, смерць..." Усе тры балеты — разважанні пастаноўшчыка на вечныя тэмы жыцця і смерці, кахання і нянавісці. Іх аб’ядноўваюць таксама два сімвалічныя вобразы — Рок і Доля, якія ўплятаюцца ў канву кожнай пастаноўкі. У гэтых вобразах выступілі саліст балета Юрый Кавалёў і салістка оперы Ірына Паляшчук. Мастак-пастаноўшчык Вольга Мельнік-Малахава таксама распрацавала агульную канцэпцыю сцэнаграфіі, лейтматывам якой стаў вобраз чартапалоху, які і вабіць, і раніць. Яго прыгожыя кветкі нібы пераплятаюцца з дзеяннем, а іх завяданне ў фінале становіцца метафарай гібелі самой сутнасці чалавека. Зварот да вытокаў у Музычным 12 красавіка трупа класічнага балета Беларускага музычнага тэатра вынесла на суд гледачоў абсалютна новую, эксклюзіўную пастаноўку айчынных аўтараў, заснаваную на народнай тэматыцы. Гэта поўнамаштабны балет "Купалле" маладога кампазітара Лізаветы Лобан, харэографам-пастаноўшчыкам якога з’яўляецца галоўны балетмайстар Сяргей Мікель. — У сваёй рабоце мы імкнуліся адысці ад павярхоўных стэрэатыпаў і маляўнічай лірыкі ў паказе народных абрадаў і звярнуцца да вытокаў дахрысціянскіх уяўленняў аб прыродзе і чалавеку, у аснове якіх ляжалі старажытная славянская міфалогія, псіхалагічная магія і глыбокі сімвалізм, што адлюстроўвала светапогляд і сістэму жыццёвай этыкі нашых продкаў-язычнікаў, — зазначае харэограф-пастаноўшчык, які з’яўляецца таксама і аўтарам лібрэта. Лізавета Лобан, у сваю чаргу, адзначае, што пры напісанні музыкі да балета яна адштурхоўвалася ад гатовага лібрэта, тэматыка якога пераклікалася з яе вопытам работы ў галіне аўтэнтычнай беларускай музыкі. У сваім творчым пошуку яна абапіралася на дасягненні кампазітараў-неафалькларыстаў і ў балеце "Купалле" імкнулася стварыць атмасферу старажытнай рытуальнай містэрыі з яе энергетыкай рытму, ударнасці і пэўнай доляй дзікунства. Пры гэтым у музыцы назіраюцца перапады, калі напорыстыя экспрэсіўныя ўсплёскі ў імклівым тэмпе перамяжаюцца са своеасаблівымі момантамі замірання, якія гучаць у фармаце медытацыі. У музычным палатне прысутнічаюць вакалізы, якія дадаткова працуюць на стварэнне пэўнай атмасферы — ёсць момант, калі гучыць купальская песня (загадзя запісаныя трэкі, што сумяшчаюцца з гучаннем аркестра). Па словах кампазітара, гэтыя запісы абапіраюцца на палескую манеру выканання. Для аркестра, які звычайна працуе з класічным і мюзіклавым рэпертуарам, такі музычны матэрыял аказаўся незвычайным, складаным і нязручным для выканання. Дырыжор-пастаноўшчык Марына Траццякова, гаворачы пра цяжкасці стылізацыі, адзначыла, што класічным складам аркестра трэба было перадаваць гучанне старажытных музычных інструментаў. Тое ж самае можна сказаць і пра артыстаў балета: маючы класічную падрыхтоўку, яны павінны былі перадаць фальклорную сутнасць пастаноўкі. У аўтарскай харэаграфіі Сяргея Мікеля назіраецца гарманічнае спалучэнне класікі з сучаснымі формамі балета, у выніку чаго яму ўдалося выпрацаваць такі стыль пастаноўкі, калі народны дух перадаецца без прымянення спрадвечна народных харэаграфічных прыёмаў. Сюжэтная лінія балета мае дакладную структуру і складаецца з чатырох карцін, у якіх паказваюцца абрады пакланення кожнай з прыродных стыхій. Пры гэтым спектакль пачынаецца з своеасаблівага пралога, калі на сцэне з’яўляюцца міфічныя істоты-неўры ў вобразах людзей, якія ператвараюцца ў ваўкалакаў (водгалас старажытнаславянскай міфалогіі). А першая ўжо карціна адлюстроўвае складаны абрад пакланення стыхіі вады, які пачынаецца з рытуальнага ачышчэння вадой у рацэ і заканчваецца пусканнем вянкоў. Лічылася, што ў купальскую ноч вада "сябруе" з агнём, таму другая карціна прысвечана стыхіі агню. Перад гледачом узнікае сімвалічнае вогнішча, вакол якога праводзяцца адпаведныя рытуалы, што пераходзяць у абрадавыя ігрышчы. Драматычна насычаная трэцяя карціна прысвечана стыхіі зямлі. Цэнтральнае месца ў ёй займае абрад выбару дзяўчыны-Купалы, якую прыносяць у ахвяру магутным прыродным стыхіям, а яна пасля ахвярапрынашэння пераўтвараецца ў дзівосную папараць-кветку… У абрадах купальскай ночы брала ўдзел вялікая колькасць людзей, таму ўсе гэтыя карціны пабудаваны як масавыя сцэны. У той жа час вылучаюцца міфічныя істоты, якія сімвалізуюць кожную са стыхій, а тры пары артыстаў харэаграфічнымі сродкамі ўвасабляюць гэтыя стыхіі. Пэўным чынам персаніфікуюцца дзяўчына-Купала і юнак, які яе кахае, але вымушаны змірыцца з векавым рытуалам. Гэтыя лірыка-драматычныя вобразы ўвасобілі Соф’я Казлова і Ягор Шаўчук, прадэманстраваўшы выдатна зладжаны і прыгожы дуэт. Заканчэнне купальскай ночы і сустрэча сонца паказаны ў завяршальнай чацвёртай карціне. "На Купалу сонца грала..." — так спяваюць і сёння. І ў спектаклі гэты момант вельмі ўдала абыгрываецца сродкамі відэапраекцыі і прадуманага асвятлення сцэны: падымаючыся над гарызонтам, сонца "грае" — нібы падскоквае, пераліваецца рознымі колерамі, дзеліцца на кругі… Гэты спектакль дэманструе, якую каласальную работу правялі яго стваральнікі па вывучэнні адпаведных крыніц з этнаграфіі і фалькларыстыкі, не кажучы ўжо пра пастановачныя рашэнні. І тое, што на сцэне, — квінтэсэнцыя іх уяўленняў пра светаўспрыманне нашых продкаў-праславян, увасобленая сродкамі музыкі і харэаграфіі. Зоя МАТУСЕВІЧ |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by