Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Янка Купала кахае, спявае і моліцца на сцэне Музычнага тэатра (Ірэна Кацяловіч, "Звязда", 30.06.2018)

Янка Купала кахае, спявае і моліцца на сцэне Музычнага тэатра (Ірэна Кацяловіч, "Звязда", 30.06.2018)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Янка Купала кахае, спявае і моліцца на сцэне Музычнага тэатра

Седзячы ў зале на прэм'еры спектакля "Жыццё і смерць Янкі Купалы", я думала, калі ж галоўны герой памрэ і ўсё гэта скончыцца. Рэальны Купала загінуў 28 чэрвеня, да чаго і была прымеркавана прэм'ера новай амбіцыйнай пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. На вачах поўнай залы ў прэм'ерны дзень на сцэне адбылося катастрафічнае патанненне вобраза народнага паэта і выкарыстанне яго асобы для просценькай драмкі на фоне жахаў эпохі. Мы схадзілі на музычны спектакль Міхаіла Кавальчыка, паглядзелі на ахі-ўздыхі акцёраў і вырашылі, што Купала гэтага не заслужыў.
30-21_kopiya_2
Пастаноўка дзеліцца на два дзеянні і два розныя акцэнты — у першай частцы на любоўную драму, а ў другой на жахі савецкага рэпрэсіўнага рэжыму. У цэлым "Жыццё і смерць Янкі Купалы" ўяўляе сабой далёкую ад дакладнасці (ну і нічога) гісторыю кахання паміж паэтам і настаўніцай Паўлінай Мядзёлкай. Яны аказваюцца ў рэстаране, дзе выпіваюць ярка-чырвоны алкаголь і дэманструюць такую тэатральшчыну, якая нават у тэатры глядзіцца недарэчна. Тут жа з'яўляецца цыганка і сваімі лішнімі песнямі-танцамі прадракае герою, што той будзе няшчасна кахаць адну жанчыну. У выніку героі ўлюбляюцца адно ў аднаго, спяваюць песні — у музычных нумарах удзельнічаюць танцоры і хор, а потым Янка Купала спакушае Паўліну.

Так пачынаецца гісторыя кахання, якая праходзіць праз усё жыццё паэта і якую прызнае нават законная жонка Купалы цётка Уладзя (трэба паўтарыць, што сюжэт — п'еса напісана Анатолем Дзялендзікам — выдуманы). Фантазія пра сусветную любоўную драму Янкі Купалы, мабыць, патрэбна тут для таго, каб "апапулярыць" спектакль з нацыянальнай тэматыкай.

Праўда, пастаноўку "апапулярылі" настолькі, што гэта не жанр драмы выкарыстоўваецца для аповеда аб песняру, а Янка Купала спекуляцыйна выкарыстоўваецца для зручнага жанру драмы. Прычым сама стылістыка "Жыцця і смерці" нясе ў сабе знакі спрошчанага масавага мастацтва, у той час як галоўны герой — усё ж для Беларусі выключная персона. Тэатральныя ўсмешкі, сыход за рукі ўглыб сцэны, расставанне з надуманай прычыны дзеля драматычнасці сітуацыі, адрэпеціраваныя позы на лаўцы з восеньскім лісцем, згадкі пра тое, як Купала запіў пасля сыходу Паўліны, — усё гэта надзвычай банальна і, на жаль, годна не апраўлена.

А элементаў апраўлення тут звышдастаткова, прычым амаль кожны з іх нясе ў сабе спрошчанасць адпаведна самому сюжэту. Дзіўныя харэаграфічныя рашэнні, няплаўныя рухі гадзінніка ў відэашэрагу, хор, які з'яўляецца ў доўгіх балахонах і часам дзіўна падыходзіць да краю сцэны, але амаль ніяк не ўдзельнічае ў дзеянні. Асаблівай увагі заслугоўваюць рознастылёвыя музычныя нумары, якія хоць і не заўсёды арганічныя і падыходзяць пад сітуацыю (бравая песня пад расставанне галоўных герояў стварае пэўны дысананс), але могуць забяспечыць гледача душэўнымі кампазіцыямі на вершы Янкі Купалы.

На фоне гэтага складана-састаўнога антуражу Паўліна то знікае, то з'яўляецца ў жыцці Купалы, выяўляе ў дыялогах з паэтам агульны парадак дня, кліча за сабой. У выніку ў другім дзеянні акцэнты ссоўваюцца і апавяданне канцэнтруецца на гістарычных умовах, у якіх жыў Купала. Згадваюцца сталінскія рэпрэсіі і расстраляныя пісьменнікі — галоўны герой прыходзіць на сустрэчу да наркама НКУС, жахаецца яго забавам са ўдовамі рэпрэсаваных грамадзян, у выніку аказваецца на сустрэчы са Сталіным (дакладней, двума Сталінымі, таму што правадыр, маўляў, паўсюль), дзе спрабуе абараніць сваіх калег. Спектакль нібыта перадаў характар часу, паказаў неабходнасць хлусіць і праслаўляць рэжым, страх перад беспадстаўнай адплатай, Лукаша Бэндэ як прыдажнага даносчыка, Максіма Горкага, як вялікага і аблашчанага капрызнай уладай аўтара. Увогуле, супярэчнасці эпохі быццам бы адбіліся ў пастаноўцы праз перажыванні і раз'юшанае сапенне Купалы, толькі нічога ў гэтым не аказалася новага, а з той нагоды, што сам спектакль — нязграбны, наіўны і жанрава танны, то і патрэбных эмоцый тут не знайшлося.

Пакуль мы спатыкаліся аб невыносную тэатральшчыну, адсутнасць ці надуманасць матывацыі, папсовую драматычнасць гісторыі кахання, пастаноўка расцягнулася амаль на тры гадзіны і змясціла ў сябе вялікую колькасць вакальных партый, што часам нагадвала канцэрт, бо падчас выканання акцёры тапталіся на адным месцы, глядзелі адзін на аднаго і круцілі галавой.

Ды і сама гісторыя, дзе Паўліна Мядзёлка пасля адмовы выйсці за Купалу замуж вяртаецца да яго праз некалькі гадоў і папракае ў тым, што паэт яе не дачакаўся і ажаніўся, не выклікае да сябе даверу.

Пацешна, што смерць Янкі Купалы, заяўленая ў назве, паўстае тут адразу ў некалькіх варыянтах — яна не прайграецца, толькі называецца, але прадстаўляе адразу ўсе версіі. Паўліна Мядзёлка бачыць свайго каханага ў якасці духа ці вобраза ў сне і пачынае з ім размову, падчас якой агучвае, як гэта магло адбыцца. Тут і самагубства, і НКУС, і маладая афіцыянтка, якая адштурхнула Купалу занадта моцна. Не сышліся быццам бы ні на чым, хоць паэт шматзначна прамаўчаў пасля ўласнай версіі Паўліны. Але ўлічваючы, што за некалькі хвілін да гэтага ён такое развіццё падзей абверг, то незразумела, што і думаць. Аўтары вырашылі не даваць выразнага адказу, хоць якраз тут было б дарэчы канкрэтнае бачанне — спектакль уяўляе сабой выдумку, а гэта дае права і смерць Купалы паказаць такой, якой яна, магчыма, не была. З намёкамі ж на верагоднасці мы і так добра знаёмыя.

Музычны тэатр прапанаваў гледачу нацыянальную тэматыку і нават прымеркаваў яе прэм'еру да канкрэтнай даты, але так нядбайна сыграў па ўсіх кірунках, што нават вершы, на жаль, пастаноўку не ратуюць (затое часам ператвараюцца ў добрыя музычныя нумары).

Янка Купала стаў галоўным героем таннай і банальнай драмы, паспяваў і памаліўся на сцэне, перажыў "выбрыкі" сістэмы і жанчыны і бясслаўна памёр. Але я ўсё яшчэ спадзяюся, што надалей яго імя будзе звязвацца з больш дасканалым мастацтвам.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Звязда. - 2018. - 30 чэрв.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: