Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ганна Бяляева: Ад сцэны атрымліваю задавальненне (Ангеліна Новікава, "Звязда", 05.07.2018)

Ганна Бяляева: Ад сцэны атрымліваю задавальненне (Ангеліна Новікава, "Звязда", 05.07.2018)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Ганна Бяляева: Ад сцэны атрымліваю задавальненне

"Выпадковасці ў маім жыцці не выпадковыя!" Актрыса Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Ганна Бяляева ідзе па жыцці менавіта з такім дэвізам. Наша сустрэча адбылася ў яго сценах, таму атмасфера была не проста ўтульнай, а па-сапраўднаму творчай. Зрэшты, як і сама наша гераіня — дыпламант міжнароднага конкурсу, артыстка-вакалістка і не толькі...
Беляева_Звезда_1
— Вы нарадзіліся не ў Беларусі? Як трапілі сюды?

— Я з Туркменіі, з горада Небід-Даг, што ў перакладзе азначае "нафтавая гара". У Беларусь мая сям'я пераехала, калі мне было пяць гадоў. Прыехалі сюды, бо тут былі карані па бацькавай лініі. Жыць вырашылі ў Гомелі, дзе я вучылася ў гімназіі № 56 і ў каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага. Пасля яго заканчэння пераехала ў Мінск, паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і ўжо тут "пусціла свае карані".

— Памятаеце сваё першае выступленне?

— Яно было ў дзесяць гадоў на навагоднім ранішніку на рабоце ў таты. Удзвюх з сястрой мы спелі песеньку пра Снягурку, якую чулі дома на пласцінцы. У нас заўсёды гучалі розныя песні і аўдыяказкі, якія і развілі мой музычны слых і творчую фантазію. На тым навагоднім ранішніку мяне пачула дзяўчына, якая параіла пайсці ў гурток харавых спеваў у гомельскі Палац піянераў. Так выпадковы чалавек паўплываў на мой далейшы лёс.

— А калі зразумелі, што душа ляжыць да творчасціі?

— Кіраўніком харавога калектыву была Людміла Міхайлаўна Бартноўская, яна і разгледзела мой талент, стаўшы першым настаўнікам спеваў і музыкі. За год да заканчэння школы Людміла Міхайлаўна спытала, куды я буду паступаць. Адказала словамі сваіх бацькоў — у медыцынскі, бо яны бачылі мяне стаматолагам. А я ж была паслухмянай старэйшай дачкой і лічыла, што гэта нядрэнная прафесія, нават не разумеючы, падабаецца яна мне ці не. Але Людміла Міхайлаўна, упэўненая ў тым, што мне трэба спяваць, прапанавала сустрэцца з педагогам па вакале ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага. Гэтая сустрэча і словы прафесійнага педагога па вакале Ніны Віктараўны Урублеўскай "Дзіцятка, з такім голасам вы павінны спяваць!" перавярнулі мой свет. Увесь вечар праплакала, разумеючы, што стаматолагам я быць не хачу.

— А як бацькі адрэагавалі на гэтае рашэнне?

— Былі моцна здзіўленыя. Тата, з уласцівым яму сур'ёзным выразам твару, сказаў: "Дачушка, гэта балота, у якім я табе не дапамагу". Але мяне падтрымала мама! Зараз я ўжо сама стала мамай і разумею, як гэта важна для дзіцяці — падтрымка бацькоў...

— Пасля каледжа вы працягнулі вучобу...

— Хацелася атрымаць вышэйшую адукацыю. Спачатку паступала ў піцерскую кансерваторыю, але праходзіла толькі на платнае навучанне. У нас шматдзетная сям'я, я была старэйшая, таму разумела, як бацькам будзе цяжка фінансава. Забрала дакументы і даведку аб тым, што здала экзамены, і прыехала ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Толькі іспыты тут ужо прайшлі і групы былі набраныя. Але падтрымка і настойлівасць маёй мамы дапамаглі мне. Яна прыйшла на прыём да рэктара і растлумачыла ўсю сітуацыю. Тады рэктарам быў Міхаіл Антонавіч Казінец, ён сабраў педагогаў па вакале, мяне праслухалі і прынялі на падрыхтоўчае аддзяленне, дзе я правучылася два гады, а потым былі пяць гадоў асноўнай вучобы. Вучылася ў класе заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь, прафесара Людмілы Якаўлеўны Колас.

— Як пачалі працаваць у тэатры?

— Выпадкова пачула ад дзяўчатак, што яны ідуць на праслухоўванне ў харавы калектыў музычнага тэатра, пайшла з імі за кампанію. І мяне... узялі. Спачатку я працавала ў харавой трупе тэатра. Ужо праз два гады праспявала і выканала сваю першую сольную ролю ў рок-оперы-балеце "Арфей і Эўрыдыка", пасля выходзіла ў некаторых спектаклях дзеючага рэпертуару, а затым мяне перавялі ў цэх салістаў.

— Якія творчыя конкурсы вам запомніліся?

— Мой першы прафесійны — гэта Нацыянальны конкурс імя С. Манюшкі. Ён праходзіў у Чэрвені. Было хвалююча, але вакол былі знаёмыя твары — студэнты, педагогі — і я змагла сканцэнтравацца на сваім выкананні.

Другі конкурс, у якім удзельнічала, — конкурс рускага раманса "Рамансіяда" ў Маскве. Дапамагалі да яго рыхтавацца народная артыстка Наталля Віктараўна Гайда і канцэртмайстар Ірына Зайдас. Там усё было незнаёмае, у журы — артысты, якіх бачыла толькі па тэлевізары: Слічэнка, Баянава, Праабражэнская ды іншыя, таму хвалявалася я моцна. Але, дзякуючы выдатнаму канцэртмайстру, яго непараўнальнаму музычнаму суправаджэнню і залатым словам "хопіць старацца і спяваць па нотах, атрымлівай задавальненне і адчувай музыку", хваляванне знікла, а засталося пачуццё неймавернага задавальнення ад таго, што ты выконваеш і што ўсё гэта адбываецца менавіта з табой!
Беляева_Звезда_2
— Акрамя тэатра яшчэ дзе-небудзь задзейнічаны?

— Як творчага чалавека мяне прыцягваюць да розных праектаў з цікавымі людзьмі, і многія з іх становяцца маімі вялікімі сябрамі.

Так, выпадкова пазнаёмілася з выдатнай піяністкай і канцэртмайстрам Юліяй Перэу, з якой выступіла ў "Белай гасцёўні" палаца Румянцавых і Паскевічаў з сольным канцэртам "Натхненне душы". У полацкім Сафійскім саборы мы прадстаўлялі монаспектакль-канцэрт "У душы маёй...". Пры ўдзеле Юлі таксама адбылося шмат канцэртаў з песнямі на кітайскай мове.

З артыстам музычнага тэатра Дзянісам Нямцовым і гітарыстам Віталём Дубовікам арганізавалі канцэрт-спектакль "У душы маёй..." у Белай зале Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў пры падтрымцы музычнага дома "Галерэя" і яго арганізатара Яўгена Глебава.

Вельмі цікавай і наватарскай была праца з рэжысёрам Ганнай Маторнай у операх "Дыдона і Эней" і "Юбілей". Супрацоўніцтва наша працягваецца да гэтага часу, бо Ганна з'яўляецца рэжысёрам Музычнага тэатра.

Таксама ўжо шмат гадоў я супрацоўнічаю і выступаю ў канцэртах з беларускім кампазітарам Ганнай Кароткінай. Пазнаёміліся мы зноў жа выпадкова: хтосьці не змог праспяваць у яе канцэрце, і запрасілі мяне. Дзякуючы ёй я пасябравала з арганісткай Сафійскага сабора Ксеніяй Пагарэлавай. Разам мы выступалі ў Беларусі і ў Чэхіі з праграмай духоўнай музыкі. Таксама праз Ганну пазнаёмілася і супрацоўнічала з народным артыстам, савецкім і беларускім кампазітарам Ігарам Міхайлавічам Лучанком.

На адным з выступленняў з Ганнай Кароткінай сустрэлася з кіраўніком канфедэрацыі творчых дзеячаў Ігарам Мікалаевічам Бабаком. На жаль, гэтага чалавека ўжо няма... Але дзякуючы яму я пазнаёмілася з кітайскімі мастакамі, атрымала магчымасць вывучаць кітайскую мову і песні, двойчы наведала Паднябесную з унікальным сольным праектам.

— Музыка для вас — гэта праца?

— Я атрымліваю вялікае задавальненне, выступаючы на сцэне, таму такая праца для мяне толькі ў радасць. Але, нягледзячы на гэта, любы выхад на сцэну — не шпацыр, а выдатак фізічных, духоўных і эмацыянальных сіл. У той жа час важнай часткай майго жыцця з'яўляюцца сям'я, дом, дзе я па-сапраўднаму каханая і патрэбная!

— Як лічыце, ужо ўсяго дасягнулі ў жыцці?

— (Смяецца) Магчымасцям чалавека няма мяжы. Я працягваю працаваць і ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі. Акрамя таго, вырашыла пашырыць свае веды: паступіла і ўжо скончыла магістратуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, вучылася на "псіхалогіі". У мяне яшчэ шмат нерэалізаваных мэт, і я імкнуся да іх дасягнення!

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка І курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Звязда. - 2018. - 5 ліп.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: