« Назад Дрэвы ў квецені… Знаёмыя і новыя героі "Вішнёвага саду" паводле беларускага балета Перш за ўсё варта папярэдзіць, што гэта не класічны пераказ несмяротнай п’есы Антона Чэхава. Лібрэта напісаў сам Сяргей Мікель, пераасэнсаваўшы сюжэт. Таму прыхільнікам класікі давядзецца паглядзець на вядомую гісторыю па-іншаму: частка персанажаў стала фонам, некаторыя выйшлі на першы план і ўспрымаюцца больш ярка. Ермалай Лапахін атрымаў больш цёмныя адценні, наблізіўшыся да адназначнай чарнаты, у той час як у арыгінале ён памятаў пра сваё паходжанне. Асабліва адчуваецца зло ў момант раскідвання папер з працэнтамі і ў сцэнах вырубкі вішань. Выканаўца гэтай партыі Аляксандр Місіюк надаў герою патрэбнага змроку і цудоўна выканаў задачу. Любоў Ранеўская забылася пра заганы і стала больш духоўным персанажам. Яна сумавала па дзяцінстве і юнацтве, гуляючы па садзе, які любіць усім сэрцам. Гэтую сцэну хочацца адзначыць асабліва: выдатны прыём балетмайстра па падзеле героя па ўзростах. Рэалізавалі гэта трое акцёрак: юныя Соф’я Дзем’яновіч і Ксенія Мялешка і асноўная выканаўца ролі Вікторыя Каралёва. Бліжэй да канца дзеяння Любоў Андрэеўна старэе ад гора прама на вачах. Памешчыцу пачынаеш сапраўды шкадаваць, яе сям’і суперажываеш. Аня і Пётр (Алена Германовіч і Уладзіслаў Пазлевіч) у балеце ўвасабляюць адну з асноўных сюжэтных ліній, змаглі эмацыйна перадаць, як паміж імі паступова нарастае палкае ўзаемнае пачуццё. Праз вобразы маладых людзей адчуваеш аптымізм і веру ў светлую будучыню. Лінія саду ўсё ж засталася галоўнай у балеце. "Душы" саду ўвасобілі касцюмы: яны нагадваюць пра вясну, калі яшчэ толькі-толькі пачынаецца абнаўленне прыроды і на дрэвах з’яўляюцца першыя лісточкі (за што дзякуй мастаку-пастаноўшчыку Любові Сідзельнікавай). Выгіб тонкіх ліній, якія ўвасабляюць галінкі, кідаецца ў вочы. Але танцы дрэваў у квецені, поўных радасці жыцця, змяняюцца бязлітаснай перадсмяротнай агоніяй. Наколькі моцна валодаюць грошы свядомасцю гандляра асабліва зразумела ў сцэне аўкцыёну. Яго ўдзельнікі ходзяць у касцюмах з элементамі рамак. Нават самі лоты — драўляныя рамы з-пад карцін — як бы крычаць нам пра абмежаванасць свету Ермалая Лапахіна. Але драму падкрэсліла светлавое вырашэнне ў сцэне канчатковай гібелі саду — гібелі апошніх вішняў. Дрэвы паміралі адно за адным, як салдаты на фронце. Мастак па святле Сяргей Азяран дапамог перадаць атмасферу смерці, якая паступова нагняталася, надаў увагу кожнаму "радавому", што гіне. Для харэографа Сяргея Мікеля гэты дэбют стаў лёсавызначальным. Маладога спецыяліста ўжо ўзялі на працу ў тэатр. Спектаклем "Вішнёвы сад" ён абараніў дыплом Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці "Харэаграфічнае мастацтва (рэжысура)" і прымусіў гаварыць пра новае імя на беларускай балетнай сцэне. Шура ГРАМЫКА |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by