Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ірландскія танцы, бэнд і кельцкая легенда (Таццяна Мушынская, "Мастацтва", 1-31.12.2017)

Ірландскія танцы, бэнд і кельцкая легенда (Таццяна Мушынская, "Мастацтва", 1-31.12.2017)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Ірландскія танцы, бэнд і кельцкая легенда

 

Мюзікл "Трыстан і Ізольда" ў Музычным тэатры

На пачатку снежня Беларускі музычны тэатр паказаў прэм'еру фолк-рок-мюзікла "Трыстан і Ізольда". інтарэс да спектакля падаграваўся тым, што аўтар музыкі Алан Сімон - сучасны французскі кампазітар. Ён прыязджаў у Мінск, прысутнічаў на апошніх рэпетыцыях прэм'еры. Вынікам застаўся задаволены.

Сярэднявечная легенда пра каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды такая ж папулярная ў заходнееўрапейскай літаратуры і ў свеце, як гісторыя Рамэа і Джульеты. Кельцкая легенда спачатку была занатаваная на валійскай мове, потым перакладзена на французскую. У перапрацаваным выглядзе ўвайшла ў літаратуру асноўных еўрапейскіх народаў (існуюць рэдакцыі італьянскія, іспанскія). Ёсць і славянскія версіі (нагадаю пра беларускую аповесць "Аб Трышчане ды Іжоце").

Легенда, дзе прысутнічаюць востры канфлікт, напружанне, унутраная барацьба, сумненні і пакуты, канфлікт паміж пачуццём і абавязкам, імкненне да шчасця і ўсведамленне яго немагчымасці, неаднойчы натхняла творцаў у розных жанрах мастацтва. Згадаю оперу Рыхарда Вагнера "Трыстан і Ізольда" (1864), карціну Сальвадора Далі з такой самай назвай (1944), ягоны жывапісны твор "Звар’яцелы Трыстан" (1938—1939) і серыю з 21 літаграфій (1970), прысвечаную абодвум персанажам. Пры канцы мінулага стагоддзя з’явіўся еўрапейскі міні-серыял "Трыстан і Ізольда". У 2001-м — мюзікл яшчэ аднаго французскага аўтара Жака-Франсуа Бертэля. "Трышчан ды Іжота" — п’еса беларускага драматурга Сяргея Кавалёва, увасобленая ў шэрагу драматычных ды лялечных калектываў. У 2006-м у Амерыцы знятая аднайменная мастацкая стужка. У 2010-м на афішы нашага Вялікага тэатра з’яўляецца назва аднаактовага балета "Трыстан і Ізольда" на музыку Рыхарда Вагнера. Так што гісторыя ўсепераможнага, але і гаротнага кахання хвалюе творцаў і гледачоў па ўсім свеце.

А цяпер больш канкрэтна пра новую пастаноўку Музычнага тэатра. У яе ёсць перадгісторыя. Першае ўвасабленне мюзікла Алана Сімона адбылося ў французскім Нанце. Прычым там пастаноўка паказвалася на агромністай пляцоўцы на 6 тысяч гледачоў. Адпаведнымі былі сцэнаграфічныя і светлавыя эфекты. Менавіта тады кампазітар запрасіў Мікалая Андросава (рэжысёра і харэографа мінскай версіі) для ўвасаблення танцавальных эпізодаў французскага спектакля.

Потым узнікла ідэя рускамоўнага лібрэта. Яно зроблена менавіта Андросавым. Спачатку для Новасібірска, дзе "Трыстан" быў паспяхова пастаўлены некалькі сезонаў таму. Тое ж лібрэта сталася асновай мюзікла і ў Мінску. Зразумела, калі ад пачатку партытура стваралася на французскі тэкст, а рускі трэба было прыстасаваць да існуючых нот, гэта зручна кампазітару, але не надта зручна лібрэтысту. На маю думку, Андросаў з такой задачай справіўся. Тэкст у размоўных дыялогах і вакальныя фрагменты гучыць натуральна.

Музыка Алана Сімона ў "Трыстане" шматслойная. У ёй ёсць і рок-, і фолк-складнікі. У асобных фрагментах адчуваецца даніна традыцыйнай эстраднай стылістыцы. Аранжыроўкі, якія тэатр заказаў вядомаму Льву Карпенку, надаюць твору яшчэ больш сучаснае гучанне.

Велізарную працу зрабілі аркестр (дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч) і хор (хормайстарка і вакальная кіраўніца Святлана Пятрова), каб з’яднаць усе музычныя часткі ў адну плынь. У дадатак ударная група (фактычна бэнд) увесь час знаходзіцца ў глыбіні сцэны, за выканаўцамі. Дырыжору такая акалічнасць стварае дадатковыя клопаты, але нечаканае рашэнне надае спектаклю экспрэсіі. У сольных вакальных нумарах музыка дастаткова празрыстая, не перагружаная. Таму тэкст добра чуваць, а сэнс спеваў зразумелы (якасць, прысутная далёка не ва ўсіх пастаноўках у жанры мюзікла і оперы). Вельмі эфектна па музыцы і харэаграфіі выглядаюць у "Трыстане" танцавальныя фрагменты. Гэта датычыць і масавых танцаў (пераважна ірландскіх, дзе шмат дробных і віртуозных рухаў), і дуэтаў герояў, якія ў праграмцы пазначаны як Душа Трыстана (Ігар Вяршынін) і Душа Ізольды (Ангеліна Гурбанмухамедава). "Двайнікі" не спяваюць і маюць выключна пластычную характарыстыку. Але дадаюць да аблічча персанажаў сэнсавыя і эмацыйныя фарбы. Мо гэта і не ноў-хаў, але чысціня ліній, пачуццёвасць танцораў узмацняюць гучанне вядучых вобразаў.

Бясспрэчная ўдача новай пастаноўкі — выбар артыстаў на галоўныя партыі. На ролю Ізольды заяўлены тры маладыя салісткі. Вольгу Жалезкую глядач памятае як, магчыма, лепшую выканаўцу ролі Соф'і Гальшанскай у аднайменным мюзікле Уладзіміра Кандрусевіча. Вольгу Здзярскую — як экспрэсіўную Берту ў "Джэйн Эйр" Кіма Брэйтбурга.

На першай прэм'еры партыю Ізольды выконвала Марыя Швядко — імя новае, шырокаму гледачу незнаёмае. Да нядаўняга часу была артысткай хору тэатра. Выбар рэжысёра прыхоўваў пэўную рызыку, бо гераіня амаль увесь час на сцэне. Спачатку Ізольда рамантычная, чыстая і крыху наіўная дзяўчына. Хоць і з трывалым характарам. Потым тая, што памылкова выпівае любоўны напой, — закаханая ў Трыстана. Аддадзеная замуж за караля Марка. Беспадстаўна абвінавачаная ў здрадзе. У чаканні кары, побач з кастром, на якім яе мусяць спаліць. Аддадзеная пракажоным. Нарэшце — на смяротным ложку. Ізольда — першая значная партыя Марыі Швядко. І на дзіва ўдалая. У гэтым пераконвае чысты і выразны голас артысткі. Да таго ж у салісткі няма дэбютнай нясмеласці, празмернай сарамлівасці. Вабіць разняволенасць, свабода паводзін, здольнасць эмацыйна "выкладвацца". Гэтая Ізольда, жывая, імпульсіўная, узвышаная, успрымаецца як увасабленне лепшых рыс жаночага характару. Хачу спадзявацца, што партыя зробіцца пачаткам сур’ёзнай артыстычнай кар’еры Марыі.

У двух прэм'ерных паказах партыю Трыстана спяваў Арцём Хамічонак. Раней даводзілася бачыць саліста ў вядучых ролях спектакляў "Цыганскі барон" і "Тайны шлюб". Увогуле героям Хамічонка заўжды ўласцівая абаяльнасць, яны нараджаюць адчуванне нейкай непахіснай чалавечай трываласці і надзейнасці. Артыст пераканаўча перадае душэўныя пакуты рыцара, які не можа адмовіцца ад Ізольды і ўласнага шчасця і ў той жа час адчувае віну перад каралём Маркам.

Большасць касцюмаў, пашытых па эскізах мастачкі Ірыны Лабуш, разнастайныя і гістарычна дакладныя. Каралеўскія строі, вопратка галоўных герояў, выканаўцаў ірландскіх танцах. Адзіны мінус: калі ў фінале 1-й дзеі на сцэне з’яўляецца кампанія ластавак (яны ўсе чамусьці ў ярка-бірузовым бліскучым убранні, якое неяк недарэчна нагадвае надзіманыя аб’ёмныя цацкі), гэта выклікае ў каго лёгкую ўсмешку, у каго іранічныя заўвагі.

Пытанне рэжысёру. Дзівіць "нездаровая", празмерная ўзбуджанасць герояў, калі тыя выпіваюць любоўны напой. Героі чамусьці пачынаюць насіцца па сцэне і перакрыкваць адзін аднаго. Магчыма, для такой сцэны варта пашукаць нейкія іншыя варыянты паводзін? Бо часам эпізоды, калі героі маўчаць, а на іх тварах адбіваецца эмацыйны стан, робяць большае ўражанне.

Той, хто добра ведае рэпертуар Музычнага тэатра, у прыватнасці мюзікл "Соф’я Гальшанская", адшукае шмат падобнага ў драматургічных хадах "Соф'і" і "Трыстана". Думаю, з часам які студэнт ці аспірант напіша на гэтую тэму навуковае даследаванне. Так, спектаклі і лібрэта ад пачатку былі створаны ў розных краінах. У рознай культурнай прасторы і на розных мовах. Таму лібрэтысты наўрад ці маглі штосьці адзін у другога запазычыць ці падгледзець. У розных краінах існавала традыцыя, калі па нявесту ў іншыя землі ехаў не сам кароль, а, скажам так, ягоная давераная асоба. Мо паралелі ўзнікаюць і таму, што Ягайла і Марк — той самы выканаўца, імпазантны і прадстаўнічы Антон Заянчкоўскі. Абодвух каралёў зводзяць пакуты і сумненні. Барацьба з самім сабой, калі не ведаеш, каму даць веры — каханай жонцы або інтрыганам.

Хапае блізкіх рысаў і ў двух нягоднікаў з розных пастановак, якіх зноў-такі выконвае той самы Дзяніс Нямцоў. У Соф’і ён — канцлер Уга, у "Трыстане" — вядзьмар Фрасін. На пытанне, чым адрозніваюцца яго персанажы, сам артыст пераканаўча заўважыў: Уга абараняе інтарэсы ўласнай краіны, а Фрасін ад нараджэння пазбаўлены любові і спачування, таму злосць і агіду хоча распаўсюдзіць вакол сябе. Тут цяжка размежаваць: ці тэатр удала выкарыстоўвае амплуа вядучых салістаў, ці сюжэтныя хады вымагаюць блізкіх псіхалагічных фарбаў.

Яшчэ адзін момант. Падалося, што тройца адмоўных герояў — Андрэ, пляменнік Марка (Яўген Ермакоў), і два бароны, Дэнаален (Станіслаў Гелда) і Генелон (Міхаіл Ліла), — намаляваныя выключна тлустай чорнай фарбай. Зразумела, злосныя зайздроснікі — яны такія! У тым выпадку, калі згаданыя персанажы эпізадычныя, яны важныя як рухавікі інтрыгі. Але разнастайнасць адценняў, пэўна, можа прысутнічаць.

Спектакль, у якім заняты ці не ўвесь калектыў, атрымаўся эфектным. У ім шмат светлавых эфектаў, у чым заслуга мастака Сяргея Азярана. У "Трыстане" багаты візуальны шэраг (сцэнаграфія Андрэя Меранкова). Робіць уражанне маляўнічая суперзаслона, якая адразу настройвае на адпаведны лад. "Раскіданыя" па авансцэне камяні нагадваюць пра Стоунхэндж. Шматлікімі дэталямі ствараецца атмасфера сярэднявечнага замка, крыху змрочнага, халоднага і не заўсёды ўтульнага. Высока над пляцоўкай гараць свяцільні. Агромністым і непераможным выглядае вынаходліва зроблены змей, з якім змагаецца Трыстан. Прастора сцэны трансфармуецца ў палац, дзе разам з бацькамі жыве Ізольда. Потым у карабель, палац караля Марка, месца пакарання закаханых.

Увогуле стваральнікамі спектакля (і найперш рэжысёрам) добра прадумана ўзаемадзеянне розных складнікаў — музыкі, візуальнага шэрагу, вакальных і танцавальных нумароў. Відавочна: над увасабленнем жорсткай, але разам з тым кранальнай і рамантычнай легенды тэатр працаваў захоплена. Але ж і дасканаласці няма мяжы. Так што засталося схадзіць і паглядзець "Трыстана" яшчэ і з іншым складам салістаў. І праз некалькі месяцаў.

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
Мастацтва. - 2017. - 1-31 снеж.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: