Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Цяжар адказнасці? (Таццяна Мушынская, "Мастацтва", 01-31.08.2018)

Цяжар адказнасці? (Таццяна Мушынская, "Мастацтва", 01-31.08.2018)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Цяжар адказнасці?

 

"ЖЫЦЦЁ І СМЕРЦЬ ЯНКІ КУПАЛЫ" Ў МУЗЫЧНЫМ ТЭАТРЫ

Напрыканцы чэрвеня калектыў Дзяржаўнага музычнага тэатра паказаў прэм’еру — "Жыццё і смерць Янкі Купалы". Нават напярэдадні было відавочна: пастаноўка здольная выклікаць розныя пачуцці, ад захаплення і радасці да раздражнення і амаль нянавісці. Але каб градус эмоцый так зашкальваў?! Зрэшты, грамадскі рэзананс, які мае тэатральны спектакль, — справа надзіва карысная і патрэбная. Незалежна, гэта піяр "чорны" ці "белы".

Для параўнання. Адна з папярэдніх прэм’ер — аперэта "Вясёлая ўдава", хоць і ставіў яе вядомы расійскі рэжысёр Мікалай Андросаў, хоць і прыязджаў у Мінск дырэктар "Фолі Бержэр", парыжскага мюзік-хола, не займела ўвогуле ніякіх рэцэнзій. Былі анонсы, бадай, і ўсё. Чаму? Бо "Вясёлая ўдава" — не прадмет грамадскага інтарэсу. Такія спектаклі існуюць для "касы", рэлаксу публікі, каб паднаўляць класічны рэпертуар. Прыйшоў глядач, паслухаў музыку Легара, пачуў знаёмыя мелодыя, ацаніў прыгожыя касцюмы. І ўсцешаны пайшоў дадому.

Цікавасць да пастаноўкі "Жыццё і смерць Янкі Купалы" выклікана многімі абставінамі. Найперш асобай песняра, класіка і нацыянальнага генія. Грамадства неабыякавае да таго, якім Купала паўстане на сцэне. І гэта насамрэч выдатна! Інтарэс да спектакля падаграваўся і тым, што вобраз Івана Дамінікавіча на музычнай сцэне ніколі не ўвасабляўся. У дадатак партытура належала Алегу Хадоску, аднаму з самых яркіх і прадуктыўных кампазітараў, які мае сучаснае мысленне.

Часопісны фармат публікацыі мае сваю перамогу. Ты ведаеш, хто і што напісаў на тую тэму раней. І таму можна, так бы мовіць, падвесці баланс. Рэцэнзій і кароткіх водгукаў пасля прэм’еры аказалася шмат. Ацэнкі стрыманыя, часам з’едлівыя. Памяркоўны і добразычлівы артыкул "У палоне міфа" Васіля Дранько-Майсюка ў "ЛіМе". Але і там час ад часу ўзнікае прыхаваны сцёб. Спакойна-ўзважлівая, ды болей анонсная публікацыя Ірыны Свірко ў "Рэспубліцы" — "Любоўны трохкутнік Купалы". Іроніяй павявае ад артыкула Надзеі Бунцэвіч у "Культуры" — "Сімфанічная аэробіка ў гонар Купалы" (адзіны тэкст, дзе прысутнічае разбор партытуры). Назвы яшчэ двух публікацый ("Поэт — это диагноз", нататка Валянціна Пепяляева ў "Народнай газеце", і "Янка Купала кахае, спявае і моліцца на сцэне Музычнага тэатра" Ірэны Кацяловіч, газета "Звязда") кажуць самі за сябе. Відавочнай солі тут хапае.

Шкада, што ні ў каго са згаданых рэцэнзентаў я не заўважыла спакойнай і разважлівай спробы разабрацца: чаму атрымалася так, а не іначай? Дзе пазл склаўся, а дзе не? Так, не варта хваліць усё запар. Планка ацэнак павінна быць высокай. Праўда і тое, што тэатральная крытыка не харавыя спевы, тым больш ва ўнісон. Рэцэнзію піша адзін чалавек за два вечары (ці дзве раніцы), падрыхтоўка спектакля ад ідэі да прэм’еры звычайна займае два-тры гады. Прычым над спектаклем працуе велізарны калектыў. Гэта розная колькасць намаганняў.

У свой час я вывучала многія матэрыялы, звязаныя з адносінамі Купалы і Мядзёлкі. І раман Алега Лойкі "Як вада, як агонь". І ўспаміны Паўліны Мядзёлкі "Сцежкамі жыцця", выдадзеныя кнігай, а таксама іх працяг, надрукаваны ў "Полымі" ў 90-я (ён чамусь так і застаўся часопіснай публікацыяй). Акрамя таго, шматлікія дакументы Архіва-музея літаратуры і мастацтва. У выніку ўзнікла п’еса для драматычнага тэатра, якая потым ператварылася ў лібрэта оперы ў 2-х дзеях. Для ўвасаблення ідэі я, на жаль, не знайшла кампазітара. Але "ў матэрыяле" — ведаю падрабязнасці характараў і біяграфіі герояў. Цікава, што для арый, дуэтаў галоўных герояў, а таксама хароў я амаль заўсёды абірала тыя самыя вершы Купалы, якія абралі лібрэтыст і кампазітар.

Што ў "плюсе"?

Спачатку пра моцныя часткі пастаноўкі. Значыць, пра музыку і харэаграфію. Хадоска — адзін з самых таленавітых айчынных кампазітараў. Яму заўжды ўласцівыя маштаб, сучаснасць і экспрэсіўнасць мовы. Сышлі ў іншы свет Сяргей Картэс і Дзмітрый Смольскі, дык цяпер Алега Хадоску і Вячаслава Кузняцова можна ўспрымаць як відавочных лідараў у жанрах, звязаных з тэатральнай музыкай і буйнымі формамі.

Яшчэ перад прэм’ерай Алег сцвярджаў: у імкненні адлюстраваць асобу Купалы ён шмат у чым арыентаваўся на знакаміты фільм Мілаша Формана "Амадэй", прысвечаны Моцарту. А мэтай Хадоскі было, акрамя іншага, стварыць Рэквіем памяці паэта. Яго часткі фактычна раскіданыя па ўсёй структуры спектакля. Таму ўзнікаюць харавыя фрагменты (у тым ліку і Lacrimoza), якія спяваюцца на латыні. Відовішчныя харавыя сцэны з праніклівымі і ўзнёслымі вакалізамі робяць моцнае пачуццёвае ўражанне. Калі ў фінале гучыць купалаўская "Малітва" (строфы маюць рэфрэн "Ave Maria"), а ў глыбіні сцэны з’яўляецца велізарны партрэт паэта, напісаны Міхаілам Савіцкім, — гэта эмацыйна "прабівае". У душы і гонар, і скруха ад перажытай ім трагедыі, і шчасце далучанасці да ягонага космасу.

Музыка Хадоскі па стылі блізкая да неакласікі. Прыгожыя, запамінальныя вакальныя нумары і дуэты на вершы Купалы — "Плыве рэчанька далінкай", "Абдымі ты мяне, маладая", "Яшчэ прыйдзе вясна", "Снілася дзяўчыне...". Яны спеўныя, мілагучныя, насычаныя сэнсам. Ёсць у іх тая рэдкая гармонія паміж музыкай і словамі, якую і цяжка дасягнуць. Заўжды адчуваеш глыбіню і маштаб пачуццяў, што нязменна прысутнічаюць у вершах Купалы. Шыкоўны нумар "Гэткім шчырым каханнем яе атуліў". Ён гучыць у свядомасці яшчэ доўга пасля прэм’еры. Ці трэба здзіўляцца: салісты, маючы такі музычны матэрыял, паглыбляліся ў яго з відавочным задавальненнем.

Заўважыла не я адна, але і іншыя рэцэнзенты: выканаўцы партыі Купалы (Віктар Цыркуновіч і Сяргей Спруць) у працэсе рэпетыцый і асэнсавання творчасці паэта зрабіліся нават у нечым да яго падобныя. Гэта прыкмета сутнасная. У Вікторыі Жбанковай-Стрыганковай і Вольгі Жалезкай, якія выконваюць партыю Мядзёлкі, шмат жаночай абаяльнасці, паэтычнасці.

Падкрэслю: новы спектакль Музычнага тэатра — фактычна адзіны ў цяперашнім рэпертуары, які цалкам ідзе на беларускай мове. Калі саліст прызвычаіўся спяваць на рускай (так у нас выконваюцца класічныя аперэты і мюзіклы), дык потым спяваць па-беларуску ўдвая цяжэй. Іншая фанетыка, артыкуляцыя, праца галасавога апарату. Але салісты здолелі дасягнуць арганічнага вымаўлення. На тры гадзіны дзеі — адна дробная памылка. Скептык заўважыць: у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры беларускамоўных пастановак павінна быць шмат. Павінна! Ды рэальнасць такая, якая ёсць. Тэатр паступова рухаецца ў бок беларускамоўнага рэпертуару. Гэта складана, бо патрабуе перагляду звыклых "установак". І такая акалічнасць вартая ўсялякай падтрымкі.

Харэаграфія Наталлі Фурман, адной з самых цікавых і, на жаль, недастаткова запатрабаваных балетмайстраў, надае пастаноўцы большую абагуленасць і маштаб. Умоўна кажучы, яе "збірае". Нездарма кампазітар дапісваў дадатковыя сімфанічныя эпізоды менавіта на просьбу Наталлі. Пачатковыя танцавальныя сцэны ствараюць вобраз Купалля. І язычніцкага пачатку, якім прасякнуты вершы паэта. Купала — Купалле... З’яўленне ў фінале 1-й дзеі людзей у аднолькавых шэрых строях, іх механічныя рухі нараджаюць пластычны вобраз вялікага горада. І атмасферу трывогі, падазронасці, няспыннага сачэння за іншымі. Сімвалічным успрымаецца сілуэт маленькай дзяўчынкі ў белым, якая ў шэрагу сцэн аказваецца побач з Купалам. Яе вобраз можна трактаваць па-рознаму. Гэта лёс паэта або ягоны анёл-ахоўнік. Адна з найбольш моцных сцэн 2-й дзеі — танец нкусаўцаў і жонак рэпрэсаваных. Ён пастаўлены без натуралістычных дэталяў, але ўсё дамалёўвае фантазія. Робіцца страшна! Чорныя жалобныя сукенкі, рукі, узнятыя ў маўклівай мальбе. Безабароннасць ахвяр і бессаромнасць тых, у чыіх руках бязмежная ўлада.

Спрэчнае

Не буду сцвярджаць, маўляў, новая пастаноўка бездакорная. Ёсць у ёй пэўныя хібы, дыялогі і размоўныя фрагменты далёка не ідэальныя. Прычына? У драматургіі з’ядналіся занадта многа складнікаў: фрагменты п’есы Анатоля Дзялендзіка і ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі, вершы Купалы і Анатоля Зэкава. Тэатр сфармуляваў жанр выкручаста: "Музычная драма-версія А. Дзялендзіка і А. Хадоскі, створаная па матывах кнігі П. Мядзёлкі "Сцежкамі жыцця" на лібрэта А. Зэкава".

Адсюль вынікае стракатасць. Калі з вершамі Купалы ўсё зразумела, дык з іншымі фрагментамі больш складана. Успаміны Мядзёлкі — гэта проза, у якой, праўда, прысутнічаюць дыялогі. А проза не заўжды лёгка і проста перакладаецца на мову драмы.

Толькі лянівы не паспеў папінаць нагамі п’есу Дзялендзіка. Але на разбор і аналіз ніхто з рэцэнзентаў чамусьці не знайшоў часу. П’есу я чытала колькі гадоў таму ў часопісе. Так, адчувалася ў ёй нейкая празмерная раскаванасць — у стаўленні аўтара да героя і яго асабістага жыцця. Але хапала і цікавых ідэй. Напрыклад, што ляўкоўскі перыяд творчасці, самы значны за ўвесь савецкі час, мог быць звязаны з сумеснай вандроўкай паэта і яго каханай жанчыны. Тактоўна вырашыў драматург і складанае пытанне: працавала Паўліна на "органы" ці не? Уражвае і дыялог Мядзёлкі і Купалы, які ўжо загінуў, калі яна распытвае пра тайну смерці.

Ёсць у пастаноўцы моманты, што выклікаюць пярэчанне. Сцэну спакушэння рэжысёр мог вырашыць больш далікатна. Напрыклад, праз танец, а не выкатваючы на сцэну ложак з падушкамі. Таннай меладрамай выглядае пасаж пра дзіця, якое гадавалі б разам жонка і каханка. Увогуле вобраз Уладзіславы Францаўны атрымаўся досыць спрошчаным. У дадатак для яго ў спектаклі мала музычнага матэрыялу. У 1-й дзеі хапае інтанацый вадэвільнасці. Праўда, у 2-й часцей пераважаюць драматычныя і трагедыйныя.

Відавочна, спектакль не геніяльны. Ён патрабуе ўдасканалення і дапрацоўкі. Добра ўсведамляе гэта і пастановачная група. Не ведаю, праўда, ці здатныя дапрацоўкі штосьці прынцыпова памяняць, ці акажуцца толькі касметычнымі паляпшэннямі. Бо структура і агульная канструкцыя, раўнавага і ўзгодненасць частак закладваюцца на ўзроўні лібрэта. А праца над ім у прынцыпе павінна быць скончана яшчэ да таго, як кампазітар пачне пісаць ноты.

Высновы

Падчас гарачай і непрымірымай дыскусіі наконт новай пастаноўкі ў сацыяльных сетках хтосьці слушна заўважыў: у нас павінна быць 10 розных пастановак пра Купалу. А для гэтага, дадам ад сябе, дзесяць розных п’ес пра Івана Дамінікавіча. Пачынаючы займацца пэўнай тэмай, тэатр павінен мець магчымасць выбіраць. А якая гаворка пра выбар, калі п’еса адна?

Чаму вобраз Янкі Купалы такі разнастайны і разнапланавы ў выяўленчым мастацтве? Колькі графікі, якая ілюструе ягоныя творы, колькі скульптур, жывапісных карцін! Так, хапае асобных музычных твораў — песень, рамансаў, хароў — у эстрадных і акадэмічных жанрах.

Але ці багата ў нас п’ес, а ўслед за імі і пастановак, дзе галоўнымі героямі з’яўляюцца айчынныя класікі: Дунін-Марцінкевіч, Колас, Багдановіч? Дзякуючы энцыклапедыі "Тэатральная Беларусь" ды інтэрнэту паспрабавала адказаць на гэтае пытанне. У далёкім 1952-м у купалаўцаў быў пастаўлены (паводле п’есы Васіля Віткі) спектакль "Шчасце паэта", у якім Павел Малчанаў увасобіў сцэнічны вобраз Купалы. Твор Уладзіміра Караткевіча "Калыска чатырох чараўніц", прысвечаны маладосці Купалы, быў пастаўлены ў ТЮГу. Згадваю дзве п’есы Алеся Асташонка, "Іскры ў начы" (1982) і "Камедыянт, або Узнёсласць сумнай надзеі" (1984), у якіх героямі выступалі Колас і Дунін-Марцінкевіч. Ці не замала, калі спіс за палову стагоддзя?

Рэакцыя грамадскасці на спектакль Музычнага тэатра прымушае падумаць: чаму так атрымоўваецца? Чаму падобных п’ес і пастановак (драматычных, музычных) няма? Уплываюць цяжар і адказнасць? Шмат клопатаў, пакуль асвоішся ў гістарычны крыніцах? Боязь грамадскай абструкцыі ў выпадку напаўудачы?

Задаеш сабе і такое пытанне: колькі ў нас наяўных, актыўных драматургаў, лібрэтыстаў, сцэнарыстаў? Хто-небудзь з буйных айчынных менеджараў культуры бачыць і будуе далёкую, а не толькі блізкую перспектыву? Турбуецца, каб у важную тэатральную, музычную, кінагаліну прыходзілі новыя таленты, каб іх аказалася шмат, каб існавала сур’ёзная канкурэнцыя?

Калі б у нас існавала пяць розных пастановак пра Купалу ці Коласа, гэта выглядала б нармальна. З іх штосьці атрымалася не надта ўдалым, штосьці спрэчным. Але адна аказалася шэдэўрам. Калі апошні раз надарыўся спектакль не паводле Купалы, а пра яго? Згадаю толькі "Кругі раю" (2012) у Тэатры беларускай драматургіі. Рэжысёрка Святлана Навуменка, у ролі Паэта Дзяніс Паршын. Багата, нічога не скажаш!

Выкажу крамольную думку. Іншы вынік, чым атрымаўся ў Музычным тэатры, і не мог здарыцца. У нас няма традыцый маштабных тэатральных твораў пра выдатных асоб мінулага часу. Традыцыя, акрамя іншага, — гэта напрацоўкі, вопыт, увасоблены ў больш ці менш удалых пастаноўках.

Дадам: постаць Купалы мае касмічны маштаб. І каб стварыць штосьці раўназначнае яго фігуры, трэба мець адпаведны размах. Таму кожны спектакль, фільм, празаічны твор будуць адлюстроўваць фрагменты, асобныя грані яго характару. Будуць толькі набліжэннем да сутнасці. І не больш за тое. Калі глядзець на пастаноўку "Жыццё і смерць Янкі Купалы" як на эксперымент, адзін з крокаў на шляху да спасціжэння вобраза народнага паэта, тады ўспрыманне зробленага калектывам Музычнага тэатра будзе больш спакойным і аб’ектыўным.

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
Мастацтва. - 2018. - 1-31 жнів.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: