Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Любоў на фоне катастрофы (Таццяна Мушынская, "Мастацтва", 01-31.08.2018)

Любоў на фоне катастрофы (Таццяна Мушынская, "Мастацтва", 01-31.08.2018)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Любоў на фоне катастрофы

 

ПРЭМ’ЕРА БАЛЕТА "ТЫТАНІК" У МУЗЫЧНЫМ ТЭАТРЫ

Пачынаючы працу над пэўнай тэмай і назвай, пастановачная група і кіраўніцтва калектыву заўжды імкнуцца вырашыць самую галоўную — менавіта прадзюсарскую задачу. Публіка пойдзе ці абміне? Назва прывабіць ці не? Ці доўга пратрымаецца пастаноўка на афішы?

Абраўшы назву "Тытанік", мне здаецца, адразу "забілі" не дваіх, а шмат зайцоў. Па-першае, няма тых, хто не чуў пра маштабную катастрофу, што здарылася ў 1912-м, больш за 100 гадоў таму. Па-другое, амерыканскі трохгадзінны фільм-катастрофа "Тытанік" (1997), зняты рэжысёрам Джэймсам Кэмеранам, меў неверагодны грамадскі рэзананс і глядацкі поспех. Паўплывалі відовішчнасць стужкі, выкананне галоўных роляў Кейт Уінслет і Леанарда ДзіКапрыа, знакамітая песня Селін Дыён. Дадатковы ажыятаж выклікаў рэкордны для свайго часу бюджэт у 200 мільёнаў долараў, а таксама рэкорд і ў якасці фільма, самага прыбытковага на працягу 12 гадоў (1,8 мільярда). Дадамо сюды 11 атрыманых прэмій "Оскар". І тую акалічнасць, што дыск з саундтрэкам да "Тытаніка", які выпусціла кампанія Sony Classical у 1997 годзе, разышоўся па свеце тыражом у 30 мільёнаў копій. Інакш кажучы, гледачу Музычнага тэатра не трэба нічога тлумачыць. Ён прыходзіць пабачыць тэатральную версію вядомай гісторыі — катастрофы брытанскага трансатлантычнага парахода, самага вялікага на той час, увасобленую сродкамі музыкі і танца. Гісторыі, якая разгортвалася на працягу ўсяго пяці дзён.

Алег Хадоска, аўтар музыкі балета, быў вымушаны працаваць у рэкордным тэмпе. На ўсё і пра ўсё мелася толькі пяць месяцаў, прычым пэўны час кампазітар быў заняты падрыхтоўкай спектакля "Жыццё і смерць Янкі Купалы". Праца ішла паралельна. Таму кампазітар адразу пісаў партытуру, а не клавір, як звычайна робіцца. Дырыжор Юрый Галяс і харэограф Сяргей Мікель слухалі. Услед адразу пачыналіся аркестравыя і пастановачныя рэпетыцыі.

Уся партытура робіць моцнае ўражанне. Пачынаючы ад уверцюры, якая ідзе пры закрытай заслоне, калі гук карабельнага звона яднаецца з пранікнёнай і журботнай мелодыяй скрыпак. Партытура "Тытаніка" напісаная сучаснай мовай. У новым сачыненні Хадоскі нязменна прысутнічае кідкасць, уласцівая кінамузыцы і блокбастарам.

Сам аўтар прызнаваўся: у музыцы балета выкарыстаны англійскі хрысціянскі гімн XIX стагоддзя "Бліжэй, Госпад, да Цябе", вальс "Восеньскі сон" Арчыбальда Джойса, якія, верагодна, гучалі ў час гібелі "Тытаніка". Дадам ад сябе: у танцавальных сцэнах пасажыраў трэцяга класа ёсць сучаснае пераасэнсаванне ірландскіх танцаў. Бліжэй да фіналу гучыць і знакамітая тэма, увасобленая ў фільме Селін Дыён. Але для публікі, якая добра памятае кінастужку, гэта толькі ўзмацняе слухацкія і глядацкія асацыяцыі. Цытаты ў тэатральных сачыненнях ХХІ стагоддзя, відаць, непазбежныя. У стылі музыкі Хадоскі відавочны ўплыў Стравінскага, Шастаковіча, Глебава. Але хто ад такіх магутных уплываў пазбаўлены?

Тым не менш гэта сачыненне самастойнае. Колькі ў ім інструментальнай вынаходлівасці, вастрыні і аркестравага бляску! Што да выканання партытуры аркестрам, дык вопытная прафесійная кампазітарка, якая сядзела побач са мной, знаходзілася ў некаторым шоку: "Нашы музыканты так не іграюць! З такім бляскам?! І каб не было ніводнай памылкі... Можа, тэатр бэнд запрасілі? Можа, частка нумароў ідзе ў спалучэнні жывой музыкі і запісу?"

Цяпер пра лібрэта і харэаграфію. Пастаноўшчык Сяргей Мікель пісаў лібрэта сам. На маю думку, яно дастаткова лагічнае і складнае. Верагодна, некаторыя падказкі даў сцэнарый фільма Кэмерана, які ў асяроддзі прафесійных рэжысёраў мае высокі рэйтынг. Працытую балетмайстра-пастаноўшчыка: ён лічыць, што сюжэт увасабляе "пагібель грамадства, падзеленага сацыяльнай няроўнасцю. У балеце трыццаць сем персанажаў, усе яны — вобразы рэальна існаваўшых людзей, якія загінулі ці ўратаваліся ў час крушэння парахода". Мастачка-пастаноўшчыца Любоў Сідзельнікава ахарактарызавала гібель парахода як "помнік чалавечай самаўпэўненасці".

Заўважу ад сябе: наяўнасць класаў або рознага сацыяльнага статусу адлюстроўвае іерархічную лесвіцу ў грамадстве. І колькі тым ні абурайся, так было і будзе пры розным сацыяльным ладзе. Вастрыні ўспрымання сюжэтных хадоў і сітуацый на балетным "Тытаніку" дадае тое, што глядач загадзя ведае: бязмежная радасць існавання часовая. Той, хто цяпер плыве праз акіян у чаканні новага жыцця, танцуе, п’е шампанскае і фліртуе, мо ўратуецца, а мо і загіне ў халодных хвалях Атлантыкі. Адзіная заўвага па лібрэта. Падчас набліжэння айсберга і на пачатку катастрофы пасажыры з’яўляюцца і пачынаюць мітусіцца, панікаваць надта позна. Чамусьці вельмі працяглы час нервуюцца толькі капітан, члены экіпажу і сцюардэсы.

Увогуле драматургія балета будуецца на кантрасце сцэн і танцаў. Гэта вынаходліва пастаўленыя танга і вальсы, якімі захапляюцца багацеі. І так званыя танцы жывёл, іх з імпэтам выконвае больш дэмакратычная публіка. Невыпадкова ўзнікае пластыка ірландскіх народных танцаў. Бо, як вядома, "Тытанік" выйшаў у першы і апошні шлях з Белфаста, сталіцы Паўночнай Ірландыі. Дарэчна выглядаюць на сцэне танцоры-дзеці. Прыдумваючы харэаграфічныя выказванні пасажыраў, Сяргей Мікель вялікую ролю адводзіць пластыцы рук, якая нагадвае марскія хвалі. Ёю міжволі зачароўваешся.

Як стваральнік лібрэта Мікель не стаў паўтараць імёны персанажаў стужкі Кэмерана. Тут свае галоўныя героі: бізнэсмен Уільям Грынфілд (Уладзіслаў Пазлевіч), ягоная нявеста Маргарэт Грэм (Алена Германовіч), мастак-шатландзец Джэймс Келі (Цімафей Вайткевіч). Увогуле сітуацыю любоўнага трохкутніка і прыналежнасці персанажаў да розных сацыяльных слаёў нельга не выкарыстаць, калі ўлічыць законы пабудовы балетнага спектакля.

Канфлікт паміж бізнэсменам і яго нявестай узнікае яшчэ да пачатку рэйса. Відавочна, яны вельмі розныя і ніяк не супадаюць па ўнутраных, душэўных параметрах. Калі гераіня робіць выбар паміж імпазантным, але халодным і рацыянальным Уільямам Грынфілдам і небагатым, затое цёплым і сардэчным мастаком Джэймсам Келі, вядома, мы на яе баку. Заўважу: спектаклі апошніх сезонаў ("Вішнёвы сад" і цяперашні "Тытанік") пераканалі, што Алена Германовіч здатная ўвасобіць самыя складаныя ў тэхнічным і акцёрскім плане партыі. У яе прыгожыя прапорцыі і лініі. Салістка абаяльная і пераканаўчая ў сваіх эмоцыях.

Для галоўных герояў Сяргей Мікель сачыніў узнёслыя, паветрана-прыгожыя дуэты. Асабліва кранае апошні, любоўна-эратычны. Празрысты шалік у руках каханай успрымаецца як увасабленне і мары, і марскога туману, і рамантычнага флёру. Нагадвае пра сцэну "Цені" ў класічнай "Баядэрцы". Там адбывалася сустрэча героя з ценем каханай. Тут — узлёт узаемных пачуццяў і прадчуванне трагедыі.

Моцным выглядае фінал спектакля. Калі мы бачым змучаную і ледзь жывую Маргарэт на плыце — побач з мёртвым і нерухомым Джэймсам. На лодках — пасажыраў "Тытаніка", якія здолелі ўратавацца. А промні святла слабых кішэнных ліхтарыкаў ледзь прабіваюцца праз туман і начную цемру...

Сучасным па стылі і выкарыстанні найноўшых тэхнічных сродкаў выглядае праца мастачкі-пастаноўшчыцы Любові Сідзельнікавай і мастачкі па камп’ютарнай графіцы Алены Ахрэменка. Нават праграмка балета нагадвае квіток на лайнер. Інтэрмедыйная заслона — мікс з паведамленняў тагачаснай прэсы, выявы "Тытаніка", пасажырскіх квіткоў на параход з пазнакай "White Star Line". Элементы дакументальнасці ў сцэнаграфіі ствараюць адчуванне ўласнай прысутнасці. І адначасова неакрэсленай трывогі. Агромністае круглае люстэрка, умацаванае на адной з палуб парахода, у пэўны момант ператвараецца ў месяц, які сумна пазірае на закаханых.

Можна, вядома, падзяліць пункт гледжання скептыкаў. Доўга шукаць і ў рэшце рэшт адшукаць пэўныя хібы. Але, на маю думку, тэатр зрабіў яркі, дынамічны і дастаткова відовішчны спектакль. Улічым: тэатральныя бюджэты ў Беларусі прынцыпова адрозніваюцца ад таго, чым меў магчымасць распараджацца Джэймс Кэмеран. Так што застаецца пажадаць, каб сцэнічны лёс балетнага "Тытаніка" істотна адрозніваўся ад лёсу аднайменнага карабля. Наш "Тытанік" выплыў. Гэта адназначна!

І яшчэ адна думка міжволі ўзнікае і раз-пораз вяртаецца да цябе ў час спектакля. Сёння ў цябе свята, ты радуешся сонцу, маладосці і шчасцю. Але не ведаеш, дзе і калі карабель твайго жыцця наскочыць на рыф або сутыкнецца з айсбергам. Сустрэне трагічныя і непераадольныя абставіны. Ніхто не здолее пралічыць загадзя, дзе і калі яны здарацца, якія драмы і непапраўныя страты наперадзе. Таму радуйся, але помні: жыццё кароткае, а лёс зменлівы і малапрадказальны.

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
Мастацтва. - 2018. - 1-31 жнів.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: