Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/А зоркі нарадзіліся? (Надзея Бунцэвіч, "Кальтура", 04.12.2021)

А зоркі нарадзіліся? (Надзея Бунцэвіч, "Кальтура", 04.12.2021)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

А зоркі нарадзіліся?

Зоркі на небе маюць звычку падаць, згасаць, запальвацца зноў. А ў нашым Музычным тэатры яны нараджаюцца. Сведчаннем гэтага — назва прэм’ернага спектакля "Нараджэнне зорак". А наколькі яны насамрэч зоркі і сапраўды нараджаюцца, а не знікаюць, паспрабуем разабрацца.

Зоркі нарадзіліся

Спектакль з’явіўся з ініцыятывы кіраўніцтва тэатра: расійскаму рэжысёру і балетмайстру Ілье Усцьянцаву, які надзвычай паспяхова паставіў тут нядаўна "Рамэа і Джульету…" Акрадзя Укупніка, замовілі новы спектакль. Яго прэм’ера стала гэткім "беларускім эксклюзівам" пастаноўшчыка і аўтара ў адной асобе: у адрозненне ад мюзіклаў Кіма Брэйтбурга, што ідуць у шэрагу расійскіх тэатраў, "Нараджэнне зорак" адмыслова "нараджалася" менавіта для нашай сцэны і ў разліку на нашу трупу. Гэта адчуваецца і ў музычнай драматургіі, і ў многіх пастаноўчых дэталях.

Жанравае азначэнне "рэвю", дадзенае новаму спектаклю, не ахоплівае ўсёй спецыфікі гэтага твора. Яно азначае хіба тое, што пастаноўка заснавана на ўсім вядомых музычных нумарах — фрагментах з іншых твораў. Тэрмін з’явіўся на піку папулярнасці аперэты: новы спектакль складаўся з самых раскручаных арый і ансамбляў, што былі ва ўсіх на слыху. З’яднаць іх у адну сюжэтную лінію было няцяжка. Абіраўся нейкі тэматычны ракурс — да прыкладу, вандроўкі цэнтральнага персанажа. Той мог сустракацца на сваім шляху з самымі рознымі людзьмі, з вуснаў якіх гучалі абраныя музычныя нумары.

Але ж "Нараджэнне зорак" скіравана зусім на іншую стылістыку! Аснову складаюць фрагменты заходніх мюзіклаў, папулярныя нумары замежнай эстрады. Аўтары такіх твораў часцяком адмаўляюцца ад слова "рэвю" на карысць іншых тэрмінаў, каб пазбегнуць асацыяцый з аперэтай. У тэатры "Тэрыторыя мюзікла" падобным чынам пабудаваны "Фігаро" — і названы "мюзікл-пастыча". Ды ўсё ж жанравае азначэнне — хіба знешняя абалонка. А якое начынне?

Разам сабраныя папраўдзе знакавыя музычныя нумары — ад Калыханкі Клары з оперы Дж.Гершвіна "Поргі і Бэс" да знакамітага дуэта з "Прывіду оперы" Л.-Э.Уэбера, кампазіцый з рэпертуару Фрэдзі Мэрк’юры і іншых зорак такога маштабу. Усе гэтыя фрагменты ідуць не толькі ў новых аранжыроўках, зробленых Уладзімірам Ткачэнкам і выдатна ўвасобленых аркестрам на чале з Мікалаем Макарэвічам, але і з новымі словамі. І гэта не вольны мастацкі пераклад арыгінальнага тэксту, нават не ягонае пераасэнсаванне — вядомыя мелодыі напоўнены зусім іншым зместам, які часам ніяк не карэлюе з ранейшым.

Але галоўная праблема лібрэта, створанага І.Усцьянцавым разам з Георгіем Шылавым, — у яго разбалансаванасці. Назва спектакля настройвае на штосьці накшталт кастынгу, шоу, канцэрта — на своеасаблівы хіт-парад маладых спевакоў. У сюжэце і сапраўды неаднойчы згадваецца конкурс "Нараджэнне зорак", на які імкнуцца патрапіць некаторыя героі. Гадзіннік са зваротным адлікам пакажа "нуль-нуль" не ў канцы спектакля, а ў момант пачатку шоу. Але сама гэта падзея застанецца вынесенай кудысьці за межы спектакля: чарады выступленняў мы не дачакаемся. Маўляў, уздзеянне тэатра абсурду і яго класікі — "У чаканні Гадо", які так і не з’явіцца? Насамрэч уздзеянне масавай культуры ў яе розных праявах. Сюжэтныя лініі сатканыя з прамых пераспеваў самых раскручаных апошнім часам тэм. Тут і падкінутыя наркотыкі, і разборкі між бандыцкімі фарміраваннямі, і згадкі пра Другую сусветную (як водзіцца, з бамбёжкай на экране), і адзінокая старасць, кінутыя дзеці, няўдалыя пераапрананні паліцэйскіх-дэтэктываў у час спецаперацыі і шмат чаго іншага, што ёсць на "дзікім Захадзе", дзе і адбываецца дзеянне. Падобны постмадэрнісцкі кактэйль мог бы стаць смачным, калі быў бы зроблены лёгка, гулліва, быццам "не ўсур’ёз". Гэтага яму не стае — і ўсё ператвараецца ў даволі грувасткую, заблытаную гісторыю з мільгаценнем герояў і сюжэтных паваротаў.

У сцэнаграфіі ўлічаны асаблівасці памяшкання нашага Музычнага тэатра. Імклівыя змены месца дзеяння, яго паралельнае развіццё вырашаны праз падзел тэатральнай прасторы на некалькі сцэнічных пляцовак, выкарыстанне відэа. Хатнія сцэны адбываюцца на гэткім "выязным" подыуме-астраўку, які перасоўваецца ўручную. Гэтак жа ўручную катаюць па сцэне вялізны самакат, знешне падобны да скутара. Хіба на ровары ездзяць насамрэч — каб у першай жа сцэне патрапіць у аварыю.

Эстрадная харэаграфія ўсё таго ж І. Усцьянцава — балетмайстра паводле спецыяльнасці, — як і мае быць, ажыўляе карцінку. А навошта на вачах гледачоў забіваць класічную балетную пару, запрошаную да галоўнага мафіёзі (Сяргей Суцько), так і застаецца загадкай. Каб дадаткова паказаць "жорсткі ашчэр капіталізму"? Ці, можа, прызнацца ў нягегласці пастаўленага для іх нумару?

Галоўным здабыткам спектакля становяцца беларускія зоркі, пачынаючы з народнай артысткі краіны, непераўзыдзенай прымы Наталлі Гайды. Пры ўсёй "густанаселенасці" спектакля менавіта яна трымае ягоны стрыжань сваімі нумарамі. Спявае — папраўдзе бліскуча. А іграе — яшчэ лепей, на ўзроўні сусветных зорак тэатра і кіно. Спектакль трэба было ўвасабляць ужо дзеля адной магчымасці бачыць прымадонну на сцэне — у галоўнай партыі, а не толькі ў яркіх эпізадычных ролях, як гэта перабольшвала апошнім часам.

Спектакль адкрывае і маладых артыстаў, але, на жаль, не так акцэнтавана, як гэта закладзена назвай. Запомніць іх перашкаджае і сцэнарная блытаніна, немагчымасць адразу ўцяміць, хто ёсць хто сярод гарадской моладзі. На гэтым масавым фоне вылучаюцца камічная пара шэрыфа (Яўген Ермакоў) і яго памочніцы (Ганна Егараева), Сміт (Сяргей Жараў) са світы мафіёзі, здраднік Скул (Уладзімір Свібовіч).

У фінале публіка горача вітае ўсіх удзельнікаў, быццам сцвярджаючы выраз Маякоўскага пра запальванне зорак, якое "камусьці патрэбна". Вось толькі запальваць іх можна па-рознаму — і рабіць гэта куды лепей.

Надзея Бунцэвіч
"Культура". - 2021. - 4 снеж.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: