Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Адкуль узнікае “Не веру!” (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 19-25.08.2017)

Адкуль узнікае “Не веру!” (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 19-25.08.2017)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Адкуль узнікае “Не веру!”

“…Прыгажуня” і “Жаніхі” на фоне “Вішнёвага саду”

Чым далей, тым больш пачынаю верыць у гараскопы. Пэўна, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр быў заснаваны не ў самы ўдалы дзень. Бо за кожным пробліскам святла і надзеі там раптам насоўваецца хмара праблем. Не стаў выключэннем і фінал сезона. За апошнія тры месяцы да адпачынку там паставілі тры паўнавартасныя вялікія прэм’еры — рознай мастацкай вагі. Прааналізуем?

адкуль узнікае не веруЗа балет “Вішнёвы сад” асаблівай падзякі заслугоўвае кіраўніцтва тэатра — хаця б таму, што пагадзілася на супрацоўніцтва са студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, маладым балетмайстрам Сяргеем Мікелем. Сёння ён ужо магістрант усё той жа навучальнай установы — па класе харэаграфіі народнага артыста Беларусі і СССР, прафесара Валянціна Елізар’ева. Падобныя прапановы сыходзілі ад выхаванцаў майстра і раней. Знакамітая Любоў Андрэева, якая стала ўладальніцай расійскіх прэмій “Залатая маска” і “Залаты сафіт” за выкананне вядучых партый у балетах Барыса Эйфмана, заканчвала нашу Акадэмію музыкі таксама з уласнай пастаноўкай. Але далей рэпетыцыйнага працэсу з артыстамі нашага Музычнага і відэазапісу выніку справа не пайшла. Дый сусветна вядомы Раду Паклітару, сёння кіраўнік “Кіеў Мадэрн Балета”, яшчэ пры колішнім кіраўніцтве Музычнага тэатра неаднойчы ставіў там харэаграфічныя мініяцюры, нават аднаактоўкі. І жыў дадзенымі яму абяцаннямі на шматактовы балет. Як высветлілася, дарма. А з Мікелем, нарэшце, здзейснілася. Ужо адно гэта — сведчанне адкрытасці тэатра да творчых эксперыментаў, падтрымкі маладых пастаноўшчыкаў.

Што ж да “Вішнёвага сада”, дык у ім ёсць папраўдзе адметныя асобныя нумары, прычым розных стылёвых кірункаў. Тая ж сцэна балявання ў чаканні Гаева з Лапахіным пасля таргоў мае ўсе перадумовы, каб стаць вядомым канцэртным вальсам. Але буйная форма патрабуе яшчэ і дакладна адбудаванай агульнай драматургіі, чаго ў гэтым балеце дасягнуць не ўдалося. Спрэчным аказаўся і абраны ракурс аповеду. У цэнтры апынуліся не складаныя псіхалагічныя ўзаемаадносіны герояў, а стасункі чалавека з прыродай, праблемы экалогіі, захавання памяці. Лапахін адразу ператварыўся ў выключна адмоўнага персанажа — гэткага злыдня-ліхадзея, які чымсьці нагадвае няўклюдных герояў Антошы Чэхантэ, а для большай пераканаўчасці чарноцця сваёй натуры бегае па сцэне з сякерай, канчаткова парушаючы гармонію настальгіі.

Адчуванне настальжы складаецца не толькі праз музыку Георгія Свірыдава і беларускага кампазітара Алега Хадоскі (выкарыстаны таксама аркестравы фрагмент з “Яўгена Анегіна” Пятра Чайкоўскага), але і з-за некаторых пластычных спасылак да лірычных карагодаў, якімі абмаляваны дрэвы ў садзе. З астатніх персанажаў візуальна вылучаецца Шарлота Іванаўна, вырашаная як характарная гераіня. Ранеўская ж, нават маючы сваіх юных двайнікоў і вялізную сольную сцэну ў фінале, паводле харэаграфіі зліваецца з астатнімі жыхарамі сядзібы. Аня з Пецем становяцца тыпова ідэалізаванай лірычна-меладраматычнай парачкай а-ля 1950-я, што ўслаўляе чыстае юначае каханне без усялякіх “але”, звязанае з вобразам “вечнага студэнта”.

Спектакль атрымаўся відовішчным. Акрамя сталіцы, ён быў паказаны ў Бабруйску. Публіка, так і не разабраўшыся канчаткова, хто там Вара, хто Дуняша, атрымлівае эстэтычнае задавальненне. Гэтаму вельмі садзейнічае цудоўная сцэнаграфія Любові Сідзельнікавай, найперш звязаная са зменлівым (што выяўлена праз светлавыя эфекты) вобразам сада, які перажывае розныя поры года і свайго жыцця. Зусім маладым артыстам спектакль дае магчымасць атрымаць невялічкую сольную партыю — нескладаную, але пазначаную ў праграмцы асобным радком.

У параўнанні са “Спячай прыгажуняй”, прэм’ерай якой завяршаўся сезон, “Вішнёвы сад” узрастае да нябёсаў. Сціпла не пазначаная ў цітрах харэаграфія Пеціпа (з усіх яго балетаў самая складаная — менавіта ў “Спячай…”) была адрэдагавана і дапоўнена Кацярынай Фадзеевай. І стала надта “падрэзанай”, абцятай. Нават скарочаны спіс казачных гасцей на фінальным вяселлі (там ёсць бяспройгрышныя, здавалася б, Кот з Коткай, Воўк з Чырвоным Каптурыкам) не надае яркасці. Харэаграфічны ўзровень, за выключэннем хіба прымы Алены Германовіч, — пакуль аматарскі. Мастаком запрасілі Інару Асланаву з Азербайджана, якая ўдала афармляла ў нашым тэатры “Тысячу і адну ноч”, няўдала — “Клеапатру”. Цяперашняя яе сцэнаграфія адсылае да дзіцячых навагодніх ранішнікаў у сельскім ДК. Спектакль ствараўся па замове замежнага імпрэсарыа, натхнёнага ранейшай сапраўды цікавай, ва ўсіх сэнсах прафесійнай адаптацыяй “Лебядзінага возера” ў нашым Музычным. Застаецца спадзявацца, што сярод гледачоў Вялікабрытаніі і Германіі, куды балет паедзе ў кастрычніку-лістападзе, не будзе дапытлівых знаўцаў. І дзеці, якія пры азначэнні 0+ склалі значную частку прэм’ерных паказаў, будуць дастаткова падрыхтаванымі, каб не паснуць, асабліва ў першай дзеі. А галоўнае — што спектакль, магчыма, “даспее”. Залогам гэтага — тыя імклівыя ўводы, што адбываліся пасля прэм’еры. З іх вылучу Вольгу Сярко, больш вядомую пад прозвішчам Лядская, якая ў той вечар завяршала кар’еру балерыны, пераходзячы ў статус асістэнта балетмайстра. Можа, ранавата? Бо дзякуючы прыцягальнай энергетыцы, сапраўднаму артыстызму яе Фея Карабос стала рухавіком усяго спектакля.

Паміж двума балетамі Музычны выпусціў аперэту Ісака Дунаеўскага “Жаніхі” ў пастаноўцы Міхаіла Кавальчыка. Прэм’ера далася з другога заходу: пасля перадпрэм’ернага паказу спектакль было вырашана “дапрацаваць”. Найперш выкінуць з яго даволі трапныя, папраўдзе смешныя жарты, якія, на думку некаторых, маглі пакрыўдзіць тых жа падатковых інспектараў. Але ж у Купалаўскім увесь спектакль “Школа падаткаплацельшчыкаў” на гэтым будуецца — і нічога, усе жывыя. А ўсё таму, што п’еса — французская і дзеянне адбываецца там жа. Дык навошта было “асучасніваць” і без таго даволі актуальных “Жаніхоў” — з іх сатырай часоў нэпа?

Да заможнай удавы, што не паспела пахаваць мужа, заляцаюцца прэтэндэнты не столькі на сэрца, колькі на грошы. Ды муж аказваецца жывым: ну, перапіў ды па-мяртвецку паснуў — з кім ні бывае. Паралелі ўзнікаюць самі. Але перанос дзеяння натыкнуўся на вельмі значныя і зусім не ўласцівыя сучаснасці “дробязі”. Навошта сучаснай бізнес-лэдзі, якая адхапіла добрую спадчыну, такое тэрміновае замужжа? Асабліва ўлічваючы цяперашнія норавы! Адсюль цягнуцца ніці да многіх іншых “не веру”.

Але колькі ў гэтым надзвычай густанаселеным спектаклі выдатных акцёрскіх прац! Асабліва нечаканыя пераўвасабленні дэманструюць Мікалай Русецкі, Сяргей Кілеса, Наталля Дзяменцьева, Руслан Сякацкі, Леся Лют і многія іншыя. Стыльнай атрымалася харэаграфія Наталлі Масквічовай з Екацярынбурга.

У новым сезоне ўсе карты пастаўлены на французскі фольк-рок-мюзікл “Трыстан і Ізольда” Алана Сімона. Ставіць яго будзе Мікалай Андросік з Расіі, вядомы ў нас па “Блакітнай камеі”, “Джэйн Эйр” у Музычным, праектах БДУКіМ “Дуброўскі”, “Казанова”. Як складзецца каханне з-за любоўнага напою, убачым, паводле планаў, у снежні.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Культура № 33 (1316). - 2017. - 19-25 жнів.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: