Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Беларуска "Джэйн Эйр" (Шура Грамыка, "Літаратура і мастацтва", 18.01.2017)

Беларуска "Джэйн Эйр" (Шура Грамыка, "Літаратура і мастацтва", 18.01.2017)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Беларуска "Джэйн Эйр"

Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры (БДАМТ) з аншлагам прайшла прэм’ера мюзікла "Джэйн Эйр", першай музычнай версіі рамана Шарлоты Брантэ ў Еўропе. Зрабіла спектакль правераная часам каманда пастаноўшчыкаў у складзе заслужаных дзеячаў мастацтваў Расійскай Федэрацыі Кіма Брэйтбурга і Мікалая Андросава, члена Саюза пісьменнікаў Расіі Карэна Кавалерана і музычнага кіраўніка Валерыі Брэйтбург. Разам яны стварылі больш за дзясятак тэатральных пастановак, у тым ліку і на сцэне нашага музычнага тэатра. "Джэйн Эйр" — ужо другі сумесны праект-мюзікл з БДАМТ. Да гэтага быў легендарны хіт "Блакітная камея".
13_2_dzheyn_eyr3
Хтосьці, напэўна, успомніць спектакль з аналагічнай назвай у тэатры "Маскоўскай аперэты" і захоча параўнаць беларускую "Джэйн" з замежнай. На расійскай сцэне таксама гучаць лібрэта Карэна Кавалерана і музыка Кіма Брэйтбурга. Але, па сцвярджэнні самога кампазітара і прадзюсара мюзікла, на самай справе адрозненняў больш чым дастаткова. Кім Аляксандравіч запэўніў, што мінскі глядач зможа атрымаць асалоду ад арыгінальнай версіі спектакля, якая больш падыходзіць пад аўтарскую задуму.

Чаму? Перш за ўсё, таму што гэта розная каманда пастаноўшчыкаў, пачынаючы з рэжысёра і заканчваючы мастакамі па святле і касцюмах. У кожнага творцы сваё прачытанне, кожны ўносіць у сюжэт якую-небудзь дэталь ад сябе. Важна заўважыць, што мюзікл — не пераказ рамана, ён створаны па яго матывах. У ім вы не сустрэнеце некаторых герояў, іншыя аб’яднаюць рысы некалькіх персанажаў, а трэція і наогул змянілі пол.

"У Маскве зрабілі памылку і не ўказалі на афішы словы “па матывах”, таму гледачы чакалі паўтор рамана, — распавёў Кім Брэйтбург. — Але, па-першае, ён вельмі аб’ёмны, каб змясціць яго ў дзве гадзіны прадстаўлення. Па-другое, мы арыентуемся перш за ўсё на гледача, таму зрабілі мэйнстрым і дадалі камедыйны складнік у паводзіны сямейства Рыдаў". Начытанаму гледачу можа падацца, што гісторыя месцамі нагадвае "Папялушку", а каму-небудзь і наогул прыйдзе ў галаву казка "Прыгажуня і пачвара".
13_2_dzheyn_eyr4
Але стваральнікі паспяшаліся пераканаць у адваротным. Сярод персанажаў сапраўды ёсць цёця Джэйн — місіс Рыд — і яе дзве родныя дачкі, адну з якіх яна хоча выдаць замуж за Эдварда Рочэстэра. А сама Джэйн — сірата. На гэтым падабенства з казкай заканчваецца.

Варта асабліва вылучыць працу Карэна Кавалерана: ён напісаў лібрэта цалкам у вершах. Суаўтарам ідэі лібрэта выступіла Алена Язерская, член Саюза тэатральных дзеячаў Расіі. Арыгінальны тэкст — гэта прынцыповая пазіцыя аўтараў, каб не закрануць чужыя пераклады і стварыць свой варыянт трактоўкі.

Для некаторых сцэн, якія не ўвайшлі ў маскоўскую версію мюзікла (напрыклад, маналог Рочэстэра ў царкве) адмыслова для Мінска быў дапісаны тэкст.

Шырокай публіцы паэт-песеннік Карэн Артаваздавіч можа быць вядомы па Міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне": у якасці аўтара ён восем разоў удзельнічаў у фінале, прадстаўляючы пяць краін — да мінулага года абсалютны рэкорд у гісторыі конкурсу. Тройчы выканаўцы яго песень падымаліся на музычны п’едэстал, займаючы ганаровыя месцы (Дзіма Білан, Ані Лорак і Злата Огневіч).

Мікалай Андросаў як рэжысёр надаў асаблівую ўвагу любоўнай лініі галоўных персанажаў, прымушаючы гледачоў успрыняць яе больш тонка. Ён імкнуўся зрабіць акцэнт таксама на развіцці стасункаў герояў з другараднымі дзеючымі асобамі. Дзякуючы адноўленай аўтэнтычнай абстаноўцы і гатычнаму стылю агульнай карціны адчуваецца блізкасць да англійскай літаратуры эпохі рамантызму і рэалізму, чыёй прадстаўніцай і з’яўляецца Шарлота Брантэ.

Мастаком-пастаноўшчыкам выступіла таксама запрошаная расіянка Кацярына Крукава (Ніжні Ноўгарад), якая ўжо мела досвед у стварэнні спектакляў "Аладзін", "Раман даўжынёю ў жыццё", "Бэмбі" і мюзіклаў "Кот у ботах" і "Пунсовенькая кветачка". Яна распавяла, што для перадачы атмасферы Англіі XIX стагоддзя былі пашытыя 156 касцюмаў і для ўпрыгожвання сцэны выкарыстаны дзве тысячы жывых лілей. У прыватнасці, на касцюмы для галоўных персанажаў пайшло парадку пяцідзесяці метраў тканіны.

Дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч ужо ставіў у родным тэатры такія спектаклі, як "Бабій бунт", "Прыгоды брэменскіх музыкаў", "Бураціна.by", "Баль у Савоі", "Вяселле ў Малінаўцы", якія і зараз ідуць на сцэне. Праца над "Джэйн Эйр" — гэта яго першы досвед супрацоўніцтва з сямейнай парай Брэйтбургаў. Яму спадабалася партытура. Таксама маэстра адзначыў добрую інструментоўку і ў музычным суправаджэнні асабліва вылучыў партыю габоя.

Хормайстар-пастаноўшчык Святлана Пятрова, якая шмат гадоў працуе ў тэатры, лічыць, што ў гэтым мюзікле няма безаблічнага натоўпу і кожны артыст хору мае сваю ролю. Такая праца стала і для яе, і для вакалістаў і артыстаў хору добрым майстар-класам. Сярод салістаў ёсць нечаканасці: у адным са складаў папулярнай спявачцы Ірыне Дарафеевай дасталася роля місіс Фэйрфакс, бо гэта партыя бліжэй да эстраднага выканання, чым да акадэмічнага. Акрамя запісу музычных альбомаў, гэта ўжо не першы досвед супрацоўніцтва спявачкі з прадзюсарам Брэйтбургам, рэжысёрам Андросавым і супервайзерам Брэйтбург: некаторы час яна грала галоўную ролю ў "Блакітнай камеі", а ўсяго за месяц да "Джэйн Эйр" у Мінску прайшла яшчэ адна прэм’ера — "Казанова" — з удзелам гэтага творчага квартэта. Спектакль унікальны тым, што ў ім граюць практычна адны студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе выкладае выканаўца. Там Ірына Дарафеева выступіла не ў ролі артысткі, а як мастацкі кіраўнік праекта.

На гэтым сюрпрызы не заканчваюцца. Першай у галоўнай ролі на сцэну выйшла дэбютантка, яшчэ студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алена Бабук. Яе адабралі па кастынгу. Музычны кіраўнік Валерыя Брэйтбург падкрэсліла, што дзяўчына — своеасаблівае адкрыццё не толькі для пастановачнай групы, але і для сцэны ў цэлым, новая перспектыўная артыстка, якая з поспехам можа працаваць у розных пастаноўках такога складанага шматграннага музычна-сцэнічнага напрамку, як мюзікл. Сама Алена пра сваю гераіню выказваецца так: "Джэйн — моцная дзяўчына, якая здолела прайсці праз мноства выпрабаванняў, што выпалі на яе долю. Складаней за ўсё ў працы над роляй было перадаць яе багаты ўнутраны свет. Гэтая гісторыя запала ў душу, таму я веру ў справядлівасць і любоў. У ВНУ я вучуся акадэмічнаму вакалу, але мне не хапала эмацыйнай перадачы. Таму я асабліва рада, што трапіла ў гэты творчы калектыў і змагла так раскрыцца!". У іншым складзе роля Джэйн дасталася дасведчанай Кацярыне Муратавай.

Ролю Адэль, маленькай выхаванкі гаспадара маёнтка, выконваюць дзве таленавітыя дзяўчынкі: Шанталь Бунятава, стыпендыят Міжнароднага дабрачыннага фонду Юрыя Розума, і Арына Хлус, выхаванка Акадэміі мюзікла "РЭВЮ". У абедзвюх выканальніц у рэпертуары тэатра ўжо ёсць па мюзікле: Шанталь грае дзіця ў "Чырвонай шапачцы. Пакаленне NEXT", а Арына — трубадура-малодшага ў "Прыгодах брэменскіх музыкаў". Для абедзвюх артыстак гэта першая вялікая роля ў тэатры.

Мастацкі кіраўнік тэатра і заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Адам Мурзіч ад імя тэатра выказаў шчырую ўдзячнасць камандзе пастаноўшчыкаў: "“Блакітная камея” стала падарункам для нас. Яна ідзе на працягу ўжо пяці гадоў і да гэтага часу корміць наш тэатр. Па заканчэнні кантракта з Кімам Аляксандравічам было прынята рашэнне працягнуць яе рэпертуарнае жыццё яшчэ на некалькі гадоў. Чакаем, што “Джэйн Эйр” стане такім жа хітом". Думаецца, так і будзе: на ўсе прэм’ерныя паказы білеты разляцеліся як гарачыя піражкі. Кажуць, што на месяц наперад іх дастаць ужо складана.

Шура ГРАМЫКА
Літаратура і мастацтва. - 2017. - 18 студз.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: