Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Чароўная Мэры і карусель (Янка Натавец, "Літаратура і мастацтва", 11.08.2016)

Чароўная Мэры і карусель (Янка Натавец, "Літаратура і мастацтва", 11.08.2016)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Чароўная Мэры і карусель

Шоу-мюзікл "Мэры Попінс" — на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра! Вось і выдатная магчымасць выцягнуць у тэатр дзяцей, бо казачная аповесць Памелы Трэвэрс — кніга, якую хочацца перачытаць разам з будучым пакаленнем як мага раней. Якія персанажы аповесці апынуцца на сцэне? Колькі дзівосных гісторый атрымаецца змясціць у двух актах спектакля? О, новая пастаноўка абавязкова здзівіць гледачоў...

14_32_teatr_32_mery1 Напрыклад, чаму Мэры Попінс (заслужаная артыстка Беларусі Маргарыта Александровіч) — эфектная лэдзі з высокай фрызурай — ніколі не з’яўляецца на сцэне ў фартушку? Адказ гучыць у песні напрыканцы спектакля: Мэры Попінс — не жанчына, не гувернантка, а чараўніца. Героі мюзікла ад пачатку ўспрымаюць яе як абаяльную ды элегантную фею, ды яшчэ паважаюць за міс Дасканаласць, бо Мэры вельмі прываблівае мужчын. А вось чырвоная выява ў форме няправільнай пяціканцовай зоркі на швэдары Майкла Бэнкса так і застаецца без тлумачэння — хіба менш правакацыйны малюнак не падкрэсліў бы падлеткавы ўзрост героя?

Затое Адмірал Бум, міс Кларк, Палісмэн, Мармуровы хлопчык сабакі Эдуард і Варфаламей апынуліся дакладна такімі, як уяўляецца падчас чытання кнігі. Атмасфера лонданскага прадмесця створана выдатна — выбрацца на спектакль варта, прынамсі, дзеля таго, каб трапіць на Вішнёвы завулак і, вядома, пачуць у жывым выкананні хіты кампазітара Максіма Дунаеўскага.

Найбольшае спачуванне ў спектаклі выклікаюць містэр і місіс Бэнкс. І зусім не таму, што іх сям’я сутыкнулася з невялічкім эканамічным крызісам. Здзіўляе, што не толькі жахлівая нянька міс Эндру, але і Мэры Попінс ставяцца да гаспадароў дома без належнай павагі. Каментарыі Мэры да сямейнай размовы падчас ранішняй аўсянкі падаюцца надта іранічнымі — такой асобе дакладна не месца ў сям’і! Прыезд дэспатычнай і самаўпэўненай нянькі містэра Бэнкса ператварае дзею ў буфанаду, бо непамысная нават у аповесці гераіня апынаецца на сцэне яшчэ больш гратэскным персанажам. Жыхары Вішнёвага завулка на чале з Мэры Попінс аб’ядноўваюцца супраць зла — але менавіта з гэтага пункта становіцца зразумела, у чым праблема спектакля.

Камедыя, казка, меладрама, бурлеск — гэта карусель жанраў, якія выклікаюць розную эмацыянальную рэакцыю гледачоў і не вельмі спалучаюцца паміж сабой. Рэжысёр-пастаноўшчык мюзікла (у нашым выпадку заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Міхаіл Кавальчык) мае выключную творчую свабоду. Мюзікл паўстаў як спалучэнне мноства лёгкіх жанраў, і сюжэт спачатку не меў асаблівага значэння ў гэтай забаўляльнай пастаноўцы. Але пераход ад рэалістычнага да неверагоднага ў "Мэры Попінс" адбываецца надта хутка. Толькі-толькі скончылася грандыёзная вечарынка-баль у заапарку — і вось ужо трэба дапамагаць звычайным бацькам, якія не могуць паразумецца з дзецьмі; жывы Мармуровы хлопчык, які ледзь не да смерці палохае старога Палісмена, падаецца мілай неспадзяванкай у параўнанні з паводзінамі жудаснай міс Эндру... У адрозненні ад казачнай аповесці, у спектаклі няма адметнай аўтарскай інтанацыі, якая звязвае асобныя дзівосныя гісторыі. Свята з эфектнымі нумарамі атрымалася, аднак пастаноўцы відавочна бракуе ўнутранай цэласнасці.

— Калі прыбраць асобныя моманты, на гэты спектакль прыводзіць дзяцей усё ж такі можна, — зазначыла адна пажылая дама падчас антракту. Сапраўды, асобныя танцавальныя нумары маглі збянтэжыць гледачоў, якія прыйшлі ў тэатр разам з дзецьмі. У спектаклі паказаны як мінімум тры гісторыі кахання, красамоўна праілюстраваныя танцамі (харэограф-пастаноўшчык Ірына Савельева). Лёгкая эротыка ў спектаклях сямейнага фармату сёння звычайная рэч: жадаеце вялікага і светлага — глядзіце дома фільм пра сланоў. З іншага боку, маленькія гледачы хутчэй за ўсё не нададуць увагі дзіўным касцюмам танцораў, дарослыя атрымаюць асалоду, а падлеткі здзівяцца сучаснаму прачытанню твора і знойдуць у спектаклі падобных да сябе герояў.

Крыху зацягнутае развітанне з Мэры Попінс усіх жыхароў Вішнёвага завулка, знакамітая песня пра вецер змен, гучныя апладысменты артыстам — і вось ужо цурчыць ціхі фантан побач з тэатрам, змрок ахінае мінскія вуліцы... Непаразуменні і здзіўленні застаюцца ў мінулым, бо ўсмешлівая чараўніца Мэры натхніла ўсіх выдатным настроем. Пагадзіцеся, дзеля гэтага таксама варта наведваць тэатр. Наступны паказ адбудзецца 14 верасня.

Янка НАТАВЕЦ
Літаратура і мастацтва. - 2016. - 11 жніўня



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: