« Назад Дырэктар Музычнага тэатра Сяргей Пукіта: Жонка займаецца ўтульнасцю ў доме, я — усім астатнім Кожная сям'я ўнікальная па-свойму. Вядучая актрыса Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Любоў Пукіта рэалізоўвае сябе творча і як маці траіх дзяцей, прычым яна не скарачала водпуск па доглядзе дзіцяці. Сяргей Пукіта кіруе Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам і не абыходзіць увагай і клопатам сваіх блізкіх. Яму падабаецца роля галавы вялікай сям'і. І гэта было відаць нават па нашых папярэдніх перагаворах: "Абавязкова падбяром час, каб жонка магла прысутнічаць". А атрымалася яшчэ лепш: да нашай гутаркі далучылася і дачка Маша. — Як вы пазнаёміліся? Сяргей Пукіта: — Вельмі проста, мы — аднакурснікі. Праўда, я быў крыху старэйшы, таму што ў Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў прыйшоў вучыцца пасля заканчэння Магілёўскага вучылішча культуры. Уявіце, што на першым курсе ў нас было пяць хлопцаў і пятнаццаць дзяўчат. Любоў Пукіта: — Мне здаецца, ва ўсіх студэнтаў цікавае і вясёлае жыццё, але ў будучых акцёраў і рэжысёраў — асабліва. У нас быў выдатны курс, да гэтага часу сябруем. — А хто першы заявіў аб сваіх пачуццях? С. П.: — На Любу я адразу звярнуў увагу, прыглядаўся, а з другога курса мы пачалі сустракацца. Вяселле згулялі на пятым. Было вельмі весела і душэўна, палова гасцей — нашы аднакурснікі, сябры, палова — радня. У суботу гулялі, у нядзелю з'ехалі ў вясельнае падарожжа. — Студэнткі творчых ВНУ, выходзячы замуж, часцей за ўсё застаюцца на сваім прозвішчы... Л. П.: — Мы нават не абмяркоўвалі гэта, неяк само сабой было зразумела, што пераходжу на прозвішча мужа, але мой брат даведаўся пра гэта толькі ў загсе і здзівіўся. С. П.: — Я лічу, што ў сям'і павінна быць адно прозвішча. І рады, што Люба думае гэтак жа. У яе, дарэчы, прыгожае дзявочае прозвішча — Міцкевіч. — Люба, актрысы часам абыходзяцца і без водпуску па доглядзе за дзіцем, часам нараджэнне дзяцей адкладваюць на потым. А як вы планавалі з'яўленне дзяцей? Л. П.: — Універсітэт я скончыла, калі была цяжарная Машай. Зразумела, што ў тэатр на работу мяне ніхто б не ўзяў, таму прафесія адышла на другі план. Была ў мяне мара, каб у сям'і нарадзілася трое дзяцей. Але што гэта здарыцца вось так, адно за адным, не ўяўляла. Атрымалася, што я сышла ў дэкрэт на дзевяць гадоў запар. Калі нарадзілася Маша, прызнаюся, першыя часы было цяжка. Не догляд дзіцяці, а змена бурнага студэнцкага жыцця на дамаседства аказалася выпрабаваннем. У той жа час Маша расла і кожны дзень дарыла мора эмоцый: вось яна ўпершыню сама села, вось зрабіла першы крок. Ніякіх думак, маўляў, спачатку дзеці, потым — кар'ера, не было, усё ішло так, як атрымлівалася. Але калі я прыйшла ўладкоўвацца на работу, то была вельмі выгаднай актрысай: у дэкрэт ужо наўрад ці пайду. С. П.: — Не загадваў, колькі ў нас будзе дзяцей, але дакладна ведаў, што адно дзіця — вельмі мала. Сам я са шматдзетнай сям'і, у мяне брат і сястра, і гэта выдатна. — Маша, мама — актрыса, тата — на кіруючай пасадзе, гэта значыць, людзі яны занятыя. А вам, дзецям, хапала ўвагі бацькоў? Маша Пукіта: — Ведаеце, яны самі часам могуць убачыць адно аднаго толькі ўвечары, але заўсёды знаходзяць час, каб быць побач з намі, дапамагчы і падбадзёрыць. — А як складваюцца адносіны з малодшымі братамі? М. П.: — Тут адносіны ад любові да нянавісці — адзін крок (усміхаецца). У дзяцінстве мы бавілі шмат часу разам, нягледзячы на тое, што шмат біліся. Цяпер мы не так часта нешта робім разам, але калі гэта здараецца, то атрымліваецца вельмі весела. — Але з братамі немагчыма падзяліцца дзявочымі сакрэтамі... М. П.: — Так, гэта небяспечна. Сёння я — добрая сястра, а заўтра ў няміласці. Сакрэтнічаю я звычайна з мамай. — Вы з мужам доўгі час працавалі ў адным тэатры — Маладзёжным. Як гэта, калі муж — намеснік дырэктара, жонка — актрыса? С. П.: — Спакайней працаваць у розных тэатрах. Муж і жонка ў адным калектыве — гэта і двайная адказнасць. На шчасце, варыянт, калі жонка тупае ножкай — маўляў, хачу ролю! — не наш. Л. П.: — Мы, акцёры, паглыбленыя ў творчы працэс, захопленыя работай, проста не здагадваемся, колькі часам трэба прыкласці намаганняў, каб у артыста, напрыклад, з'явіўся патрэбны рэквізіт. А колькі сіл, энергіі, настойлівасці і камунікабельнасці трэба для арганізацыі гастроляў! Ёсць яшчэ і такі момант: калі ўсё добра арганізавана, падаецца, што гэта само сабой атрымліваецца, без удзелу адміністрацыі. — Цяпер вы ў розных тэатрах. У Музычным — мора прыгожых актрыс, у Маладзёжным — цікавыя акцёры. Гэта не нагода для рэўнасці? Л. П.: — Нават думак такіх не было. Мне здаецца, што сям'я немагчымая без кахання і даверу. — Як вы размяркоўваеце хатнія абавязкі? С. П.: — Не згадаю, каб размяркоўвалі. Неяк традыцыйна склалася: жонка займаецца ўтульнасцю ў доме, я — усім астатнім. Нешта магу зрабіць сваімі рукамі, але ёсць такія работы ў быце, якія лепш даручыць прафесіяналам. Л. П.: — Мне вельмі дапамагае Маша. Часам мы разам гатуем, прыбіраем. Але самае прыемнае, калі прыходзім увечары з работы, а дома — чысціня і прыгатаваная вячэра. Хлапчукі таксама ўдзельнічаюць у хатніх справах. "Мама, ты заўважыла, што я прапыласосіў?" — пытаецца сын. Вядома, заўважыла і ўдзячная. — А хто ў сям'і галоўны фінансіст? Л. П.: — Галоўны — Сяргей. Бо муж. Таму што ў яго мысленне больш практычнае і прагматычнае. Гэта не значыць, што ў мяне няма ў кашальку грошай і я пытаюся ў мужа дазволу купіць памаду. Цяпер вось і Маша вырасла. Неяк пасля невялікага шопінгу дачка сказала: "Вось так купіш сабе памаду, а потым падціскаеш рэмень тужэй". С. П.: — Яшчэ калі працаваў загадчыкам пастановачнай часткі, складаў каштарысы на спектаклі, таму сямейнай бухгалтэрыяй займаюся таксама я. Аплата "камуналкі", вялікія закупкі — гэта на мне. Хоць я і галоўны, але мы ўсё роўна раімся, узважваем, што трэба купіць тэрмінова, што можна адкласці на потым, а дзе і зусім падціснуцца, каб сабраць на адпачынак. — Дзяцей вучыце рацыянальнаму стаўленню да фінансаў? С. П.: — Вядома. Дзецям трэба тлумачыць, што грошы зарабляюцца, а не падаюць з неба. Нельга на просьбу дзіцяці адмахвацца і казаць, маўляў, у нас няма грошай. Трэба ўсё абмяркоўваць, калі рэч сапраўды патрэбная, то вызначыць тэрміны, калі можам яе набыць. — Многія артысты, з якімі я гутарыла, не хочуць, каб дзеці ішлі па іх слядах. А вы? Л. П.: — Выбіраць, кім быць, яны ўсё роўна будуць самі. Здольнасці і таленты ёсць у кожнага. Машы, напрыклад, падабаецца акцёрства, удзел у пастаноўках, але як прафесію яна гэта не разглядае. Хлапчукі чым больш растуць, тым больш у іх іншых інтарэсаў. Быў такі момант: прыходзіць Маша са школы, кажа, што ім расказвалі пра прафесію культуролага. Так цікава вучыцца... Дачка і нашым меркаваннем С. П.: — Дзеці цяпер больш прагматычныя, чым былі мы. Гэта нядрэнна. Мы павінны разгледзець усе іх здольнасці, дапамагчы даведацца аб розных прафесіях, каб яны выбралі для сябе найлепшае. У свой час бацькі далі мне свабоду выбару прафесіі і ў патрэбны момант падахвоцілі, і я ім удзячны. — Мяркуючы па вашай багатай фільмаграфіі, адміністратар не забіў акцёра? С. П.: — Люблю драматычны тэатр, але акцёрскіх работ, сапраўды, больш у кіно. Дапамог удалы збег абставін: калі мы заканчвалі вучыцца, у Мінску пачаў здымаць фільмы Дзмітрый Астрахан. І я ўжо тады трапіў у акцёрскую базу. — Ці часта ўдаецца зняцца разам у адным фільме? Л. П.: — Не так часта, як хацелася б, таму што сярод актрыс канкурэнцыя ў разы большая яшчэ са студэнцкіх гадоў. Ёсць некалькі фільмаў, дзе мы разам працавалі, але найчасцей у розных кадрах, і толькі адзін фільм, дзе мы іграем сямейную пару. — Як вы любіце праводзіць адпачынак? С. П.: — Для нас сапраўдны адпачынак — гэта падарожжа! Мы садзімся ў машыну і едзем да мора, у горы, проста ў іншую мясцовасць. Па дарозе аглядаем славутасці. Нам вельмі цёпла, камфортна і цікава сваёй сям'ёй. Некалькі разоў былі ў Чарнагорыі, на Балтыцы, аб'ездзілі амаль усю Беларусь. У 2020 годзе, калі з-за каранавіруса прыйшлося адкласці далёкія паездкі, знялі дамок на Браслаўскіх азёрах і выдатна правялі час. У нас у Беларусі шыкоўная прырода, шмат цікавых мясцін, дзе можна цудоўна адпачыць. Наш тэатр праводзіць у Міры музычныя вечары, і мне вельмі прыемна чуць добрыя водгукі гледачоў не толькі аб праграме, але і аб самім гарадскім пасёлку і беларускай гасціннасці. Л. П.: — Лагістыкай паездак займаецца Сяргей, ён пачынае ўсё планаваць, вывучаць яшчэ ў лютым. Атрымліваецца вельмі цікава і насычана. Нам нідзе не бывае сумна! — У верасні вы адсвяткуеце фарфоравае вяселле. У чым сакрэт шчаслівага і, як вы адзначалі, нясумнага жыцця? С. П.: — Шчасце — гэта калі ў цябе і тваіх блізкіх усё добра. А сакрэт... Мы са звычайных сем'яў. Мая мама — бухгалтар, тата — чыгуначнік, бацькі Любы — настаўнікі. Мы пажаніліся маладымі, калі лягчэй прывыкнуць да тых ці іншых звычак і рыс характару адно аднаго. Сямейнае жыццё, як той казаў, пачыналі з нуля. Спачатку жылі ў інтэрнаце, потым — на здымнай кватэры, нейкі час упяцярых — у аднапакаёўцы. Усё, што сёння ў нас ёсць, мы стваралі разам, гэта вельмі яднае. Вядома, мы ўдзячныя нашым бацькам, якія заўжды дапамагаюць і падтрымліваюць. Ва ўніверсітэце мы вучыліся рэжысёрскай прафесіі, і наш педагог Мадэст Абрамаў казаў: "Трэба ўмець рэжысіраваць сваё жыццё". Мне здаецца, у нас атрымліваецца. Маргарыта Драздова |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by