« Назад Дырыжор з "Капелюшом…" і без 24 верасня ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры — прэм’ера аперэты "Кароль вальса". Кампазітарам пазначаны знакаміты Ёган Штраус — аўтар "Лятучай мышы", "Цыганскага барона", "Ночы ў Венецыі", безлічы вальсаў ды полек, што ва ўсіх на слыху. А вось твора з назвай "Кароль вальса" ў яго няма: такую мянушку далі самому Штраусу яшчэ пры яго жыцці. Што ж за рэбус такі? Амаль дэтэктыў нейкі атрымліваецца. Пра гэта і многае іншае мы размаўляем з дырыжорам-пастаноўшчыкам новага спектакля Мікалаем МАКАРЭВІЧАМ. — Мікалай Уладзіміравіч, пачнём з інтрыгі: што ж гэта за аперэта такая, якой у Штрауса няма? Можа, па матывах колішняй кінастужкі з той жа назвай — "Кароль вальса"? Праўда, той даваенны фільм быў біяграфічным, спектакль жа закранае асобу Штрауса хіба ўскосна: у цэнтры, калі верыць анонсу на сайце тэатра, постаць кампазітара Штайна, правобразам якога быў Ёган Штраус-сын. — Падобныя прыклады ў гісторыі музыкі нярэдкія. Той жа балет "Шапэніяна", прэм’ера якога адбылася днямі, таксама адсутнічае ў спісе твораў Фрыдэрыка Шапэна: спектакль зроблены на музыку кампазітара, што пачаткова не прызначалася для тэатральнай сцэны. Так і са Штраусам: на яго музыку існуе і балет "Штраўсіяна", і аперэта "Венская кроў". Прычым ідэя апошняй сыходзіла ад самога кампазітара: перад смерцю ён даў дазвол на выкарыстанне сваіх мелодый для новай аперэты — так з’явілася "Венская кроў". Над ёй у канцы ХІХ стагоддзя працаваў Адольф Мюлер. Ён зрабіў не толькі кампіляцыю вальсаў ды іншых твораў Штрауса, але і некаторыя аркестроўкі (дарэчы, Штраус таксама не ўсё сам аркестраваў, часам даручаў памагатым, а потым толькі ўносіў свае карэктывы — прыблізна так, як працавалі майстры эпохі Адраджэння, што мелі сваіх вучняў-чаляднікаў). Мюлер нават дасачыняў некаторыя фрагменты — вядома, паводле Штрауса, каб праз лейтматывы, развіццё музычнага матэрыялу ды іншыя кампазітарскія прыёмы надаць аперэце завершанасць драматургіі, формаўтварэння. — Але ж цяперашні спектакль — штосьці зусім іншае? — Так. Перазоваў з "Венскай крывёю" — няма, тут і п’еса зусім іншая. Але прынцып — той жа: музычны бок пабудаваны на заўсёды пазнавальных штраусаўскіх мелодыях. Толькі не думайце, што мы тут першаадкрывальнікі. Аперэта "Кароль вальса" добра павандравала па прасторах былога Савецкага Саюза. Я сам меў дачыненне да аднайменнага спектакля ў Карагандзе, дзе яго ставіла Сусана Цырук. — Дык вы адтуль п’есу ўзялі? — Не. У нашым тэатры ўвасобіць "Караля вальса" вырашыла наша былая салістка, а цяпер рэжысёр Зінаіда Вяржбіцкая. Прынесла мне ўжо гатовую п’есу і запытала: маўляў, ці можна дзесьці партытуру знайсці? Калісьці ў юнацтве яна бачыла гэты спектакль у Растове-на-Доне — я ж кажу, раней тая аперэта была даволі папулярнай. А потым, праз многа тадоў, яна выпадкова заўважыла п’есу ў бібліятэцы Санкт-Пецярбурга і запалілася ўвасобіць яе на сцэне. Звярнулася да мяне, а я якраз гэтую партытуру аднаўляў для Карагандзінскага акадэмічнага тэатра музычнай камедыі. — Што маеце на ўвазе пад аднаўленнем — няўжо архіўную працу? — Вядома, не. У Карагандзе захаваліся клавір і партыі, прызначаныя для кожнага з інструментаў аркестра. Здараецца, у тэатрах музкамедыі некаторыя спектаклі ўвогуле дырыжыруюцца па фартэпіянным пералажэнні, дзе алоўкам пазначаны ўступы тых ці іншых інструментаў. Але такі спрошчаны варыянт не для мяне: гэта папросту непрафесійны падыход. І калі ўжо мяне запрасілі дырыжорам-пастаноўшчыкам, трэба было пачаць з аднаўлення партытуры, звёўшы тыя асобныя партыі разам. Мяркуючы па манеры нотнага пісьма і асаблівасцях почырку, хутчэй за ўсё ноты былі перапісаны яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя. Я зрабіў камп’ютарны набор, адначасова выправіў шматлікія памылкі, апіскі. — І тую партытуру цяпер скарысталі для нашага спектакля? — Не. Справа ў тым, што кожны тэатр, ставячы аперэты, музычныя камедыі, мюзіклы, сыходзіць са свайго аркестравага складу. А той, у сваю чаргу, залежыць ад многіх фактараў. Гэта і памеры аркестравай ямы (далёка не ва ўсіх яны разлічаны на вялікі сімфанічны), і віртуознасць музыкантаў, на якую наўпрост уплывае наяўнасць ці адсутнасць у горадзе вышэйшай мухычнай навучальнай установы. З разлікам на гэта і робяцца аркестроўкі, прычым часцей за ўсё гэта місія ўскладаецца на самога дырыжора. Калі я толькі прыйшоў у тэатр, Наталля Гайда — наша прымадонна і вельмі чуйны, спагадлівы да моладзі чалавек — мне адразу сказала: "Хочаш быць дырыжорам? Ты абавязаны добра аркестраваць". — Здаўна замацаваліся традыцыі змяняць не толькі аркестроўку, але і саму літаратурную аснову аперэт і музычных камедый: гумар, як вядома, таксама мае нацыянальныя адценні. "Кароль вальса" таксама зведаў перайначанні? — Калі разам з Зінаідай Віктараўнай мы сталі вывучаць п’есу больш падрабязна, зразумелі, што давядзецца перагледзець многае. Ад арыгіналу Алены Багданавай засталіся імёны персанажаў, а ўсё астатняе перапрацоўвалася. Яна шмат чаго скараціла, змясціла акцэнты. Як сама любіць гаварыць, стала менш вампукі — больш кахання, што сугучна музыцы Штрауса. Мы звярнуліся да арыгінальных аркестровак Штрауса, ды знайшлі не ўсе, хаця я нават у Вене шукаў праз аднаго са сваіх студэнтаў, які туды пераехаў. У гэтыя партытуры ўсё роўна давялося ўнесці некаторыя карэктывы, зрабіць іх дзесьці больш празрыстымі. Дадалася, да прыкладу, арыя Герцага: для яе мы выкарысталі Вальс з аперэты "Сімпліцыюс". — А словы? — Вершы напісаў кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі нашага тэатра Сяргей Макарэй. Ён жа "прычасаў" і ўвесь тэкст. Вынік убачыце на прэм’еры. — Дарэчы, прэм’ера практычна супадае з 30-годдзем вашай працы ў гэтым тэатры. Але, я так разумею, вы надта сціплы чалавек, каб святкаваць юбілей шырока. — Зараз не самыя юбілейныя часы, але і сапраўды: акурат 6 кастрычніка 1990 года я сыграў конкурс у аркестр тэатра і быў прыняты ў групу кларнетаў. — Адначасова вы працягвалі вучыцца ў каледжы імя Глінкі, потым паралельна з працай двойчы скончылі нашу Акадэмію музыкі: спачатку як кларнетыст і дырыжор духавога аркестра, пазней — як оперна-сімфанічны дырыжор. І ўсё — на выдатна. Цяпер вы не толькі дырыжор нашага тэатра, але і запрошаны галоўны дырыжор згаданага Карагандзінскага тэатра музкамедыі, прычым ужо больш за пяць гадоў. Дарэчы, як склалася гэта супрацоўніцтва? — У 2012 годзе там ставілася аперэта "Сэрца карсіканкі" Оскара Штрауса — не сваяка Ёгана, а проста ягонага цёзкі па прозвішчы, якое па-нямецку нават пішацца крыху іначай. Ставіла спектакль Сусана Цырук — наша беларуская рэжысёрка, якая цяпер працуе па ўсім свеце. Яна і прапанавала тамтэйшаму кіраўніцтву запрасіць дырыжорам мяне. У нашым тэатры гэта аперэта ішла ў 1990-я ў іншай рэжысуры, пад іншай назвай — "Капялюш Напалеона". Іграючы ў аркестры, усю музыку гэтага твора я літаральна на памяць ведаў. І калі гэтым спектаклем раптоўна замянялі штосьці іншае ў афішы, падахвоціўся дырыжыраваць. Тым больш, што музычным кіраўніком таго "Капелюша…" выступаў Аляксандр Сасноўскі, у якога я вучыўся. Дык чаму б не прадырыжыраваць і ў Карагандзе? А праз год мяне запрасілі туды на "Прынцэсу цырка" Імрэ Кальмана, якую ставіў Юрый Аляксандраў. Яшчэ праз некалькі месяцаў — прадырыжыраваць гала-канцэртам закрыцця сезона. А з восені 2014-га я ўзначаліў той калектыў як запрошаны галоўны дырыжор. Працаваў у іх над "Саламяным капялюшыкам" Уладзіміра Баскіна, "Пунсовымі ветразямі" Максіма Дунаеўскага, іншымі спектаклямі, што ў нас не ідуць. — Наколькі я ведаю, вы для іх не толькі аркестроўкі робіце, але і ўласную музыку сачыняеце? — Спачатку папрасілі аформіць жанрава-побытавы спектакль "Не можа быць!" паводле Міхаіла Зошчанкі. А сёлета замовілі музыку да казкі "Маленькі Мук" — атрымаліся 13 нумароў. — Штосьці сваё — заўсёды самае роднае і блізкае. Вы да кожнага спектакля ставіцеся з душой. Ды ўсё ж — ці ёсць штосьці для вас самае-самае? — Вылучу "Звычайны цуд" Генадзя Гладкова — не толькі таму, што выступіў дырыжорам-пастаноўшчыкам і сам рабіў аранжыроўку, але і таму, што ўсцешаны маёй працай знакаміты расійскі кампазітар замовіў аркестроўку чатырох нумароў адтуль для сваёй аўтарскай вечарыны ў Маскоўскай дзяржаўнай філармоніі. Вельмі дорага мне "Вяселле ў Малінаўцы", дзе музыку Барыса Аляксандрава дапаўняў знаны беларускі кампазітар Алег Хадоска, пагаджаючыся з многімі маімі аркестравымі прапановамі. Не абміну "Бал у Савойе" Пала Абрахама, бо я ім не толькі дырыжырую (дый аркестроўкі там пераважна мае), але і выходжу на сцэну як акцёр — дзякуючы фантазіям рэжысёра Ганны Маторнай. І абавязкова згадаю "Жызэль" Адольфа Адана як узор музычнай класікі і маё далучэнне да балету. — Сапраўды, каб дырыжыраваць балетам, патрэбны дадатковыя навыкі — найперш уменне прадбачыць кожны рух артыстаў. Вы з гэтым бліскуча спраўляецеся. Можа, яшчэ і таму, што ваша жонка — балерына? — Мы пазнаёміліся з ёй у канцы 1990-га (таксама сёлета юбілей будзе), калі Ніна Дз’ячэнка пачала ствараць у тэатры класічную балетную трупу. Вялася праца над "Штраусіянай", Таня танцавала там галоўную партыю — і я адразу звярнуў увагу на чароўную дзяўчыну. У 1994-м мы ажаніліся, і я вельмі ўдзячны ёй, што яна не паклала ўсё на алтар кар’еры, а нарадзіла цудоўнага сына. Зараз Іван ужо дарослы, скончыў наш універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, працуе. А тады — з’яўленне немаўля папросту перагарнула маё жыццё, я да многага пачаў ставіцца іначай. Гэта было штосьці неверагоднае — адчуць сябе бацькам! Я тады нечакана для сябе зразумеў, што сям’я — не проста радасць і адказнасць. Гэта, можна сказаць, творчасць у квадраце. Надзея БУНЦЭВІЧ |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by