Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Лепшыя на фоне астатніх" — або проста лепшыя? (Надея Бунцэвіч, "Культура", 12-19.01.2019)

"Лепшыя на фоне астатніх" — або проста лепшыя? (Надея Бунцэвіч, "Культура", 12-19.01.2019)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"Лепшыя на фоне астатніх" — або проста лепшыя?

Вынікам тэатральнай дзейнасці не толькі 2018-га, але і ўсяго мінулага двухгоддзя стала чарговая Нацыянальная прэмія. Узнагароды ўручаны, пытанні — засталіся. Не толькі наконт уласна спектакляў і асоб (маўляў, чаму адзначылі тых або гэтых), але і на ўзроўні ўсёй лініі развіцця айчыннага тэатральнага мастацтва. Дакладней, не лініі, а — вектараў. Бо ўжо адно тое, што іх з’явілася адразу некалькі, трэба лічыць прарывам.

4_opt Адзін з тых вектараў ярка заявіў пра сябе ўжо на другой прэміі, калі ўсіх так уразіла "Пікавая дама" Гродзенскага тэатра лялек на чале з Алегам Жугждам. Сабраўшы ўзнагароды ледзь не па ўсіх намінацыях, спектакль вымусіў сур’ёзна ставіцца і да абласных тэатраў, і да самога лялечнага мастацтва, успрымаючы яго не дзіцячай забаўкай, а самай, бадай, сінтэтычнай, філасофска скіраванай, папраўдзе ўніверсальнай тэатральнай мадэллю, якой падуладны любыя тэмы і сродкі выразнасці.

Сёлета ярка заявілі пра сябе ледзь не ўсе абласныя тэатры. Больш за тое, намецілася пэўная тэндэнцыя: менавіта тыя тэатры, што знаходзяцца "па-за межамі МКАД", пачалі найбольш актыўна запрашаць да сябе маладых рэжысёраў, рабіць стаўку на нечаканыя эксперыментальныя пастаноўкі, а праз гэта — на фестывальна-конкурсныя запрашэнні. Гэта было карысна абодвум бакам. Рэжысёры атрымалі магчымасць "творча разгарнуцца", тэатры — увагу крытыкаў.

Маладзечна "стрэльнула" "Сёстрамі Граі", прызнаным найлепшым сярод тэатраў лялек. Брэст — таксама лялечнай "Новай зямлёй", адзначанай за сцэнаграфію Таццяны Нерсісян. Гомель — лялечным "Пліх і Плюх", за які ўзнагародзілі рэжысёра Юрыя Дзівакова, і "Метадам", пастаўленым у Маладзёжным тэатры Віталём Краўчанкам і прызнаным найлепшым сярод драмспектакляў малой формы. А прапісаныя ў Бабруйску "Кропкі на часавай восі" (рэжысёр — Таццяна Траяновіч) перамаглі як найлепшы спектакль па творы сучаснага беларускага аўтара (у дадзеным выпадку — Дзмітрыя Багаслаўскага).

Прызнацца, далёка не ўсе згаданыя працы можна назваць шэдэўрамі. У некаторых выпадках, здавалася, члены журы наўмысна "выцягвалі" тыя тэатры, у якіх апошнім часам пачаліся станоўчыя зрухі. Яно, можа, і няблага, але важна, каб і самі калектывы разумелі, дзе рэальная ацэнка выніку, а дзе — толькі аванс.

На жаль, не адзначанымі засталіся магілёўскія спектаклі. Але поспех сталічнай лялечнай "Каляднай гісторыі" як найлепшага спектакля для дзяцей і юнацтва — гэта прызнанне заслуг галоўнага рэжысёра Магілёўскага тэатра лялек Ігара Казакова. Асабіста для мяне найлепшым спектаклем паводле беларускай драматургіі быў "Скарына" ў пастаноўцы Саўлюса Варнаса. Значная перапрацоўка п’есы Мікалая Рудкоўскага ўзбагаціла аповед яркімі візуальнымі эфектамі на мяжы з цыркавым мастацтвам, глыбока асэнсаванай фаўстаўскай тэмай, праблемай выбару паміж сямейнымі стасункамі і вытворчымі праблемамі. Пакладзеная ў аснову біяграфія нацыянальнага героя станавілася цікавай не адно з асветніцкага пункту гледжання, але і з мастацка-эстэтычнага, філасофскага, сямейна-псіхалагічнага. Але ж Магілёўскі драмтэатр не застаўся без узнагароды: яго дырэктар Андрэй Новікаў быў ушанаваны "за ўклад у мастацтва".

Дарэчы, гэты калектыў быў адным з самых актыўных па вылучэнні сваіх прац на конкурс. Хаця, на маю думку, і яго спіс не быў поўным: там відавочна не ставала спектакля "Прага і голад". Дый іншыя тэатры часам "саромеліся" высоўваць на прэмію папраўдзе добрыя свае спектаклі. Яшчэ і таму, што ўдзел у гэтым конкурсе б’е па фінансах. Сталічныя тэатры апрыёры аказваюцца ў лепшых умовах: ім дастаткова толькі пакінуць у "роднай" зале месцы для журы. Астатнім жа трэба было самастойна прывезці свае працы — падкрэслю, за свой кошт. Дзеля чаго? Пытанне недарэмнае, бо правядзенне тых гастроляў пакінула сумныя назіранні.

Расцягнутасць паказаў на два з паловай месяцы дэзарыентавала публіку. Агульнай зводнай афішы прэміі не было. Яшчэ больш незразумела тое, чаму пры такім шырокім часавым разгорце некаторыя спектаклі нават адной намінацыі ішлі паралельна, вымушаючы дзяліцца не толькі прыхільнікаў, але і журы. І як пасля гэтага чакаць паўнюткіх залаў?

Тое, што сёлета сярод драмтэатраў у асобную намінацыю былі вылучаны спектаклі малой формы, можна толькі вітаць. Бо разлічаных на камерную залу пастановак становіцца ўсё больш. Трэба радавацца і таму, што з’явілася намінацыя "эксперыментальны спектакль" — тут прэтэндэнты сапраўды адпавядалі статусу Нацыянальнай прэміі. А вось у некаторых іншых намінацыях журы было вымушана абіраць "лепшае сярод дрэннага". Бадай у самай праблемнай зоне апынуліся традыцыйныя "буйныя спектаклі", разлічаныя на вялікую сцэну. Перамог там, вядома, "Рэвізор". Але падставай для той перамогі сталі найперш добрыя акцёрскія работы. Віктар Манаеў, адзначаны за ролю Гараднічага, і Павел Харланчук у абліччы Хлестакова, па сутнасці, трымаюць на сабе ўвесь спектакль. Агульная ж эстэтыка прачытання гогалеўскай п’есы скіравана ў "эксперыменты" 1980 — 1990-х.

Вядома, мастацтва не можа быць скрозь эксперыментальным — патрэбна і беражлівае захаванне лепшых традыцый. Але тады ўсе складнікі спектакля павінны быць на недасягальнай вышыні, рухаючы тыя традыцыі наперад, а не проста эфектна спалучаючы бяспройгрышныя прыёмы.

Увогуле, адзначаных акцёрскіх работ павінна быць больш. Бо адной мужчынскай і жаночай на ўсе драматычныя ці музычныя спектаклі, не зважаючы на іх розныя намінацыі, — замала. Але тое, што пры такім жорсткім конкурсным адборы вылучылі менавіта Юліяну Міхневіч за ролю Маці ў спектаклі "Опіум", шмат у чым сімптаматычна. Бо ў гэтым бачыцца не толькі прызнанне таленту артысткі, але і вызначэнне шляху, па якім павінна рухацца беларускае акцёрскае майстэрства. А менавіта — адыходзіць ад тэатральнай вампукі, засвойваць натуральнасць маўлення і паводзін персанажаў, што бывае значна складаней, чым "крыўляцца" на сцэне.

Магчыма, надалей трэба прадугледзець і магчымасць "перакідваць" некаторыя прэміі з адной намінацыі ў другую. Сёлета, да прыкладу, не знайшлі сваіх уладальнікаў прэміі за найлепшую мужчынскую і жаночую ролі ў тэатры лялек. І не таму, што не было каго вылучаць! Проста журы арыентавалася на той высокі ўзровень, які павінна мець прэмія нацыянальнага рангу, а не на тое, што маем "тут і цяпер". І гэтак жа сумленна, з усёй адказнасцю, у час цырымоніі ўзнагароджвання была аргументавана неабходнасць трансфармацыі гэтай прэміі.

Дзе не хапала эксперыментальнасці, дык гэта ў музычных спектаклях. Выключэнне хіба адно — "Дарожка мая…" Івана Кірчука. Але ён чамусьці патрапіў у беларускую драматургію. "Эксперыментальнай" для нашай опернай сцэны стала і пастаноўка оперы "Багема" знакамітым расійскім рэжысёрам Аляксандрам Цітэлем, справядліва прызнаная лепшым оперным спектаклем.

Што ж да балета, дык і адзначаны найлепшым "Вішнёвы сад" Музычнага тэатра, дзе самай цікавай была праца мастака-пастаноўшчыка Любові Сідзельнікавай, і харэограф Сяргей Мікель, ушанаваны за найлепшую работу пастаноўшчыка ў музычным спектаклі, — пакуль авансы. Пры ўсёй адоранасці і працаздольнасці маладога творцы, гэты балет, папраўдзе найлепшы на фоне астатніх, сведчыць пра відавочны крызіс жанра. І адначасова пакідае надзею на яго адраджэнне — праз саму магчымасць для нашай творчай моладзі ставіць новыя спектаклі, вучачыся на ўласных памылках.

Некаторыя прэтэнзіі можна прад’явіць і "Непадалёк ад нормы" тэатра "Тэрыторыя мюзікла", але прызнанне яго найлепшым у сваёй намінацыі цалкам апраўдана: зварот да сучаснай амерыканскай партытуры, складанай тэмы псіхічнага здароўя, годнае ўвасабленне новых для нас музычна-тэатральных абшараў — яшчэ і заклік больш смела эксперыментаваць у гэтай галіне.

Выклікалі ў мяне здзіўленне і пэўныя іншыя пераможцы. Ды ўсё ж галоўны недахоп Нацыянальнай тэатральнай прэміі — гэта яе "двухгадовы цыкл". Больш мэтазгодна было б падводзіць вынікі кожнага тэатральнага сезона — менавіта сезона, а не года. І сыходзіць трэба не з колькасці намінацый, на якія знайшліся грошы, а з колькасці добрых спектакляў і асобных тэатральных прац. Ну, а пра тое, што прэтэндэнты на ўзнагароды павінны вылучацца крытыкамі, дасведчанымі ў тэатральных працэсах — а не самімі калектывамі, сыходзячы з іх амбіцый і фінансаў — гаворыцца шторазу. Толькі пакуль безвынікова.

Надзея БУНЦЭВІЧ
"Культура". - 2019. - 12-19 cтудз.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: