Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Музычны тэатр закрыў юбілейны сезон канцэртам у Мірскім замку (Аксана Яноўская, "Звязда", 20.07.2021)

Музычны тэатр закрыў юбілейны сезон канцэртам у Мірскім замку (Аксана Яноўская, "Звязда", 20.07.2021)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Музычны тэатр закрыў юбілейны сезон канцэртам у Мірскім замку

Свой юбілейны, 50-ы сезон Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр завяршыў музычным шоў у стылі Сан-Рэма, якое прайшло ў замкавым комплексе Мір. І гэта было фантастычна прыгожа і святочна!

dscn0052_0

Музычны тэатр даўно аблюбаваў пляцоўку старадаўняга замка для канцэртаў у фармаце оpen аir. А для публікі гэта выдатны варыянт па многіх прычынах. Па-першае, можна сумясціць наведванне канцэрта і экспазіцый замкавага музея. Па-другое, шмат каму зручней і бліжэй прыехаць у Мір, чым у Мінск.

Мяркуючы па размовах музыкантаў ля аўтобуса, у Мір яны едуць з задавальненнем, бо мінулым разам, 26 чэрвеня, калі там паказвалі фолк-рок-мюзікл "Трыстан і Ізольда" быў вельмі цёплы прыём публікі. І вось загружаны інструменты, рушылі ў дарогу. 

dscn0062

Ехаць з музыкантамі весела, у аркестры людзі з добрым пачуццём гумару! Дарога праляцела зусім неўзаметку. Наш аўтобус меў прывілей пад’ехаць непасрэдна да сцен замка. Музыканты хутка выгрузіліся, бо мелася быць невялікая рэпетыцыя і саўнд-чэк.

dscn0006

У нас жа была думка паўторна наведаць адну з экспазіцый замка. І што вы думаеце? У касах чарга! І гэта была не арганізаваная група турыстаў, хоць такія мы таксама бачылі, а невялікія кампаніі, сем’і з дзецьмі. Музей пакінем для наступнага візіту.

Зайшлі ў сувенірную краму замкавага комплексу. Найбагацейшы выбар сувеніраў на любы густ і кашалёк. Таксама шмат кніг, альбомаў пра Беларусь. Асноўны фармат гандлю ў краме — самаабслугоўванне, што вельмі зручна. А нам спадабалася ключніца, прыйшлося адстаяць невялікую чаргу ў касу. І ведаеце, гэта той выпадак, калі толькі радуешся, што шмат пакупнікоў.

dscn0010_0 dscn0025

Ідзем шпацыраваць у само мястэчка. Гэта старадаўняе слова больш падыходзіць Міру, чым афіцыйны статус гарадскога пасёлака. Каля самай дарагой гасцініцы Міру было столькі аўтамабіляў, што яна відавочна запоўненая, калі не на 100, то на 90%. Радуе, што там акрамя машын на расійскіх нумарах былі прадстаўлены ўсе нашы рэгіёны ад адзінкі да сямёркі.

— Як тут спакойна і добра, хоць пераязджай, — сказаў мужчына гадоў 45 сваёй спадарожніцы, якая захаплялася панарамкай замка, якая адкрывалася на адлегласці.

У Міры вельмі добрая атмасфера. Вось так і адчуваецца рэспектабельнасць, якая з’явілася тут не ўчора, а яшчэ ў часы Святаполк-Мірскіх. І захавалася.

Трохі пачало палохаць надвор’е, а ў навінах пісалі, што ў Гродне моцны лівень. У Міры ж вецер зрываў з дрэў галінкі, але спякота так і не спала.

Былі ў нас у Міры і цяжкасці, але вельмі прыемныя. У горадзе знайшлі некалькі рэстаранаў і кафэ, у кожным з якіх хацелася павячэраць. А яшчэ ў самім замку рэстаран з вельмі цікавым меню і кафэ з дэмакратычнымі цэнамі. Дзе павячэралі, дзе выпілі дзівосную журавінавую гарбату, дзе дранбургер купілі, усюды засталіся задаволеныя і стравамі, і ветлівым персаналам. Пры тым, што наведвальнікаў шмат, ёсць адчуванне, што менавіта ты тут самы жаданы госць. 

А дождж усё ж пачаўся. Праўда, не вельмі моцны, але гукарэжысёры маментальна панеслі апаратуру ў памяшканні.

У гэты час дырэктар тэатра Сяргей Пукіта і дырэктар музея Аляксандр Лойка правялі імправізаваную нараду. Уласна, ужо даўно прапрацаваны ўсе сцэнарыі і для добрага надвор’я, і для дрэннага.

dscn0031_0

— Мы пасябравалі з адміністрацыяй музея. Нас тут выдатна сустракаюць, робяць усё для таго, каб артыстам было максімальна зручна ў замку, — падзяліўся Сяргей Пукіта. — Тэхнічныя службы тэатра ведаюць усе магчымасці гэтай пляцоўкі. Мы спецыяльна купілі для такіх канцэртаў светлавое абсталяванне на акумулятарах, што вельмі зручна.

Сёлета тут ужо з вялікім поспехам паказалі "Трыстана і Ізольду". Музычнае шоў у стылі Сан-Рэма за апошнія паўгода паспела заваяваць публіку ў Туле, Калузе, Смаленску і Гомелі.

Сяргей Пукіта адзначыў, што квіткі прадаюцца вельмі добра і яму асабліва прыемна, што ў Мір прыязджаюць прыхільнікі тэатра з усёй краіны. Мясцовая публіка неверагодна выдатная і ўдзячная.

— Маё меркаванне, што "Летнія музычныя вечары ў Мірскім замку" можна пашыраць, — кажа дырэктар тэатра. — Будзем абмяркоўваць з Аляксандрам Часлававічам такую магчымасць. У цяперашняй сітуацыі мерапрыемствы на адкрытым паветры — вельмі добры варыянт. Наогул жа музычныя праграмы ў сценах старажытнага замка з аркестрам на сцэне — гэта прыгожа, атмасферна, відовішчна, па-еўрапейску!

Дождж хутка прайшоў. Тэхнічныя работнікі музейнага комплексу і тэатра проста фантастычна хутка і зладжана працуюць.

dscn0041

Першыя гледачы прыйшлі за паўгадзіны да канцэрта. І ім пашанцавала ўдвая. З-за дажджу саўнд-чэк пачаўся пазней, таму дырыжор Мікалай Макарэвіч правяраў гучанне, напрыклад, бэк-вакалу з аркестрам. А як праверыць? Выканаць фрагмент. Ну вось публіка ўжо на саўнд-чэку і апладзіравала.

Усе службы музея, уключаючы рэстаран, рэсепшэн замкавага гатэля працавалі так, што публіцы было максімальна камфортна ў гэтых велічных сценах. Кава і гарачы шакалад тут вельмі смачныя!

Канцэрт цудоўны. Вельмі хутка публіка арганізавала ў розных месцах імправізаваныя танцпляцоўкі. Самыя смелыя гледачы пусціліся ў скокі з артыстамі. 

Што казаць пра публіку, калі і дырыжор танцаваў! Ды і туфлікі першай скрыпкі Юліі Ранцавай таксама прытанцоўвалі. Для артыстаў такія канцэрты асаблівае задавальненне, бо ёсць прастора для імправізацыі. І публіку, і артыстаў замілавалі дзеці, якія ўвесь канцэрт танчылі ля сцэны. 

Так, мае рацыю Сяргей Пукіта, атрымалася па-еўрапейску: атмасферна і відовішчна. 

dscn0138

А фінал канцэрта быў па-сапраўднаму кранальным, калі ўсе разам спелі на біс знакамітую Felicitа, а мясцовая публіка падарыла кветкі кожнаму артысту. 

Аксана Яноўская
Звязда. - 2021. - 20 ліп.
Фота аўтара



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: