Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/На балетнай сцэне — класіка і сучаснасць (Зоя Матусевіч, "Літаратура і мастацтва", 20.04.2022)

На балетнай сцэне — класіка і сучаснасць (Зоя Матусевіч, "Літаратура і мастацтва", 20.04.2022)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

На балетнай сцэне — класіка і сучаснасць

У Беларускім музычным тэатры адбылася своеасаблівая балетная прэм’ера пад назвай "Classic and modern". Гэта не спектакль, а, як пазначана ў афішы, канцэрт класічнай і сучаснай харэаграфіі ў двух аддзяленнях. Але па сутнасці канцэртам з’яўляецца толькі першае аддзяленне, у якім прадстаўлены найбольш вядомыя фрагменты з класічных балетаў, так бы мовіць, іх візіткі — асобныя нумары, дуэты, варыяцыі, характарныя танцы, што добра вядомы аматарам балетнага мастацтва. Другое аддзяленне складаецца з шэрагу новых мініяцюр у жанры сучаснай харэаграфіі, пастаноўку якіх ажыццявіў малады балетмайстар, лаўрэат міжнародных конкурсаў і Нацыянальнай тэатральнай прэміі Сяргей Мікель. Ён жа з’яўляецца і аўтарам ідэі гэтага балетнага вечара ў цэлым — такім, якім яго ўбачылі гледачы. 

13_15_premera_classic_and_modern_07_04_2022-375

Як вядома, у Беларускім музычным тэатры дзве балетныя трупы: класічны балет і балет аперэты і мюзікла. У кожнай з іх свой галоўны балетмайстар і свой пастановачны штат. Што характэрна, і ў першым, і ў другім аддзяленнях заняты артысты менавіта класічнай трупы. 

Над падрыхтоўкай нумароў да першага аддзялення працавалі галоўны балетмайстар трупы класічнага балета народная артыстка Беларусі Кацярына Фадзеева, асістэнт балетмайстра Таццяна Ермалаева, рэпетытары Вольга Сярко і Сяргей Глух, якія таксама выходзяць на сцэну. Гледачу былі прадстаўлены самыя яркія фрагменты з такіх балетных шэдэўраў, як "Прыгажуня, якая спіць" П. Чайкоўскага, "Карсар" Р. Дрыга, "Эсмеральда" Ц. Пуні, "Дон Кіхот" Л. Мінкуса і іншых знакамітых твораў з класічнай харэаграфіяй М. Пеціпа, А. Ваганавай, М. Фокіна, К. Галейзоўскага… У агульных рысах гэтую дзею пастаноўшчыкі характарызуюць так: "Традыцыйны і кананічны акадэмічны балет з украпінамі характарных народных танцаў. Устойлівыя традыцыі і эталоны. Мноства дуэтных танцаў з ярка выяўленым рамантычным любоўным сюжэтам. Сплаў віртуознай тэхнікі выканання і падкрэслена выверанай прыгажосці ліній". 

У пачатку канцэрта былі паказаны два нумары з балета "Прыгажуня, якая спіць": знакаміты вальс з першага акта — са сцэны святкавання дня нараджэння прынцэсы Аўроры і "Адажыа Аўроры з чатырма кавалерамі". І тут трэба адзначыць, што Кацярына Фадзеева ў свой час сама з’яўлялася выканаўцай партыі Аўроры на сцэне Вялікага тэатра Беларусі і добра ведае пастаноўку знутры. Пазней яна паставіла гэты балет ва ўласнай рэдакцыі на сцэне Беларускага музычнага тэатра. Таму першы нумар канцэрта — вальс — па сваім пастановачным рашэнні і харэаграфіі адрозніваецца ад класічнага, які мы бачым на сцэне Вялікага тэатра. У класічнай харэаграфіі гэты фрагмент балета выглядае як разгорнутая танцавальная кампазіцыя з вялікай колькасцю выканаўцаў. А яго канцэртны варыянт на сцэне Музычнага не мог быць такім маштабным перш за ўсё з-за колькаснага складу трупы і яе магчымасцей. Зыходзячы з гэтага Кацярына Фадзеева падрыхтавала сваю пастановачную версію знакамітага вальса з уласнай харэаграфіяй. А ўжо другі нумар з балета "Прыгажуня, якая спіць" — "Адажыа Аўроры…" пастаўлены ёю ў харэаграфіі Пеціпа. У класічнай харэаграфіі — і ўсе астатнія балетныя нумары, прадстаўленыя ў першым аддзяленні. 

Каб падкрэсліць адрозненне другога аддзялення ад першага, стваральнікі пайшлі на своеасаблівы крэатыўны ход, заснаваны на гульні слоў: у праграмцы, выдадзенай на рускай мове, замест "Действие второе" надрукавана "Другое действие", гэта значыць іншае, не такое, як першае. І характарызуецца яно наступным чынам: "Новы, інавацыйны і кантрастны акт. Сучасная харэаграфія. Заклік да суперажывання, адсутнасць яўнай сюжэтнай лініі, акцэнт на вобразнасць і зварот да ўнутранага свету. Кожная харэаграфічная мініяцюра з’яўляецца выказваннем з зашыфраваным унутры пасланнем. Раўнацэннымі кампанентамі, на адным узроўні з харэаграфіяй і музыкай, з’яўляюцца выкарыстанне машынерыі сцэны, светлавой праекцыі, рэквізіту і дэкарацый".

Балетмайстар, які працуе ў жанры сучаснай харэаграфіі, — адначасова харэограф і пастаноўшчык, і кожная яго мініяцюра ці больш буйная форма — заўсёды аўтарская работа. Напрыклад, у мінулым сезоне Сяргей Мікель ускалыхнуў аматараў сучаснай харэаграфіі сваім балетам "Пад•Свядомасць" на музыку Арва Пярта і Эрыка Саці. Гэтую пастаноўку ён ахарактарызаваў як спектакль-падарожжа па снах, лабірынтах свядомасці і патаемных жаданнях, скрыжаваннях фобій і страхаў. Прасцей кажучы — як разважанні аб чалавеку, і гэтыя словы вынесены ў падзагаловак яго балета. 

13_15_premera_classic_and_modern_07_04_2022-12

Можна сказаць, што і новыя харэаграфічныя мініяцюры, якія прадстаўлены ў другім аддзяленні балетнага вечара, таксама разважанні аб чалавеку і яго ўнутраным свеце. Гэта асобныя мініяцюры-выказванні, кожная з якіх мае свае ідэю, унутраны сэнс і вобразны рад, а часам і пэўную сюжэтную лінію. Пры гэтым выкарыстоўваецца сінтэз выразных сродкаў: харэаграфія, акцёрская ігра, сцэнічнае дзеянне, якія падмацоўваюцца прадуманай сцэнаграфіяй, светлавой праекцыяй і нават выкарыстаннем прадметаў бутафорыі і тэатральнага антуражу. Вялікую ролю адыгрываюць і касцюмы, прадумана распрацаваныя да кожнай з мініяцюр, якія дапамагаюць гледачам спасцігаць іх сэнс і змест. Таму праца мастака-пастаноўшчыка Ільі Падкапаева тут вельмі відавочная і значная.

Амаль усе мініяцюры, прадстаўленыя ў гэтай пастаноўцы, Сяргей Мікель ствараў на музыку сучасных замежных кампазітараў, якія працуюць у розных жанрах. Так, мініяцюра "Маршрут ілюзій" пастаўлена на музыку кітайскага кампазітара Чэнь Цы Гана. Аркестравы твор працягласцю 12 хвілін вызначаецца сваёй дуальнасцю — дысанансам і гармоніяй. У мініяцюры няма сюжэта, але ёсць шматслойны вобраз, які кожны глядач адчувае і ўспрымае па-свойму. 

Мініяцюра "Апошні з нас" пастаўлена на музыку аргенцінскага кампазітара Г. Сантаалала. Гэта інструментальная музыка, якая натхніла балетмайстра на стварэнне дуэтнага нумара. Яго асноўная тэма праяўляецца ў пэўнай барацьбе і супрацьстаянні, у выніку якіх мужчына і жанчына робяць нечаканы для сябе выбар.

Мініяцюра "Папяровы чалавек" заснавана ўжо на электроннай музыцы ісландскага кампазітара В. Сігурдсона. Гэта таксама дуэтны нумар, які сваёй вобразнасцю і характарам пабудовы нібы ілюструе гледачу, наколькі чалавек нестабільны і ўразлівы. Цікавая харэаграфічная мініяцюра "Свой маналог я прысвячаю табе" нарадзілася ў творчай садружнасці балетмайстра з балерынай Вольгай Сярко і прысвечана 30-годдзю яе дзейнасці на сцэне Беларускага музычнага тэатра. Артыстка ўжо не ўдзельнічае ў рэпертуарных спектаклях, з’яўляецца памочнікам балетмайстра і рэпетытарам, але гэты сольны нумар выконвае на сцэне сама. Сяргей Мікель стварыў мініяцюру, якая вельмі прыцягнула меладычнасцю і напеўнасцю, на аснове інструментальнай музыкі з жаночым вакалам двух кампазітараў — Л. Джэрард (Аўстралія) і П. Кэсідзі (Ірландыя).

Мініяцюра "Балансір" створана на аснове праекта электроннай музыкі "Loscil" кампазітара С. Моргана з Канады. Гэта адзін з ансамблевых нумароў, дзе задзейнічаны тры пары танцоўшчыкаў. Па сваёй харэаграфіі і вобразнасці — вельмі зразумелая і даходлівая мініяцюра, якая ілюструе пошук чалавекам унутранага балансу і гармоніі і паказвае, як нялёгка гэтага дасягнуць, знаходзячыся ў атачэнні іншых. 

І апошняя мініяцюра пад назвай "Вальс кветак" пастаўлена на музыку французскага кампазітара эпохі барока Ж.-Ф. Рамо. Дакладней, балетмайстар выкарыстаў музыку ўверцюры да яго пастаральнай оперы-балета "Заіс". Атрымаўся разгорнуты ансамблевы нумар з даволі акрэсленым сюжэтам, самы касцюміраваны і самы лёгкі для ўспрымання, у якім задзейнічаны дзве групы персанажаў — садоўнікі і кветкі. Увесь канфлікт гэтай мініяцюры зводзіцца да іх узаемаадносін: садоўнікі берагуць і песцяць свае любімыя расліны, але пры гэтым фарміруюць іх на свой густ, а расліны імкнуцца жыць і развівацца не так, як хочуць садоўнікі, а ў адпаведнасці са сваёй прыродай. І фінал гэтых узаемаадносін, дзе сілы бакоў заведама няроўныя, аказваецца сумны. Асацыяцыі з рэальным жыццём тут вельмі празрыстыя: хіба не так многія бацькі імкнуцца выхоўваць сваіх дзяцей, ігнаруючы іх прыродныя задаткі.

13_15_belohvostik-voytekunas

Як ужо адзначалася, і ў першым, і ў другім аддзяленнях заняты артысты класічнай трупы. І ў гэтым заключалася складанасць перш за ўсё для іх саміх, бо неабходна было хутка пераключацца з аднаго стылю харэаграфіі на другі, што не так проста. Вядома, рухі ў класічным танцы імкнуцца да геаметрычнай яснасці, што магчыма пры захаванні пэўных пазіцый ног, рук, корпуса і галавы, а таксама пры строгім прытрымліванні прынцыпу вываратнасці ног, вертыкальнасці цела і г. д. Прасцей кажучы, класічнага танцоўшчыка трымае каркас мышцаў і бездакорная вось цела. У класічнай харэаграфіі спалучаюцца толькі пэўныя пазіцыі, фігуры і рухі, заснаваныя на строга рэгламентаваных тэхніках. 

У адрозненне ад класічнай, сучасная харэаграфія не прытрымліваецца строгіх правіл і канонаў і не адмаўляецца ад прыроднай натуральнасці рухаў, ёй уласціва больш расслабленая і больш вольная форма танца. І калі класічны танцоўшчык пераходзіць на сучасную харэаграфію, яму неабходна ў пэўным сэнсе расслабіць цела і пры гэтым задзейнічаць тыя групы мышцаў, якія ў класіцы трэба трымаць як каркас. 

Сяргей Мікель адзначае, што раней некаторыя танцоўшчыкі маглі адмаўляцца ад рэпетыцый сучаснай харэаграфіі, спасылаючыся на тое, што заўтра ў іх класічны спектакль, бо проста баяліся за сваю форму. Але з пашырэннем вопыту работы адначасова ў розных стылях гэта прайшло. І сёння ўсе танцоўшчыкі свабодна працуюць на працягу аднаго вечара і ў класічнай, і ў сучаснай харэаграфіі. У такім уменні хутка пераключацца і праяўляецца іх майстэрства і прафесіяналізм. 

Зоя МАТУСЕВІЧ
Літаратура і мастацтва. - 2022. - 20 крас.
Фота Сяргея ЧЫГІРА



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: