« Назад Паломніцтва да юбілею Свята працы для Наталлі Гайды — яшчэ і дзень народзінаў. А часам, як сёлета, юбілей. Таму да 1 мая ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры ладзіцца сапраўдны тэатральны "салют" з некалькіх знакавых для салісткі спектакляў і неверагодная канцэртная праграма, поўная сюрпрызаў.
І колькасць спектакляў (усяго ў рэпертуары Гайды больш за 40 цэнтральных партый, не гаворачы пра іншыя, што праз яе ўдзел становяцца ва ўсіх сэнсах вядучымі), і працягласць юбілейнай вечарыны маглі б быць куды большымі: адных толькі замежных салістаў, якія выявілі жаданне ўдзельнічаць у святкаванні, хапіла б на некалькі вечароў. Таму, як заўважыла на прэс-канферэнцыі рэжысёр Сусана Цырук, давялося ўводзіць жорсткія абмежаванні па часе. Геаграфія гасцей вельмі шырокая: Масква, Санкт-Пецярбург, Баку, Караганда, Харкаў, Барнаул, Арэнбург, Іркуцк, Іванава, Екацерынбург. Некаторыя салісты, улічваючы сціслыя фінансавыя магчымасці тэатраў, прыедуць за свой кошт. Паломніцтва, дый толькі! І кожны рыхтуе штосьці адметнае. Другое аддзяленне вечарыны будзе складацца з невядомых у нас фрагментаў замежных мюзіклаў. Эксперыментамі ды неспадзяванкамі пярэсціць і першае, прысвечанае ўласна аперэце. Свята з’яднала нават незнаёмых раней паміж сабой салістаў, якія склалі праз сацсеткі "дуэт па перапісцы". Так-так, дамовіліся, што нейкі нумар праспяваюць разам, упершыню сустрэўшыся на рэпетыцыі гала-канцэрта. Паспяшайцеся! Першы спектакль "да юбілею" акурат заўтра. Дарэчы, гэты будзе апошні паказ "Бураціна": дзіцячы мюзікл, які радаваў юных гледачоў і іх бацькоў з 2003 года, здымаецца з афішы. Надзея БУНЦЭВІЧ |