« Назад Паўзы ў музычным рэпертуары Загадчык аддзела музычнага мастацтва і этналогіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар мастацтвазнаўства Надзея Юўчанка зазначае: — Музычны тэатр, які на мяжы стагоддзяў пазбавіўся старога наймення “тэатра музычнай камедыі”, захоўвае свой рэпертуарны кірунак, але пры гэтым імкнецца зрабіць яго больш шматвектарным. Балеты і аперэтачную класіку дапаўняе правераны часам савецкі і постсавецкі рэпертуар: побач з творамі Іагана Штрауса, Імрэ Кальмана, Франца Легара гучыць “Вяселле ў Малінаўцы” Барыса Аляксандрава і “Жаніхі” Ісаака Дунаеўскага. Узгадвае Надзея Аляксандраўна і оперы, што зрэдку з’яўляюцца на “няпрофільнай” сцэне: напрыклад, “Паяцы” Руджэра Леанкавала. Праўда, такога кшталту матэрыял надоўга ў рэпертуары не затрымліваецца. У новым тысячагоддзі Музычны тэатр асацыюецца найперш з мюзікламі. Пастаноўкі для дзіцячай і дарослай аўдыторыі стала збіраюць залы. Мастацтвазнаўца з задавальненнем адзначае сярод мюзіклаў беларускія: “Шклянка вады” і “Соф’я Гальшанская” Уладзіміра Кандрусевіча, “Шалом-алейхем! Мір вам, людзі!” Алега Хадоскі. Пры такім багацці рэпертуару выклікае засмучэнне, што некаторыя спектаклі ідуць без суправаджэння аркестру. “Без інструментальна-аркестровага кампаненту, пад фанаграму, ідзе “Блакітная камея”, “Мая жонка — ілгуння”, дзіцячыя пастаноўкі “Залатое кураня” і “Прыгоды Кая і Герды”. Пра што тэатр, да слова кажучы, паведамляе ў сваіх анонсах пастаноўкі”, — падкрэслівае суразмоўца. Музычны тэатр мае надзвычай вялікі дзіцячы рэпертуар, які нязменна збірае залы. Мюзіклы ж па правераных часам фільмах (у прыватнасці, “Бураціна.by”, “Чырвоны Каптурык. Пакаленне NEXT”) і мультфільмах (“Прыгоды брэменскіх музыкаў”) ад пачатку гарантавалі аншлагі. І ўсё ж спадарыня Надзея выказвае пажаданне пабачыць у афішы якую-небудзь оперу для дзяцей. У першую чаргу — беларускага кампазітара. Калі ў Музычным тэатры з дзіцячым рэпертуарам няма праблем, то ў Вялікім бягучы сезон дашкалят і малодшых школьнікаў наўрад ці парадуе. Яшчэ не так даўно я вадзіла свайго сына на дзіцячыя балеты “Тры Парсючкі” Святланы Кібіравай, “Чыпаліна” Карэна Хачатурана, оперы “Віні-Пух і ўсе, усе, усе…” Вольгі Пятровай, “Церам-Церамок” Ільі Паклонскага. Малодшай дачцэ не пашчасціла: калі яна дарасла да знаёмства з тэатрам, усе гэтыя назвы кудысьці з рэпертуару падзеліся. Нават опера “Доктар Айбаліт”, якую пры шалёным аншлагу здавалі ў 2016 годзе, не змагла з якойсьці прычыны затрымацца ў тэатральнай афішы. Знарок пераглядзела рэпертуар на тамтэйшым сайце з верасня па снежань, аднак адмысловыя дзённыя спектаклі пазначаны толькі ў лістападаўскай афішы (я не бяру да ўліку снежаньскія “Шчаўкункі”, якія традыцыйна паказваюць на тэатральных падмостках навучэнцы харэаграфічнай гімназіі-каледжа). За месяц абяцаюць паказаць адзін раз доўгажыхара — оперу “Чароўная музыка” Марка Мінкова, а таксама “Кашчэя Бессмяротнага” Мікалая Рымскага-Корсакава. Праўда, апошняя опера дзіцячая толькі адносна — нездарма назва ў афішы мае пазначэнне “12+”. Пра дзіцячыя балеты нагадвае толькі раздзел “Рэпертуар” на тэатральным сайце. Адразу ўзнікае пытанне, а навошта трымаць сярод інфармацыі пра актуальныя пастаноўкі спасылкі на спектаклі, што не ідуць? Можа, ёсць надзея на аднаўленне запатрабаванага рэпертуару... Але што рабіць такім бацькам, як я, якія хочуць далучыць дзяцей да высокага мастацтва? Ізноў адкрываю афішу і імкнуся зарыентавацца паводле ўзроставых пазначэнняў. Для 8-гадовага сына сайт прапануе мне оперы… “Чароўная флейта” Моцарта, “Яўген Анегін” Пятра Чайкоўскага (пазнака “6+”). Разумею, што першы твор пастаўлены паводле казкі, але афармленне спектакля ў стылі фэнтазі разлічанае хутчэй на падлеткаў і моладзь, чым на вучняў пачатковай школы. А раман Аляксандра Пушкіна беларуская школьная праграма прапануе толькі ў 9 класе. З надзеяй, што дачцэ пашанцуе болей, прабягаюся вачыма па раздзеле балетаў: тыя ж “6+” стаяць ля “Спячай прыгажуні” Пятра Чайкоўскага, “Бахчысарайскага фантана” Барыса Асаф’ева, “Сільфіды” Хермана Левінсхольда. Канешне, не лепшы варыянт ладзіць уводзіны ў харэаграфічнае мастацтва з маштабных палоцен, але нават рашыўшыся весці пяцігадовую дачку на “Папялушку” Сяргея Пракоф’ева, я адмовілася набыць білет, пабачыўшы час пачатку спектакля: 19.00. Са сканчэннем у 21.35… Ці варта цягнуць на вечаровыя спектаклі малечу, нават калі на падмостках няма нейкіх жорсткіх мізансцэн? Зразумела, наш тэатр не адзіны ставіць “дзіцячыя” ўзроставыя катэгорыі тым спектаклям, якія яшчэ не так даўно былі традыцыйнай дарослай класікай. Наўмысна прагледзела сайты Марыінскага, Вялікага, іншых оперных тэатраў усходняй суседкі і таксама сустрэла там “Лебядзінае возера” Пятра Чайкоўскага з пазнакай “6+”. Гэтаксама, як і я, узоры афіш калег маніторыў аддзел маркетынгу, інфармацыі і рэкламы НАВТОБ. Яго кіраўнік Таццяна Аляксандрава распавяла: “Мы прагледзелі сайты тэатраў з падобным да нашага рэпертуарам — напрыклад, Маскоўскага дзіцячага музычнага тэатра імя Наталлі Сац. Дакладна вывучылі ўзроставыя рэкамендацыі, прапанаваныя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Арыентаваліся на саму пастаноўку: тэматыку твора, складанасць музычнага матэрыялу, на наяўнасць або адсутнасць эратычных сцэн і дэманстрацыі жорсткасці. Рашэнне, як пазначыць узроставую катэгорыю таго ці іншага спектакля на нашай афішы, прымалі калегіяльна — сумесна з творчым кіраўніцтвам і службай па гледачы, якая непасрэдна працуе з публікай і ведае, што і як успрымаюць людзі”. Сапраўды, адпаведна Палажэнню пра крытэрыі вызначэння ўзроставай катэгорыі дзяцей, сярод якіх дапускаецца распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, спецыялісты тэатра ўсё вызначылі дакладна. У патрабаваннях, што дзейнічаюць не так даўно, сапраўды складана зарыентавацца. Не дзіва, што сам тэатр па некаторых пунктах не можа дакладна вызначыцца з узроставым цэнзам: так, у асноўнай афішы балет “Маленькі прынц” ідзе з пазнакай “6+”, а ў раздзеле “Афіша дзецям” на пачатку тыдня яшчэ вісела “12+”. І ўсё ж дзіўна бачыць, як большасць “дарослага” рэпертуару раптам “спаўзла” да шкалярскага веку. Я б пры вызначэнні ўзроставага цэнзу хутчэй ішла б ад сэнсавай напоўненасці тэкстаў — недарэчнасцяў стала б відавочна менш. Нездарма ж узгаданую мной “Чароўную флейту” ў тым жа дзіцячым музычным тэатры імя Наталлі Сац прапануюць для дзяцей ад 12 гадоў. Надзея Юўчанка лічыць, што Вялікі тэатр Беларусі працуе як маштабны, добра зладжаны творчы механізм. Спектаклі ставяцца на асноўнай сцэне, у камернай зале імя Ларысы Александроўскай, у Малой зале. За прамінулы перыяд гледачы пабачылі больш за тры дзясяткі новых пастановак — прэм’ер, капітальных абнаўленняў, новых рэдакцый і гэтак далей. І ўсё ж мастацтвазнаўца пазначае: — Праблемы тэатра заключаюцца ў адсутнасці сучаснай камернай сцэны: у занадта сціплай па ўмяшчальнасці зале імя Ларысы Александроўскай не прадугледжаны які-небудзь подыум, і гэта надае імпрэзам, якія тут ладзяцца, характар нейкай салоннасці. Ды і Малая зала, па меркаванні многіх гледачоў, не ўпісваецца ў рамкі элементарных патрабаванняў і таму вельмі абмежаваная ў сваіх магчымасцях. Спадарыню Надзею засмучае і тое, што шэраг спектакляў мае аднаразовы характар. Скажам, пастаўленую да 80-х угодак Сяргея Картэса оперу “Мядзведзь” больш глядач не бачыў. Вельмі хутка з вялікай сцэны сышоў яго ж балет “Хто я?” Прамоўца зазначае амаль поўную адсутнасць айчыннага балета для дзяцей беларускіх аўтараў (вельмі ўмоўна сюды можна аднесці “Маленькага прынца” Яўгена Глебава). Яна прапануе такі варыянт выйсця з сітуацыі: “На розных сцэнічных пляцоўках можна пабачыць пастаноўкі, якія ажыццяўляюцца балетнай школай Марыны Вежнавец. У прыватнасці, дзякуючы ёй атрымаў сцэнічнае жыццё балет “Дзюймовачка” Алега Хадоскі”. Нагадаем, заснавальніца прыватнай установы адукацыі — вядучы майстар сцэны НАВТОБ. Яе школа служыць базай для творчых пошукаў у харэаграфічным мастацтве. Ад сябе дадам, што і музычнаму тэатру наступае на пяты прыватны тэатр “Тэрыторыя мюзікла” Генадзя Гладкова. Чым больш канкурэнтаў на рынку — а культурны рынак тут не выключэнне, — тым лепш спажыўцу, бо магчымасць выбару дазваляе яму галасаваць за найбольш якаснае, а тэатру — выбудоўваць рэпертуар так, каб не заставалася неахопленых ніш. Інакш публіка пойдзе да лепш падрыхтаванага. |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by