« Назад Салістка музтэатра Наталля Глух: Мы адразу вырашылі, што прозвішча ў нас будзе агульнае Вытанчаная, усмешлівая — здаецца, узмахне крыламі і паляціць, салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, лаўрэатка міжнароднага конкурсу Наталля Глух і яе муж — вядучы майстар сцэны, саліст класічнага балета Сяргей Глух, які быццам выпраменьвае самавітасць, упэўненасць і нейкі бязмежны спакой, вонкава здаюцца поўнай супрацьлегласцю адно аднаму. Але наколькі ж яны падобныя, калі распавядаюць аб сваёй вялікай дружнай сям'і: тата, мама, дзве дачкі і сабака Арон. — Памятаеце той момант, калі вы звярнулі адно на аднаго ўвагу як мужчына і жанчына? Наталля: — Гэта было на рэпетыцыі спектакля "Дон Жуан у Севільі". Там ёсць такі цікавы ход, калі ў лірычных момантах з'яўляецца балетная пара — двайнік галоўных герояў. Сяргей адлюстроўваў вобраз майго каханага. Мы бачылі адно аднаго з глядзельнай залы. Магчыма, сцэнічны вобраз я неяк перанесла на жыццё. Артыст, вядома, можа сыграць многае, але ў тым, як ён гэта робіць, на якія нюансы звяртае ўвагу, як ён сябе паводзіць у адносінах да партнёраў, можна шмат што зразумець не толькі ў прафесійным майстэрстве, але і пра чалавечыя якасці. Вось пасля гэтых рэпетыцый мы бліжэй і пазнаёміліся. — Ці доўгім быў перыяд заляцанняў? Сяргей: — Прыкладна год мы хадзілі на спатканні, а потым наступіў той дзень, калі проста больш не змаглі расстацца. Да рэгістрацыі шлюбу разам пражылі паўгода. Спатканні, кіно, кава, цукеркі, букеты — гэта выдатны, прыгожы перыяд у жыцці пары. Але, на мой погляд, правільна пажыць разам да вяселля, таму што на спатканнях мы ідэальныя, а вось у штодзённым жыцці здымаем маскі. Важна, ці зможа чалавек мірыцца з недахопамі іншага. Стаміўся пасля рэпетыцыі, у дрэнным настроі, няголены раніцай — ці гатовая жанчына мяне прымаць такім? Ці гатовы я мірыцца з тым, што дома Наташа не ў святочнай сукенцы, а ў зручнай? Калі так, то можна думаць пра сумесную будучыню. У мяне такая ўстаноўка, што сям'ю трэба ствараць адзін раз і назаўжды, таму важна не памыліцца. Нам жа як калегам трэба было зразумець яшчэ і тое, ці можам мы знаходзіцца разам практычна цэлыя суткі. Н.: — Кажуць, што жанчынам не вельмі падабаецца такі "праверачны" перыяд. А я рада, што мы жывём у той час, калі гэта ўжо не ганьбіцца грамадствам. Перакананая, што ў аснове сям'і — каханне. Аднак калі людзі не змогуць ужыцца разам, то, як той казаў, любоўная лодка разаб'ецца аб побыт. Вядома, расставацца заўсёды балюча, але калі разам жыць не атрымліваецца, то лепш гэта зразумець, пакуль яшчэ няма ні штампа ў пашпарце, ні дзяцей. — А як вы прынялі рашэнне, што надышоў час ісці ў загс? Н.: — У адзін цудоўны дзень Сяргей кажа: "Мы людзі дарослыя, пара б пажаніцца. Я ўжо абраў дату вяселля". Я спачатку ледзь не засмяялася. Ну як жа! Я такая рамантычная натура, а тут вось так проста... Але як жа я ўзрадавалася! І самой прапанове, і таму, што ў нашай сям'і будзе хоць бы адзін чалавек — рацыянальны, адказны, які прымае рашэнні! А калі Сяргей агучыў дату — 8 жніўня 2008 года, была прыемна здзіўленая, таму што мне хацелася выйсці замуж менавіта ў такі прыгожы дзень календара. — Сяргей, а вы толькі выбралі дату ці ўжо дамовіліся з загсам, кафэ — у той дзень быў жа неверагодны аншлаг? — Вядома, дамовіўся, а інакш навошта абяцаць? Але ўсё зладзіць сапраўды было досыць складана, таму што многія пары спецыяльна чакалі гэтую дату. У нас атрымалася ўсё прыгожа — распісваліся ў Траецкім прадмесці. — Як усё ж у вас ужываюцца рамантык і прагматык?.. А яшчэ ж і былі ўпэўненыя, што Наталля скажа "так". — Верыў, што скажа "так". Хоць і хваляваўся, такое ж адзін раз у жыцці бывае. — Артысткі не заўсёды пагаджаюцца перайсці на прозвішча мужа. Як у вас гэтая праблема вырашылася? Н.: — У нас гэта не праблема. Мы адразу вырашылі, што прозвішча будзе агульнае. — Нярэдка прадстаўнікі творчых прафесій кажуць: у сям'і дастаткова аднаго артыста. Вы сябе ў гэтым сэнсе не абмяжоўвалі? С.: — Мабыць, я нават хацеў, каб жонка была артысткай. Гэта нармальна, калі публіка думае, што нам усё лёгка даецца. Але на самай справе сцэна — гэта цяжкая праца. Неяк яшчэ да жаніцьбы я сказаў бацьку: маўляў, стаміўся, адпачну... Тата ў адказ: "Ды з-за чаго ты стаміўся? Патанцаваў пару гадзін". А калега вельмі добра разумее, чаму артыст часам літаральна з ног валіцца. Н.: — Як натура рамантычная, я збіралася замуж за чалавека, а не за прафесію. Пасля 12 гадоў шлюбу бачу толькі плюсы ў тым, што мы абодва артысты. — Ці знаёмае вам пачуццё рэўнасці? З аднаго боку — прыхільнікі, з другога — Сяргей носіць на руках партнёрак, у Наталлі — лірычныя сцэны... С.: — Прыхільнікі ў нас, дзякуй Богу, людзі інтэлігентныя, ненадакучлівыя. Рэўнасць да партнёраў? Па-мойму, гэта непрафесіянальна. А самае галоўнае, мы давяраем адно аднаму. Н.: — Згодная з Сяргеем: без даверу няма сям'і, прычым ён мае быць і паміж мужам ды жонкай, і паміж бацькамі ды дзецьмі. Да таго ж у нас у тэатры нямала сямейных пар, і калегі вельмі паважліва ставяцца да нашых пачуццяў. Хто ведае, можа, моцныя акцёрскія сем'і стануць нашым дадатковым брэндам? — За апошнія дзесяцігоддзі мацярынства "пасталела", прыкметная частка жанчын не спяшаецца з нараджэннем дзяцей, аддаючы перавагу кар'еры. А як вы вырашалі "дзіцячае пытанне"? С .: — Мы не надта спяшаліся, перш-наперш правялі "генеральную рэпетыцыю" — завялі сабаку. Гэта наша агульнае жаданне! Нам падабаліся лабрадоры. Перш чым вырашыцца на куплю, цікавіліся, наколькі гэтая парода сябруе з дзецьмі. Аказалася, што яна — адна з самых падыходзячых. Н.: — Старэйшая дачка Каця ў нас з'явілася праз два гады пасля вяселля — жаданае і запланаванае дзіця. А малодшая, Варачка, таксама жаданая, але яна сама вырашыла, калі ёй нарадзіцца. Розніца ў дзяўчынак крыху большая за год. Самае цікавае, што калі я бачыла маладых мам з дзецьмі-пагодкамі, казала сабе: у мяне так ніколі не будзе. — Гэта значыць, было вельмі цяжка гадаваць дваіх маленькіх дзяцей? Н.: — Вядома, нялёгка. Але я сапраўды не з тых мам, якія кажуць, што дзеці — гэта катарга. Зараз старэйшай дачцэ 10 гадоў, і мы ўспамінаем не бяссонныя ночы, а тое, як дзяўчынкі раслі, — столькі ўсяго было кранальнага і пацешнага. С.: — Дзеці артыстаў растуць за кулісамі, у рэпетыцыйных залах. Дзіцячы садок працуе да сямі вечара, але дзяцей пажадана забраць у пяць. А мы на рабоце да адзінаццаці вечара. Значыць, дзеці ў тэатры. Часам іх столькі збіраецца, што не заняты ў дадзены момант калега становіцца аніматарам. — Такое ранняе далучэнне да тэатру неяк адбіваецца на інтарэсах дзяцей? С.: — Не неяк, а нават вельмі дрэнна... Мы — тыповыя бацькі-артысты, якія не хочуць, каб дзеці ішлі па іх слядах, таму што ведаюць увесь адваротны бок нашай прыгожай прафесіі. Для Каці знаходжанне ў балетным класе вылілася ў тое, што яна марыць стаць балерынай. Дачка досыць паспяхова займалася ў балетнай школе, у яе ёсць здольнасці да гэтай прафесіі. Каця выдатна паспявае па ўсіх прадметах, і я тлумачу, што з такімі данымі перад ёй адкрыта шмат дарог. Распавядаю, наколькі мая прафесія цяжкая, траўманебяспечная. Зараз у яе такі ўзрост, што яна якраз можа зрабіць перапынак у занятках балетам. І калі праз год-два не астыне да гэтай прафесіі, паспее паступіць у харэаграфічны каледж. Забараняць нельга, але можна перасцерагаць, пераконваць. І я рады, што нам удаецца зразумець адзін аднаго. Вара таксама танцуе, але пакуль не марыць стаць балерынай. — Як складваюцца адносіны ў сясцёр? Н.: — Вельмі цікава. Яны і сяброўкі, і канкурэнткі. Спаборнічаюць: у каго больш "дзясятак". Цягнуцца адна за другой, разам гуляюць, часам і сварацца, але заўсёды мірацца і падтрымліваюць адна адну. — А як хатні гадаванец рэагаваў на з'яўленне дзяцей? Н.: — Калі нарадзілася Каця, наш сабака Арон быў шакіраваны: як гэта так — раней уся ўвага яму, а цяпер ён крыху закінуты. Першыя месяцы тры ён вельмі крыўдзіўся, але агрэсіі не праяўляў. Потым змірыўся, што ён у нас не адзін. Калі нарадзілася Варачка, зразумеў, што горш ужо не будзе. Гадоў з трох дзеці гуляюць з лабрадорам. Што толькі яму не даводзілася цярпець! І вушы яны яму лячылі — у дзяўчынак ёсць цацачны доктарскі чамаданчык, і сваімі заколкамі-гумкамі ўпрыгожвалі сабаку. А ўжо колькі разоў ён быў іх падстаўкай, калі яны хацелі забрацца куды-небудзь вышэй. Цяпер Арон задаволены: у яго ёсць маленькіх клуб сябровак. — У вас ёсць правілы выхавання дзяцей? Н.: — Пакуль яны былі маленькія, мы дамовіліся, што, як бы мы ні стамляліся, павінны адказаць на ўсе іх "чаму" і пагуляць, калі просяць. Цяпер дзяўчынкі ўжо ў такім узросце, калі ім можна многае растлумачыць. Можна сказаць: мы стаміліся, дайце нам паўгадзіны адпачыць. І ніякіх крыўдаў, яны самі сябе зоймуць. Галоўнае правіла: мы шмат і ахвотна размаўляем з дзецьмі. — Ці абмяжоўваеце карыстанне гаджэтамі? С.: — Перш за ўсё расказалі дзяўчынкам правілы бяспечных паводзін у сеціве. Мы не праціўнікі інтэрнэту, важна, што дзеці там шукаюць, а гэта шмат у чым залежыць ад выхавання. Н.: — Канешне, мы стараемся, каб дзеці як мага больш часу праводзілі ў рэальным свеце, а не ў віртуальным. Улетку прыязджаем на лецішча, а яно ў нас у вёсцы, і там у дачок шмат сяброў. Часам перад нашым домам утвараецца цэлая паркоўка ровараў. Дзеці выдатна гуляюць, размаўляюць, нашы за дзень могуць не дакрануцца да тэлефонаў. Мы гэтаму вельмі рады. — Як дзеліце дамашнія абавязкі? С.: — Наташа больш займаецца домам, утульнасцю, я — машынай і добраўпарадкаваннем лецішча. Але імкнёмся да ўзаемазамяняльнасці. Калі ў Наташы спектакль, я прыгатую вячэру. — Хто ў сям'і адказвае за фінансы? С.: — Усе рашэнні прымаем разам. — На чым ніколі не будзеце эканоміць? Н.: — У прыярытэце — выдаткі на дзяцей. Гэта не значыць, што яны распешчаныя, але мы не шкадуем сродкаў на іх развіццё, здароўе. Кожнае наступнае пакаленне жыве лепш за папярэдняе — гэта выдатна, і радуюся, што ў дзяўчынак ёсць тое, пра што я магла толькі марыць. — Як ваша сям'я любіць адпачываць? С.: — Любім падарожнічаць. Мы вельмі лёгкія на пад'ём! Калі дзеці былі яшчэ маленькія, здзейснілі з імі аўтапрабег па Еўропе. Прычым ехалі "дзікунамі" — не браніравалі загадзя атэлі. Дзесьці сябры дапамаглі ўладкавацца, дзесьці самі на месцы знайшлі начлег. Вельмі выдатна атрымалася. На мора выбіраліся самастойна, нам падабаюцца свабода, імправізацыя, а не прадказальнасць у пакеце "ўсё ўключана". На лецішчы таксама любім адпачываць. У мінулым годзе мы правялі там увесь летні сезон і зусім не расчараваліся. Аксана ЯНОЎСКАЯ |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by