Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Самая амерыканская з венскіх аперэт. Адбылася прэм’ера спектакля "Герцагіня з Чыкага" (Зоя Матусевіч, "Літаратура і мастацтва", 25.11.2022)

Самая амерыканская з венскіх аперэт. Адбылася прэм’ера спектакля "Герцагіня з Чыкага"

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Самая амерыканская з венскіх аперэт. Адбылася прэм’ера спектакля "Герцагіня з Чыкага"

У нас да нядаўняга часу аперэтачны рэпертуар заставаўся прыкладна такім жа, якім быў у перыяд станаўлення гэтага жанру ў былым Саюзе. З вялікай колькасці твораў замежных аўтараў тады адбіраліся толькі такія, якія можна было адаптаваць да ўспрымання савецкага гледача, асабліва ў плане класавага падыходу да персанажаў з буржуазнага асяроддзя. Так, карыфей жанру Імрэ Кальман быў прадстаўлены аперэтамі "Сільва", "Баядэра", "Марыца" і ім падобнымі, якія былі ва ўсіх на слыху. Але пры гэтым пра шэраг яго іншых твораў у нас нават і не чулі. Да іх ліку адносіцца і "Герцагіня з Чыкага", прэм’ера якой адбылася 11 лістапада на сцэне Беларускага музычнага тэатра.

f0434051-2a12-4625-8576-fdd35cca5624

Гэты твор не быў прадстаўлены на савецкай сцэне перш за ўсё таму, што па сваіх змесце і форме не ўпісваўся ў дазволеныя рамкі жанру і не адпавядаў уяўленням публікі аб творчасці Кальмана. Як вядома, творы гэтага кампазітара вылучаюцца перш за ўсё непаўторным спалучэннем венгерскага чардаша і венскага вальса. А ў "Герцагіні з Чыкага" ён упершыню адышоў ад венгерска-венскіх рытмаў і інтанацый: у гэтай аперэце чардаш і вальс пацясніліся, саступіўшы месца чарльстону і факстроту. Таму "Герцагіню з Чыкага" і называюць самай амерыканскай з венскіх аперэт, бо яна стала яскравым сведчаннем схільнасці Кальмана да джаза.

Пасля гучнай прэм’еры ў Вене ў 1928 годзе гэтая аперэта з поспехам ішла ў Еўропе, але ў пасляваенны перыяд пра яе нібыта забылі. І толькі ў самым канцы XX стагоддзя, праз 70 гадоў пасля стварэння, "Герцагіня з Чыкага" была пастаўлена ў Амерыцы, прытым менавіта ў Чыкага. А ў пачатку XXI стагоддзя яна вярнулася нарэшце туды, дзе нарадзілася, — у Вену. У хуткім часе гэты твор перакачаваў і ў Расію: у 2007 годзе быў увасоблены на сцэне ў Санкт-Пецярбургскім тэатры музычнай камедыі, а ў 2012-м — у Свярдлоўскім тэатры музычнай камедыі. Сёння "Герцагіня з Чыкага" ёсць у рэпертуары і некаторых іншых расійскіх тэатраў.

Так атрымалася, што Свярдлоўскі тэатр пазнаёміў нашага гледача з гэтай аперэтай яшчэ ў 2015 годзе, калі знаходзіўся ў Мінску ў рамках абменных гастроляў. Як высветлілася, над падрыхтоўкай іх спектакля працавала пастановачная група з ЗША: музычны кіраўнік, які меў непасрэднае дачыненне да чыкагскай пастаноўкі, рэжысёр і балетмайстар. Важна адзначыць, што ў пастаноўцы Свярдлоўскага тэатра выкарыстоўвалася арыгінальнае лібрэта Юліуса Брамера і Альфрэда Грунвальда, якія супрацоўнічалі з Кальманам. Па заказе тэатра пераклад лібрэта на рускую мову ажыццявіў уральскі драматург Аркадзь Застырэц.

Пастаноўка Беларускага музычнага тэатра ніякім чынам не звязана са Свярдлоўскім тэатрам, але даволі цесна — з Санкт-Пецярбургскім, які перадаў нашаму тэатру партытуру твора. Дырыжор-пастаноўшчык Юрый Галяс адаптаваў яе да складу свайго аркестра, знаходзячы пры гэтым баланс паміж еўрапейскай і амерыканскай музыкай. Яго вельмі важна вытрымаць стылістычна. А вось наконт лібрэта ўзніклі пытанні. Таму спачатку трэба звярнуць увагу на тое, як даслоўна яно пазначалася ў Санкт-Пецярбургскай пастаноўцы: лібрэта Юліуса Брамера і Альфрэда Грунвальда, рускі тэкст Барыса Івушына, вершы Віктара Крываноса. А ў праграмцы мінскай пастаноўкі ўказана: па матывах п’есы Барыса Івушына, вершы Віктара Крываноса, сцэнічная рэдакцыя Алега Солада. Пры гэтым аўтары арыгінальнага лібрэта нават не згадваюцца, нягледзячы на тое, што яно ляжыць у аснове новай версіі санкт-пецярбургскіх сцэнарыстаў, дзе прадстаўлены тыя ж персанажы і той жа сюжэт.

Прывядзём яго асноўныя перыпетыі. Дачка чыкагскага мільярдэра Мэры прыязджае ў Еўропу і ў начным клубе сустракаецца з Сандарам — кронпрынцам аднаго з карлікавых каралеўстваў (за якім угадваецца асколак былой Аўстра-Венгрыі). Сярод музыкантаў клубнага джаз-бэнда Сандар заўважае славутага венгерскага скрыпача з саксафонам у руках і просіць яго забыць на хвіліну пра джаз і ўспомніць чардаш і вальс… Мэры, у сваю чаргу, прапаноўвае кронпрынцу станцаваць разам з ёю чарльстон. І ўся інтрыга твора будуецца на проціпастаўленні чардаша і вальса, з аднаго боку, і чарльстона з факстротам — з другога. А ў больш шырокім сэнсе — на сутыкненні дзвюх культур, светапоглядаў і каштоўнасцей Старога і Новага Светаў, што праяўляецца ва ўзаемаадносінах герояў. У гэтым заключаецца галоўнае адрозненне "Герцагіні з Чыкага" ад іншых аперэт Кальмана, у якіх канфлікт твора засноўваецца на сутыкненні прадстаўнікоў сацыяльных слаёў унутры аднаго, еўрапейскага, грамадства.

У музычнай драматургіі "Герцагіні з Чыкага" канфлікт праяўляецца вельмі выразна — нездарма ж яе называюць самай танцавальнай с усіх кальманаўскіх аперэт. І цяпер, калі ў нас ёсць магчымасць параўнаць пастаноўку Свярдлоўскага тэатра з нашай, можна сказаць, што першая найбольш адпавядае аўтарскай задуме. Гэта праяўляецца ў тым, што рухальнай сілай у ёй з’яўляецца менавіта танец, а праз танец перадаецца галоўны канфлікт твора.

Зразумела, у мінскай пастаноўцы таксама ёсць танцы — і еўрапейскія, і амерыканскія; ёсць музычныя нумары як аперэтачныя, так і мюзіклавыя; але з-за вялікай колькасці і працягласці размоўных сцэн стваралася ўражанне, нібыта ў спектаклі мала музыкі. Да таго ж па сваім змесце і семантыка-стылістычнай афарбоўцы многія дыялогі вызначаліся недарэчнасцю і безгустоўнасцю, прэтэндуючы пры гэтым на палітычную сатыру. У выніку ў шэрагу сцэн Амерыка была прадстаўлена вульгарна, а Еўропа — карыкатурна. Вось у такім выглядзе і паўстаў спектакль падчас здачы ў верасні перад членамі мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах пры ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама. Гэта першы выпадак у гісторыі Беларускага музычнага тэатра, калі прэм’ера спектакля была адменена менавіта з-за якасці лібрэта.

Над пастаноўкай "Герцагіні з Чыкага" працаваў народны артыст Расіі Юрый Лапцеў — саліст Марыінскага тэатра, які паспяхова ставіць спектаклі ў многіх расійскіх і замежных тэатрах. Бясспрэчна, вопытны прафесіянал. Балетмайстрампастаноўшчыкам з’яўляецца Уладзімір Раманоўскі — галоўны балетмайстар Санкт-Пецярбургскага тэатра музычнай камедыі, таксама дасведчаны спецыяліст. Таму ўзнікае пытанне: няўжо прызнаным пастаноўшчыкам здрадзіў мастацкі густ? Яшчэ ў верасні на сустрэчы з журналістамі Юрый Лапцеў адзначаў, што тэматыка гэтага твора аказалася актуальнай, таму лібрэта давялося пэўным чынам перапрацаваць, абвастрыўшы пры гэтым інтрыгу. Цяжка сказаць, якую актуальнасць убачыў рэжысёр у адлюстраваным у аперэце процістаянні Амерыкі з маленькімі каралеўствамі, якія ўзніклі пасля распаду адной з еўрапейскіх імперый, тым больш што ў фінале гэтае процістаянне заканчваецца вельмі палюбоўна. Абвастрэнне інтрыгі, як высветлілася, заключалася ў прыдумванні мноства пікантных размоўных сцэн, якія ўстаўляліся ў арыгінальнае лібрэта. Пры гэтым ніякіх новых калізій яны не стваралі, а толькі замаруджвалі развіццё сцэнічнага дзеяння. Таму работа па пазбаўленні спектакля надуманай і безгустоўнай "актуалізацыі" была не вельмі складанай.

b4679c46-1681-42bb-83a3-45fad66ab04c

У першую чаргу выкінулі амаль усе ўстаўкі, у выніку чаго спектакль набыў дынаміку і самае галоўнае — усталяваўся баланс паміж музычнымі нумарамі і размоўнымі сцэнамі. Пры гэтым сцэну, з якой пачынаецца спектакль і ў якой адбываецца знаёмства з галоўнай гераіняй, усё ж пакінулі, "прычасаўшы" найбольш утрыраваныя моманты ў характарыстыцы амерыканскіх персанажаў. У гэтай сцэне, аформленай у стылі галівудскага гламуру, перад гледачамі паўстае "Клуб эксцэнтрычных лэдзі", які ўзначальвае дачка мільярдэра Мэры. І калі сама яна больш-менш падобна на лэдзі, то яе кампаньёнкі сваім знешнім выглядам і паводзінамі вельмі нагадваюць красунь кабарэ (у новай рэдакцыі спектакля празрыстыя накідкі хоць збольшага прыхоўваюць іх празмерна фрывольны выгляд). І вось гэтыя эксцэнтрычныя асобы спрачаюцца паміж сабой, хто з іх зможа купіць самае дарагое, што ёсць у Еўропе.

Гэтую спрэчку выйграе Мэры, бо купляе сапраўдны каралеўскі замак, заключыўшы здзелку з еўрапейскім каралём, які са сваім дваром дайшоў амаль да галечы. Хутка высвятляецца, што гэты замак быў адзінай спадчынай кронпрынца Сандара. А, між тым, з Мэры адбываюцца незвычайныя метамарфозы. Адмовіўшыся танцаваць чарльстон, Сандар прапаноўвае ёй станцаваць чардаш, і яна з ваганнямі, але ўсё ж згаджаецца. А калі Сандар у знак падзякі гатовы станцаваць з Мэры чарльстон, яна ўжо без ваганняў танцуе з ім вальс… Вось так незаўважна для сябе Мэры з самаўпэўненай і прагматычнай амерыканкі ператвараецца ў еўрапеізаваную рамантычную асобу: "Я думала, што змяню Еўропу, але Еўропа змяніла мяне…" Стаўшы ўладальніцай замка, Мэры аўтаматычна стала "сертыфікаванай герцагіняй", а гэта значыць, што, маючы еўрапейскі тытул, яна зможа стаць жонкай кронпрынца. Вось і думай, что ў сістэме каштоўнасцей першаснае, а што другаснае: капітал ці прыналежнасць да саслоўнай вярхушкі.

Асноўная цяжкасць для салісткі Наталлі Дзяменцьевай, выканаўцы ролі Мэры, заключаецца ў яе дваістасці: спачатку яна павінна выглядаць як мюзіклавая гераіня, а потым — як лірычная аперэтачная. А гэта розныя манера і стыль выканання. Здаецца, што ў другой іпастасі артыстка больш пераканаўчая. А вось выканаўца ролі Сандара Уладзіслаў Даніловіч — чыста аперэтачны герой. І яго арыі, меладычна вельмі прыгожыя, па сваёй форме і гарманічным строі таксама аперэтачныя. Таму ў дуэце ў другой палове пастаноўкі яны выглядаюць як цудоўная рамантычная пара.

Ёсць у спектаклі і камічны дуэт: сакратар Мэры Бондзі і прынцэса суседняга каралеўства Розмары, ролі якіх выконваюць Сяргей Спруць і Наталля Глух. Праўда, напачатку Бондзі вельмі актыўна саліруе, дэманструючы неверагодную вынаходлівасць, памножаную на амерыканскую хватку. Убачыўшы прынцэсу, усю ў ружовенькім, нібы казачную, ён спачатку кпіць з яе наіўнасці, але хутка аказваецца зачараваным адкрытасцю яе душы. А прынцэса, у сваю чаргу, дэманструе неверагодную здольнасць да пераймання перадавых поглядаў на жыццё. І тут аказваецца дарэчы практычная дальнабачнасць Бондзі: на ўсялякі выпадак ён купіў тытул графа і нават прыдбаў каралеўскі ордэн.

Ёсць у спектаклі і шэраг іншых персанажаў, прадстаўленых выключна ў камічным ключы: у першую чаргу гэта шаржыраваны вобраз караля і яго світы, а таксама старой графіні — цётухны Размары, якая спрабавала выдаць сваю пляменніцу замуж за Сандара, а сама пры гэтым абходжвала Бондзі…

Вядома, што ахвотней глядач ідзе на класічную аперэту, тым больш — на Кальмана. А вось якім будзе сцэнічны лёс "Герцагіні з Чыкага", пакуль адназначна не скажаш. Вельмі ж яна выбіваецца са звыклага ўяўлення аб творчасці гэтага кампазітара і аб жанры ў цэлым.

Зоя МАТУСЕВІЧ
"Літаратура і мастацтва". - 2022. - 25 ліст.
Фота Сяргея ЧЫГІРА



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: