Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Сезон па раскладзе: перазагрузка юбілею (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 05.09.2020)

Сезон па раскладзе: перазагрузка юбілею (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 05.09.2020)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Сезон па раскладзе: перазагрузка юбілею

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр Беларусі працягнуў юбілейны 50-ты сезон прэм’ерай адразу двух аднаактовых балетаў — "Шапэніяна" і "Навелы пра каханне (Іспанскі дывертысмент)". Падзея была прымеркавана да Дня ведаў, што цалкам апраўдана: абодва балеты калісьці тут ішлі, і сталыя прыхільнікі гэтага тэатра, трэба спадзявацца, іх добра ведаюць. Але ж аднаактоўкі не толькі атрымалі новыя пастаноўкі, але і ўпершыню былі сабраны разам, што на думку кіраўніцтва калектыву павінна было скласці паўнавартасную балетную вечарыну.

новеллы 16

Пачатак працягу публічных спектакляў акурат у Дзень ведаў — гэта яшчэ і напамін ведаў пра юбілей Музычнага тэатра. 50-ты сезон не быў завершаны, запланаваныя ўрачыстасці не адбыліся ў поўнай меры — і было вырашана не аб’яўляць наступны сезон, а працягнуць "юбілеіць". Тым больш, што за гады існавання тэатра пад рознымі назвамі ў розных гарадах ўзнікла нестыкоўка між датай заснавання і колькасцю сезонаў. Цяперашняя "перазагрузка" ліквідуе такую недарэчнасць.

Планы на сезон —

папраўдзе вялікія. Тое, што па выказу паэта называецца "громадьё". Літаральна праз некалькі дзён пасля балетных прэм’ер, а менавіта 15 і 16 верасня, гледачоў чакае яшчэ адна новая пастаноўка. На гэты раз — аперэта Ёгана Штрауса "Кароль вальсаў". Надалей, у адпаведнасці з разнастайнасцю жанраў, — мюзікл "Рамэа vs. Джульета. ХХ гадоў пасля" на лібрэта Карэна Кавалерана, нядаўна пастаўлены ў Маскоўскім тэатры аперэты. Аўтар музыкі Аркадзь Укупнік некаторы час таму прыязджаў сюды, паказваў свой новы твор — і вынік той працы і тых перамоў мы ў хуткім часе пабачым. Ставіць мюзікл будзе Ілля Усцьянцаў з Расіі.

Будзе і традыцыйны навагодні канцэрт: тэатр штогод рыхтуе нейкія сюрпрызы, прыдумляе новыя сцэнарныя хады, абірае для такой імпрэзы пэўны стылёва-жанравы напрамак. Так што 2021-шы можна будзе сустрэць амаль што ў Італіі — пад "Песні Сан-Рэма", але ў новых беларускіх аранжыроўках, зробленых для салістаў нашага тэатра.

новеллы 17

Дарэчы, у час пандэміі і адпачынку, пакуль тэатр быў зачынены на перапынак, там адбыўся не толькі касметычны рамонт, які пакуль яшчэ завяршаецца (у дзень прэм’еры, у прыватнасці, рамантавалася лесвіца галоўнага ўваходу). Складаныя ўмовы нарадзілі і новы для калектыву жанр — "Тэатральныя дзённікі". На сёння выйшла ажно 16 выпускаў такіх відэасустрэч, усе іх вы можаце пабачыць на сайце тэатра, націснуўшы на адпаведную спасылку. Чаго тут толькі няма! Размовы пра падрыхтоўку прэм’ер, паказ фрагментаў рэпетыцый, інтэрв’ю з артыстамі і дзеячамі тэатра, музычныя спецвыпускі да святаў, нават выкшталцоная экскурсія па тэатры і яго закуліссі, праведзеная лаўрэатам міжнароднага конкурсу Лідзіяй Кузьміцкай.

Адным словам, глядзіце — і прыходзьце паглядзець усё гэта "жыўцом". Бо тэатр шчодра прапануе падарожжы па часе і прасторы, можа нават дапамагчы вам здзейсніць адразу некалькі вандровак у Венецыю. Не верыце? А між іншым, акурат увесну, калі былі ўжо зачынены межы з Італіяй, тут распрацавалі адметны замежны маршрут — выключна сваімі сіламі. Нельга сказаць, што ў яго "ўсё ўключана": пачастункі ў буфеце давядзецца аплачваць асобна. А вось плаванне на гандолах — калі ласка, можна назіраць шмат разоў, наведаўшы вядомую па колішняй тэлестужцы, але прэм’ерную ў нашым тэатры, музычную камедыю Аляксандра Колкера

"Труфальдзіна з Бергама"

Упершыню паказаны на Дзень тэатра, спектакль стаў сапраўднай аддушынай у складаныя часы. І сімвалічным напамінам пра тое, што галоўная каштоўнасць — чалавечае жыццё. Не, ніякіх філасофстваванняў у гэтым бліскучым феерверку, поўным гумару і рэжысёрскіх вынаходак, найталенавітай Ганны Маторнай няма. Але той першы паказ камедыі паводле "Слугі двух гаспадароў" Карла Гальдоні стаў адным з апошніх выхадаў на сцэну заслужанага артыста Расіі Аляксея Кузьміна. Прычым ён выходзіў перад пачаткам спектакля і ў вельмі нязвыклай для сябе ролі — чалавека, які атрымлівае даўно "напрацаваную" ўзнагароду. За 25 гадоў, як ён перайшоў у нашу трупу з Валгаградскага тэатра, артыст двойчы атрымліваў граматы ад Міністэрства культуры, двойчы — ад прафсаюзаў. Нарэшце, у той памятны дзень быў узнагароджаны нагрудным знакам "За ўклад у развіццё культуры". І раптоўна памёр, не перанёсшы планавую аперацыю.

Спрытны, харызматычны, у гады маладосці Аляксей Кузьмін мог бы стаць непераўзыдзеным Труфальдзіна. На жаль, не давялося. У гэтай ролі ў прэм’ерным спектаклі заняты нядаўна прыняты ў трупу Зміцер Клімовіч (ён скончыў Рэспубліканскі каледж пры нашай Акадэміі музыкі па харавым дырыжыраванні і Акадэмію мастацтваў як акцёр драматычнага тэатра і кіно) і знакаміты ўлюбёнец публікі, лаўрэат міжнароднага конкурсу Дзяніс Нямцоў, які калісьці перабраўся да нас з Новасібірскага тэатра музкамедыі. У кожнага з іх — свой Труфальдзіна. У Клімовіча — бесшабашны, вельмі энергічны, часам крыху агрэсіўны юнак. Персанаж Нямцова — больш вытанчаны, інтэлігентны, здольны дасягнуць усяго не столькі напорыстасцю ды безапеляцыйнасцю сваіх дзеянняў, а колькі найперш гнуткім розумам, неверагоднай крэатыўнасцю, памножанымі на імгненную рэакцыю.

У спектаклі напоўніцу раскрываецца талент Наталлі Дзяменцьевай: яе Беатрычэ даводзіцца пераўвасабляцца ў свайго брата, і артыстка робіць гэта папраўдзе вельмі пераканаўча, змяняючы не толькі рухі, але і сам тэмбр голасу, асаблівасці інтанавання.

Закаханая пара Кларычэ (Наталля Глух) і Сільвіа (Яўген Ермакоў) вырашана выключна парадыйнымі фарбамі. Дый усе артысты, занятыя ў спектаклі, іграюць яго з запалам, які быў бы немагчымым, калі б ім не спадабаліся зададзеныя музыкай, рэжысурай і сцэнаграфіяй (мастак — Андрэй Меранкоў) параметры. Адзінае "але", магчыма, у тым, што працягласць спектакля магла б быць крыху меншай. Проста ў Ганны Маторнай заўсёды столькі цікавых прыдумак, што яна не можа спыніцца, выкрасліўшы некалькі сцэн. Наадварот, дадае яшчэ інтэрактыў, не прапісаны ў творы. І гэта ўдалы ход. Бо ўдзел гледача, выкліканага з залы, хаця б злёгку "прытарможвае" шалёнае мільгаценне герояў на сцэне: мітусня ў такой неверагоднай колькасці пачынае стамляць.

Затое гармонія між рухам і скульптурнасцю застылых поз удала знойдзена ў вечары аднаактовых балетаў

"Шапэніяна"

ўражвае стоенай рамантыкай, зададзенай ужо сцэнаграфічным рашэннем. Ілля Падкапаеў робіць заднік у выглядзе рамантычнага відарыса, зацягнутага пазнавальнай беларускай туманнасцю. Гнуткія галінкі дрэў перагукваюцца з постацямі балерын, а згаданая туманнасць як нельга лепей адпавядае доўгім класічным спадніцам-пачкам — так званым "шапэнкам" (дарэчы, па назве гэтага балета Міхаіла Фокіна). Бялюткасць некаторых з іх дапоўнена. Разам з музыкай і харэаграфіяй усё гэта стварае атмасферу летуценняў-мрояў, дапоўненую зменамі-пералівамі святла — ад салатна-блакітных, смарагдавых да бэзавых, светла-малінавых паўтонаў (мастак па святле — Сяргей Азеран). Нават знакаміты шапэнаўскі Паланэз у якасці ўверцюры гучыць не ўрачыста-пампезна, а даволі асцярожна, тэмбрава сцішана, быццам "з аглядкай" (дырыжор — Марына Траццякова).

Гэты балет, пастаўлены народнай артысткай Беларусі Кацярынай Фадзеевай, быў неабходны для рэпертуару не толькі дзеля ўдзячных гледачоў (а яшчэ больш — глядачак), гатовых з замілаваннем сачыць за дзявочай прыгажосцю і лунаць у сваіх думках над побытавай штодзённасцю. Зварот да "Шапэніяны" важны магчымасцю задзейнічаць увесь жаночы склад, падарыць ледзь не кожнай артыстцы хаця б імгненне для свайго сола, хай і ў агульнай скульптурнай кампазіцыі, што атачае спектакль. Калі раней мы прызвычаіліся да Алены Германовіч ды Ірыны Вайтэкунас у якасці прым, дык тут запомнілі таксама кранальную Соф’ю Крывушкіну ў Мазурцы, трапяткія рукі Ганны Данской, Аліны Гуменнай, Яны Станкевіч. Увогуле, балетная трупа апошнім часам дасягнула добрага прафесійнага ўзроўню. Але ж пры гэтым яшчэ больш заўважным стала і тое, над чым салісткам і асабліва кардэбалету яшчэ давядзецца папрацаваць, каб дасягнуць ідэалу. Бо далёка не ва ўсіх артыстак выразныя ступні, асабліва ў дробных кроках, нестае палётнасці скокаў. Вядома, штосьці прадыктавана прыроднымі дадзенымі, але дасягнуць непарушнай роўнасці ліній — цалкам магчыма.

Пасля антракту публіку балетнай вечарыны чакаюць

"Навелы пра каханне (Іспанскі дывертысмент)" —

з той жа пастаноўчай камандай, за выключэннем балетмайстра: гэтую аднаактоўку іспанца Херарда паводле народных мелодый увасобіла заслужаная артыстка Расіі Ніна Дз’ячэнка. Цыкл яркіх характарных мініяцюр, вырашаны ў народных традыцыях (і з выкарыстаннем кастаньетаў — не толькі ў жанчын, але і ў мужчын, што цалкам адпавядае гісторыі іспанскай культуры), дазваляе паказаць трупу з іншага боку, вельмі многіх вывесці салістамі. Дый сама па сабе іспанская тэма з яе каларытнасцю, паўсядзённым тэмпераментам, адкрытым запалам жарсцей — заўсёды выйгрышная для артыстаў і прыцягальная для гледачоў.

Сцэнаграфію наўрад ці назавеш арыгінальнай: вялізны веер на задніку змяняе колер у адпаведнасці з "тэмпературай кахання", па баках — фрагменты яшчэ двух веераў. А вось чырвоная ружа, застылая ў паветры па цэнтры, чытаецца спасылкай да Беларусі: памяць міжволі выдае аднайменную песню Мулявіна. У сцэнічных строях — уласцівыя іспанскай культуры эфектныя спалучэнні залатога колеру з бардо і асабліва чырвонага з чорным, а яшчэ больш — чырвонага з белым. У музыцы — не менш кідкія сола, выдатна выкананыя нашымі артыстамі аркестра.

Адзначу, што кожны з прэм’ерных балетаў мае два выканальніцкія склады. А гэта значыць, што колькасць салістаў папраўдзе ахоплівае ўвесь танцавальны калектыў. Фінал, у якім выходзяць усе занятыя ў пастаноўцы пары і некалькі спевакоў, ідзе пад нязмоўчныя апладысменты гледачоў. А гучнае скандзіраванне: "Ма-лай-цы! Ма-лай-цы!" — чуваць, падобна на тое, ажно да Іспаніі. Эх, з гэткімі балетамі — ды на гастролі! А ў прадчуванні адказных выездаў і проста з кожным новым паказам у балеце з’явіцца больш адточанага шарму, выкшталцонасці, музычнай і танцавальнай выверанасці — нарэшце, выканальніцкай упэўненасці, здольнай яшчэ мацней прыцягнуць і папраўдзе заваражыць публіку.

Надзея БУНЦЭВІЧ
"Культура". - 2020. - 5 вер.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: