Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/“Сучасны рух”, каб пераадолець раз’яднанасць (Надзея БУНЦЭВІЧ, "Мастацтва", 15-21.04.2017)

“Сучасны рух”, каб пераадолець раз’яднанасць (Надзея БУНЦЭВІЧ, "Мастацтва", 15-21.04.2017)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

“Сучасны рух”, каб пераадолець раз’яднанасць

Працягваем знаёміць чытачоў “К” з пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу культурных праектаў і ініцыятыў творчай моладзі “Геній-стартап” (нагадаем, у № 12 ішла размова з кампазітарам і музыказнаўцам Вячаславам Пяцько, які прапанаваў ідэю стварэння тэлецыкла “Партрэты. Гісторыя беларускай музыкі ў асобах”). Герой цяперашняй сустрэчы — 25-гадовы балетмайстар Сяргей МІКЕЛЬ, сёлетні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат чатырох міжнародных конкурсаў, у тым ліку ў Расіі, Казахстане, Турцыі, лаўрэат Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, выкладчык Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, пастаноўшчык шматлікіх нумароў, уключаючы спартыўныя — для мастацкай гімнастыкі. Ягоны праект — Тыдзень беларускага балета і сучаснай харэаграфіі “Сучасны рух”.

9-1— Па сутнасці, прапанаваны мной праект — фестывальнага кшталту. І скіраваны ён не толькі на шырокі паказ і папулярызацыю дасягненняў беларускага харэаграфічнага мастацтва ўвогуле, але і на павышэнне выканальніцкага ўзроўню менавіта ў сучасных плынях, прычым розных жанраў. Таму ў рамках праекта прадугледжваліся не адно спектаклі, але і шэраг канцэртных праграм, складзеных з харэаграфічных мініяцюр, фотавыставы, цыкл творчых сустрэч з майстрамі сцэны і разнастайныя майстар-класы — як тэарэтычныя, у выглядзе лекцый, так і практычныя.

— Ваш праект — далёка не першы ў гэтай галіне. Так, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі праводзіць штогодні Міжнародны форум “Балетнае лета ў Вялікім”. У сталіцы адбываецца таксама Адкрыты форум пластычных тэатраў Беларусі “ПлаSтформа”. У Віцебску традыцыйна ладзіцца Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі — IFMC, у рамках якога чаргуюцца нацыянальны і міжнародны конкурсы. У Гомелі праходзіць біенале — Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”. І да ўсяго гэтага — суцэльны танцавальны тыдзень? Ці не замнога?

— Па-першае, даўно заўважана: цікавых творчых праектаў зашмат не бывае. А слова “тыдзень” у такім кантэксце набывае не столькі дакладнае часавае вымярэнне, колькі сімвалічнае: ён можа працягвацца і меней, мець перыядычнасць раз на два гады. Па-другое, “Сучасны рух” мае свае адрозненні ад усіх пералічаных вамі фестываляў. “Балетнае лета…”, якое завяршае сезон, — гэта парад спектакляў самога нашага тэатра, дэманстрацыя яго дасягненняў. Там ёсць і прэм’еры, і неўміручая класіка, але з запрошанымі салістамі, і гала-канцэрт, куды трапляюць таксама сучасныя нумары, і які-небудзь гасцявы спектакль — праўда, не заўсёды. IFMC “заточаны” на contemporary dance, хаця апошнім часам там сустракаюцца і нумары з эстрадным ухілам. “Сожскі карагод” імкнецца ахапіць усё, але акцэнт там прыпадае на народныя і бальныя танцы, найбольш прыдатныя для Свята горада, з якім фестываль ужо не першы год яднаецца. Дый удзельнічаюць там найперш аматарскія калектывы — дзіцячыя і студэнцкія. “ПлаSтформа” — увогуле скіравана на пластычныя, а не на танцавальныя спектаклі, якія становяцца хутчэй “выключэннем з правілаў”. Што ж да “Сучаснага руху”, дык з яго дапамогай вельмі хочацца пераадолець раз’яднанасць, якая пакуль існуе між балетнай класікай, фолькам і мадэрнам. У кожнай галіне ёсць свае знаходкі і праблемы, чаму б не зірнуць на гэта комплексна? Тым больш, што цяперашняе тэатральнае мастацтва, як і мастацтва ўвогуле, імкнецца да сінтэзу жанраў, стыляў, тэхнік, відаў. Гэта і павінен адлюстроўваць “Сучасны рух”, сама назва якога спалучае дзве прынцыпова важныя для ўдзельнікаў прыкметы: позірк на сучасны стан харэаграфічнага, пластычнага, танцавальнага мастацтва, прычым з розных бакоў, і неабходнасць руху, развіцця, а не “таптання на месцы”.

— Вы ўвесь час падкрэсліваеце менавіта сучаснасць. Але ў вашай заяўцы на праект прадугледжаны таксама цыкл творчых сустрэч “Мастацкі лёс”, куды мяркуецца запрашаць не толькі дзеючых артыстаў, але і легенд айчыннага тэатра, якія пакінулі сцэну.

— У любым руху наперад (а ў мастацтве — тым больш) вельмі важна ведаць, што было зроблена да цябе. Іншымі словамі, абаперціся на плечы гігантаў — і паспрабаваць скочыць далей, а не ў чарговы раз вынаходзіць веласіпед, выдаючы яго за інавацыю. Забыццё традыцый узнікае не толькі з-за нядбайнасці. Часам гэта робіцца, каб “збіць арыенціры”: маўляў, у нас усё — упершыню, раней тут не было нічога, параўноўваць няма з чым. Менавіта так, быццам бы цалкам “з нулю”, у савецкія часы прыпадносілася развіццё прафесійнага харэаграфічнага мастацтва ў Беларусі. Сёння ж мы ведаем, да прыкладу, пра багатыя традыцыі ХVIII стагоддзя, можам прасочваць дзе пераемнасць, а дзе і адмову ад ранейшых здабыткаў. Тое ж самае — з нядаўнімі дзесяцігоддзямі. Век артыстаў балета — вельмі кароткі. І калі яны, завяршыўшы танцавальную кар’еру, ідуць выкладаць, нават іх непасрэдныя вучні не заўсёды, на жаль, памятаюць іх сцэнічныя ўзлёты, не “прымерваюць” іх, адчуваючы сябе гэткімі “першапраходцамі”. А гэта не ідзе на карысць ні ім самім, ні мастацтву.

— Вам пашанцавала: Акадэмію музыкі вы заканчваеце па класе народнага артыста Беларусі і СССР, прафесара Валянціна Елізар’ева. Але ў вашых працах (а іх назбіралася багата, на суцэльны аўтарскі вечар “Анатомія танца”, што прайшоў летась) я не бачу прамога “пераймання”, якое даволі часта сустракаецца ў вучняў яркіх творчых асоб. Бадай, адзінае, што вас звязвае з елізар’еўскай творчай манерай, гэта апора на неакласіку, а не на іншыя кірункі.

— Валянцін Мікалаевіч ніколі не “націскае” сваім аўтарытэтам: маўляў, гэта няправільна, зрабі так і гэтак — і няйначай. Наадварот, ён літаральна на першым занятку сказаў: “Я магу лічыць няправільна, бо гэта маё асабістае меркаванне. Ты прыслухоўвайся не дзеля таго, каб усё перарабіць. Але раптам штосьці з гэтага абудзіць тваю фантазію, зрушыць яе надалей? Гэта больш важна”. Я навучыўся ў яго задаваць шмат пытанняў самому сабе — і гэтак жа самастойна шукаць на іх адказы. А яшчэ — штодзённай працы, а не ад выпадку да выпадку, калі натхненне, маўляў, прыйдзе. Нават калі няма магчымасці ставіць штосьці непасрэдна на артыстаў, я прыдумваю гэта ў галаве, занатоўваю на паперы — нарэшце, працую над сабой. У Елізар’ева можна вучыцца ўсяму і бясконца доўга. Асабліва ягонай мудрасці, стаўленню да прафесіі, адданасці балету.

— Як вы ўвогуле ў харэаграфію прыйшлі? І чаму ў выніку абралі не выканальніцкі хлеб, а пастаноўчы?

— Мая маці — аграном, але з дзяцінства любіла балет, глядзела па тэлевізары ўсе трансляцыі “Лебядзінага возера”. Самой ёй танцаваць не давялося, таму, мабыць, вырашыла рэалізаваць сваю мару на мне: адвяла ў Верхнядзвінскую дзіцячую школу мастацтваў на харэаграфію. А я і не супраціўляўся! Шэсць гадоў хадзіў туды на заняткі — ці на пароме праз Дзвіну, ці пешшу праз мост. Два гады танцаваў у ансамблі “Лялькі”. Потым скончыў Віцебскі каледж мастацтваў, паступіў у Акадэмію да Елізар’ева.

— Так у вас усё проста атрымліваецца: хадзіў-скончыў-паступіў. А ставіць калі пачалі?

— Класа з восьмага. Неяк папрасілі мяне на Новы год танец прыдумаць: маўляў, ты ж у школе мастацтваў вучыўся. Я прыдумаў, ды не адзін танец, а два. Пачалі і далей прасіць — я пагаджаўся. У каледжы такая дысцыпліна — кампазіцыя і пастаноўка танца — выкладалася з другога курса. І я адразу перамог на штогадовым конкурсе ўнутры каледжа, абышоў нават чацвёракурснікаў. А на момант заканчэння каледжа, даволі цвяроза ставячыся да сябе, зразумеў, што добрым артыстам я наўрад ці стану.

— Амаль паводле Някрасава? Маўляў, “артыстам можаш ты не быць, а балетмайстрам — абавязаны”. Дарэчы, ваша дыпломная праца таксама звязана з рускай класікай: гэта балет “Вішнёвы сад” паводле Чэхава, прэм’ера адбудзецца ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры Беларусі, спектакль стане рэпертуарным. Ці не страшна было брацца за п’есу, увасобленую на сцэне (хай сабе драматычнай і лялечнай) безліч разоў? Ці можна ўбачыць тут штосьці сваё?

— Для мяне гэта яшчэ і экалагічная тэма — прыроды, еднасці ці канфлікту яе з чалавекам. Можа, таму што я хлопец не гарадскі, а вясковы. Елізар’еў называе мяне латгальцам, бо мая радзіма — гэта і сапраўды землі колішняй Латгаліі на мяжы з Латвіяй: Віцебшчына, Міёрскі раён, вёска Слабада. Ад чэхаўскага “Вішнёвага сада” працягваюцца ніці да творчасці Валянціна Распуціна, да “Вечара” Аляксея Дударава, да закінутых чарнобыльскіх вёсак. Сэрца сціскаецца, калі, едучы дадому, мінаю дамы з забітымі аканіцамі. І што заўважыў! Праязджаеш міма такога дома ранняй вясной — ён стаіць адзінока, глядзіць на цябе бы з дакорам. А едзеш там жа ў канцы лета — яго амаль не відаць, бо ўсё парасло травой, прырода быццам паглынула яго, ўзяла да сябе. Атрымліваецца, чалавек знішчае тое, што калісьці сам і стварыў, а прырода — робіць той дом “сваім”, часткай сябе самой. Ці ж гэта не філасофія жыцця ў гармоніі з наваколлем? Пластыка чалавечага цела — тая ж гармонія чалавека з самім сабой…

Надзея БУНЦЭВІЧ
Мастацтва. - 2017. - 15-21 крас.
Фота Ганны МАЙСЯЮК



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: