Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Сумная камедыя ў антыкварных дэкарацыях (Зоя Матусевіч, "Полымя", красавік 2018)

Сумная камедыя ў антыкварных дэкарацыях (Зоя Матусевіч, "Полымя", красавік 2018)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Сумная камедыя ў антыкварных дэкарацыях

Эксперыментальная тэатральная майстэрня ў Музычным тэатры

Адметнасцю Беларускага музычнага тэатра стала яго шматгранная дзейнасць у памежных тэатральных жанрах, што яскрава праяўляецца, напрыклад, ў актыўным супрацоўніцтве гэтага калектыву з мноствам драматычных тэатраў з бліжняга замежжа і рэгулярным правядзенні абменных гастроляў. Пры гэтым, зразумела, адбываецца нязмушаны працэс узаемаўзбагачэння і ўзаемапранікнення творчых стасункаў з адной  тэатральнай сферы ў другую: драматычныя тэатры ўсё смялей выкарыстоўваюць прыёмы музычнага, выпускаючы часам нават паўнавартасныя мюзіклы, а музычны тэатр звяртаецца да чыста драматычных твораў, узбагачаючы іх выразнымі сродкамі свайго жанру.

Адкрываючы апошнія гастролі Стаўрапольскага акадэмічнага тэатра драмы імя М. Ю. Лермантава, якія праходзілі ў Мінску ў першай палове бягучага сезона, дырэктар Беларускага музычнага тэатра Аляксандр Пятровіч, прадстаўляючы журналістам калег з Расіі, адзначыў, што іх вопыт стварэння спектакляў, у прыватнасці – на малой сцэне, паказаўся цікавым і нават прымальным для пастаноўкі ў нашым тэатры, нягледзячы на рознасць жанраў. Больш таго, ён назваў тэрмін з’яўлення ў Беларускім музычным такой пастаноўкі – першы месяц новага года (акурат у студзені гэта і адбылося).

Зразумела, многія мінскія тэатры таксама ставяць спектаклі на малой сцэне, і наш Музычны пры неабходнасці мог звярнуцца да іх вопыту. Але ў дадзеным выпадку ўсё ішло не проста ад ідэі паспрабаваць свае сілы менавіта ў такім сцэнічным фармаце, а ад рэальных творчых кантактаў са Стаўрапольскім тэатрам і пазнаннем яго творчай кухні знутры (галоўны рэжысёр Беларускага музычнага Міхаіл Кавальчык паставіў там ужо не адзін спектакль).

Наогул, такая з’ява, як малая сцэна, больш уласціва драматычным тэатрам, якія нярэдка маюць асобнае памяшканне з невялікай глядзельнай залай і падмосткамі з партальнай рамай (своеасаблівы міні-тэатр), дзе паміж гледачамі і акцёрамі, як і ў вялікай зале, усё ж ствараецца эфект “чацвёртай сцяны”. Гэта – так званы закрыты тып малой сцэны. З-за адсутнасці асобнага памяшкання часта выкарыстоўваецца і адкрыты тып малой сцэны, калі акцёры і гледачы, не раздзеленыя рампай, размяшчаюцца на адным узроўні, інакш кажучы, калі ігравая пляцоўка і глядзельная зала злучаюцца ў адзіную  прастору. Менавіта такі тып малой сцэны, разлічаны прыкладна на 60-70 гледачоў, які даволі лёгка абсталёўваецца на стацыянарнай сцэне тэатра, і быў запазычаны ў стаўрапольскіх калег. Так у пачатку бягучага года ў Беларускім музычным узнікла эксперыментальная тэатральная майстэрня “Сцэна”.

Тэатралы са стажам, якія ў 1980-1990 гадах захапляліся студыйным рухам, помняць, што ў той час паняцце малой сцэны было непарыўна звязана з рознымі напрамкамі эксперыментальнай работы, накіраванай на пошук і засваенне новых форм і сродкаў тэатральнай выразнасці. Сёння малая сцэна актыўна ўдзельнічае ў развіцці айчыннага тэатральнага мастацтва, паказваючы новыя падыходы да ўвасаблення сучаснай драматургіі і новыя спосабы камунікацыі з гледачом. Але пры гэтым яна можа з поспехам выкарыстоўвацца і для культывацыі традыцыйных прынцыпаў рускага псіхалагічнага тэатра ў сучасных пастаноўках, што ўжо набывае прыкмету элітарнасці. Менавіта такі спектакль у рамках новага праекта і паставіў галоўны рэжысёр Музычнага тэатра Міхаіл Кавальчык.
ретро_нёман_1
У аснове гэтай пастаноўкі ляжыць п’еса “РЕТРО” папулярнага савецкага і расійскага драматурга Аляксандра Галіна, якая і прынесла яму шырокую вядомасць не толькі ў сваёй краіне, але і далёка за яе межамі. Напісаная ў 1979 годзе, яна вельмі хутка стала адной з самых рэпертуарных сярод драматычных тэатраў былога Саюза і неўзабаве была перакладзена на многія замежныя мовы і актыўна ставілася ў розных краінах свету. У 1980 годзе “РЕТРО” было пастаўлена ў Мінску – на сцэне Рускага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага рэжысёрам Барысам Глаголіным з музыкай Сяргея Картэса. І, забягаючы наперад, з асаблівай цеплынёй хочацца адзначыць: сённяшняя пастаноўка Міхаіла Кавальчыка прабудзіла самыя лепшыя успаміны пра той даўні спектакль і адрадзіла самыя шчымлівыя глядацкія ўражанні. Там самы яркі жаночы вобраз увасобіла зорка Русскага тэатра Аляксандра Клімава, тут – зорка Музычнага Наталія Гайда…

Але перш чым павесці гаворку непасрэдна пра эксклюзіўную пастаноўку ў Беларускім музычным тэатры, не лішнім будзе зрабіць яшчэ адзін невялічкі экскурс у сцэнічную гісторыю гэтага твора. Папулярнасць п’есы Аляксандра Галіна была настолькі вялікай, што па яе матывах ў 1984 годзе вядомы кампазітар Аляксандр Журбін у садружнасці з паэтам і сцэнарыстам Георгіем Ферэ стварыў музычную камедыю “Свадьба на старости лет”. Пад гэтай і іншымі назвамі музычная версія “РЕТРО” ставілася ў розных расійскіх тэатрах. У 2007 годзе да яе звяртаўся і Міхаіл Кавальчык, будучы у той час мастацкім кіраўніком Валгаградскага музычнага тэатра – тады ён выпусціў паўнаметражны музычны спектакль у дзвюх дзеях пад назвай “Свадьба в стиле ретро”. Але яго цяперашнюю камерную пастаноўку ў Беларускім музычным тэатры ні ў якім разе нельга ні звязваць, ні параўноўваць з валгаградскай – яны розныя не толькі па прынцыпу пастаноўкі, але і па жанравых характарыстыках, і аб’ядноўвае іх толькі назва.

“Свадьба в стиле ретро” стала пятай пастаноўкай на музыку Журбіна ў нашым тэатры. Яшчэ ў 1982 годзе тут быў пастаўлены яго мюзікл “Пенелопа” па п’есе Барыса Рацэра і Уладзіміра Канстанцінава, потым – мюзікл “Принц и нищий” паводле аднайменнай аповесці Марка Твэна (які ў нас ішоў пад назвай “Играем в принца и нищего”), мюзікл “Биндюжник и король” паводле Ісаака Бабеля, а таксама яго самы знакаміты твор – рок-опера “Орфей и Эвридика” на лібрэта Юрыя Дзімітрына. Апошняя з названых пастановак, ажыццёўленая ў 2004 годзе, варта таго, каб яшчэ раз сказаць аб ёй некалькі слоў. У той час наш тэатр пайшоў на смелы эксперымент, упершыню злучыўшы ў адным спектаклі жывы аркестр, вакальныя і балетныя партыі, у выніку чаго жанр пастаноўкі вызначылі як рок-опера – балет. (Да таго часу “Орфея и Эвридику” ставілі ці як рок-перу, ці як балет.) Пазнаёміцца з такой незвычайнай версіяй свайго твора тады прыехаў сам Журбін і ў гутарцы з журналістамі адзначыў літаральна наступнае: “Ваш театр предпринял очень серьезный и даже рискованный эксперимент. Ни в одном театре мне ещё ни разу не доволилось видеть постановку, где от начала и до конца спектакля вокальная строчка дублируктся хореографической. Это неожиданно и необычно, и вместе с тем можно сказать, что в постановке достигнуто какое-то новое, совершенно удивительное качество. Образ этого непростого спектакля, построенного на новых жанровых основах, многоплановый, как двойное зеркало, все ракурсы которого сразу трудно уловить”.

І нарэшце – апошняя, таксама эксперыментальная пастаноўка тэатра на музыку Журбіна – “Свадьба в стиле ретро”, якая і дала штуршок да гэтай размовы. У праграмцы імя кампазітара размешчана у верхнім радку, над назвай спектакля – так заўсёды пазначаецца аўтар музычнага твора. А ў ніжнім радку, пад назвай, звычайна указваецца яго жанр (музычная камедыя, мюзікл і інш.). Але ў дадзеным выпадку ў праграмцы ўказаны не музычны, а літаратурны жанр: лірычная камедыя. І ў дачыненні да спектакля гэта сапраўды так – ён пабудаваны на драматургіі п’есы, а не на музычнай драматургіі. Музыка адыгрывае ў ім істотную, але ўсё ж дапаможную ролю. Па сутнасці, гэта драматычны спектакль з музычнымі нумарамі, якія яго ўзбагачаюць і вельмі упрыгожваюць. Зрэшты, і пры пастаноўцы спектакля акцэнт рабіўся на яго драматычнай састаўляючай, што для артыстаў музычнага тэатра было нязвыклым.

У праграмцы таксама ўказаны аўтар лібрэта – Аляксандр Зотаў, які ў апошні час даволі актыўна супрацоўнічае з Музычным тэатрам. І толькі ў  анатацыі да спектакля можна прачытаць, што ён пастаўлены па матывах п’есы Аляксандра Галіна “РЭТРА” ў літаратурнай рэдакцыі Аляксандра Зотава з музыкай Аляксандра Журбіна. І вось гэта азначэнне – самае дакладнае. Аляксандр Зотаў ажыццявіў менавіта літаратурную рэдакцыю п’есы, адаптаваўшы яе да камернай пастаноўкі з лёгкімі музычнымі нумарамі, зрабіўшы “падводкі” да гэтых нумароў і напісаўшы іх тэкст. У гэтым, канешне, прасочваюцца элементы лібрэта, але і пасля рэдагавання п’еса Галіна па-ранейшаму засталася паўнавартасным літаратурна-драматургічным творам: поўнасцю захавалася яе фабула з усімі калізіямі, не змяніліся ўчынкі і паводзіны персанажаў і самае галоўнае – іх характары. Таму і рэжысёрскае вырашэнне спектакля аказалася такім драматычна насычаным і псіхалагічна пранікнёным. А атмасфера малой сцэны гэтаму толькі спрыяла.

А што датычыць музычнай часткі спектакля, то тут цяжка правесці нейкую паралель з тым творам Журбіна, які быў напісаны больш за трыццаць гадоў таму і сцэнічнае ўвасабленне якога мы не бачылі. Але з улікам таго, што гэта была музычная камедыя, можна меркаваць, што і музычны матэрыял у ёй адпавядаў законам жанру. Па словах Міхаіла Кавальчыка, у цяперашняй камернай пастаноўцы выкарыстаны асобныя нумары з таго твора, які ён ставіў у Валгаградзе, а таксама з іншых твораў Журбіна, у тым ліку і яго вядомыя песні. І сапраўды, у час прагляду спектакля ўгадваюцца многія знаёмыя мелодыі, напрыклад, з мюзікла “Биндюжник и король”, або такіх папулярных песень кампазітара, як “Послевоенное танго”, “Всё к лучшему” і іншых (але ўжо са змененым тэкстам). Цікава, што ў гэтай пастаноўцы гучыць і мелодыя песні “Тучи в голубом” з тэлесерыяла “Московская сага”, знятага ў 2004 годзе рэжысёрам Дзмітрыем Баршчэўскім па аднайменнай трылогіі Васілія Аксёнава. Названы тэлефільм, музыку да якога напісаў Аляксандр Журбін, выйшаў на тэлеэкраны прыкладна ў той жа час, калі ў нашым тэатры быў пастаўлены спектакль “Орфей и Эвридика”. І як ужо адзначалася, у хуткім часе пасля прэм’еры кампазітар прыехаў у Мінск, каб на свае вочы пабачыць гэту незвычайную пастаноўку. Тады, ў час сустрэчы з журналістамі, ён шмат цікавага расказваў таксама аб сваіх новых праектах, у тым ліку і аб рабоце над згаданым серыялам. Больш таго, кампазітар вельмі парадаваў прысутных, калі сеў за інструмент і сымправізаваў музычную візітоўку гэтага фільма – запамінальную мелодыю у рытме вальса і сам праспяваў ужо стаўшыя папулярнымі “Тучи в голубом”. Вось такая магія тэатра: праз некаторы час гэта мелодыя загучала ўжо на яго сцэне.

У цэлым музычныя нумары ў гэтай пастаноўцы вызначаюцца сваёй разнастайнасцю і нават стракатасцю: тут ёсць шлягеры і рамансы, частушкі і гарадскі фальклор і нават бугі-вугі з рок-н-ролам. Але ў рамках спектакля ўвесь гэты музычны калейдаскоп складваецца ў выразную цэласную карціну, дзе кожны фрагмент знаходзіцца на сваім месцы і дадае ў агульную палітру свой уласны колер. Кожны з персанажаў, у залежнасці ад яго характару, мае свой музычны нумар (а то і некалькі), ёсць дуэты і ансамблі, а некаторыя сцэны завяршаюцца заліхвацкімі вакальна-танцавальнымі нумарамі.

Музычную стыхію спектакля падтрымлівае своеасаблівы сцэнічны аркестрык – інструментальны ансамбль у складзе сінтэзатара, фартэпіяна і ўдарных. Адаптацыю і аранжыроўку музычнага матэрыяла ажыццявіў артыст аркестра піяніст Іван Кучарэнка. Уся музычная фактура ў яго апрацоўцы вызначаецца своеасаблівай празрыстасцю, тонкасцю і адначасова – стылявой выразнасцю. У цэлым музычная культура пастаноўкі забяспечваецца тым, што ў яе ёсць музычны кіраўнік – дырыжор Марына Траццякова. Сваю лепту ў пастановачную культуру ўнёс і балетмайстар Сяргей Мікель. Нягледзячы на тое, што асобных харэаграфічных нумароў у спектаклі няма, ён правёў адпаведную работу з выканаўцамі па агульнаму пластычнаму малюнку іх роляў і што асабліва заўважна – па кампазіцыйнай пабудове музычных нумароў з танцавальнымі элементамі.

Перш чым перайсці да разважанняў аб драматычнай частцы спектакля, варта коратка нагадаць змест п’есы. Яе галоўным героем з’яўляецца адзінокі пажылы чалавек з глыбінкі, якога забрала да сябе ў Маскву дачка, якая жыве там у поўным дастатку. Але ў старога не складваюцца адносіны з мужам дачкі, паспяховым і самаўпэўненым дзялком, ды і з ёй самой ён не знаходзіць узаемапаразумення. Выйсце са становішча зяць з дачкой знаходзяць у тым, каб ажаніць бацьку і выправіць жыць да наваяўленай жонкі. З гэтай мэтай яны запрашаюць да сябе на кватэру траіх патэнцыяльных нявест-пенсіянерак. Але замест таго, каб кожнай з іх прыйсці на “агледзіны” ў дакладна назначаны час, усе трое з’яўляюцца амаль адначасова.  Як кожны з персанажаў паводзіць сябе ў такой неардынарнай сітуацыі, праз якія смешныя і сумныя калізіі яны праходзяць і чым справа вырашаецца – за гэтым і назіраюць гледачы на працягу спектакля. Дзея адбываецца ў адным з  пакояў вялікай кватэры на працягу аднаго вечара.

Адзіным выканаўцам ролі Рыгора Міхайлавіча (так завуць галоўнага героя) з’яўляецца заслужаны артыст Расіі Аляксей Кузьмін, які служыць у нашым тэатры з 1984 года. За гэты час глядач часцей за ўсё бачыў яго ў амплуа коміка-прастака і яркіх характарных ролях, што ўжо само па сабе сведчыць аб наяўнасці ў артыста драматычнага дара. І гэта заўсёды яскрава праяўлялася нават у невялікіх размоўных сцэнах музычных спектакляў – ад аперэты да мюзікла, дзе ён знаходзіў самыя яскравыя штрыхі да вобраза і патрэбную, надзвычай выразную інтанацыю. Гэты артыст вызначаецца таксама вытанчанай танцавальнай пластыкай і нейкай небывалай лёгкасцю рухаў, нягледзячы на яго паважаны ўзрост. “Пры тым, што ўсё маё творчае жыццё звязана з музычным тэатрам, я вельмі люблю і цаню драматычны тэатр і заўсёды душою да яго гарнуся, – адзначае Аляксей Аляксеевіч. – Так што я вельмі рады гэтай нечаканай магчымасці сыграць па-сапраўднаму драматычную ролю, прытым у камернай пастаноўцы, дзе можна перадаць самыя тонкія нюансы душэўнага стану свайго персанажа”.
ретро_нёман_2
У п’есе Галіна галоўны герой, седзячы ў адзіноце ў шыкоўнай кватэры дачкі, сам з сабой гуляе ў шашкі, а яшчэ размаўляе з галубамі, якія заўсёды чакаюць яго на падаконніку. А ў гэтым спектаклі, таксама ў адзіноце, ён іграе на старэнькім гармоніку нязменны вясковы хіт “Когда б имел златые горы…” (відаць, “музычны ўхіл” гэты персанаж атрымаў разам з пераходам твора ў музычны жанр). І вось Аляксею Кузьміну давялося самастойна навучыцца іграць на гармоніку, падбіраючы знаёмыя мелодыі на слых. У спектаклі ён выглядае з гэтым інструментам вельмі арганічна – як сапраўдны вясковы музыка. І пад яго няхітры акампанемент усе тры гарадскія “нявесты” з непадробным імпэтам спяваюць частушкі, прытанцоўваючы на вясковы манер. Але гэта адбываецца пазней, ужо ў час імправізаванай калектыўнай “свадьбы”. Напачатку ж патэнцыяльны “жаніх” паводзіць сябе замкнута і нават дзікавата. А калі да яго канчаткова даходзіць, дзеля чаго дзеткі запрасілі гэтых жанчын, ён устройвае ўсім своаасаблівы пратэст: разыгрывае сапраўдную клаунаду, прыкідваючыся “нервным психом”. У дачкі пачынаецца істэрыка, шакіраваныя “нявесты” ўжо збіраюцца разбягацца, і адзін толькі зяць, застаючыся абсалютна спакойным, знаходзіць вескія аргументы, каб утрымаць жанчын і прапануе ім па-добраму дамовіцца паміж сабой, хто з іх рызыкне ашчаслівіць старога. Пакуль “нявесты” разбіраюцца паміж сабой, у каго з іх больш вопыту па догляду за псіхамі, стары зусім нечакана звяртаецца да іх з жаласлівай просьбай пазычыць грошай на білет, каб з’ехаць адсюль у вёску, дзе пасля смерці яго сястры застаўся дом. Тут ужо зяць скідвае з сябе пакроў інтэлігентнай стрыманасці і заяўяе аб сваёй рашучасці здаць цесця ў вар’яцкі дом. І больш ужо не затрымлівае жанчын, якія паціхоньку сыходяць. Услед за імі выходзіць з дому і дачка, каб купіць бацьку білет на цягнік, а ўслед за ёй і зяць. Стары, застаўшыся адзін, з яшчэ большай роспаччу перажывае сваю беспрытульнасць.

Відавочна, наколькі драматычна насычанай з’яўляецца гэта роля. Але прадстаўленыя ў першай палове спектакля характарныя рысы Рыгора Міхайлавіча толькі часткова абмалёўваюць яго псіхалагічны партрэт. Па-сапраўднаму і з зусім нечаканага боку натура старога раскрыецца пазней, калі для таго ўзнікнуць адпаведныя абставіны, у якіх ключавую ролю адыграюць яго “нявесты”. Таму настала чарга прадставіць кожную з іх.

Па графіку, складзенаму зяцем, на кожную прэтэндэнтку адводзілася па гадзіне, і першай павінна была прыйсці Роза Аляксандраўна – былая актрыса, самая яркая і прываблівая з гэтых жанчын, разняволеная ў манерах і паводзінах. Праўда, яна спазнілася і прыйшла другой, ажывіўшы пры гэтым атмасферу псіхалагічнай нацягнутасці, якая на той момант ужо ўсталявалася у доме. “Ну-с, где же мой старичок?” – адразу жартаўліва-змоўніцкім тонам прамовіла яна, папярэдне спытаўшы: “Как я выгляжу?” Пакуль “жаніх” хаваўся на кухні, Роза Аляксандраўна, лёгкая і непаседлівая, як матылёк, кружыла па пакою, прыхарошваючыся перад антыкварным трумо, потым запатрабавала сабе бакал шампанскага – напітак сваёй маладосці і з ўзвышанымі эмоцыямі пачала ўспамінаць так хутка праімчаўшыя гады. Адпаведна настрою гэтай гераіні прагучала і яе настальгічнае “Танго воспоминаний”: “О, южное море! О страстные танцы!..", якое закончылася ўжо ў мінорнай танальнасці: “Вино в Сухуми, коньяк в Батуми, // О, горькая курортная любовь!..” Але падобныя праявы – гэта толькі знешнія характарыстыкі былой актрысы. На самай справе яе артыстычная натура, таксама як і тонкая душэўная арганізацыя, толькі садзейнічаюць яе ўразлівасці і бездапаможнасці перад жыццёвымі абставінамі. Меўшы безліч паклоннікаў, яна так і не ашчаслівіла ні аднаго з іх і сама засталася адзінокай. І Рыгор Міхайлавіч інтуітыўна адчуў яе амаль дзіцячую непасрэднасць і шчырасць адкрытай душы. Сваімі паводзінамі яна яго ніколькі не шакіравала, а яе знешні выгляд настолькі яго ўразіў, што ён спачатку застыў, як заварожаны. Ужо пазней ён скажа Розе Аляксандраўне, што такіх жанчын ніколі ў жыцці не бачыў, толькі – па тэлевізары… Няцяжка было здагадацца, што на гэту яркую і неадназначную ролю будзе назначана легенда тэатра, народная артыстка Беларусі Наталія Гайда, якую гледачы заўсёды рады ўбачыць у чарговай пастаноўцы, прытым у такой незвычайнай, калі можна так блізка судакрануцца з яе артыстычнай аўрай.

Цікава, а для кагосьці, магчыма, і нечакана было ўбачыць у ролі Розы Аляксандраўны яшчэ адну выканаўцу – Лесю Лют. У гэтай артысткі вялікі і ў сілу розных прычын не да канца рэалізаваны акцёрскі патэнцыял. Яе можна аднесці да рэдкага амплуа актрысы-травесці, і не толькі з-за мініяцюрнага целаскладу і выключнай пластыкі. Сапраўды, яна здольна сыграць і прынцэсу, і пажа, ды каго заўгодна, нават самую нечаканую характарную ролю, прытым узроставую. Што мы і ўбачылі ў гэтым спектаклі. А ў дачыненні да сцэнічнай фактуры гэтай выканаўцы можна сказаць наступнае: хіба няма невысокіх худзенькіх жанчын сталага ўзросту? Тым больш, што ў п’есе Галіна Роза Аляксандраўна – былая балерына. А адпаведны касцюм і ўдалы ўзроставы грым дапамаглі артыстцы зрабіць гэты вобраз знешне яшчэ больш пераканаўчым.

Цікава, што абедзве выканаўцы па-рознаму акцэнтуюць характарныя рысы сваёй гераіні. Наталія Гайда больш падкрэслівае яе ўнутраны стан і кранальнасць душы, а Леся Лют – знешні імпэт і эксцэнтрычнасць натуры. І сапраўдныя тэатралы, а сярод прысутных на малой сцэне, думаецца, такія усе, не прамінуць паглядзець гэты спектакль з удзелам і той, і другой артысткі.

Другой у адпаведнасці з графікам зяця павінна была прыйсці былая медсястра з “дома скорби” Ніна Іванаўна. Але ад хвалявання яна ўсё пераблытала і прыйшла нават раней таго тэрміну, які быў назначаны для першай прэтэндэнткі. Так што Роза Аляксандраўна прыняла сядзеўшую за сталом жанчыну за сваячку, якую запрасілі ацаніць яе як нявесту. “Вас пригласили на меня посмотреть? Смотрите! Только – без замечаний!” – парыравала яна заўвагу саперніцы, што трэба паводзіць сябе больш сціпла. Не ведала Роза Аляксандраўна і аб тым, што яе “жаніх” ужо прайшоў першы этап агледзін, а таму ціха сядзеў на кухні, каб не удзельнічаць у другім.

Сапраўды, вымушанае знаёмства з медсястрой было для Рыгора Міхайлавіча ломкай яго ўнутранага “я”. Напачатку ён проста закрыўся ад яе газетай (зрабіў выгляд, што чытае), а потым, выдавіўшы з сябе колькі слоў у адказ на яе пытанні, проста выйшаў з пакоя, спаслаўшыся на тое, што трэба тэрмінова заклеіць бок гармоніка. І справа тут не ў тым, што сціпла апранутая Ніна Іванаўна з гаспадарчай сумкай ў руках сваім выглядам яго расчаравала, а экстравагантная Роза Аляксандраўна з кітайскім парасончыкам падалася яму вельмі прывабнай (седзячы на кухні, ён яе нават і не бачыў). Стары ў гэты час абдумваў план ўцёкаў, і знаёмства з другой жанчынай, таксама як і з першай, яму было зусім не патрэбна. Пры гэтым ён не ведаў, што хутка з’явіцца яшчэ і трэцяя.

Вобразы дзвюх першых “нявест” пабудаваны на прынцыпе кантрасту. Яны рэзка адрозніваюцца адна ад другой не толькі сваім выглядам і манерай паводзін, але і унутраным складам. Ніна Іванаўна – сціплая, спакойная і разважлівая, прапагандуе здаровы лад жыцця (каб не шкодзіць арганізму, нават адмаўляецца ад шампанскага і другім не раіць яго ўжываць). Свае перажыванні і эмоцыі на паказ не выстаўляе, але яе праніклівы музычны нумар поўнасцю выдае стан яе душы: “С каждым годом всё больше морщинок, // С каждым годом всё меньше надежд…“ І што здаецца не зусім уласцівым для жанчыны яе асяроддзя, яна раз-пораз праяўляе ці то залішнюю ўжо прастакаватасць, ці то дзіўную вузкасць кругагляду… На пытанне Розы Аляксандраўны “А вы, милочка, из какой области?” яна прастадушна адказвае: “Из Рязанской. Но давно живу в городе”. Разам з тым Ніна Іванаўна лічыць, што ў яе ёсць нейкая маральная перавага над саперніцай, і таму яна дазваляе сабе раз-пораз рабіць ёй заўвагі. Карацей кажучы, таксама – характар! І пазней ён праявіцца яшчэ і з іншага боку: Ніна Іванаўна нават за кампанію вып’е (прытым не шампанскага) і побач з Розай Аляксандраўнай паспрабуе сябе ў танцах. Гэту характарную ролю выконвае Людміла Станевіч, якая раней выступала ў амплуа гераіні. Але вобраз Сільвы ці Марыцы – гэта пэўны тыпаж, засвоіўшы які, салістка будзе ўпэўнена адчуваць сябе ва ўсіх аперэтах, тым больш з падтрымкай аркестра, хору і балета. На камернай сцэне падобнай падтрымкі зусім няма, артыстка застаецца адзін на адзін з гледачом, і ў яе распараджэнні толькі адзіны сродак – акцёрская ігра. І ў Людмілы Станевіч усё так пераканаўча атрымалася! У гэтым спектаклі яна паказала сябе з таго боку, з якога раней глядач проста не меў магчымасці яе ўбачыць.

І нарэшце, трэцяя “нявеста” – вахцёрка Тамара Васільеўна, якая таксама прыйшла раней назначанага тэрміну, бо баялася спазніцца на дзяжурства. Але замест знаёмства з “жаніхом” ёй давялося пазнаёміцца са сваімі саперніцамі, якіх яна таксама спачатку прыняла за гасцей. У адрозненне ад іх, Тамара Васільеўна мела і сына, і ўнукаў. Але ж вядомая справа: той, хто мае ўнукаў, павінен мець і грошы, таму і працуе яна да гэтага часу і спадзяецца, што калі-небудь яе ўнукі змогуць здзейсніць кругасветнае падарожжа, аб якім яна сама марыла ўсё жыццё. У гэтай гераіні ёсць нават адпаведны музычны маналог: “Белый пароход выплывет однажды из тумана. // Не было – и вот: здравствуй, пароход, // Странствующий рыцарь океана… ” Гэту амаль што лірычную ролю выконвае Ірына Заянчкоўская, якую гледачы звычайна бачаць у характарных і нават гратэсковых вобразах. У сувязі з гэтым узнікае крамольная думка: магчыма, Заянчкоўская была б больш пераканаўчай у ролі былой медсястры, якая надзелена шэрагам характарных рыс. Але ў такім выпадку мы не ўбачылі б выдатнай акцёрскай работы Людмілы Станевіч… Відаць, рэжысёр не выпадкова пайшоў на такі крок і ў рамках гэтай эксперыментальнай пастаноўкі правёў яшчэ адзін творчы эксперымент, спрабуючы выканаўцаў у нязвыклых для іх амплуа.

… З усіх траіх жанчын самае большае нецярпенне праяўляла Роза Аляксандраўна, пар-пораз пытаючыся, калі ж нарэшце выйдзе гэты загадкавы “жаніх”. – “Может, его под молодого гримируют?” – не ўнімалася яна. І вось нечакана ён з’явіўся ў дзвярах – у валёнках і шапцы-вушанцы, з чамаданам у руках. Але зяць, не разгубіўшыся, выкарыстаў гэты момант, каб нарэшце прадставіць цесця дзвюм новым жанчынам. У старога адабралі чамадан, яго самога ўсадзілі ў раскошнае крэсла, далі ў рукі бакал і прапанавалі прамовіць тост. – “А чего говорить, коли я свихнутый… Видения у меня начались… Зачем вам, гражданки милые, ненормальный старик?” И тут пачалася тая самая клаунада, аб якой ўжо згадвалася вышэй. Рыгор Міхайлавіч усё жыццё працаваў страхаром – крыў і рамантаваў дахі (хоць зяць гаварыў, што ён знайшоў сябе ў тэхнічнай эстэтыцы і займаецца вырабамі з металу). – “Столько лет просидел на крышах, а когда спустился, всё, всё кругом изменилось! Так я обратно туда полезу! Подымется кровля – и я на ней по-ле-чу!..” У такім жа духу гучаў і яго музычны дыялог…

Пасля смерці жонкі ў Рыгора Міхайлавіча засталася толькі адна родная душа – дачка Людміла, якая і забрала яго да сябе ў Маскву. І нельга сказаць, што адносілася яна да бацькі дрэнна – клапацілася аб ім, зыходзячы са свайго разумення. Дом у дачкі – не проста поўная, а перапоўненая чаша. Яе муж Леанід займаецца антыкварыятам, і ўся іх кватэра застаўлена дарагой антыкварнай мэбляй і прадметамі раскошы мінулых вякоў. Стараючыся быць карысным ў доме, Рыгор Міхайлавіч то пыл сатрэ з антыкварных рэчаў, то што-небудь пачысціць… – “Я просил не мыть в тазике фарфор династии Сун. Так вы вспомнили всю мою династию”, – у такім духу звычайна праходзілі дыялогі паміж зяцем і тесцем… Але часцей яны не размаўлялі паміж сабой наогул. Леанід – удачлівы і самазадаволены дзялок, у якога “всё схвачено и всё будет тип-топ”. Людміла як быццам задаволена сваім жыццём з ім. Але бацька адчувае, што пры такім дастатку ў доме не хапае самага галоўнага – шчасця. І гэта выразна чуваць у музычным маналогу Людмілы: “Да разве мы семья, в которой роль моя – // Не спутница тебе, а лишь попутчица…” Ролі жонкі і мужа выконваюць заслужаныя артысты Беларусі Маргарыта Александровіч і Антон Заянчкоўскі – вядучыя салісты тэатра, даўні і зладжаны дуэт. Але ў гэтым спектаклі яны (як і астатнія выканаўцы) сканцэнтраваны на драматычным аспекце пастаноўкі, і гледачам гэта надзвычай цікава. Чаго варта адна толькі сцэнічная мова Заянчкоўскага – як у сапраўднага драматычнага акцёра. З такім жа поспехам працуе і Маргарыта Александровіч. У музычных спектаклях, якія ідуць на вялікай сцэне, салісты таксама выконваюць акцёрскія задачы, але ў камернай пастаноўцы над камунікацыяй усё ж прэваліруе дыялог, а над тэхнічнымі кампанентамі – псіхалахічныя. І гэта так проста не даецца.

… У апусцеўшай кватэры стары з яшчэ большай роспаччу перажываў сваю беспрытульнасць і марыў аб тым моманце, калі зноў акажацца на волі: “Я вроде птицы жизнь на крышах провёл… Лестницу в руки, гвоздь в зубы, и пошёл в небо” І вось ён пачуў, быццам ў кватэру нехта зайшоў – дзверы ж засталіся не зачыненымі. Гэта ціхонька вярнулася Роза Аляксандраўна. Яна сядзела ў двары і абдумвала ўсё, што здарылася. Вінаватым голасам прамовіла, што сапраўды не можа пазычыць яму грошай на білет – пенсію атрымае толькі праз два тыдні. І памалу-паціху паміж імі завязалася размова, якая станавілася ўсё больш давяральнай… А потым яны запалілі свечкі, селі за стол і ўжо з задавальненнем пілі шампанскае і елі розныя дэфіцытныя прысмакі, тым больш што Роза Аляксандраўна і сапраўды была галоднай. А потым зусім неўпрыкмет размова зайшла аб тым, што яны паедуць у вёску разам: яна нарэшце навучыцца гатаваць, а ён будзе аддаваць ёй сваю пенсію.

Праз некаторы час у кватэру зайшла Тамара Васільеўна – яна з’ездзіла дамоў і прывезла Рыгору Міхайлавічу грошы на білет. А неўзабаве з’явілася і Ніна Іванаўна, якая ў той нервовай абстаноўцы забыла пад сталом сваю сумку, і таксама прапанавала яму грошы… І тут ужо “Свадьба в стиле ретро” пачала хутка набіраць абароты. Усе чацвёра адчулі шчырую зацікаўленасць у зносінах і нават духоўную роднасць паміж сабой – іх лёсы ў многім перапляталіся. І ўсім чацвярым было па-сапраўднаму цікава і весела знаходзіцца разам. Іх застолле, як на сапраўдным вяселлі, чаргавалася з песнямі і танцамі (і музычныя сцэны тут былі пастаўлены адмыслова).

Але ж праз пэўны час у кватэры з’явіліся яе гаспадары. Людміла прынесла білет на цягнік. А Леанід, жыва ацаніўшы абстаноўку, выкінуў з’едлівы жарт: можа, бацька ўжо перадумаў ад’язджаць і сапраўды надумаў жаніцца?! Цікава – на каторай з іх? – “На всех!.. В последний раз женимся!” Рыгор Міхайлавіч адмовіўся ад прапановы дачкі і зяця адвезці яго на вакзал на сваёй машыне. Па начному гораду ён пайшоў туды на сваіх дваіх у суправаджэнні ўсіх чацвярых жанчын. А дачка з зяцем з акна разгублена назіралі за гэтай амаль рытуальнай працэсіяй… Фінал спектакля застаўся адкрытым.

Гэту п’есу не варта разглядаць толькі як спрадвечны канфлікт пакаленняў. Тут канфлікт іншага кшталту – жыццёвых каштоўнасцей і светапоглядных установак. Для Леаніда самае галоўнае ў жыцці – матэрыяльныя даброты і “прэстыж”, і гэтага яму дастаткова для шчасця. Для Людмілы, відаць, гэтага ўсё ж недастаткова, бо шчаслівай сябе яна не адчувае. А вось для яе бацькі шчасце заключаецца ў тым, каб знаходзіцца на сваім месцы, займацца сваёй справай і жыць ў суладдзі з самім сабой і навакольным асяроддзем.

Адметнасць малой сцэны датычыць усіх удзельнікаў тэатральнага працэсу: і пастаноўшчыкаў, і выканаўцаў, і гледачоў. Майстэрства рэжысёра заключаецца ў тым, што на такой сцэне ён павінен паставіць паўнавартасны спектакль малымі сродкамі. І работа Міхаіла Кавальчыка гэта яскрава засведчыла. Вядома, у яго велізарны вопыт, прытым як музычных, так і драматычных пастановак, і яго веданне законаў псіхалагічнага тэатра ў рабоце над гэтым спектаклем стала вызначальным. У дачыненні да работы акцёраў, занятых у пастаноўцы, галоўнае ўжо было сказана. Але тут важна адзначыць, што малая сцэна з’яўляецца вельмі добрай школай для шліфавання акцёрскіх навыкаў наогул. А для артыстаў старэйшага пакалення, не так многа занятых у пастаноўках бягучага рэпертуара, гэта вельмі спрыяльны шанц зноў аказацца запатрабаваным. Што ж датычыць гледачоў, то на малой сцэне яны атрымліваюць магчымасць адчуць так званы эфект прысутнасці, што дазваляе больш дакладна і тонка рэагаваць на усе нюансы акцёрскай ігры. А гэта робіць акцёраў і гледачоў як бы партнёрамі агульнага тэатральнага дзейства.

Спектакль “Свадьба в стиле ретро” стаіць у рэпертуарным плане тэатра, і яго першыя паказы засведчылі, што такі фармат пастановак нашых гледачоў адразу зацікавіў. Рэальны факт: ведаючы, што ніводнага свабоднага месца няма, самыя адданыя прыхільнікі тэатра ўсё роўна стаялі каля ўваходу і ў кожнага пыталіся пра лішні квіток…

Зоя МАТУСЕВІЧ
Полымя №4 (с.153-161). - 2018. - крас.
Фота Марыі КАЛЯДЫ і Сяргея ЧЫГІРА.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: