« Назад Сюрпрызы Музычнага Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр адкрывае свой 51-ы сезон. Дата абрана — з тымі ж лічбамі, толькі ў зваротным парадку: 15 верасня. Паводле традыцыі, у дзень адкрыцця будзе дэманстравацца адна з нядаўніх прэм’ер — знакамітая рок-опера Аляксея Рыбнікава "Юнона" і "Авось" на лібрэта Андрэя Вазнясенскага. Гэты твор, напісаны і ўпершыню пастаўлены ў 1979-м, вядомы найперш па спектаклі, што роўна 40 гадоў таму з’явіўся ў Маскоўскім тэатры імя Ленінскага камсамола, атрымаў тэлевізійны запіс і стаў хрэстаматыйнай класікай. Нашу сцэну гэта рок-опера скарыла ў 2002-м і цягам 15-ці гадоў карысталася ў гледачоў вялікім попытам. А сёлета ў красавіку вярнулася ў новай пастаноўчай версіі, сабраўшы яшчэ больш прыхільнікаў сярод публікі розных узростаў. Рэжысёр Міхаіл Кавальчык зрабіў акцэнт не на шматслойную сімволіку закладзеных у твор мастацкіх вобразаў, не на ваганні галоўнага героя, сацыяльны аспект ці тэму кахання і вернасці, а на імклівае развіццё дзеяння. Атрымаўся прафесійны, бездакорна зроблены спектакль з добрым тэмпарытмам, моцнай энергетыкай і настолькі хуткім разгортам падзей, што іх асэнсаванне застаецца за дужкамі ўбачанага. Відовішчнасці спрыяе нават не столькі сцэнаграфія Андрэя Меранкова і выкарыстанне відэа, колькі ўдзел артыстаў балета. Харэаграфія належыць Юліі і Мікалаю Міхайлавым — колішнім выпускнікам Пінскага каледжа мастацтваў, а потым БДУКМ (Мікалай застаўся тут выкладаць), стваральнікам танцавальнага праекта M.Y.D.C., што добра зарэкамендаваў сябе на розных фестывалях ды конкурсах. Харэаграфіі ў спектаклі многа, і ўся яна вельмі трапная, з апорай пераважна на сучасную эстрадную стылістыку. Нават у дуэце-візітоўцы "Я цябе ніколі не забуду", што вызначаецца адкрыта рамансавай лірыкай, — ніякай саладжавай да аскоміны неакласікі. Гэта надае спектаклю стылёвую цэласнасць, на тое скіравана і новая аранжыроўка Льва Карпенкі, і яе дырыжорская інтэрпрэтацыя Марыны Траццяковай. Артысты пачуваюць сябе ўпэўнена, як спрактыкаваныя мараходцы, што працуюць у камандзе. У цяперашнім спектаклі шмат масавых сцэн, заснаваных на руху, але ўсё працуе, бы добра адладжаны механізм. Упэўнена, усе гэтыя якасці захаваюцца і надалей. Ды ўсё ж не дае спакою думка: няўжо мы і сапраўды так змяніліся ўсяго за чатыры дзесяцігоддзі, што хуткаплынны пераказ гісторыі становіцца больш важным за яе адрэфлексаванне? Новае аблічча ў мінулым сезоне атрымала і аперэта "Граф Люксембург" Феранца Легара, пастаўленая ў 2012-м. Не хвалюйцеся, удалая рэжысёрская версія Сусаны Цырук цалкам захавалася. Сюрпрызам і нават сапраўднай сенсацыяй стаў удзел у гэтым спектаклі расійскай кіназоркі, заслужанага артыста Татарстана Марата Башарава. Прычым не ў ролі рамантычнага героя-палюбоўніка, якім многія запомнілі яго па тэлеэкране, а ў партыі смешнага князя Базінэлі, які вырашыў ажаніцца на маладзенькай артыстцы. Заўважу, што гэта была не аднаразовая гастрольная акцыя: акцёр трывала "прапісаўся" ў складзе гэтага спектакля. Я патрапіла на трэці паказ, які традыцыйна лічыцца самым "правальным": маўляў, на першым усе хвалююцца, на другім паступова набываюць упэўненасць, а на трэцім настолькі расслабляюцца ў сваёй самаўпэўненасці, што ўсё ідзе наперакос. Дый расійскія антрэпрызы паспелі прывучыць нас, што многія раскручаныя экранам зоркі не надта прыдатныя да тэатральнай спецыфікі (а тут яшчэ — музычна-тэатральная, спевы з аркестрам, што патрабуюць дадатковай практыкі), дый часцяком папросту халтураць: маўляў, публіка будзе ўдзячна самому майму з’яўленню на сцэне. З Маратам Башаравым усё атрымалася наадварот. Спектакль папраўдзе набыў новае дыханне. І не толькі таму, што артыст, нягледзячы на летнюю спякоту, выкладаўся "на ўсе сто": танчыў, спяваў, лётаў па сцэне матыльком, абліваючыся потам у грувасткім шматслойным касцюме. Дарэчы, для пачатковай сцэны карнавалу па просьбе Башарава яму быў пашыты дзіўнаваты строй, якога не было ў спектаклі раней: герой ператварыўся ў гэткага амбіцыйнага вершніка на смешным маленькім слоніку, чыя галава з хобатам хістаецца наперадзе. Але ж звыклае тэатральнае амплуа хцівага камічнага старога было разбурана: мы ўбачылі задорнага, з бляскам у вачах мужчыну "ў самым росквіце сіл", апантанага прагай любові і гатовага зноў ды зноў увасабляць у жыццё пушкінскую формулу: каханню ўсе ўзросты падуладны. І любові да тэатра — таксама. 16 верасня на сцэне Музычнага — адметны балет Сяргея Мікеля "Пад•Свядомасць", прэм’ерай якога завяршаўся сезон. А неўзабаве нас чакае яшчэ адна прэм’ера: 23 і 24 верасня ў афішы пазначаны мюзікл Максіма Дунаеўскага "Тры мушкецёры". Надзея Бунцэвіч |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by