Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Тытанік" на мове цела (Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ, "Літаратура і мастацтва", 03.08.2018)

"Тытанік" на мове цела (Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ, "Літаратура і мастацтва", 03.08.2018)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"Тытанік" на мове цела

Трагедыя вядомага лайнера ўвасобілася ў беларускім балеце

Пасля кананічна беларускага "Жыцця і смерці Янкі Купалы" ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры звярнуліся да сусветна вядомага сюжэта. Пра гібель брытанскага трансатлантычнага парахода "Тытанік" расказалі праз балет на музыку знакамітага айчыннага кампазітара Алега Хадоскі.

титаник лим КАРАБЕЛЬ АДПРАЎЛЯЕЦЦА

12 і 13 ліпеня ў балетную прастору айчыннага тэатральнага мастацтва выправіўся "Тытанік". Дагэтуль ён многа вандраваў па мастацтве ўсіх жанраў: падзеі стагадовай даўніны ляжаць у аснове шматлікіх кніг і фільмаў, песень і вершаў, спектакляў і нават скульптурных аб’ектаў. Сёння самы знакаміты твор з гэтай плеяды — фільм "Тытанік" ад амерыканскага рэжысёра Джэймса Кэмерана. Сюжэт, на якім заснаваны і фільм, і новы балет Алега Хадоскі, — гэта пазачасавае трагічнае каханне, сапраўдныя "Рамэа і Джульета" ХХ стагоддзя. Гісторыя Розы і Джэка (якія ў беларускім балеце атрымалі імёны Маргарэт і Джэймс) кранае сэрцы і рамантычных дзяўчат, і дарослага пакалення. У ёй ёсць усе задаткі паспяховасці: і забароненае каханне, і любоўны трохкутнік, і самаахвяраванне дзеля выратавання каханага. Але "Тытанік" не меў бы такой папулярнасці і без уласнага рамантызму: калі на дно акіяна ідзе агромністы карабель, які па ўсіх меркаваннях немагчыма патапіць, для розуму творчага чалавека адкрываецца вялікая прастора для выкарыстання гісторыі як метафары на розных узроўнях успрымання. Такім чынам, надзейны падмурак для стварэння цікавага мастацкага твора закладзены. Але ці проста працаваць з папулярнымі тэмамі?

УВАГА, АЙСБЕРГ!

Галоўная праблема, з якой сутыкнуўся сцэнічны "Тытанік", — гэта пазнавальнасць сюжэта. Можна нават не чытаць лібрэта, створанае балетмайстрам-пастаноўшчыкам Сяргеем Мікелем, дастаткова проста паглядзець кінастужку Джэймса Кэмерана. Дарэчы, фільм надзвычай паспяховы і па касавых зборах (зарабіў больш як 1,8 мільярда долараў у кінатэатрах па ўсім свеце), і па водгуках кінакрытыкаў (11 статуэтак "Оскар", у тым ліку і за лепшы фільм), і па яго няўміручай папулярнасці: так, нядаўна ён зноў сабраў поўныя залы падчас юбілейных кінапаказаў. Хутчэй за ўсё, ідэя ставіць "Тытанік" з’явілася ў Музычным тэатры менавіта таму, што на такі знакаміты праект павінны ісці масава. Нягледзячы на тое, што харэаграфічнай інтэрпрэтацыі гісторыі яшчэ ніхто не бачыў (здавалася б, канкурыраваць няма з чым), яе сюжэт адзін у адзін супадае з развіццём класічнага фільма і міжволі прымушае наведвальнікаў праводзіць паралелі. Ды і як не згадаць шэдэўр Кэмерана, калі нават у самай лірычнай сцэне спектакля, дзе стваральнікі дзеі паказалі развіццё рамантычных адносінаў паміж героямі, амаль адкрыта гучыць пазнавальная мелодыя з песні Селін Дыён "My Heart Wіll Go On", непарыўна знітаваная ў свядомасці людзей з тым жа Кэмеранам? Так, пад музыку кампазітара Джэймса Хорнера тытулаваны кінаманамі з усяго свету "Тытанік" паўстае на шляху айчыннага балета ледзяной глыбай…

ВЫРАТАВАЛЬНЫ КРУГ

Разам з тым, калі б не гэтае падабенства, некаторыя падзеі спектакля засталіся б цалкам невытлумачальныя, і ў першую чаргу — любоўны трохкутнік. Тыя гледачы, якія раптам не бачылі галівудскую меладраму, маглі расцаніць Уільяма, пакінутага жаніха Маргарэт, як адзінага станоўчага героя. Чаму гэтая дзяўчына хоча пазбавіцца жыцця, чаму здраджвае жаніху? А ён велікадушна дзякуе яе выратавальніку, раўнуе, спрабуе вярнуць легкадумную каханую…

На карысць дзеі спрацоўвае і сцэнічнае афармленне. Дзеля новай пастаноўкі мастак Музычнага тэатра Любоў Сядзельнікава стварыла схематычны карабель, падзелены на класы як у прамым (першы, другі і трэці клас правозу пасажыраў), так і ў пераносным сэнсе. Гібель "Тытаніка" (як мы загадзя ведаем праз усё той жа фільм Джэймса Кэмерана) — гэта не толькі каханне дзяўчыны з вядомага роду і беднага, але амбіцыёзнага хлопца; гэта крах пабудаванага на несправядлівай класавай сістэме недасканалага грамадства, якое не здольнае вытрываць ніводнага моцнага сутыкнення: ні з айсбергам, ні з новай рэчаіснасцю. Рознаўзроўневае судна, збудаванае на сцэне, як і касцюмы (прыгожыя вячэрнія сукенкі, статныя мужчынскія строі, форма экіпажу — мастакі-касцюмеры натхніліся дакументальнымі здымкамі з архіваў), наглядна перадае сацыяльную ідэю, а музыка — тое, што карабель, як і прадстаўнікі такога ладу жыцця, непазбежна павінен патануць.

Дарэчы, у музыцы, якая суправаджае беларускі "Тытанік", ёсць запазычанні. З аднаго боку, гучанне пазнавальных матываў дадае гістарычнай дакладнасці: пад мелодыі нацыянальных ірландскіх танцаў маглі насамрэч танчыць жыхары той эпохі, а англійскі хрысціянскі гімн XIX стагоддзя "Бліжэй, Гасподзь, да цябе" і вальс "Восеньскі сон" Арчыбальда Джойса, як сцвярджаюць сведкі трагедыі, гралі падчас гібелі рэальнага "Тытаніка". З іншага боку, музыка, створаная Алегам Хадоскам, — гэта моцны бок балета, а таму будзе добра гучаць і без усялякіх запазычанняў: прыгожая, маляўнічая і красамоўная, яна адпавядае кожнай сцэне і тлумачыць гледачам эмацыянальныя станы герояў.

ХЭПІ-ЭНД?..

У выніку рэпертуар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ўзбагаціўся якасным летнім спектаклем на папулярны сюжэт: нягледзячы на неўміручасць гісторыі, сюды варта ісці адпачыць, а не спрычыніцца да трагедыі герояў. Тым, хто ўжо паспеў паплакаць над стужкай Джэймса Кэмерана, не трэба баяцца магчымасці застацца пад прыгнётам убачанага яшчэ на некалькі дзён. Тут усё проста: і "Тытанік" пойдзе на дно, і Джэку (які носіць у спектаклі іншае імя, але ў астатнім нічым не адрозніваецца) не хопіць месца на выратавальнай дошцы. На сцэне пастаўленая класічная версія знакамітага сюжэта, але — тут спектаклю варта аддаць належнае — з прыгожым музычным і сцэнічным афармленнем, а таксама арганічна ўпісаным у агульную канву відэарадам, які надзвычай жыва і эмацыянальна перадае гібель "Тытаніка".

Ці варта пераствараць у новым жанры тое, што ўжо якасна зрабілі дагэтуль? Адказ на гэтае пытанне выключна індывідуальны і залежыць ад пункту гледжання кожнага з гледачоў.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ
Літаратура і мастацтва. - 2018. - 3 жніўня



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: