Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Вясновы фестываль у Музычным (Зоя Матусевіч, "Полымя", май 2017)

Вясновы фестываль у Музычным (Зоя Матусевіч, "Полымя", май 2017)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Вясновы фестываль у Музычным

Аб творчых міжнародных сувязях Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра, якія з кожным годам толькі пашыраюцца і ўзбагачаюцца, на старонках рэспубліканскага друку пісалася ўжо не раз. За апошнія сем сезонаў мінскі глядач проста прывык бачыць на сцэне гэтага тэатра самыя разнастайныя тэатральныя калектывы з Расіі і краін Прыбалтыкі з іх рознажанравымі, нярэдка эксперыментальнымі і нават спрэчнымі пастаноўкамі, што толькі падагравала глядацкі інтарэс да іх.

Звычайна прыезд замежных тэатраў ажыццяўляўся ў рамках абменных гастроляў, калі Беларускі музычны тэатр на працягу кожнага сезона перыядычна мяняўся сцэнічнымі пляцоўкамі са сваімі партнёрамі. Але паступова гэта міжнароднае супрацоўніцтва пачало набываць новыя формы. Так, роўна год назад на працягу сакавіка на сцэне Беларускага музычнага са сваімі гастрольнымі праграмамі выступілі адразу тры прыезджыя тэатры (два з Расіі і адзін з Латвіі). І можна сказаць, што тыя сакавіцкія гастролі ўжо нагадвалі сабой своеасаблівы міні-фестываль.

А сёлета ў сакавіку тут адкрыўся ужо сапраўдны міжнародны фестываль пад назвай “Тэатральная вясна ў Музычным тэатры”, які працягваўся больш за месяц. У ім прыняло ўдзел пяць тэатраў: два з Расіі, два з Літвы і адзін з Латвіі. Сярод іх былі калектывы, ужо вядомы нашаму гледачу па абменных гастролях і аб якіх ужо расказвалася ў беларускіх СМІ, але былі і такія, якія прыехалі ў Мінск упершыню і для якіх гэты фестываль стаў пачаткам  двухбаковага супрацоўніцтва з Беларускім музычным тэатрам. Менавіта пра гэтыя калектывы і прывезеныя імі пастаноўкі хочацца расказаць у першую чаргу.

Фестывальную праграму якраз і адкрыў новы партнёр Беларускага музычнага тэатра – Калінінградскі абласны музычны тэатр. У Мінск ён прыехаў ўпершыню, затое яго фестывальная афіша аказалася самай насычанай – у ёй было прадстаўлена адзінаццаць рознажанравых спектакляў, а таксама святочны канцэрт, прысвечаны Дню 8 сакавіка (такі ж канцэрт на сцэне Калінінградскага тэатра давалі ў гэты дзень нашы артысты, якія знаходзіліся там у рамках першых абменных гастроляў).

І тут хочацца адзначыць, што з самага пачатку гэтыя мерапрыемствы набылі шырокі, можна нават сказаць міждзяржаўны рэзананс – аб гэтым сведчыць той факт, што ў цырымоніі адкрыцця фестывалю і гастроляў Калінінградскага тэатра прыняў удзел Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў.

Ад усіх расійскіх тэатраў, якія пабывалі на сцэне Беларускага музычнага на працягу апошніх сямі сезонаў, Калінінградскі адрозніваецца вельмі істотна. Перш за ўсё – сваёй універсальнасцю. Маючы статус музычнага, гэты тэатр, зразумела, ажжыццяўляе пастаноўкі музычных камедый, мюзіклаў, рок-опер, а таксама класічных аперэт і нават поўнамаштабных опер (сёння ў яго рэпертуары Моцарт, Расіні, Вэрдзі, Бізэ, Чайкоўскі, Рымскі-Корсакаў…) Адначасова тут ставяцца і чыста драматычныя спектаклі: ад замежнай і рускай класікі да твораў сучаснай драматургіі (Арыстафан, Шэрыдан, Бамаршэ, Брэхт, Фанвізін, Чэхаў, Горын, Дудараў, Грышкавец…) Такім чынам, у рэпертуары тэатра, які лічыцца музычным, на сённяшні дзень налічваецца дваццаць адзін драматычны спектакль. А рознажанравых дзіцячых спектакляў яшчэ больш – аж дваццаць чатыры. (Міжволі ўзнікае пытанне аб цяжкасцях пры фарміраванні рэпертуарнай афішы, у якую ўсе пастаноўкі ўвайсці не могуць.)

Па сутнасці, гэта музычна-драматычны тэатр. І яго трупа мае даволи складаную структуру, у якую уваходзяць артысты мюзіклавага напрамку, оперныя спевакі, драматычныя акцёры, а таксама артысты хору і балета. І такая універсальнасць тэатра звязана не з тым, што ён з’яўляецца адзіным у горадзе (там ёсць і драматычны, і лялечны тэатры), а з яго рэпертуарнай палітыкай. А яна неадназначная і даволі складаная: з аднаго боку, відавочная тэндэнцыя на стварэнне разнастайных спектакляў у чыстых тэатральных жанрах (ад оперы да драмы), а з другога – пастаянны пошук новых форм пастановак на стыку музычнага і драматычнага тэатраў.
І яшчэ адна адметная асаблівасць Калінінградскага тэатра: на яго базе існуе курс Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва, выпускнікі якога і складаюць касцяк яго трупы. Так вырашаецца няпростае для горада пытанне падрыхтоўкі творчых кадраў, бо вышэйшых навучальных устаноў тэатральнага і музычнага профілю ў рэгіёне няма.

І самае цікавае, што гэты тэатр узнік параўнаўча нядаўна і напачатку меў статус прыватнага. Яго стваральнікам і нязменным мастацкім кіраўніком з’яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Валерый Лысенка. Выпускнік Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва (ГИТИСа), за доўгія гады творчай дзейнасці ён назапасіў вялікі вопыт і акцёрскай, і пастановачнай, і кіраўніцкай работы, у выніку чаго і прыйшоў да стварэння ўласнага тэатра. “Калі нехта кажа, што стварае тэатр ці нейкі іншы творчы калектыў для народа, то пры гэтым ён усё ж трошкі хітруе – кожны робіць гэта ў першую чаргу для сябе, для ажыццяўлення уласных задум і творчай самарэалізацыі, – адзначае Валерый Іванавіч. – Пасля таго вопыту, які я набыў у Маскве на пасадзе генеральнага дырэктара Тэатра Аляксея Рыбнікава, у мяне з’явілася задума стварыць падобны тэатр у сваім горадзе – Калінінградзе. І рэалізацыю гэтай ідэі я пачаў у 1992 годзе. Згуртаваў вакол сябе таленавітую моладзь і стварыў тэатральную студыю з мэтай арганізацыі сапраўднай школы ГИТИСа, праз якую прайшоў я сам і мае творчыя паплечнікі. І першы курс Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва у нас адкрыў выдатны педагог і рэжысёр, народны артыст Расіі Леанід Яфімавіч Хейфец – ваш зямляк, ураджэнец Мінска. З адкрыццём гэтага курса ў нас пачалі з’яўляцца сур’ёзныя пастаноўкі па рускай і замежнай класіцы, а таксама спектаклі для дзяцей. Пасля таго, як было выпушчана чатыры курсы маладых артыстаў, ужо можна было казаць, што у нас з’явіўся сапраўдны тэатр. А яго новае нараджэнне ў статусе дзяржаўнага музычнага тэатра адбылося ў 2001 годзе, калі сумесна з маскоўскім тэатрам "Геликон-опера" пад кіраўніцтвам народнага артыста Расіі Дзмітрыя Бертмана мы ажыццявілі першую пастаноўку класічнай аперэты. З таго часу ўсе сур’ёзныя музычныя пастаноўкі ў нас ажыццяўляюцца пад кіраўніцтвам самога Дзмітрыя Бертмана і яго каманды”.

Гастролі Калінінградскага тэатра якраз і пачаліся такой сумеснай пастаноўкай – музычным шоу "Хиты Бродвея – великий Гершвин". Над ёй разам з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Дзмітрыем Бертманам працавалі яго калегі з "Геликон-опера": дырыжор-пастаноўшчык Дзяніс Кірпанёў і мастакі-пастаноўшчыкі Таццяна Тулуб’ева і Ігар Нежны. Сама назва гэтага сцэнічнага дзейства, па сутнасці, раскрывае яго праграмны змест, скампанаваны з найбольш папулярных фрагментаў з опер і мюзіклаў самага вядомага амерыканскага кампазітара ХХ стагоддзя Джорджа Гершвіна.

Па сваёй форме гэта пастаноўка нагадвае оперна-джазавае шоу, якое складаецца з больш чым дваццаці вакальна-танцавальных нумароў, паміж якімі прасочваецца нейкая унутраная, эмацыянальна-сэнсавая сувязь. На мове арыгіналу гучаць добра вядомыя прыхільнікам жанру хіты з твораў Гершвіна: "Summertime", "Swanee", "I got rythm" і многія іншыя, якія выконваюцца сольна і ансамблева ў суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам калінінградскага дырыжора Аркадзія Фельдмана. У пастаноўцы заняты і оперныя, і мюзіклавыя спевакі, і зразумела – артысты хору, а таксама салісты балета, якія прыгожа аздабляюць масавыя танцавальныя сцэны з удзелам  усіх выканаўцаў. Стыльную работу балетмайстра Аксаны Холевай тут нельга не заўважыць і не ацаніць – яна з’яўляецца істотным складнікам поспеху ўсяго шоу.  

Наогул самае моцнае ўражанне ад гэтай пастаноўкі пакідае яе надзвычай высокая музычная культура, што, у прыватнасці, праяўляецца у бездакорным  гучанні харавых партый і выдатна наладжаным балансе аркестра з салістамі і хорам. І што асабліва хочацца адзначыць: прадстаўленне ідзе ў фармаце “акустычны жывы гук”, без электроннай апаратуры, што дазваляе наяве адчуць жывое дыханне аркестра і пачуць жывы, не узмоцнены мікрафонамі вакал.

Чыста візуальна гэта шоу імкнецца да ўвасаблення традыцый брадвейскіх мюзіклаў: у цэнтры сцэны – бліскуча-зіхатлівая лесвіца, якая узвышаецца над асноўнымі падмосткамі і прызначана перш за ўсё для рацыянальнага размяшчэння вялікай колькасці выканаўцаў, пры гэтым з’яўляючыся эфектным элементам сцэнаграфіі. А завяршае яе своеасаблівая расцяжка на ўсю шырыню канструкцыі – нотны стан, на якім замест нот зіхацяць бліскучыя літары: Gershwin. Артысты апрануты ў стылі 30-х гадоў: жанчыны ў эфектных стыльных плаццях з блішчынкамі і мужчыны ў касцюмах-тройках з нязменнай бабачкай. І усе ўборы вытрыманы ў чорна-белай гаме.

Іншых пастановак пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Бертмана – опер і класічных аперэт – Калінінградскі тэатр у гастрольную афішу не ўключаў. “Мы гэта зрабілі свядома, – зазначае Валерый Лысенка. – У Мінску два акадэмічныя музычныя тэатры, і нам паўтараць іх рэпертуар тут не варта. Наадварот, мы прывезлі сюды такія спектаклі, якіх няма ў рэпертуарнай афішы іншых музычных тэатраў і большасць з якіх з’яўляюцца эксклюзіўнымі, пастаўленымі толькі ў нас”.

Як высветлілася, у суправаджэнні аркестра ішло толькі першае прадстаўленне – "Хиты Бродвея…". Іншыя ж пастаноўкі – рок-оперы і мюзіклы – ужо пад фанаграму. А вось святочны канцэрт, прысвечаны Дню жанчын, уразіў нашых гледачоў тым, што прайшоў наогул без ніякага інструментальнага суправаджэння. Галоўным выканаўцам у гэтым канцэрце быў хор тэатра, які спяваў a cappella. Улічваючы тое, што ў першым жа прадстаўленні Калінінградскага тэатра хор паказаў сябе з найлепшага боку, вельмі прыемна было ў час канцэрта ўбачыць на сцэне яго кіраўніка – хормайстра Канстанціна Беланогава. У скрупулёзна прадуманай канцэртнай праграме перад гледачамі прадстаў не проста пеўчы калектыў, а дасканалы музычны ансамбль, здольны выконваць вакальную музыку розных жанраў.

У першым аддзяленні канцэрта гучалі рускія рамансы, дзе хор выступаў як своеасаблівы камерны калектыў, адначасова спалучаючы ў сабе і спевы, і акампанемент салістам. Другое аддзяленне мела назву "Старая пластинка" і ўжо выглядала як тэатралізаванае прадстаўленне, дзе інсцэніравалася кожная песня. І хор тут выступаў ў розных камбінацыях вакальных ансамбляў, адначасова  выконваючы функцыю акампанемента. У цэлым канцэрт пакінуў цёплае і светлае ўражанне, прадэманстраваўшы гледачам чыстыя ўзоры вакальнай музыкі і выканальніцкай культуры.

Такі высокі ўзровень прафесіяналізму тэатральнага хору невыпадковы – аказваецца, першапачаткова гэты калектыў існаваў як Калінінградская харавая капэла. І гэтым усё сказана. За час свайго існавання капэла набыла вялікі выканаўчы вопыт, прымала удзел у шматлікіх канцэртах і фестывалях за мяжой: у Венгрыі, Польшчы, Ірландыі, Швецыі, Германіі, Францыі, стала лаўрэатам шматлікіх міжнародных конкурсаў. І зараз, уваходзячы ў склад тэатра, гэты харавы калектыў спалучае тэатральную і ўласную канцэртную дзейнасць.

Да найбольш моцных пастановак Калінінградскага музычнага тэатра адносіцца і рок-опера Аляксея Рыбнікава "Хоакин". Усе ведаюць яго рок-оперу "Звезда и смерть Хоакина Мурьеты", пастаўленую Маркам Захаравым на сцэне Ленкома ў 1976 годзе. А яшчэ большую вядомасць гэта рок-опера набыла пасля яе экранізацыі, якую ажыццявіў рэжысёр Уладзімір Грамацікаў у 1982 годзе. Але не так даўно кампазітар зноў звярнуўся да свайго твора і стварыў новую яго версію. І так атрымалася, што, дзякуючы даўнім творчым сувязям Валерыя Лысенка з Аляксеем Рыбнікавым, гэта новая версія ўпершыню была пастаўлена менавіта ў Калінінградскім тэатры. Яе апошні варыянт датуецца 2016-м годам, але, па словах Валерыя Іванавіча, работа над некаторымі нумарамі рок-оперы працягваецца і сёння.

Асноўныя змяненні ў гэтым творы датычаць яго лібрэта, над якім цяпер працаваў сам Аляксей Рыбнікаў у садружнасці з паэтам Юліем Кімам. Першапачаткова аўтарам лібрэта быў Павел Грушко, і пры яго стварэнні ён адштурхоўваўся ад драматычнай кантаты чылійскага паэта Пабла Неруды, дзе галоўны герой Хаакін Мур’ета быў чылійцам. Як адзначае Аляксей Рыбнікаў у адным з сваіх інтэрв’ю, пры стварэнні рок-оперы "всё было сделано немного с революционным оттенком, и это позволило произведению выжить в те времена". А цяпер кампазітар звярнуўся не да літаратурнага твора з яго ідэалагічным ухілам, а да гісторыі рэальнага жыцця гэтага легендарнага героя лацінаамерыканскага эпасу часоў каліфарнійскай залатой ліхарадкі, для чаго яму давялося ўглыбіцца ў мноства гістарычных матэрыялаў і дакументаў, прачытаць шмат розных твораў і нават прагледзець некалькі старых кінафільмаў. І ў выніку высветлілася, што Хаакін Мур’ета Карыльа – зусім не чыліец, а мексіканец, горды і бясстрашны прадстаўнік свайго свабодалюбівага народа, які па-свойму разумее, як трэба змагацца за свае правы, сваю чалавечую годнасць і сваё каханне. Адначасова высветлілася і сапраўднае імя каханай Хаакіна – яе звалі Расіта, а не Тэрэса, як у творы Пабла Неруды і у першапачатковым лібрэта. У новай версіі фігуруюць і іншыя сапраўдныя ўдзельнікі тых падзей, у прыватнасці – забойца Хаакіна, які вазіў з сабой і дэманстраваў яго адрэзананую галаву…

Адштурхоўваючыся ад новага лібрэта і новых тэкстаў вершаў, Аляксей Рыбнікаў унёс неабходныя змены і ў музычны матэрыял рок-оперы: напісаў новую уверцюру, некаторыя новыя нумары, эпілог, у патрэбным русле змяніў драматургію спектакля і яго сцэнічнае рашэнне. Але пры гэтым захаваў усе хіты і арыі галоўных герояў, па якіх і пазнаецца гэты твор. Зразумела, былі зроблены новыя сучасныя аранжыроўкі.

У выніку атрымаўся пранізлівы музычны спектакль аб барацьбе за лепшае жыццё і чалавечую годнасць і аб гісторыі вялікага кахання, якая разгортваецца на фоне жорсткіх сутыкненняў эмігрантаў і карэнных жыхароў Каліфорніі.

У ролі Хаакіна прадстаў Станіслаў Ананьін – вядучы саліст мюзіклавай групы, які валодае бясспрэчным драматычным дарам, дзякуючы чаму і ўдалося раскрыць увесь напал музычнай драматургіі, закладзены не толькі ў развіцці вобраза галоўнага героя, але і пастаноўкі ў цэлым. У ролі Расіты – салістка опернай групы Галіна Кузняцова. Прыгожая, статная, надзвычай выразная ў пластыцы і танцах, яна стварыла яркі і харызматычны вобраз бясстрашнай мексіканкі. Пераканаўчай яна была і ў драматычна насычаных эпізодах, асабліва ў кульмінацыйнай сцэне, калі каліфарнійскія пагромшчыкі, помсцячы мексіканцам, якія прыехалі да іх на залатыя прыіскі, з асаблівай жорсткасцю і цынізмам тварылі гвалт над каханай Хаакіна. Шчымліва-пранізлівай і драматычна ёмкай тут атрымалася вобразная мізансцэна з чырвонай стужкай палатна, якое ахутвае згвалтаванае цела будучай маці, якой ужо не суджана было ні нарадзіць свайго першынца, ні самой застацца сярод жывых.

У адпаведнасці з дынамікай музычнай драматургіі ў спектаклі шмат дынамічна зменлівых масавых сцэн, насычаных характарнымі танцамі, адмысловай пластыкай і трукамі, і ўсе выканаўцы пры гэтым дэманструюць зайздросны акцёрскі трэнінг. Нават адна тая акалічнасць, калі акцёры танцуюць і спяваюць адначасова, як у сапраўдным брадвейскім мюзікле, сведчыць аб іх выкокім узроўні прафесіяналізму. Дзякуючы гэтаму спектакль выглядае надзвычай цэльна, глядач проста не заўважае пераходу ад адной сцэны да другой. І над усім гэтым дзействам валадарыць магутная сіла музыкі.

Спектакль ідзе пад фанаграму, прадастаўленую тэатру кампазітарам. Як адзначае Валерый Лысенка, Рыбнікаў проста не давярае звычайным музыкантам выконваць свае творы. Каб сыграць па-сапраўднаму гэту рок-оперу, патрэбна мець моцную рокавую каманду музыкантаў, а ў Калінінградзе такіх не знойдзеш. Праўда, у тэатры ўсё ж спрабавалі арганізаваць такую каманду, з цяжкасцю сабралі ансамбль сучасных музыкантаў, але нічога не атрымалася – будучы далёкімі ад тэатра, яны не разумеюць той музычнай культуры, якая павінна быць на сцэне. Акрамя таго, для выканання падобнай музыкі трэба мець яшчэ і спецыяльную “заточку” на манеру выканання і працяглыя рэпетыцыі з самім кампазітарам. Так што выкарыстанне якаснай фанаграмы аказалася адзіна прымальным варыянтам, і гэта асабліва зручна на выязных паказах спектакля.
Нерон и Британик
У рокавай эстэтыцы пастаўлены яшчэ адзін спектакль – "Любить Нерона", жанр якога вызначаны як рок-драма. Але ж у афішы пазначана толькі імя аўтара п’есы – Вольга Балычова. А вось наконт аўтарства музыкі ці, дакладней, яе прыналежнасці, глядач даведваецца толькі у час прагляду спектакля. Жанравае азначэнне рок- у гэтай пастаноўцы вынікае з таго, што ў ёй выкарыстоўваецца музыка рок-групы "Агата Кристи", якую ўжывую выконваюць удзельнікі спектакля. Музычным афармленнем спектакля гэта назваць нельга, хутчэй, кампазіцыі рок-групы з’яўляюцца яго формаўтваральнай сутнасцю. А ў кароткай анатацыі да пастаноўкі указваецца зусім проста: "В рок-драме полноценным персонажем существуют песни группы "Агата Кристи".

Пастановачная група гэтага спектакля цалкам калінінградская. Калі ўважліва прагледзець рэпертуарную афішу тэатра, то выявіцца, што аўтар п’есы Вольга Балычова (загадчык літаратурнай часткі тэатра) і рэжысёр-пастаноўшчык Алена Сафонава – трывалы творчы тандэм. Да таго ж выявілася і зусім нечаканая акалічнасць: Алена Сафонава заўсёды з’яўляецца мастаком-пастаноўшчыкам сваіх спектакляў (і не толькі). А справа ў тым, што па сваёй першай тэатральнай прафесіі яна – мастак-сцэнограф, і доўгі час працавала ў Калінінградзе менавіта ў гэтай іпастасі. Пазней атрымала кваліфікацыю рэжысёра-пастаноўшчыка і цяпер сумяшчае абедзьве прафесіі ў сваёй пастановачнай дзейнасці (праўда, у апошні час Алена Сафонава служыць у іншым расійскім тэатры, але гэта не перашкаджае ёй падтрымліваць творчыя кантакты з Калінінградам).

Па ўсяму відаць, што аўтары спектакля задумалі сучасную і смелую, калі не сказаць эпатажную пастаноўку. Прэтэнзіі на гістарызм у ёй няма. Але пры тым ёсць нямала фактаў з рэальнай біяграфіі рымскага імператара Нерона, чыё імя стала сінонімам тыраніі, самага вытанчанага садызму і небывалай распусты ў пачуццёвых здавальненнях. А яшчэ ён застаўся вядомым сваёй хваравітай цягай да акцёрства, спеваў, вершаскладання і іншых праяў мастацкай творчасці, у чым быў абсалютна бяздарным. Адным з відаў садызму Нерона якраз і былі яго публічныя выступленні, якія забаранялася пакідаць пад страхам смерці. Каб неяк пазбавіцца ад кашмару такога відовішча, некаторыя прыкідваліся страціўшымі прытомнасць ад геніяльнай ігры імператара і іх выносілі з тэатра на насілках. А сваім лепшым спектаклем Нерон лічыў спаленне Рыма, калі, назіраючы за разрастаннем пажару з высокага ўзгорку, ён, апрануты ў тэатральны касцюм, іграў на ліры і дэкламаваў паэму аб гібелі Троі. "На троне шут, на сцене – император!" – найбольш трапнае азначэнне асобы Нерона, якое давялося пачуць у гэтай пастаноўцы.

Сцэнаграфія і касцюмы ў гэтым спектаклі таксама не прэтэндуюць на дакладны гістарызм – у іх больш сімвалаў і намёкаў на старажытнасць. Напрыклад, асноўным элементам у афармленні сцэны з’яўляецца фрагмент  руін Рымскага форума, а на задніку змешчана вялікае пано з выявай галоўных герояў спектакля – Нерона і яго маці Агрыпіны. У прынцыпе, гэтымі дэталямі сцэнаграфія і абмяжоўваецца. А з касцюмамі яшчэ прасцей – у іх антычныя матывы аб’яднаны с сучаснымі моднымі тэндэнцыямі, і ўсё гэта памножана на мастацкую фантазію пастаноўшчыка. Па-сапраўднаму гістарычным выглядае толькі касцюм Сенекі – настаўніка Нерона. А сам Нерон апрануты так, што калі выйдзе на вуліцу, то знешне нічым не будзе адрознівацца ад сучаснага нефармала. У галаву прыходзіць крамольная думка: а можа акцёр выйшаў на сцэну ў тым, у чым і прыйшоў у тэатр?

Скразное дзеянне ў спектаклі цяжка ўлавіць. Ён складаецца як бы з асобных эскізаў-карцін, у якіх паказваецца той ці іншы эпізод з жыцця маладога імператара, прытым прапушчаны праз яго унутранае успрыманне. І ў кожную такую сцэну даволі па-майстэрску уплецены песні-балады "Агаты Кристи", якія і спявае выканаўца ролі Нерона Станіслаў Ананьін, выдатна пападаючы ў стыль гэтай рок-групы. Пры гэтым ён і выглядае як нефармальны рок-музыкант мінулага стагоддзя (часоў "Агаты Кристи"): майка, куртка, джынсы, прычоска-іракез…

Малады целам, але стары душой – такім уяўляецца Нерон ў гэтым спектаклі. І гэта прачытваецца ўжо ў першай сцэне: ён выглядае стомленым і агрэсіўна абыякавым да ўсяго і да ўсіх, і што яго асабліва раздражняе, дык гэта звычайныя праявы чалавечага жыцця, якія ён міжволі назірае вакол сябе. Можна сказаць – яго раздражняе само жыццё. Магчыма, ён яшчэ не адышоў ад учарашняй оргіі, але ўжо здольны усведамляць, што для яго не існуе таго шляху, які прыводзіць іншых людзей да звычайных радасцей жыцця. Учора ён забіў чарговую ілжывую шлюху, але ж колькі такіх яшчэ будзе (аб іх бясконца ўпамінаецца на працягу ўсяго спектакля). А вось прыгажуня жонка Актавія яго не любіць і не падпускае да шлюбнага ложа: "Плодить чудовищ – не мое призвание", – бясстрашна заяўляе яна. Гэту ролю выконвае Галіна Кузняцова (яна ж выступала ў дуэце з Аніньіным ў рок-оперы "Хоакин"). Бадай, гэта адзіны жаночы персанаж з вышэйшага саслоўя, надзелены нармальнымі чалавечымі якасцямі. Жывучы ў гіблым асяроддзі, Актавія навучылася хаваць у сабе усе свае думкі і пачуцці. З ног да галавы ў белым, напачатку сваім абліччам яна нагадвае не столькі жывую істоту, колькі сімвал чысціні і аддалены прадвеснік немінучай смерці, якая не прымусіла сябе доўга чакаць. І вось ужо Актавія ў чорным і разам з Неронам яны спяваюць: "Девочка – яд, девочка – смерть. Если бы взять и посмотреть, что там внутри, с той стороны, где твои сны…" Ну хіба не ўпісваецца сэнс гэтай песні з альбома "Агаты Кристи" ў драматургію пьесы?

Спектакль наскрозь метафарычны. А таксама ірэальны – у ім размыты не толькі межы часу, але і прасторы. Паўнапраўнымі ўдзельнікамі падзей выступаюць старажытнарымскія багі: самы вярхоўны з іх – Юпіцер, а таксама Венера з Амурам. Жывыя персанажы спектакля ў іх руках ператвараюцца ў лялек, і, як у лялечным тэатры, багі разыгрываюць гісторыю пра жыццё Нерона. Але неўпрыкмет лялькі застаюцца сцэнічным антуражам і багі ўступаюць ў гульню з людьмі, а людзі – у гульню з багамі.

Значнае месца ў гэтай гісторыі адводзіцца Агрыпіне, маці Нерона. Багі папярэджваюць яе, што сын, якога яна народзіць, будзе вялікім акцёрам і вялікім правіцелем, але настане час, калі ён зжыве са свету яе саму. "Пусть умерщвляет, лишь бы царствовал!", – парыруе яна, спадзючыся, відаць, на ўласную сілу зладзейства. Стаўшы чацвёртай жонкай імператара Клаўдзія (які даводзіўся ёй дзядзькам), а потым атравіўшы яго, ёй удалося ўзвесці свайго сына на трон, мінуючы законнага наследніка. І любіць яна ў Нероне не сына, а саму сябе як маці імператара і сваю любоў да ўлады. У ролі Агрыпіны вельмі пераканаўчай была Алена Мачалава, якая нават сваёй фактурай трапна пападае ў гэты вобраз. Асабліва ўдалай атрымалася сцэна, калі Агрыпіна сваім магутным напорам прымушае Нерона заняцца дзяржаўнымі справамі: напяльвае на яго пурпурную мантыю і лаўровы вянок і падсоўвае на подпіс указы, настойліва і раздражнёна даводзячы: "Не жаждет власти лишь дурак!" А ён, вылузваючыся з імператарскай мантыі, якая і выглядае на ім недарэчна, у гэты момант больш за ўсё жадае спакою і адзіноты і думаць здольны толькі аб акцёрстве. Змрочны і дэпрэсіўны настрой Нерона ў падобных момантах, таксама як і яго адасобленасць ад рэчаіснасці, сапраўды ўдала падкрэсліваюць кампазіцыі "Агаты Кристи", якія вызначаюцца духам нонканфармізму і "пофигистского" эстэтства.

У гледача, які зусім не знаёмы з біяграфіяй Нерона, магло скласціся ўражанне, што імператарская ўлада была для яго невыносным цяжарам. У сапраўднасці ж, такім цяжарам была для яго неабходнасць выконваць абавязкі імператара. А улада яму патрэбна была – дзеля задавальнення сваіх псіхапатычных схільнасцей і паталагічнага славалюбства, якое праяўлялася ў нястрымным жаданні здабыць сабе славу найвялікшага акцёра ў маштабах усёй імперыі. І кожнага, хто б мог пахіснуць гэту ўладу, ён устараняў, задавальняючы пры гэтым і свае садысцкія схільнасці.

На вачах ў Нерона быў атраўлены яго зводны брат Брытанік, месца якога ён заняў на троне. Вобраз Брытаніка,таксама як і яго сястры Актавіі, якая была жонкай Нерона, выклікае ў гледача сімпатыю і спачуванне. Гэту ролю выконвае Аляксандр Дудзінскі – саліст оперы, уладальнік прыгожага барытону, які с поспехам праяўляе сябе і як драматычны акцёр. А калі да гэтага дадаць яго надзвычай сцэнічную і фактурную знешнасць, то будзе зразумелым яго поспех у гледача. Вось толькі не зразумела, чаму стваральнікі спектакля апранулі гэтага  персанажа ў чырвоны, расшыты золатам мундзір, у якім ён вельмі нагадвае іншага небезвядомага персанажа – паручніка Ржэўскага… У чым тут глыбінны сэнс? Здаецца, больш лагічным было б, каб і Брытанік выглядаў па-сучаснаму – таксама як Нерон і Актавія.

Потым прадказанні багоў пачынаюць збывацца: Нерон задумвае забойства сваёй маці, якая прымушае яго займацца дзяржаўнымі справамі. Пры гэтым ён імкнецца ўсё абставіць тэатральна – прыдумвае цэлы спектакль, які павінен разыграцца на яго галеры і ў фінале якога Агрыпіна павінна затануць. Але план не ўдаўся – Агрыпіна выплыла на бераг. У наступны раз ёй выратавацца ўжо не ўдалося – яе напаткала смерць на ўласнай віле.

Пасля гэтага наступае чарга сябра і настаўніка Нерона – філосафа Сенекі, якому велікадушна было дазволена здзейсніць самазабойства, выбраўшы для гэтага самы лёгкі спосаб.

Усе гэтыя гістарычныя факты ў спектаклі ёсць, і тэма забойстваў праходзіць у ім ад пачатку да канца, але назваць яе галоўнай усё ж нельга – яна служыць фонам, на якім разыгрываецца ўнутраная драма галоўнага героя. Нерон у спектаклі паказваецца не столькі праз свае дзеянні, колькі праз энергію свайго ўнутранага самаразбурэння.

А галоўнае пытанне пастаноўкі заключаецца ў тым, ці можна любіць такога чалавека ў прынцыпе. Аказваецца, можна. Так, як любіць яго вольнаадпушчаніца Акта – не за выгоды і не па прымусу, а проста таму, што шчыра і безнадзейна любіцца. І ён, змучаны бясконцымі оргіямі, заўсёды вяртаецца да яе, бо толькі з ёй адной знаходзіць хоць нейкую крыху душэўнага супакаення. А таксама толькі побач з ёй ён можа дазволіць сабе не акцёрстваваць, а быць такім, як ёсць. Ролю Акты бліскуча выконвае вядучая салістка Алена Альфер. І вельмі удалым ходам у пастаноўцы было назначэнне гэтай жа артысткі на ролю Венеры – Акта стала зямным увасабленнем багіні кахання.

У фінале спектакля разыгрываецца фінальны акт жыццёвай драмы Нерона: супраць яго паўстала прэтарыянская гвардыя, а сенат аб’явіў яго ворагам айчыны. Ведаючы, чым гэта скончыцца, ён рашаецца пакончыць з сабою раней, чым яго арыштуюць. Не маючы сіл зрабіць гэта самастойна, ён загадвае свайму саветніку закалоць сябе мячом. І нават гэты, апошні момант свайго жыцця, спрабуе зрабіць тэатральным, прамаўляючы сваю апошнюю рэпліку: "Какой великий артист погибает!" Аўтары спектакля ў гэтай сцэне трохі адышлі ад гістарычнай праўды: у свой судны час Нерон застаецца адзін на адзін з Актай і просіць менавіта яе дапамагчы яму пайсці з жыцця, гэтым самым як бы ўзвышаючы яе да сябе. І гэта акалічнасць уносіць шчымлівую ноту ў развязку ўсёй гісторыі.

Калінінградскі тэатр ганарыцца тым, што ў 2015 годзе стаў адзіным з рэгіянальных тэатраў, які быў запрошаны на XVI Міжнародны Волкаўскі фестываль, і рок-драма "Любить Нерона" была паказана на самай старой тэатральнай сцэне Расіі.
Игорный-дом
У гастрольнай афішы калінінградцаў было і тры мюзіклы. Адзін з іх – "Игорный дом" – таксама адносіцца да ліку эксклюзіўных пастановак. Яго аўтар, маскоўскі кампазітар Аляксандр Шаўцоў, стварыў гэты твор па матывах аповесці Пушкіна "Пиковая дама", напісаўшы да яго і лібрэта, і тэксты песень.

У самога Пушкіна гэта аповесць пранізана містычнымі элементамі, у ёй вельмі тонка абыгрываецца тэма непрадказальнасці лёсу і гульні сляпой фартуны з чалавекам. А ў сілу сваёй сцісласці і недаказанасці, яна дае прастор для фантазіі. Але адразу хочацца сказаць, што аўтар мюзікла не так ужо шмат і нафантазіраваў: у сюжэце па вялікаму рахунку нічога не змяніў, толькі прыўнёс некалькі пікантных момантаў у біяграфію графіні, а ў фінале лёс беднай Лізы павярнуў зусім нечаканым чынам. Але сэнсавыя акцэнты ў мюзікле ўсё ж іншыя – галоўнай дзеючай асобай у ім становіцца ігральны дом, а вобразы Германа і нават Лізы як быццам параджаюцца ім.

Рэжысёрам і сцэнографам гэтай пастаноўкі таксама з’яўляецца Алена Сафонава. І сапраўды, у яе трактоўцы менавіта ігральны дом, а дакладней, ігральны стол становіцца не проста месцам, дзе кіпяць страсці і вершацца лёсы людзей, а нейкім суб’ектам, здольным уплываць на паводзіны людзей, знаходзячы тым самым сабе новых ахвяр.

У спектаклі лінейны ход часу зблытваецца: пачаргова, а то і паралельна паказваюцца сцэны то з жыцця графіні  ў маладосці, то яе сённяшняе становішча  ў ігральным доме. Таму гэты персанаж раздвойваецца на двух выканаўцаў: маладую маскоўскую Венеру, якая бурна праводзіць час ў Парыжы, іграе Алена Альфер, а графіню ў старасці – Антон Арнтгольц, які вельмі ўдала стварыў яе гратэсктна-фарсавы вобраз. Змрочная гісторыя Германа і Лізы будзе разыгрывацца пазней, а пакуль што на першы план выходзіць бліскучы авантурыст граф Сен-Жэрмен, алхімік і акультыст, які выратоўвае маскоўскую Венеру, якая прайгралася, адкрываючы ёй сакрэт трох выйгрышных карт. У ролі Сен-Жэрмена прадстаў Станіслаў Ананьін, адзін толькі гіпнатычны голас якога здольны заваражыць каго заўгодна…

Падрабязнасці пра прыгоды сваёй бабкі ў Парыжы і пра тое, як ёй удалося адыграцца,  расказвае вальяжны граф Томскі, седзячы за ігральным сталом разам з іншымі шукальнікамі ўдачы. (Ролю гэтага заўзятага гульца з своеасаблівым шармам выканаў Аляксандр Дудніцкі.) Воддаль ад стала звычайна стаіць малады немец Герман, вельмі сур’ёзны, спакойны і нешматслоўны, які толькі ўважліва назірае за ігрой, ніколі не беручы ў рукі карт. "Игра занимает меня сильно, – адказвае ён на рэплікі ў свой адрас, – но я не в состоянии жертвовать необходимым в надежде приобрести излишнее". Але  ўсур’ёз словы пра тры выйгрышныя карты ўспрымае менавіта ён. І з гэтага моманту ў ім з адчайнай сілай пачынае прасынацца моцна прыхаваная цяга да карт – ён становіцца заложнікам, а потым і ахвярай ігральнага дома. З самага пачатку вобраз Германа таіў у сабе кантрастную натуру: з аднаго боку ён – уладальнік цвёрдай волі і зайздроснага самавалодання, а з другога – заложнік моцнай прагі да азартнай гульні ў надзеі разбагацець. Герман у выкананні Андрэя Круглова гэтыя якасці свайго характару раскрывае паступова. Спачатку ён у сваім чорным, нібы адлітым з металу мундзіры, стаіць каля стала цвёрды і непахісны, нібы манумент. Але па меры таго, як ім авалодваюць нястрымныя думкі аб магчымасці лёгка разбагацець, ад былой стрыманасці не застаецца і следу. Ён становіцца дзейсным і рашучым.

Перыпетыі ўсім вядомага сюжэту зводзяць Германа з Лізай. Ён выкарыстоўвае яе парыў для таго, каб прабрацца ў дом графіні і выведаць містычную тайну трох карт. А яна, ужо змірыўшыся са становішчам беднай прыжывалкі, раптам успыхнула надзеяй на шчасцівы лёс і безрассудна даверылася яму. У выкананні Галіны Кузняцовай Ліза напачатку прадстае перад гледачом класічнай пушкінскай гераіняй. Але ў фінале яе аблічча і паводзіны рэзка мяняюцца: з незалежным выглядам і пачуццём уласнай годнасці яна ўпэўнена садзіцца за ігральны стол. Такі вось сюрпрыз для гледача, падрыхтаваны аўтарам мюзікла. І сама сабой напрошваецца здагадка: відаць, тайну трох карт графіня перад смерцю ўсё ж паспела раскрыць Лізе.

Усё ў гэтым спектаклі падпарадкавана руху і дынаміцы музычнай драматургіі, разгорнутых размоўных сцэн у ім практычна няма. Музычныя нумары яркія і насычаныя, з удзелам хору і кардэбалету. У цэлым гэта адмыслова сканструяваны ансамблевы спектакль, сучасны і стыльны, які вызначаецца высокім узроўнем пастановачнай культуры.
Необыкновенный-талант
Наступны мюзікл – "Необыкновенный талант" – створаны па матывах апавядання Антона Паўлавіча Чэхава “Каштанка”. Музыку да яго напісаў вядомы маскоўскі кампазітар Аляксей Шэлыгін, які вельмі шмат піша для тэатра і кіно. А лібрэта – яго тэатральны калега, драматург і рэжысёр Аляксей Літвін, які і паставіў гэты спектакль у Калінінградскім тэатры. І трэба адзначыць, што ён не адносіцца да катэгорыі дзіцячых пастановак.

Як вядома, Чэхаў з’яўляецца вялікім майстрам малых форм у прозе, і яго “Каштанка” – найлепшае таму пацвярджэнне. Так што лібрэтысту не патрэбна было скарачаць ні фабулу, ні тэкст апавядання, а наадварот, дапоўніць яго тымі дэталямі, якія робяць празаічны твор сцэнічным.

Чэхаў вельмі любіў назіраць за свойскімі жывёламі і часта апісваў у сваіх творах іх павадкі. У яго дома заўсёды жылі сабакі, а пра ката па імені Фёдар Цімафеевіч, які фігурыруе ў гэтым апавяданні, ён нават пісаў у сваіх пісьмах да сяброў, сярод якіх быў знакаміты дрэсіроўшчык і цыркавы артыст Уладзімір Дураў. І ў аснове апавядання “Каштанка” якраз і ляжыць гісторыя рыжай сабачкі Дурава, з-за якой ён нават судзіўся з яе першапачатковым гаспадаром.

Літаратуразнаўцы адзначаюць, што ў гэтым сціслым апавяданні Чэхаў зрабіў літаратурнае адкрыццё – фіксаваў увагу не столькі на знешніх рысах паводзін сабачкі, колькі на яўных ці няяўных знаках яе ўнутранага стану і праўдападобна паказаў сабачыя “думкі” і “перажыванні”. Таму сябры, жартуючы, пыталіся ў пісьменніка, ці не пажыў ён некаторы час у сабачай шкуры. І тут неабходна адзначыць, што лібрэтыст і рэжысёр вельмі ўдала перанёс гэтыя каштоўныя асаблівасці першакрыніцы ў пастаноўку.

Усё дзеянне ў спектаклі пабудавана так, што Каштанка, ролю якой выконвае Алена Альфер, з’яўляецца галоўнай дзеючай асобай, а людзі, з якімі ёй даводзіцца кантактаваць, як бы дапаможнымі персанажамі. І усе падзеі, што разгортваюцца на сцэне, расцэньваюцца з “пункту гледжання” Каштанкі, пры тым, што яна не размаўляе, як у дзіцячых спектаклях – усе яе ўзаемадзеянні і кантакты з акружаючымі ажыццяўляюцца на невярбальным узроўні.

Вось Каштанка згубілася, адчайна мітусіцца па вуліцы ў пошуках слядоў  свайго гаспадара і яго сына, але густы снег іх засыпае ўсё больш і больш, а нейкія незнаёмыя натоўпы людзей вельмі палохаюць яе і затоптваюць сляды канчаткова… Каштанцы холадна і страшна, і на гэтай незнаёмай вуліцы даводзіцца перажыць шмат жахаў. Спачатку на яе нападае зграя бадзяжных сабак (вельмі уражлівы пластычна-танцавальны нумар), потым ёй дастаецца ад кнутоў п’яных возчыкаў, а пасля яна не ведае, куды схавацца  ад строю салдат і ад катаржан, якіх праводзяць па вуліцы… Шукаючы хоць якога сховішча, Каштанка прыблудзілася да дзвярэй рэстарана, адкуль вываліся шумныя кампаніі купцоў і гараджан з цыганамі… Куды ж падзецца, дзе схавацца ад холаду і снегу?..

Усе жахі, перажытыя Каштанкаю на начной заснежанай вуліцы, атрымліваюць сваё праяўленне ў чарадзе мізансцэн с удзелам артыстаў хору і балета, напоўненых своеасаблівай энергетыкай і дынамізмам.

…Канчаткова выбіўшыся з сіл, Каштанка, уся засыпаная снегам, засынае прама на вуліцы. І праз яе сон гледачы даведваюцца пра яе згублены дом і пра яе гаспадара (усё як у Чэхава). Столяр Лука, пад верстаком якога Каштанка звычайна спіць, выгаворвае ёй: "Ты, Каштанка, насекомое существо и больше ничего. Супротив человека ты всё равно, что плотник супротив столяра".

Як вядома, Каштанку падабраў на вуліцы цыркавы артыст. І яна пад іменем Цётка пачала жыць у кампаніі ката Фёдара Цімафеевіча і гуся Івана Іванавіча, з якімі рэпеціравала розныя нумары. Усё гэта выдатна абыгрываецца ў спектаклі. Артысты нават дэманструюць тую самую “егіпецкую піраміду”, аб якой пісаў Чэхаў. Але ў час цыркавога дэбюту Каштанку ўбачылі на арэне Лука з сынам…

Мала таго, што ва ўнутраным стане Каштанкі ёсць шмат чаго, блізкага чалавеку – аўтары спектакля, услед за аўтарам апавядання, ставяць яе, нібы чалавека,  ў сітуацыю выбару. І яна выбірае не сытасць і выгоды, а шчымлівае пачуццё вернасці і адданасці гаспадару, пахучыя стружкі пад верстаком якога ёй сніліся начамі ва ўтульным доме артыста.

У гэтым спектаклі мала дыялогаў, затое многа песень і танцавальна-пластычных нумароў. Але, будучы сучасным па форме, ён ніколькі не страціў свайго хрэстаматыйнага зместу.

Прыхільнікам больш традыцыйных пастановак быў адрасаваны амерыканскі мюзікл "Человек из Ламанчи", які кампазітар Мітч Лі напісаў яшчэ ў 60-я гады і які вядомы у нас па экранізацыі гэтага твора і па пастаноўках у многіх расійскіх тэатрах.

Паставіў гэты спектакль даўні сябра Валерыя Лысенка яшчэ па гадах вучобы ў ГИТИСе Іслам Казіеў, які цяпер з’яўляецца галоўным рэжысёрам Нацыянальнага тэатра Дагестана. Па сваёй форме гэта пастаноўка ў пастаноўцы.  Пісьменнік Сервантэс і яго слуга пападаюць у турму з-за прэтэнзій рэлігійных улад. Шматлікая арава асуджаных вырашае судзіць пісьменніка па сваіх законах, а ён у якасці сваёй абароны прапаноўвае ўсім прыняць удзел у пастаноўцы той самай гісторыі пра Дон Кіхота. Паступова змест п’есы выходзіць на першы план, і перад гледачом паўстаюць знаёмыя персанажы ў знаёмых сюжэтных перыпетыях. Але ў нейкі момант Дон Кіхот зноў становіцца пісьменнікам Сервантэсам, якога чакае сапраўдны суд…

У вобразах Дон Кіхота і Сервантэса прадстаў Станіслаў Ананьін, выдатна паказаўшы сябе ва ўзроставых драматычных ролях. Санча Панса сыграў Мікалай Пярлухін, які паказаўся цікавым ў гэтай неардынарнай характарнай ролі. А ў вобразе Дульсінеі прадстала чароўная Алена Альфер, якая ў чарговы раз прадэманстравала шырыню свайго акцёрскага дыяпазону. Спектакль даволі шматнаселены, у ім нямала іншых персанажаў, а таксама удзельнікаў масавых сцэн, у якіх заняты артысты хору і балета.
Осада
Калінінградцы прывезлі таксама і дзве драматычныя пастаноўкі. Асаблівую цікавасць выклікаў спектакль "Осада", пастаўлены па п’есе папулярнага аўтара Яўгенія Грышкаўца, які, дарэчы, жыве ў Калінінградзе. Пастаноўка ажыццяўлялася пад мастацкім кіраўніцтвам самога аўтара.
Гэта вельмі дзіўны і не сказаць, каб зразумелы і даступны для лёгкага ўспрымання спектакль. Пастаўлены ён у жанры так званага наіўнага тэатра. Адсюль і мінімалісцкі-цацачнае афармленне сцэны. Скразнога дзеяння ў спектаклі няма, а ёсць толькі расказы і эцюды, прычым сэнсава як быццам не звязаныя паміж сабой.

Пачынаецца спектакль з таго, што Ветэран (артыст Антон Арнтгольц), які увасабляе сабой абагулены вобраз ветэрана ўсіх войнаў, расказвае Юнаку (Роберт Левен) розныя гісторыі з гераічнага мінулага. Юнак слухае ветліва, але няўважліва і увесь час спрабуе пагаварыць па мабільніку… А тым часам расказы Ветэрана ўсё больш пачынаюць нагадваць дзіўную сумесь салдацкіх баек і старажытных міфаў – нездарма ж Юнак раз-пораз ускліквае, што гэта ён ужо калісьці чуў. А Ветэран ўсё працягвае свае гісторыі пра баявога таварыша, які аднойчы перагарадзіў рэчку і такім чынам ачысціў канюшню аднаму дзеду, або пра дзіўнага мужыка ў вёсцы, які кожны дзень невядова дзеля чаго закатваў на гару камень…

А паралельна ў глыбіні сцэны адбываецца другое дзейства: тры антычныя воіны, якія увасабляюць сабой цэлае войска, асаджаюць сцены горада, які ніяк не хоча здавацца. Асада працягваецца ўжо даўно, воіны вельмі хочуць заканчэння вайны і разважаюць, як гэта зрабіць. Урэшце вырашылі звярнуцца да асаджаных з ультыматумам: "Ваше положение кастра-тофическое! Плохое, значит! Выходите с поднятыми руками, мы, может быть, пообещаем вам жизнь и частичную сохранность личного имущества!.."

У дзеянне без бачных на тое прычын раз-пораз укліньваецца нейкі бесславесны персанаж, які спрабуе ўзляцець на нязграбных перапончатых крылах. Кожны раз падае вобземлю, падымаецца і ціха сыходзіць…

Больш-менш дасведчаны глядач здагадваецца, што гэта – Ікар, а воіны асаджаюць Трою. А Ветэран расказваў Юнаку пра Геракла і Сізіфа, а сам ён не хто іншы, як Адысей, які прыдумаў драўлянага каня.

Філасофія спектакля наступная: асады Троі будуць працягвацца да таго часу, пакуль праціўнікі не навучацца дамаўляцца. І пакуль не зжыве сябе ваяўнічая ўстаноўка, якую выказвае адзін з воінаў: "Дед воевал, отец воевал, и я воевать пойду и сына своего отправлю".

І яшчэ адна сумесная работа аўтара п’есы Вольгі Балычовай і пастаноўшчыка Алены Сафонавай – правакацыйная камедыя "Утоли жажду". Гэта чыста касавая рэч, якую можна аднесці да так званага масавага жанру. Гісторыя пра тое, як у адным прыморскім гарадку некалькі мужыкоў сярэдняга ўзросту, застаўшыся без работы, замест таго, каб яе шукаць,  надакучваюць сваёй прысутнасцю гаспадыні бара, у якой просяць спіртное ў доўг. Міжволі ўзнікае асацыяцыя: ці ні пра гэту смагу пойдзе гаворка?.. Высвятляецца, што гаспадыня бару – іх аднакласніца, якая сама перажывае не лепшыя часы, але здольна трымацца на плыву. Да кампаніі далучаецца яшчэ адзін аднакласнік-няўдачнік, які нядаўна вярнуўся з Масквы, дзе быў ці то рэжысёрам, ці то акцёрам. Гледачу хутка становіцца зразумелым, што паміж ім і  гаспадыняй бара стаіць нешта сур’ёзнае – яны са школьных гадоў кахаюць адзін аднаго. І вось жанчыне прыходзіць у галаву ідэя, чым заняць сваіх не вельмі талковых аднакласнікаў: арганізаваць з іх удзелам эратычнае шоу для дам! Тым больш, што і рэжысёр свой ёсць.

На самай справе, не ўсё так у п’есе спрошчана і прамалінейна. Мужчыны згаджаюцца на такі занятак толькі пасля таго, як даведваюцца, што грошы іх аднакласніцы патрэбны для аперацыі.
Спектакль амаль камерны, дзеючых асоб не шмат, няма масавых сцэн, якія прыцягваюць увагу гледача, гэта значыць, што ён трымаецца толькі на акцёрскай ігры. У галоўных ролях выступілі Алена Мачалава і Антон Арнтгольц. А ўсе выканаўцы разам стварылі  арганічны сцэнічны ансамбль.

Акрамя пералічаных спектакляў, Калінінградскі тэатр прывёз яшчэ дзве музычныя казкі для дзяцей. Так што па яго гастрольнай афішы можна было ўжо меркаваць аб шырыні жанравага дыяпазону гэтага калектыву, а прагледжаныя спектаклі далі ўяўленне аб якасці пастановак і прафесіяналіме выканаўцаў. Таму зусім не выпадкова ў 2010 годзе рашэннем Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтва тэатру быў прысвоены статус "Национальное достояние России".

Наступным у фестывальнай афішы быў Драматычны тэатр імя Юозаса Мільцініса з літоўскага горада Панявежыс, які прыехаў у Мінск упершыню. Літоўцы прывезлі на фестываль спектакль "Вишня в шоколаде" паводле п’есы фінскага драматурга Лауры Руахонен "Ольга".

Фінская драматургія не толькі для нас, але і для краін Еўропы да нядаўняга часу заставалася зусім незнаёмай. Але п’еса "Ольга", напісаная ў 1995 годзе і пастаўленая на сцэне Фінскага нацыянальнага тэатра, стала сапраўднай падзеяй у фінскай драматургіі і хутка – у еўрапейскай драматургіі ў цэлым. Яна была перакладзена больш чым на дзесяць моў і яе пачалі ставіць у многіх краінах Еўропы і ЗША. У Мінску гледачы маглі пабачыць яе ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

У тэатры імя Юозаса Мільцініса гэты спектакль паставіў яго мастацкі кіраўнік Лінас Марыюс Зайкаускас. У ім расказваецца вельмі дзіўная гісторыя ўзаемаадносін старой адзінокай жанчыны і маладога забулдыгі. Рундзіс – бяздомны і беспрацоўны цынік, які ненавідзіць жыццё, але баіцца смерці. А Вольга ўжо смерці не баіцца, таму любіць жыццё. У сілу свайго ўзросту яна ўжо вызвалілася ад гэтай фобіі і з іроніяй заўважае: пачынаеш любіць жыццё, калі становішся ад яго свабодным. Гэтай свабодзе яна і вучыць Рундзіса.

Перад гледачом разыгрываецца лірычная камедыя з мноствам дзіўных ўчынкаў аднаго і другога, якія сведчаць, што Вольга знаходзіць сваё апошняе каханне, а Рундзіс, магчыма, першае. Даходзіць да таго, што ён хоча хутчэй састарыцца, каб хоць трошкі наблізіцца да яе ўзросту. Але фінал гэтай лірычнай камедыі аказаўся трагічным: пакуль Рундзіс знаходзіўся ў бальніцы, Вольга адчула, што прыйшоў яе час… І яна піша яму перадсмяротную запіску: "Подаренная тобой коробка с шоколадом возле меня. Там осталось одно вишневое сердечко. Напоследок в этом мире я съем его с мыслью, что оно такое же красивое и чудесное, как твои губы".

У ролі Вольгі выступіла выдатная актрыса Аста Прэйдзітэ, у ролі Рундзіса – таленавіты малады акцёр Йонас Чэпуліс. У спектаклі ёсць некалькі іншых персанажаў, але фактычна ён быў сыграны двума вельмі таленавітымі артыстамі, якія ўвесь час трымалі на сабе пільную ўвагу гледачоў. І абавязкова трэба адзначыць музычнае афармленне спектакля – у глыбіні сцэны каля куліс размяшчаўся невялікі вельмі своеасаблівы аркестрык з непрывычным саставам інструментаў: электроннае піяніна, акардэон, казу, кларнет, саксафон, губны гармонік, ударныя, перкусія. І на працягу ўсяго спектакля ціха гучала некалькі шчымлівых і самотных тэм, якія адлюстроўвалі душэўны стан герояў гэтай дзівоснай гісторыі.

Акрамя двух тэатраў, аб якіх ішла гаворка, у мінскім фестывалі прынялі ўдзел Рускі драматычны тэатр Літвы з Вільнюса – найбольш часты госць Беларускага музычнага; Тульскі акадэмічны тэатр драмы – адзін з старэйшых у Расіі; і Даугаўпілскі тэатр з Латвіі. Усе яны прыязджалі у Мінск не раз, нашы гледачы помняць іх пастаноўкі і заўсёды рады бачыць палюбіўшыхся артыстаў у новых.
Зразумела, што і Беларускі музычны тэатр, у адпаведнасці з графікам прыезду гасцей, пабываў са сваімі спектаклямі на сцэнах усіх тэатраў, якія прынялі ўдзел у гэтым фестывалі. А якой будзе “Тэатральная вясна ў Музычным тэатры” ў наступныя гады, пакажа час.

Зоя МАТУСЕВІЧ
“ПОЛЫМЯ” №5, стар. 144-157. - 2017. - май



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: