Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/З настальгіяй па песні. Творчы вечар Эдуарда Ханка прайшоў на сцэне БАМТ (Зоя Матусевіч, "Літаратура і мастацтва", 24.04.2023)

З настальгіяй па песні. Творчы вечар Эдуарда Ханка прайшоў на сцэне БАМТ (Зоя Матусевіч, "Літаратура і мастацтва", 24.04.2023)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

З настальгіяй па песні. Творчы вечар Эдуарда Ханка прайшоў на сцэне БАМТ

На сцэне Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра перыядычна праходзяць канцэрты, прымеркаваныя да розных святочных дат. Але фармат канцэрта, які адбыўся тут 8 красавіка, можна назваць эксклюзіўным: гэта быў творчы вечар народнага артыста Беларусі кампазітара Эдуарда Ханка. Аўтарам ідэі імпрэзы з’яўляецца мастацкі кіраўнік тэатра Адам Мурзіч.

eduard_hanok

Зразумела, што праграма цалкам складалася з песень кампазітара, якія многія дзесяцігоддзі ва ўсіх на слыху. З яго твораў фарміраваўся рэпертуар нашых славутых ВІА "Верасы", "Сябры", "Песняры", і многія з тых песень прагучалі на творчым вечары ў выкананні салістаў тэатра. Вёў канцэрт сам Эдуард Ханок, сумяшчаючы ў сваёй асобе і вядучага, і канферансье, і выканаўца.

Нават першы нумар праграмы — песню "Брэст" — Эдуард Сямёнавіч выканаў сам. Цікава, што ён напісаў і вершы да яе. Ніхто, акрамя аўтара, гэту песню не спявае, бо яна спавядальная: "Давно покинул город свой, // Живу то в Минске, то в Москве. // Но до сих пор порой ночной // Тот тихий город снится мне…" Вядома, што ў Брэсце прайшло дзяцінства і юнацтва кампазітара, і ўсесаюзную вядомасць ён набыў, калі жыў там. У брэсцкім гарадскім садзе ў Эдуарда Ханка ёсць нават імянная лаўка з памятнай таблічкай, на якой выгравіраваны радкі з яго найбольш вядомай песні на вершы Анатоля Папярэчнага: "Как дорог край березовый в малиновой заре".

Падчас канцэрта кампазітар расказаў гісторыю стварэння гэтага хіта: "Песню "Малиновка" я напісаў у 1976 годзе і меркаваў, што яе запіша Яак Ёала, але ён адмовіўся. І я аддаў яе музыкантам рэстарана брэсцкай гасцініцы "Беларусь", якая знаходзілася насупраць майго дома. Яна адразу стала надзвычай папулярнай, і тамтэйшыя музыканты некалькі гадоў добра зараблялі на ёй. Але аднойчы ў гэтай гасцініцы пасяліліся ўдзельнікі ансамбля "Верасы", якія гастралявалі па Брэсцкай вобласці. Тады яны і пачулі "Малиновку". Васіль Раінчык запісаў яе на магнітафон, і неўзабаве ансамбль стварыў сваю версію кампазіцыі, дабавіўшы свістульку замест саксафона. Так і ўзнік усенародны хіт, які ўвайшоў у тэлефестываль "Песня-80"". А на творчым вечары кампазітара гэты хіт гучаў у выкананні салістаў тэатра Лесі Лют і Яўгена Ермакова.

natallya_dzyamenceva_i_uladzislau_danilovich

У тэлефестывалі "Песня-81" у выкананні "Верасоў" паўстаў яшчэ адзін шлягер Эдуарда Ханка на словы Ігара Шаферана — "Я у бабушки живу". На сцэне Музычнага тэатра яе выканаў юны артыст Радзівон Смірноў. Наступны тэлефестываль "Песня-82" быў таксама пераможным — на ім "Верасы" выконвалі "Завіруху" на словы Генадзя Бураўкіна. У канцэрце песню пранікнёна праспявалі салісты тэатра Наталля Чабёлка і Мікалай Русецкі. І чацвёртая песня з рэпертуару "Верасоў" — "Счастливый случай" на вершы Ларысы Рубальскай, якая выйшла ў фінал "Песни-88", — прагучала ў яркім выкананні Вольгі Жалезкай і Сяргея Спруця.

Зразумела, салісты з акадэмічным вакалам спяваюць не так, як удзельнікі ВІА. Акрамя таго, сёння немагчыма выканаць песню такім чынам, як яе выконвалі паўстагоддзя таму. Але пры гэтым усе творы з канцэртнай праграмы захавалі свае танальнасць, тэмп і інтанацыйны строй — у адпаведнасці з прапанаванай Эдуардам Ханком фанаграмай (так званай мінусоўкай). Публіка вельмі цёпла прымала нумары ў суправаджэнні канцэртмайстра Таццяны Панасюк (на жаль, іх было толькі тры). Своеасаблівае ансамблевае гучанне многім песням надаваў бэк-вакал (жаночы, мужчынскі і змешаны) пад кіраўніцтвам Ігара Баканава. А музычным кіраўніком усёй праграмы выступіла вопытны хормайстар Святлана Пятрова. У цэлым усе ўдзельнікі канцэрта вызначаліся музычнай і выканальніцкай культурай і нейкім няўлоўным чынам узбуджалі ў гледачоў старэйшага пакалення настальгічныя ноткі па песнях іх дзяцінства і юнацтва. Але і моладзі ў зале было даволі шмат, і яны класіку савецкай эстрады ў сучасным выкананні ўспрымалі па-свойму.

volga_zhalezkaya_i_syargey_spruc

З рэпертуару ВІА "Сябры" ў канцэрце прагучала таксама чатыры нумары. Песня "Жар-птушка" на словы Генадзя Бураўкіна — у выкананні Наталлі Дзяменцьевай і Уладзіслава Даніловіча; "А я лягу-прылягу" на словы Ніла Гілевіча — у выкананні Сяргея Спруця. Песню "Салавей спявае" на вершы Уладзіміра Карызны ў ігравой манеры выканаў Уладзімір Свібовіч разам з жаночым бэк-вакалам. А твор патрыятычнага гучання "Два полі" на вершы Анатоля Вярцінскага выканала вакальнае трыа ў складзе Яўгена Ермакова, Мікалая Русецкага і Уладзіміра Свібовіча.

З рэпертуару "Песняроў" выбралі толькі адну песню — "Ты моя надежда, ты моя отрада…" на словы Віктара Бокава, якая была напісана для музычнага мастацкага фільма "Ясь і Яніна", знятага на кінастудыі "Беларусьфільм" у 1974 годзе. У ім удзельнікі ансамбля не толькі спявалі, але і выступалі ў якасці акцёраў. У канцэрце названую песню выканаў саліст тэатра Шамхал Хачатуран. А гледачы ў гэты момант бачылі на задніку кадры з фільма і пазнавалі зусім яшчэ маладых "Песняроў". І так было практычна з кожным нумарам: салісты спяваюць тую ці іншую песню, а гледачы бачаць на задніку яе першага выканаўцу.

shamhal_hachaturan_i_kancertmaystar_taccyana_panasyuk

У заключэнне размовы аб першых беларускіх выканаўцах песень Эдуарда Ханка коратка прывядзём яго расповед пра гісторыю твора "Здравствуй, чужая мілая" на словы Леаніда Татаранкі. Кампазітар напісаў яго ў канцы 1960-х гадоў і прапанаваў выканаць вельмі папулярнаму на той час Валерыю Абадзінскаму. Той спачатку схапіўся за ідэю, але хутка патух. І песня праляжала ў стале 25 гадоў, пакуль не трапіла да Аляксандра Саладухі, якому ўдалося пабудаваць на ёй сваю кар’еру. На творчым вечары яе выканаў вядучы саліст тэатра Віктар Цыркуновіч.

Зразумела, у праграму ўвайшлі песні, першымі выканаўцамі якіх былі расійскія спевакі і ВІА. Не будзем іх пералічваць, а спынімся на тых дзвюх песнях кампазітара, якія былі ў рэпертуары Алы Пугачовай. "Песенку первоклассника" ("То ли еще будет…") на словы Ігара Шаферана Эдуард Сямёнавіч прапанаваў ёй у 1976 годзе. Спявачка ўзяла, але нічога пэўнага не адказала, а выканала толькі ў 1978 годзе, калі яе дачка пайшла ў першы клас. У нашым канцэрце гэтая жартоўная песня прагучала ў яркім выкананні юнага артыста Радзівона Смірнова ў суправаджэнні мужчынскага бэк-вакалу.

Гледачы з цікавасцю слухалі аповед кампазітара і аб другой яго песні з рэпертуару Алы Пугачовай — "Журавлик" ("Ты возьми меня с собой…") на словы Ільі Рэзніка, якая разам з першай складае пэўны дыптых. Першапачаткова гэта была кампазіцыя з фільма "Зеленые фрегаты", знятага на кінастудыі "Беларусьфільм" (па нейкай прычыне ў канчатковую рэдакцыю фільма не ўвайшла). Кампазіцыя была напісана ў рытме вальса, але Ала Пугачова зрабіла новую аранжыроўку, памяняла рытм, і замест вальсавай кампазіцыі атрымалася сучасная рытмічная песня. На творчым вечары яе выканала прыма Музычнага тэатра Маргарыта Александровіч.

margaryta_aleksandrovich

Нельга не спыніцца яшчэ на адной песні кампазітара, першым выканаўцам якой быў Эдуард Хіль. Менавіта гэтай песняй у выкананні саліста нашага тэатра Уладзіслава Даніловіча заканчваўся канцэрт, але ў творчай кар’еры Эдуарда Ханка яна была першай вялікай удачай. Гаворка ідзе пра "Зиму" ("У леса на опушке…") на словы Сяргея Астравога. Спачатку "Зіма" прагучала ў радыёперадачы "С добрым утром", але слухачоў чамусьці не зачапіла. Магчыма, кампазітар перамудрыў з класічнай аранжыроўкай. І толькі пасля таго, як Эдуард Хіль зрабіў эстрадную аранжыроўку і выканаў гэтую песню на "Голубом огоньке" 30 снежня 1970 года, яна адразу стала ўсесаюзным шлягерам і ўвайшла ў фінал тэлефестывалю "Песня-71".

Але самай любімай на сёння кампазітар лічыць песню "Самурай" на словы Ларысы Рубальскай, напісаную ў канцы 1990-х гадоў. Яна не раскручана спевакамі, Эдуард Ханок заўсёды выконвае яе сам, і заўсёды зала слухае яе стоячы. Так было і на яго творчым вечары.

У музычным тэатры лічаць, што гэты праект не павінен застацца аднаразовым. З ім можна выязджаць у гарады Беларусі і нават за яе межы. У прыватнасці, ужо ёсць дамоўленасць на паказ гэтага канцэрта 15 чэрвеня на сцэне Тульскага тэатра драмы. Мяркуецца таксама зрабіць уласныя аркестроўкі, каб удзельнікам праекта стаў аркестр тэатра ці інструментальны ансамбль, які б разам з салістамі размяшчаўся на сцэне.

Зоя МАТУСЕВІЧ
Літаратура і мастацтва. - 2023. - 24 крас.
Фота Сяргея ЧЫГІРА



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: