Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Звычайныя дзеці — Музычны тэатр (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 17.04.2021)

Звычайныя дзеці — Музычны тэатр (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 17.04.2021)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Звычайныя дзеці — Музычны тэатр

Размову пра дзіцячы рэпертуар мы пачыналі з Вялікага тэатра (гл. № 14 "К"). Але ж балетныя спектаклі — даволі трывалая з’ява і ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Там жа, дарэчы, ладзяцца і іншыя спектаклі для дзяцей — часцей за ўсё, музычныя казкі. На апошні жанр вельмі багаты таксама Маладзёжны тэатр эстрады. Там і да зімовых канікулаў два новыя музычныя спектаклі ставілі, і да вясновых — зноў дзве прэм’еры.

звычайныя дзеці 1

Пра Ваўка, што праглынуў Персік

У Музычным тэатры падобны "дзіцячы марафон" прыпадаў на 2019 год. Напрыканцы яго ў афішы з’явіліся "Ямеля і чароўны камень Радамарын", у наступны дзень — "Дамавёнак Кузя". І гэта пры тым, што крыху раней дзве прэм’еры былі прымеркаваны да вясновых канікулаў: мюзікл-казка "Чароўны сон Папялушкі" і балет "Джэймс і Персік-волат". З музычных казак, да якіх я аднесла б і "Папялушку", больш цікавым па мелодыцы, аркестроўцы мне ўяўляецца "Дамавёнак Кузя" маладога беларускага кампазітара Паўла Шведава. Астатнія дзве казкі, музыка якіх належыць Гяльсят Шайдулавай з Расіі (гэты аўтар, падобна на тое, сёння самы запатрабаваны ў нашым Музычным тэатры), ідуць без аркестра — пад інструментальную фанаграму-"мінусоўку", да якой дадаюцца жывыя галасы артыстаў.

Іншая справа — балет "Персік-волат": яркая, у поўным сэнсе слова каляровая музыка маладога беларускага кампазітара Кацярыны Шымановіч, цікавая, вынаходлівая харэаграфія Сяргея Мікеля. Але… за два гады спектакль прайшоў літаральна пяць — шэсць разоў і быў зняты з рэпертуару. На сёлетніх канікулах яго замяніла прэм’ера — балет-казка "Пеця і воўк" С.Пракоф’ева з харэаграфіяй таго ж С.Мікеля і часткова выкарыстанымі сцэнічнымі строямі "Персіка". Нічога не маю супраць класікі: я толькі супраць гэтага прынцыпа — "замест". Не карыстаецца попытам? Вядома, заўжды больш "пракатнымі" бываюць "раскручаныя" назвы, прычым незалежна ад якасці спектакляў: бацькі "купляюцца" на тое, што ведаюць самі і, магчыма, чулі-глядзелі ва ўласным дзяцінстве. А ў нашых тэатрах, як бачым, часцей задаюцца пытаннем: "Ці пойдзе публіка?", а не пастаўленай задачай — прыцягнуць гледачоў на тое ці іншае новае найменне.

звычайныя дзеці 2

З назвай "Пеця і воўк" такіх праблем не будзе: яе добра ведаюць не толькі бацькі (яшчэ са сваіх школьных гадоў), але і бабулі-дзядулі, прабабулі цяперашніх дзяцей. Ведаюць казку (а найперш музыку) і ў замежжы. Дуэт чытальніка і аркестра даўно дапаўняюць тэатральным дзеяннем самага рознага кшталту. Нядаўна ў Германіі былі паказы з пясочнай анімацыяй. У Барселоне дадалі і тэатр ценяў, і лялек — і ўсё гэта з гумарам, вялікай доляй іроніі. Бо як іначай можна сёння ставіцца да гэтага немудрагелістага сюжэта? Заўважу: у абодвух згаданых выпадках аркестр знаходзіўся на сцэне. А ў іспанскай версіі салісты са сваімі інструментамі, тэмбры якіх малююць партрэты герояў, выходзілі на авансцэну, у залу — і не толькі дзеля інтэрактыву: усё ж галоўнае ў гэтай казцы — знаёмства дзяцей з музычнымі фарбамі, уменне сачыць за тым ці іншым лейтматывам.

Наш спектакль — зусім іншы. Аркестр, каб не перашкаджаць артыстам балета, застаецца ў яме. Знаёмства з аркестравымі групамі адбываецца быццам "між іншым": скрыпачы і частка меднікаў на імгненне ўзнімаюць інструменты над галавой. Пры такім раскладзе штосьці запомніць, асабліва дзіцяці, немагчыма. А яшчэ, каб зрабіць казку адпаведнай звыкламу фармату дзіцячага спектакля, яе пашыраюць за кошт іншай музыкі С.Пракоф’ева. Вядома, у гэтых нумарах губляюцца лейтматывы, лейттэмбры — сам сэнс усяго аповеду. Бо смешна ж думаць, што спектакль прызначаны навучыць дзяцей тэхніцы бяспекі пры сустрэчы з дзікім драпежнікам.

Затое дзеці прывучаюцца да розных харэаграфічных кірункаў: Птушка — балетная класіка, Качка — contemporary dance, Дзядуля — пантаміма і народны танец. Асабліва цікавай аказалася Сажалка, перададзеная не "хвалямі" тканіны на ўсю сцэну, а… уласна харэаграфіяй. Не надта выразным атрымаўся Кот: яго чамусьці вырашылі зрабіць надта тлустым, а таму пазбаўленым выразнай кацінай гнуткасці. Дый Дзядуля ў будзёнаўцы — відавочны анахранізм. Як, дарэчы, і Апавядальніца ў вялізнай хустцы, і ўвесь надта сур’ёзны пасыл, што вымушае дзяцей ставіцца да з’едзенай Качкі, як да шэкспіраўскай трагедыі. Потым, праўда, тая аказваецца жывой, чаго не скажаш пра "Персік": праглынуў "Воўк" беларускі "Персік", а волатам, на жаль, не стаў.

Казкі з падказкай

Да Маладзёжнага тэатра эстрады некаторыя "сур’ёзныя" музыканты ставяцца паблажліва. А між тым, апошнім часам там сталі з’яўляцца папраўдзе цікавыя спектаклі. Некаторыя — па прынцыпе гэткага тэатралізаванага дывертысмента, рэвю, нават капусніка, калі сюжэтная лінія аздабляецца вядомымі песнямі з перайначанымі пад гэты сюжэт словамі. А некаторыя — увогуле з цалкам новай аўтарскай музыкай.

Здавалася б, такога роду праграмы былі ў гэтым тэатры і раней. Але з таго часу, як калектыў узначаліла Уладзіслава Арцюкоўская, якая сама піша сцэнарыі і выступае рэжысёрам, яны сталі больш цэласнымі, пазбавіліся безгустоўнасці. Набылі, што асабліва заўважна ў дзіцячым рэпертуары, мэтанакіраваны вектар да "разумнага, добрага, вечнага", нават з відавочнымі элементамі павучальнасці, добра прыхаванымі агульнай мастацкасцю, эстэтычнасцю, добрым гумарам. На такіх спектаклях цікава не толькі дзецям, але і дарослым, якія таксама атрымліваюць "падказкі" для свайго жыцця.

"Катавасія і Пёсасторыя" — гэта, як падкрэсліваюць самі стваральнікі, дзіцячы варыянт "Рамэа і Джульеты". Падобных гісторый, у тым ліку з дзіцячым ухілам, — безліч: дастаткова згадаць хаця б сяброўства кураня і лісяня, выкладзенае рознымі аўтарамі па-рознаму. Тут дадаюцца і іншыя спасылкі — на вядомыя мультфільмы, знаёмых герояў. Але мэсэдж застаецца тым жа: нельга быць варожым да кагосьці толькі таму, што ён не падобны да цябе. Ці таму, што так рабілі папярэднікі.

Яшчэ больш цікавай, на маю думку, аказалася музычная казка "Той самы Карлсан і Малыш". У тым і справа, што зусім не "той жа самы"! Хутчэй, сіквел кніжкі Астрыд Ліндгрэн. Бо чарговы дзень народзінаў хлопчыка становіцца падставай для роздуму, "куды знікае дзяцінства". І зроблена гэта вельмі тонка, без уціску, з добрай усмешкай і находжаннем сапраўднай сямейнай гармоніі, дзе нават Фрэкен Бок (непазнавальны Уладзімір Варанкоў з выдатнымі пластычнымі знаходкамі) становіцца зусім не домамучыцелькай, а спагадлівай сяброўкай. Сапраўды, чым яна не пара "мужчыне ў самым росквіце сіл"?

Спектакль вучыць дзяцей і дарослых гуляць. І не адно падкідваючы мячыкі-шары (інтэрактыву тут хапае), але і проста фантазіруючы. Разам. Чым не падказка на ўсё жыццё? Без "непрымірымых ворагаў", у гармоніі са сваімі блізкімі (сямейныя каштоўнасці — на першым плане) і з усім навакольным светам. Нам доўга бракавала такіх казак: мудрых, разважлівых, заснаваных на дабрыні і прыняцці навакольных такімі, якія яны ёсць. І тое, што такія спектаклі, нарэшце, сталі з’яўляцца — добры знак.

"Культура". - 2021. - 17 крас.
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: