« Назад Нашы перамогі ў замежжы Беларускія калектывы не ўпершыню ўдзельнічаюць у Міжнародным тэатральным фестывалі "Смаленскі каўчэг". Але сёлета яны зрабілі сапраўдны фурор, атрымаўшы найбольшую колькасць узнагарод, уключаючы гран-пры. І гэта далёка не адзіная айчынная перамога ў Расіі апошнім часам. "ЖАНІЦЬБА" І НЕ ТОЛЬКІ — Я сачу за "Смаленскім каўчэгам" з самага яго з’яўлення ў 2008-м, — гаворыць доктар мастацтвазнаўства, прафесар, тэатральны крытык, старшыня журы сёлетняга, дзявятага фестывалю Таццяна Катовіч. — Традыцыйна ён праводзіцца раз на два гады ўвесну, але сёлета ладзіўся ўвосень і прысвячаўся 245-годдзю Смаленскага дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя А. Грыбаедава. Акрамя малой і вялікай сцэн гэтай установы, што выступае арганізатарам, былі задзейнічаны пляцоўкі тэатра лялек і асабліва актыўна — Дома акцёра ў Смаленску. Адразу пасля кожнага спектакля праходзіла абмеркаванне — у прысутнасці трупы. Усе члены журы ў адзін голас ухвалілі работу "Жаніцьба. Фантасмагорыя" па Гогалю Магілёўскага абласнога драмтэатра. Няма чаго здзіўляцца: калектыў стаў уладальнікам гран-пры. А яшчэ за ігру ў гэтым спектаклі аж тры артысты атрымалі дыпломы. У намінацыі "Найлепшая жаночая галоўная роля" перамагла Марыя Рудакова, якая выконвала Агаф’ю Ціханаўну. Аляксандр Куляшоў быў адзначаны за свайго Качкарова ("Найлепшая галоўная мужчынская роля ў драматычным спектаклі"). А найлепшай мужчынскай роляй другога плана прызналі Жавакіна ад маладога артыста Аляксандра Зянькова. Паставіў гэты спектакль у Магілёве Сяргей Фядотаў — кіраўнік уласнага аўтарскага тэатра "Ля моста" (Перм), дзе таксама ідзе "Жаніцьба". Але магілёўскі спектакль не можа быць пераносам ужо таму, што задзейнічаны іншыя акцёры. У Фядотава свая стратэгія працы з артыстамі, я назвала б яе "метад самурая". У рэжысёра вялізныя патрабаванні да пластыкі, да насычэння кожнай ролі асаблівай характарнасцю. І магілёўскі спектакль вылучаўся сярод астатніх па сцэнаграфіі, рытме, рабоце акцёраў. Гэта быў у добрым сэнсе слова эстэтычны шок. Паўтары гадзіны першага аддзялення праляцелі, бы некалькі хвілін, — настолькі ўсіх прыцягнула відовішча. Тых уражанняў хацелася яшчэ, усіх літаральна скалануў наймацнейшы акцёрскі зарад. Між тым па вяртанні з фестывалю Магілёўскі абласны драмтэатр паспеў выпусціць чарговую прэм’еру: 17, 18 і 19 кастрычніка тут гучна прэзентавалі пушкінскія "Маленькія трагедыі" ў інтэрпрэтацыі рэжысёра Міхаіла Лашыцкага. Спектакль, жанрава акрэслены як "сцэнічны містэрыум", — прыклад супрацоўніцтва ў межах Саюзнай дзяржавы: з фінансаваннем пастаноўкі да 225-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Пушкіна дапамаглі Міністэрства культуры Расіі і міжнародны праект "Рускія сезоны". УСЕ СІМПАТЫІ — МУЗЫЧНАМУ На ІХ Міжнародным тэатральным фестывалі "Смаленскі каўчэг" узнагароды атрымаў і іншы наш калектыў. — Свята сёлета адкрывалася "Гульнёй кахання" Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, — працягвае старшыня журы Таццяна Катовіч. — Менавіта гэтая пастаноўка была адзначана публікай як найлепшая, удастоілася прыза глядацкіх сімпатый. Свае ўражанні людзі выказвалі таксама пісьмова — на спецыяльным стэндзе ў фае. І гледачы, і прафесійнае журы вылучылі артыста Сяргея Суцько: яго Дарант быў прызнаны найлепшай галоўнай мужчынскай роляй у музычным спектаклі — гэта папраўдзе вельмі годная акцёрская работа. А яшчэ два мінскія артысты — Вольга Жалезкая і Сяргей Жараў, якія ігралі ў "Гульні кахання" Арлекіна і Лізету, — былі ўзнагароджаны спецыяльным прызам журы "За найлепшы камічны дуэт". Дададзім, што адразу пасля Смаленска спектакль "Гульня кахання" выправіўся ў Мічурынск на III Міжнародны тэатральны фестываль "На радзіме Уладзіміра Зельдзіна" і там стаў лаўрэатам у той жа намінацыі "Прыз глядацкіх сімпатый". Нашы артысты паўдзельнічалі і ў майстар-класе, прысвечаным пластычнаму існаванню акцёра на сцэне. — Майстар-клас праводзіў Артур Ашчэпкаў, — распавяла Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова, выканаўца ролі Лізеты, лаўрэат міжнароднага конкурсу. — Гэты знакаміты расійскі харэограф і рэжысёр па пластыцы ставіць спектаклі ў многіх не толькі драматычных, але і оперных тэатрах. Таму вельмі цікава было пазнаёміцца з яго адносінамі да сцэнічнага руху, біямеханікі, з іншай школай. Кожны фестываль — магчымасць не толькі сябе паказаць, але і сустрэцца з замежнымі калегамі, атрымаць новыя веды і вопыт. На VIII Усерасійскім тэатральным фестывалі "Руская камедыя" ў Растове-наДоне беларускія артысты прадставілі "Бабскі бунт" — і ён таксама быў уганараваны прызам глядацкіх сімпатый. А журы на чале з народным артыстам Расіі Уладзіславам Ветравым адзначыла гэты спектакль дыпломам "Найлепшы акцёрскі ансамбль". Увогуле, наш Музычны апошнім часам актыўна шукае магчымасці гастрольных, фестывальных, конкурсных паказаў. Акрамя згаданых творчых форумаў, увосень трупа паспела наведаць Пензу, Стаўрапаль, Новарасійск і Бранск у рамках вялікага туру. А балетная трупа ўжо месяц ездзіць па Германіі са "Шчаўкунком" і з "Лебядзіным возерам" і вернецца толькі ў сярэдзіне студзеня. Надзея БУНЦЭВІЧ |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by