Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Небяспечна-бяспечныя сувязі (Надзея Бунцэвіч, "Культура і мастацтва", 19.06.2024)

Небяспечна-бяспечныя сувязі (Надзея Бунцэвіч, "Культура і мастацтва", 19.06.2024)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Небяспечна-бяспечныя сувязі

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прэзентаваў "Небяспечныя сувязі" — мюзікл Глеба Мацвейчука паводле аднайменнага французскага эпісталярнага рамана П’ера Шадэрло дэ Лакло. Цікава, наколькі бяспечнымі сталі сувязі з прэм’ерай? Найперш для яе ўдзельнікаў і гледачоў.

Адказаць на гэтае пытанне можна булгакаўскай фразай з "Майстра і Маргарыты": "Мы ў захапленні". Прычым сярод тэатральнай браціі да гэтага "мы" трэба аднесці не толькі ўсіх, хто прычыніўся да спектакля, але і тых, хто не атрымаў ролю. Сярод гледачоў — і шырокую публіку, якая па традыцыі вітае стоячы любыя прэм’еры, і зласлівых крытыкаў, якія прыйшлі (дарэчы, як і я) з надзеяй "адпомсціць" за "нашага Кондруса". Размова пра Уладзіміра Кандрусевіча, які стварыў свае "Небяспечныя сувязі" яшчэ ў канцы ХХ стагоддзя. Іх прадставілі на сцэне толькі ў 2008-м, прычым у прынцыпова новай версіі, з цалкам новым лібрэта, што выклікала змены і ў музыцы. Гэта быў нашумелы мюзікл "Байкер": падзеі ХVІІІ стагоддзя аказаліся перанесены ў сучасны бар "Гоя". З аднаго боку, такое бачанне быццам актуалізавала сюжэт, з другога ж — прывяло да страты атмасферы французскага Асветніцтва, а разам з тым і да страты полістылістыкі, уласцівай кампазітару. Увасабляў пастаноўку прадзюсарскі цэнтр "СПАМАШ", рэжысёрам быў добра вядомы Генадзь Давыдзька, а выканаўцамі — не толькі эстрадныя спевакі, але і актрыса Вера Палякова. Дададзім, што "Небяспечныя сувязі" як эратычны трагіфарс па п’есе К. Хэмптана з поспехам збіраюць публіку ў сталічным тэатры імя М. Горкага. 

43

Мюзікл Глеба Мацвейчука таксама атрымаў некалькі рэдакцый, пакуль патрапіў на нашу сцэну. І патрапіў, між іншым, дзякуючы "беларускаму шляху" знакамітага расійскага акцёра і спевака. Не толькі дзяцінства, але і пачатак прафесійнага сталення гэтага ўраджэнца Масквы прайшлі ў нас. На "Беларусьфільме" мастаком-пастаноўшчыкам працаваў бацька Глеба, і ў Мінску хлопчык пражыў 17 гадоў. Як харавік-дырыжор ён скончыў Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. Глінкі — навучальную ўстанову, якой сёлета спаўняецца 100 гадоў. Глеб Мацвяйчук назаўжды захаваў найлепшыя стасункі з тагачасным загадчыкам аддзялення сольных спеваў, які і ўзрасціў з хлопца не проста надзеленага добрым голасам спевака, а разнастайна адораную творчую асобу. Тым выкладчыкам быў Адам Мурзіч — цяперашні мастацкі кіраўнік Музычнага тэатра. Мэтр запрашаў Глеба і раней — ён удзельнічаў у канцэртах, паказваў свае творы, бо даўно ўжо піша музыку і сам. 

Сённяшні мюзікл (спачатку як музычна-драматычны спектакль "Тэрыторыя жарсці") быў пастаўлены ў Маскве ў 2014-м і ў другой рэдакцыі ў 2021-м, у Омску, Луганску, дзе прэм’ера адбылася на тры тыдні раней за мінскую. Асаблівасць нашай прэм’еры ў тым, што гэта не толькі кампазітарская, але і рэжысёрская версія Глеба Мацвейчука, які аказаўся вельмі задаволены вынікам: 

— Тэатр высокапрафесійны, артысты маладыя, добра падрыхтаваныя, з цудоўнымі галасамі, выдатнай вакальнай школай, жалезнай дысцыплінай, што сёння сустракаецца не так часта. Я даўно хацеў паставіць свой першы мюзікл у родным для мяне тэатры, бо вельмі люблю Мінск, Беларусь, гэта маё месца сілы. Дарэчы, у чэрвені ў Маскве будзе святкавацца 10-годдзе спектакля. У юбілейным паказе паўдзельнічаюць артысты з усіх тэатраў, у якіх мюзікл увасоблены, і на ролю Дансені мы запрашаем вашага Уладзіміра Свібовіча. 

44

А між тым Уладзімір пакуль вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і ўжо тры сезоны паспяхова сумяшчае заняткі з працай у тэатры, дзе ў творцы больш за 15 невялікіх партый. Але менавіта "Небяспечныя сувязі" вымусілі звярнуць на яго пільную ўвагу. І не толькі на яго! Спектакль нанова адкрыў многіх маладых артыстаў, якія дагэтуль былі ў цені, бо іх пераважна ўводзілі ў бягучы рэпертуар ці ставілі ў дзіцячыя ранішнікі, а не ў такую нашумелую прэм’еру, і дазволіў з іншага боку зірнуць на вядомых выканаўцаў, убачыць іх яскравыя якасці. 

Адкрыццём аказаліся практычна ўсе салісты. Вольга Цярэнцьева-Чубукова з яе бездакорнай каларатурай — халодная, жорсткая маркіза дэ Мертэй. Яўгенія Крохіна з цёплым лірычным сапрана і непахісным унутраным стрыжнем — мадам дэ Турвэль, якая праходзіць шлях ад спалоханай непрыступнасці да шчырага, адданага кахання, а потым вар’яцтва і заспакаення ў смерці. Ганна Юрачкіна з надзвычай светлым, сонечным тэмбрам, якая працуе ў вакальным ансамблі тэатра, стварыла запамінальнае аблічча юнай Сесіль з яе кранальным прыдыханнем. 

Складаная роля віконта дэ Вальмона — новая прыступка ў кар’еры Ільі Саванеўскага. Ён яшчэ ў студэнцтве пачынаў артыстам хору, па заканчэнні акадэміі быў салістам нашага, потым іншых тэатраў і нарэшце вярнуўся з Расіі ў Беларусь. Слуга Азалан працягнуў чараду вельмі ўдалых камічных персанажаў Сяргея Спруця. Але ж усіх перасягнула Наталля Дзяменцьева. Яна паўстала гуллівай, бліскуча камічнай мадам дэ Валанж — і зрабіла гэта з тонкім гумарам і неймаверна віртуознымі вакальнымі кадэнцыямі, нідзе не скаціўшыся да адкрытай пародыі. Артыстка днямі справіла 20-годдзе творчай дзейнасці партыяй Сільвы ў аднайменнай аперэце (дакладней, тое быў юбілей Наталлі менавіта як салісткі, бо пачынала яна, як і многія, у хоры тэатра). І раптам — нечаканая ўзроставая партыя, што так адрозніваецца ад звыклых увасабленняў вобраза камічнай старой. 

Не менш цікавы іншы склад салістаў! Ледзь не кожны нумар выклікае апладысменты захаплення (дырыжор — Мікалай Макарэвіч). А як па-новаму раскрылася наша балетная трупа аперэты і мюзікла! Па тэхніцы і адточанасці рухаў гэта лепш за славуты балет Алы Духавай. 

Шматслойная, полістылявая харэаграфія Ірыны Сацюковай (Расія) — ні ў якім разе не падтанцоўка і нават не дапаўненне дзеяння, а ледзь не яго цэнтральны складнік — магла б стаць асобным спектаклем. Многія сцэны вырашаны метафарычна, праз работу з тканінай, светлавыя эфекты і іншыя запамінальныя візуальныя хады, што добра гарманіруюць з гукавой аўрай. У драматургіі можна заўважыць традыцыі оперы з так званымі сухімі рэчытатывамі, але вельмі паэтызаванымі за кошт вершаў і музычнай атмасфернасці — гэта і працяглыя гукі, і пераборы, уласцівыя акампанементу, і царкоўныя песнапенні. А над усім — шалёная энергетыка і ад матэрыялу мюзікла, і ад яго ўвасаблення. 

Надзея БУНЦЭВІЧ
"Культура і мастацтва". - 2024. - 19 чэрв.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: