Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Парад спектакляў Міхаіла Кавальчыка адбыўся на сцэне музычнага тэатра (Зоя Матусевіч, "Літаратура і мастацтва", 24.11.2023)

Парад спектакляў Міхаіла Кавальчыка адбыўся на сцэне музычнага тэатра (Зоя Матусевіч, "Літаратура і мастацтва", 24.11.2023)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Парад спектакляў Міхаіла Кавальчыка адбыўся на сцэне музычнага тэатра

Пачатак сезона ў Беларускім музычным тэатры праходзіць пад знакам 80-гадовага юбілею яго галоўнага рэжысёра — заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі, прафесара Міхаіла Кавальчыка. Адбыўся своеасаблівы парад спектакляў, пастаўленых ім на гэтай сцэне, а яшчэ — прэм’ерныя паказы яго новай пастаноўкі — аперэты Жака Афенбаха "Прыгожая Алена", своеасаблівага бенефіса юбіляра.

15_47_parys_-_yaugen_ermakou_i_prygozhaya_alena_-_margaryta_aleksandrovich

Гэтую ідэю Міхаіл Станіслававіч выношваў даўно. Але не заўсёды ў тэатра ёсць усе магчымасці для рэалізацыі той ці іншай творчай задумкі, у прыватнасці наяўнасць у трупе выканаўцаў патрэбнага амплуа. Так, на галоўную мужчынскую ролю падыходзіў толькі адзін саліст тэатра — тэнар Яўген Ермакоў; а ставіць спектакль з разлікам толькі на аднаго выканаўцу рызыкоўна — калі па якой-небудь прычыне ён не зможа выйсці на сцэну, то і спектакль трэба адмяняць. 

Не сакрэт, што ў музычных тэатрах тэнары заўсёды ў дэфіцыце, і каб пераманіць да сябе такога вакаліста з іншага тэатра, яму трэба прапанаваць штосьці вельмі цікавае. А партыя Парыса ў "Прыгожай Алене" і ёсць тая вышыня, якой вызначаюцца выканальніцкія якасці тэнара. Раней у нашым тэатры быў малады вакаліст, здольны выканаць такую партыю. Гэта Шамхал Хачатуран, які ў 2013 годзе закончыў Беларускую акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці "акцёр музычнага тэатра". І тут дарэчы будзе нагадаць, што прафесар Міхаіл Кавальчык з’яўляецца кіраўніком курса рэжысёраў і акцёраў музычнага тэатра Беларускай акадэміі мастацтваў і яго вучні рэгулярна папаўняюць трупу як музычнага, так і іншых беларускіх тэатраў. Шамхал Хачатуран адразу ўпэўнена праявіў сябе ў партыях тэнаровага рэпертуару, але ў 2016 годзе ў яго жыццёвай і творчай біяграфіі адбыліся змены — артыст пакінуў не толькі наш тэатр, але і Беларусь. У 2022 годзе, будучы салістам Растоўскага музычнага тэатра, ён атрымаў ад нашага тэатра прапанову, ад якой не змог адмовіцца. "Партыя Парыса для мяне — своеасаблівы творчы выклік і прафесійны рост, — зазначае артыст. — Напрыклад, першая арыя Парыса — самая складаная з усіх аперэтачных, нават некаторыя оперныя арыі бываюць лягчэйшымі. У акцёрскім плане роля Парыса таксама складаная: з аднаго боку ён, несумненна, герой, а з другога — прасцяк, і гэтыя амплуа трэба арганічна сумяшчаць".

Як вядома, менавіта Афенбах лічыцца родапачынальнікам жанру аперэты, але ў Беларускім музычным яго ніколі не ставілі. І нарэшце кіраўніцтва тэатра прыклала намаганні, каб пазнаёміць нашых гледачоў з самым вядомым творам гэтага кампазітара. У часы Афенбаха аперэта яшчэ не выдзелілася ў асобны жанр, падобныя творы тады называлі камічнай операй. А "Прыгожую Алену" кампазітар назваў операй-буф, якая парадзіравала прыёмы і штампы сур’ёзнай оперы. У адпаведнасці з французскай опернай традыцыяй, тут шмат складаных арый, развітых ансамбляў, хароў, разгорнутых музычных фіналаў, і ў той жа час у ёй ёсць уласцівыя аперэце куплеты і размоўныя сцэны. 

У аснову сюжэта гэтага твора пакладзены старажытнагрэчаскі міф пра выкраданне траянскім царэвічам Парысам жонкі спартанскага цара — Прыгожай Алены, у выніку чаго пачалася Траянская вайна. Прыкрываючыся антычнай фабулай, кампазітар і яго лібрэтысты Анры Мельяк і Людовік Галеві стварылі не толькі пародыю на сур’ёзную оперу, але і з’едлівую сатыру на сучаснае ім буржуазна-арыстакратычнае грамадства. Так, цар Спарты Менелай быў загрыміраваны пад Напалеона ІІІ, а Алена — пад яго жонку Яўгенію. Але французскія рэаліі другой паловы ХІХ стагоддзя мала цікавілі гледачоў у іншых краінах нават у пачатку ХХ стагоддзя, не кажучы ўжо пра больш позні перыяд. Існуе некалькі перакладаў арыгінальнага лібрэта на рускую мову, з савецкіх часоў найбольш папулярнай была версія Уладзіміра Канстанцінава і Барыса Рацэра. У пастаноўцы нашага тэатра таксама ўзята за аснову лібрэта гэтых драматургаў. Якім яно было першапачаткова, сёння цяжка сказаць, бо ў кожным тэатры пастаноўшчыкі "падганяюць" дыялогі персанажаў пад канцэпцыю свайго спектакля, прыўносячы ў яго нешта сваё. Таму будзем адштурхоўвацца ад таго, што мы пабачылі.

У адрозненне ад арыгінальнага французскага лібрэта, тут іншы характар палітычнай інтрыгі — яе пляце жрэц храма бога вайны, каб падштурхнуць цара Спарты і яго военачальнікаў да новай вайны. Лічыцца, што ў Старажытнай Грэцыі менавіта спартанцы былі самымі ваяўнічымі, але пры гэтым неадукаванымі і адсталымі ў культурным развіцці. Вось на гэтых супярэчнасцях і будуюцца ўсе камічныя калізіі пастаноўкі. А гісторыя выкрадання Парысам Прыгожай Алены, якая развіваецца на фоне будзённага жыцця спартанцаў, істотна не змяняецца. Змяняецца толькі яе фінал, да якога звернемся пазней. 

Спектакль пачынаецца з падзей, якія адбываюцца на храмавай плошчы Спарты. Перад гледачамі паўстаюць абрысы двух храмаў — бога вайны Марса і багіні кахання Венеры, служыцелі якіх сапернічаюць паміж сабой. Адразу ўзнікае пытанне: калі падзеі адбываюцца ў Спарце — адным з полісаў Старажытнай Грэцыі, — то прычым тут старажытнарымскія багі? Старажытная Грэцыя і Старажытны Рым — гэта розныя гістарычныя эпохі і розныя цывілізацыі. Вядома, што рымляне ў многім перанялі культуру старажытных грэкаў, у прыватнасці іх міфалогію і эпас, але пры гэтым адаптавалі іх пад сябе. Так, у рымскім пантэоне багоў аказалася большасць грэчаскіх, толькі ўжо з іншымі імёнамі. Напрыклад, вярхоўны алімпійскі бог Зеўс — уладар неба, маланкі і грома — у рымскай міфалогіі ператварыўся ў Юпітэра, багіня кахання Афрадыта — у Венеру... 

Пры апісанні сюжэта спектакля ў некаторых расійскіх тэатрах сустракаецца то Зеўс, то Юпітэр, або аднаго падмяняюць другім. У нашым жа спектаклі храма вярхоўнага бога няма, але, як ужо адзначалася, ёсць два іншыя храмы: бога вайны і багіні кахання. І галоўным рухавіком інтрыгі з’яўляецца Калхас — жрэц храма Марса, які і сам збяднеў, і храм яго прыйшоў у заняпад. А ўсё таму, што даўно не было вайны і ніхто не прыносіць у храм шчодрыя прынашэнні. Затое храм багіні кахання прадаўжае багацець і квітнець, бо людзі жывуць мірна і кахаюць адно аднаго. Значыць, трэба падбіваць цара Менелая на вайну. А тут і зручны выпадак: у Спарце раптам з’явіўся Парыс, сын траянскага цара, — заклятага ворага Менелая. Праўда, царэвіч, выдаючы сябе за пастуха, чыстасардэчна прызнаўся, дзеля чаго ён прыбыў у Спарту.

15_47_scena_sa_spektaklya

Вось тут і гучыць знакамітая арыя Парыса пра конкурс прыгажосці трох багінь і пра тое, каму з іх ён аддаў яблык разладу з надпісам "Самай прыгожай". Багіня Гера, жонка самога Зеўса, абяцала яму вялікую ўладу; багіня вайны Афіна — ваенныя перамогі і славу; а багіня Афрадыта — каханне самай прыгожай жанчыны. Не доўга думаючы, Парыс прысудзіў прыз багіні кахання, якая і падказала яму, што самая прыгожая жанчына — гэта жонка цара Спарты Менелая. 

Кемлівы і хітры Калхас адразу сцяміў, што вось ён — шчаслівы выпадак! І пачаў усяляк спрыяць Парысу — нават дапамог яму пранікнуць у пакоі царыцы. А каб стары неразумны цар не блытаўся пад нагамі, знайшоў спосаб адправіць яго на востраў Крыт — нібыта тушыць пажар. А ў гэты час усяляк прыспешваў Парыса выкрасці Алену, пасля чаго абавязкова павінна пачацца вайна. Але ў пэўны момант нешта пайшло не так, як у міфе... Спартанцы нечакана прыйшлі да думкі, што з суседзямі лепш гандляваць, чым ваяваць, і вырашылі пабудаваць храм Гермесу — богу гандлю. А Парыс пад выглядам наваяўленага жраца адвёз Алену не да сябе ў Трою, а на востраў Цытэра, дзе нібыта павінна адбыцца цырымонія асвячэння новага храма багіні кахання. Так што выкраданне ўсё ж адбылося, але без вайны.

Усе гэтыя калізіі ў спектаклі падаюцца ў сатырычна-гратэскнай форме, адпаведна і ўсе персанажы надзелены вострай характарнасцю, а цар Менелай наогул выглядае як парадыйная фігура. У гэтай ролі выступаюць шматвопытныя Віктар Цыркуновіч і Аляксандр Асіпец. Ролю галоўнага інтрыгана — жраца Калхаса — выконваюць вядучыя салісты Антон Заянчкоўскі і Уладзіслаў Даніловіч. У спектаклі ёсць і іншыя цікавыя персанажы, напрыклад, памочнік Калхаса Плутон — спрытны малады хітрун, які вымагае грошы ў свайго гаспадара і гатовы пайсці служыць у храм багіні кахання за яшчэ большую плату. У гэтай ролі цікава выглядаюць характарныя акцёры Сяргей Спруць і Яўген Далідовіч.

На фоне характарных і камічных персанажаў лірычная пара Парыса і Алены выглядае адасоблена. Іх любоўная тэма атрымлівае шырокае развіццё ў меладычна прыгожых арыях, дуэтах, ансамблях. Напрыклад, вельмі рамантычнай выглядае сцэна сна Алены, калі і яна сама, і Парыс робяць выгляд, што іх блізкасць — толькі сон, тым самым нібы апраўдваючы свае дзеянні. Але ў размоўных сцэнах пры ўзаемадзеянні з іншымі персанажамі яны таксама праяўляюць пэўную характарнасць: Алена ў дачыненні да мужа дэманструе прытворства і жаночую хітрасць, а Парыс — дзіўную сумесь прастакаватасці і авантурнасці. 

У першы дзень прэм’еры гэтыя ролі выконвалі прыма Маргарыта Александровіч і вядучы саліст Яўген Ермакоў. А ў другі дзень — Шамхал Хачатуран, які мае ўжо больш чым дзесяцігадовы сцэнічны вопыт, і маладая салістка Вольга Цярэнцьева-Чубукова, якая ў мінулым годзе закончыла Акадэмію музыкі і адразу праявіла сябе ў амплуа гераіні.

Гэты спектакль лёгкі для ўспрымання, але цяжкі для пастаноўкі і выканання. У ім трэба спяваць, як у оперы, а іграць — як у тэатры сатыры. Дабіцца такога балансу вельмі няпроста. Таму разам з рэжысёрам неабходна адзначыць дырыжора-пастаноўшчыка Юрыя Галяса, вакальнага кіраўніка Святлану Пятрову, хормайстра Ігара Баканава. Уражвае маштаб работы балетмайстрапастаноўшчыка Алены Дзмітрыевай-Лаўрыновіч. Гледачоў парадавалі касцюмы персанажаў і сцэнаграфічнае афармленне спектакля, над чым працавалі мастак-пастаноўшчык Андрэй Меранкоў і мастак па касцюмах Ілья Падкапаеў.

Зоя МАТУСЕВІЧ
Літаратура і мастацтва. - 2023. - 24 ліст.
Фота Сяргея ЧЫГІРА



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: