Гастроли Свердловского государственного академического театра музыкальной комедии
« Назад Саліст Музычнага тэатра Антон Заянчкоўскі: Ірына мне спадабалася з першага погляду Менавіта так калегі характарызуюць сям'ю заслужаных артыстаў Беларусі Ірыны і Антона Заянчкоўскіх. Бліскучыя на сцэне, яны вельмі цікавыя і ў жыцці. Пра такіх жанчын, як Ірына, кажуць: агонь — яркая, эмацыянальная. Антон — спакой і грунтоўнасць. У іх вялікі тэатральны стаж, але пры гэтым захаваліся трапяткія адносіны да сцэны. Зрэшты, гутарылі мы больш аб сямейным жыцці. І, ведаеце, часам жэсты гавораць больш, чым словы. За размовай то Ірына, то Антон як бы міжволі дакраналіся адзін да аднаго, а яшчэ ў іх вачах было столькі пяшчоты і захаплення!.. Перш чым сустрэцца ў адным тэатры, кожны з іх прыняў сур'ёзныя рашэнні ў сваім жыцці. Антон вучыўся ў Львоўскім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы, але пайшоў адтуль пасля першага курса. Ірына разышлася з мужам, жыла і працавала ў Рызе, а потым прыехала ў Мінск. — Раскажыце аб сваім жыцці да лёсавызначальнай сустрэчы... Антон Заянчкоўскі (А. З.): Я родам з Гродна і пасля заканчэння школы паступіў у мясцовае педвучылішча, разумеючы, што гэта для мяне першая прыступка ў атрыманні музычнай адукацыі. Гэта заўважыў і наш ваенрук, які параіў ехаць паступаць у Львоў: маўляў, будзеш потым кіраўніком Дома афіцэраў. Я нават не ведаў пра такое вучылішча. У час вучобы было мала музыкі, а шмат страявой падрыхтоўкі, што мяне зусім не задавальняла. Пасля вяртання ў Беларусь мне пашанцавала: паступіў у Мінскае музычнае вучылішча, маім педагогам быў Адам Асманавіч Мурзіч, ён і прывёў у наш тэатр. Ірына Заянчкоўская (І. З.): Я нарадзілася ў цяперашнім Екацярынбургу, хоць у сям'і ёсць беларускія карані. Мае бацькі — артысты, таму сям'я пакалясіла па СССР. Вучылася ў ГИТИСе, вытрымаўшы вялізны конкурс. Многія бацькі настройваюць дзяцей толькі на поспех. Мае ж далі зразумець, што калі не паступлю, то гэта не канец свету, для іх я ўсё Цяпер думаю, што паспяшалася выйсці замуж, прыняўшы, як гэта часта бывае, закаханасць за каханне, гледзячы на партнёра скрозь ружовыя акуляры. Мне здавалася, што трэба і дзіця нарадзіць хутчэй, таму што, не маючы досведу мацярынства, не змагу пераканаўча іграць шматлікія ролі. Але сямейнае жыццё не складалася, і мы разышліся. Да мяне ў Рыгу прыязджала цётка, каб дапамагчы з дзіцем, аднак ёй гэта было нялёгка, бо падводзіла здароўе. На той час мае бацькі працавалі ў Мінску ў нашым тэатры, і я прывезла ім унука. Пры першай жа магчымасці мчалася з Рыгі ў Мінск, але заўважыла, што сын мяне крыху забывае. Тады прыняла рашэнне пераехаць у Мінск — у тэатры былі вакансіі, і я паспяхова прайшла конкурс. — Пра вашу сустрэчу ў тэатры ходзіць легенда, многія цытуюць фразу Ірыны: "Я старэйшая, была замужам і ў мяне ёсць сын". А пры якіх абставінах яна прагучала? А. З.: Ірына мне спадабалася з першага погляду. Але ўсё не было нейкага зручнага выпадку пачаць заляцанні. І вось у тэатры капуснік, мы танцуем, я і кажу: "Выходзьце за мяне замуж". У адказ і прагучала знакамітая фраза. Мне яна спадабалася! Я зразумеў, што Ірына цудоўна іграе на сцэне, а ў жыцці вельмі шчыры чалавек і добрая мама. Выдатныя якасці для будучай жонкі! А розніца ва ўзросце, дарэчы, хутка нівеліруецца. І. З.: Мне таксама Антон спадабаўся, як толькі з'явіўся ў тэатры. Дарэчы, ён паводзіў сябе як вельмі дарослы чалавек. Было нейкае разыходжанне з пашпартным узростам і яго сур'ёзнасцю, здольнасцю ўзяць на сябе адказнасць. Для мяне прапанова аказалася нечаканай. Я прыняла гэта як дадзенасць, ніякага бляску ў вачах не было. — Колькі часу доўжыўся перыяд заляцанняў? І. З.: Дзесьці год я прыглядалася да Антона. А. З.: Як такога і не было перыяду заляцанняў, мы ж увесь час у тэатры, побач. Адносіны развіваліся вельмі натуральна. —Ірына, да моманту ўступлення ў шлюб з Антонам вы ўжо былі вядомай актрысай, да таго ж прадстаўніцай тэатральнай сям'і. Як вырашылі перайсці на прозвішча мужа? І. З.: А гэта добрае пытанне! З-за новага прозвішча публіка "губляе" актрысу. Гэта цяпер ёсць сайт, там уся інфармацыя пра нас. А тады людзі глядзелі ў афішы, тэлефанавалі ў тэатр і ўдакладнялі, хто будзе заняты ў тым ці іншым спектаклі. Што хаваць, прыемна, калі гледачы тэлефанавалі і абураліся: "Куды падзелася Ірына Лінкевіч?" А ім адказвалі, што яна стала Заянчкоўскай. А як вырашылася? Мусіць, было прадчуванне, што наш саюз — гэта ўжо назаўжды, тады лагічна мець адно прозвішча. — Ірына, як вы рыхтавалі сына Антона да таго, што ў вашым жыцці з'явіцца яшчэ адзін Антон? І. З.: Я рыхтавалася, прадумвала, што і як растлумачыць сыну. А ён ніякіх пытанняў не задаваў. Вырашыла, што яго ўсё задавальняе. — Ёсць такая фраза: калі кахаеш мяне, пакахаеш і маё дзіця. Як быццам дзіця — гэта дадатак да дарослага, а не самастойная асоба. Як у вас, Антон, складваліся адносіны з Антонам-малодшым? А. З.: Думаў, галоўнае, каб дзіця мяне прыняло. А я як дарослы чалавек здолею кіраваць сваімі пачуццямі і эмоцыямі. Нам пашанцавала, што Антон быў малы. Магчыма, у падлеткавым узросце такія змены ў сям'і ўспрымаюцца цяжэй. У нас усё неяк добра склалася, я лічу яго сваім сынам. І. З.: — Калі Антону-малодшаму было дваццаць гадоў, раптам патэлефанаваў яго біялагічны бацька. Кажа: "Сын, я жыву ў Амерыцы, у мяне ўсё выдатна, прыязджай". Сын адказаў, што ў яго ёсць бацька — гэта той, хто яго выгадаваў і выхаваў. Ну і калі біялагічнаму бацьку ён не быў цікавы дваццаць гадоў, то цяпер ён не цікавы сыну. Антон гэта сказаў без усякай падрыхтоўкі, я зразумела, што ён даўно ўсё для сябе вырашыў. — У вас ёсць яшчэ і малодшы сын Цімафей. Як складваліся адносіны паміж хлопчыкамі? А. З.: Як у братоў. Мне здаецца, што ўсе гэтыя моманты "чыё дзіця па крыві" хвалююць у большасці дарослых, і тое не ўсіх. А дзецям галоўнае — быць любімымі і жаданымі. — Вашы сыны выраслі "за кулісамі"? І. З.: Старэйшы — так, а калі з'явіўся малодшы, мая мама ўжо менш была занятая ў тэатры, таму мела магчымасць дапамагаць нам. — Ірына, а вы колькі часу правялі ў дэкрэтных водпусках? І. З.: Па паўгода з кожным дзіцем. Лічу, што больш нельга, бо актрысу забудуць. Мне пашанцавала, бо мне дапамагалі бацькі са старэйшым сынам. А з Цімафеем увогуле не было праблем. Антон — выдатны бацька! Ён у той час працаваў і вучыўся ў Акадэміі музыкі, а, прыйшоўшы дадому, мог і пялёнкі памыць. Так, мы яшчэ карысталіся пялёнкамі, таму што памперсы былі дастаткова дарагія. — Сыны не пайшлі па вашым прафесійным шляху? А. З.: Мы з тых бацькоў-артыстаў, якія любяць сваю прафесію, але і ведаюць ўсе яе цяжкасці, таму сваім дзецям такога лёсу не жадаюць. Мы ім далі свабоду выбару. І. З.: Антон абраў лінгвістычны ўніверсітэт, паспяхова паступіў, скончыў, задаволены сваёй працай. А. З.: Цімафей скончыў эканамічны каледж, папрацаваў крыху па спецыяльнасці і сказаў: не маё. Скончыў курсы барбераў, набыў інструмент, працаваў і быў вельмі класным майстрам. А потым захапіўся ІT, падвучыўся і цяпер працуе ў сферы высокіх тэхналогій. Гэта нармальна, калі малады чалавек сябе шукае, спрабуе на практыцы. — Ці вядома вам пачуццё рэўнасці? І. З.: Першы час было цяжка. Антон за кулісамі глядзеў спектаклі з маім удзелам і мог абурацца: маўляў, ужо занадта пяшчотныя паводзіны ў цябе з партнёрам! Але ён гэта перарос. А для мяне галоўнае, каб у рэальным жыцці не было падстаў для рэўнасці. А. З.: Сям'і артыстаў можа атруціць жыццё прафесійная рэўнасць. Мы яе, на шчасце, не ведаем. Наадварот, радуемся поспеху адно аднаго. Не бывае ў нас і творчых рознагалоссяў, супадаюць погляды на прачытанне той ці іншай ролі. — А пакрытыкаваць можаце адно аднаго? І. З.: Мусіць, можам, але імкнёмся не даходзіць да такой стадыі. У тым, што ў нас адна прафесія — вялікая перавага. Мы бачым і чуем адно аднаго з боку, і калі заўважаем шурпатасці, гаворым пра гэта, займаемся, каб добра гучаць. — Акрамя працы ў тэатры, вы яшчэ і педагогі. Для вас гэта дадатковы заробак ці нешта большае? А. З.: Вядома, грошы не лішнія. Для мяне важнае выкладанне ў педагагічным універсітэце яшчэ і таму, што ў самога былі выдатныя педагогі, плюс вопыт і хочацца падзяліцца гэтым са студэнтамі. У Беларусі добрыя традыцыі ў музычнай адукацыі, багатая тэатральная гісторыя, і мне хочацца прыкласці рукі да таго, каб усё гэта захавалася і развівалася. Імкнуся пераадолець нейкі нігілізм моладзі, навучыць яе бачыць свет ва ўсіх яго праявах. І. З.: Мяне запрасілі паставіць спектакль з дзецьмі ў Сямейным цэнтры Наталлі Дунаевай. І неяк уцягнулася, выкладаю дзеткам акцёрскае майстэрства. У нас няма мэты падрыхтаваць будучых артыстаў, хоць нехта, магчыма, і абярэ гэтую прафесію. Галоўнае — дапамагчы бацькам сфарміраваць усебакова развітую асобу. Гэтыя дзеткі ў такім жа ўзросце, як мая ўнучка. З імі вельмі цікава, у іх адкрытыя светлыя душы. Адбываецца неверагодны абмен энергіяй: у нейкі момант здаецца, дзеці выцягнулі з цябе ўсе сокі, праходзіць хвіліна — і ты разам з імі спяваеш і танчыш. — У вас адна ўнучка? І. З.: Пакуль толькі Антон-малодшы падарыў унучку і ўнука. У іх розніца пяць гадоў. Унучка вельмі хацела браціка, а калі ён з'явіўся, трошкі засмуцілася, што "ён не ходзіць і не размаўляе", але мы ёй дружна растлумачылі, што трэба крыху пачакаць. І цяпер яна дапамагае бацькам, каб брацік хутчэй вырас. — Як вы размяркоўваеце хатнія абавязкі? І. З.: Вельмі проста: у каго ёсць час, той і робіць. Люблю, калі Антон гатуе — вельмі смачна! — А хто захавальнік сямейнай казны? А. З.: У нас такі класічны варыянт, калі муж частку грошай аддае жонцы. Усе закупкі, якія датычацца дома, плануе Ірына. Мая сфера адказнасці — аўтамабіль. — Калі запланавана набыццё буйной рэчы, чаму вы аддаяце перавагу: напружыцца і зарабіць або эканоміць? А. З.: Заробак артыста мала залежыць ад яго жаданняў. І ў тэатры, і ў зборных канцэртах склад артыстаў — гэта выбар рэжысёра. Мы не эканомім, але імкнёмся рацыянальна размяркоўваць грошы. Ірачка вельмі хацела кава-машыну. Варыянты такія: некалькі месяцаў кладзём пэўную суму ў шкатулку ці купляем тэхніку ў растэрміноўку. Выбралі апошні варыянт, вельмі зручна: ужо карыстаемся і паступова плацім. Галоўнае — не губляць галаву, калі рэклама заклікае: купляй сёння — плаці заўтра, а ацаніць свае магчымасці. — Як і дзе вы любіце адпачываць? І. З.: З дзяцінства люблю вандроўкі. Бацькі бралі з сабой на гастролі, і я памятаю, што да таты ўсё прыходзілі і пыталіся: што паглядзець у гэтым горадзе. У Савецкім Саюзе артысты любілі гастролі, таму што мы выязджалі ўсім тэатрам, і калі ў цябе няма спектакля, ты — турыст, які да таго ж атрымлівае сутачныя. Цяпер усё не так, мы прыязджаем толькі да свайго спектакля. Для нас адпачынак — гэта мора. Кожны год бываем у Сочы, у нас там сваякі, ёсць дзе спыніцца. Часам нам гавораць, маўляў, што гэта за адпачынак, вы там самі гатуеце, прыбіраеце. Але мы любім пазнавальны турызм, а гэта магчыма, калі ты бачыш горад не з акна аўтобуса ці шпацыруеш з экскурсаводам, а калі сам выбіраеш, куды табе ісці. Як цікава пагутарыць з людзьмі на рынку — там сапраўднае жыццё! А. З.: Так, мне таксама падабаецца адпачынак, як раней казалі, "дзікуном". "Усё ўключана" для нас вельмі сумна. Нам падабаецца, што кіраўніцтва тэатра вядзе актыўную гастрольную дзейнасць па Беларусі. Для людзей, якія жывуць у райцэнтры, аграгарадку і нават на хутары, наша мастацтва павінна быць даступна. І гэта, дарэчы, неверагодна удзячная публіка. Мы таксама працягваем адкрываць для сябе Беларусь, у нас ёсць столькі ўсяго цікавага: ад помнікаў архітэктуры да вытворчасцяў. Іншая справа, што мы неяк самі сябе недаацэньваем, надта сціплыя, як той казаў, саромеемся сябе паказаць. А вось прыязджайце 15 ліпеня ў Мір. Там у замку мы даём "Музычнае шоу ў стылі Сан-Рэма", паглядзіце, якая публіка, як людзі ўмеюць весяліцца, як жыве гэты пасёлак гарадскога тыпу, колькі там цікавых месцаў, кавярань, і пераканайцеся ў беларускай гасціннасці. Маргарыта ДРАЗДОВА |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by