Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ваенныя тэмы Валерыі (Надезя Бунцэвіч, "Культура", 20.07.2023)

Ваенныя тэмы Валерыі (Надезя Бунцэвіч, "Культура", 20.07.2023)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Ваенныя тэмы Валерыі

Да Дня Незалежнасці і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр падрыхтаваў прыпавесць "Барані мяне, любая", прэм’ера якой адбылася 5 ліпеня. Наша размова — з маладым рэжысёрам-пастаноўшчыкам патрыятычнага спектакля Валерыяй Чыгілейчык.

— Валерыя, наколькі вам блізкая тэма гэтай музычнай прыпавесці? "Барані мяне, любая" расказвае пра Вялікую Айчынную, а вы ведаеце пра яе хіба па творах мастацтва. 

70

— І па аповедах дзядулі! Ён быў ветэранам, дажыў да 94 гадоў. Пра вайну гаварыць не любіў, але многае ўсё роўна засталося ў мяне ў памяці. Адзін з момантаў я нават выкарыстоўваю ў спектаклі. Дзядуля ўдзельнічаў у вызва- ленні Беларусі, дайшоў да Польшчы, але быў цяжка паранены і за некалькі месяцаў да канца вайны вярнуўся дадому, у вёску непадалёк ад Асіповічаў. Мы ў гэтым горадзе жылі, я вельмі часта завітвала да дзядулі. У яго на адным з ложкаў заўсёды ляжаў кіцель з ордэнамі і медалямі, і я любіла дакранацца да тканіны, да ўзнагарод: мацала, гладзіла, быццам праз гэта лепш адчувала і дзядулю, і яго лёс. Незабыўныя ўспаміны. Я тады была падлеткам і цяпер шкадую, што мала пытала пра мінулае. А ўжо ў дарослыя гады, пасля смерці дзядулі, звярнулася ў ваенкамат, знайшла вайсковую картку з усімі звесткамі, чым і калі дзядуля ўзнагароджаны. Ды і з самім спектаклем маю гісторыю. Яшчэ ў маім студэнцтве ў Мінск на гастролі прыязджаў Свярдлоўскі тэатр музкамедыі — і якраз прывозіў гэты мюзікл. Я і ўявіць не магла, што калісьці сама яго пастаўлю. Таму, калі матэрыял трапіў да мяне, вельмі ўзрадавалася. 

— Але ж, пэўна, у вас не было ранейшага вопыту ўвасаблення менавіта патрыятычных спектакляў — вы рабілі шмат дзіцячых пастановак, а таксама пастановак пра каханне, нават пра мушкецёраў. 

— І цэлы шэраг штогадовых канцэртных праграм да Дня Перамогі. Я вельмі люблю ваенныя песні, імкнуся падаць іх незаштампавана. У маленстве прачытала ўсё, што было пра Вялікую Айчынную ў нашай дзіцячай бібліятэцы. Тую ж "Маладую гвардыю" Фадзеева засвоіла яшчэ ў трэцім класе. Так склалася, што і шлюб узяла з ваенным: што ні кажыце, Асіповічы — вайсковы гарадок. Сяргей — старшы афіцэр, і для гэтага спектакля ён выступае амаль што кансультантам: дапамагае мне, штосьці падказвае.

"Мой дзядуля быў ветэранам Вялікай Айчыннай. Я любіла прыходзіць у госці і дакранацца да яго вайсковага кіцеля — і да тканіны, і да ўзнагарод: мацала, гладзіла, быццам праз гэта лепш адчувала і дзядулю, і яго лёс".

Увогуле, сёння ёсць багата розных тэкстаў, палотнаў, пастановак на тэму вайны. У новай музычнай прыпавесці мяне прыцягвае яшчэ і тое, што сюжэт не пазычаны, а створаны расійскімі пісьменнікам і крытыкам Канстанцінам Рубінскім і кампазітарам Аляксандрам Пантыкіным — непасрэдна да колішняй екацярынбургскай прэм’еры. Але "прыдуманая" гісторыя мае шмат жыццёвых аналагаў, і, што самае цікавае, яна непасрэдна звязана з Беларуссю. У спектаклі распавядаецца пра жанчыну, што праводзіла на фронт чацвярых сыноў. А мы ведаем пра нашу Настассю Купрыянаву з Жодзіна, якой усталяваны помнік: маці глядзіць на пяцярых сыноў, што сыходзяць на вайну. 

— Цяперашнім артыстам цяжка пераўвасабляцца ў людзей, што спазналі столькі гора? 

— У мяне самой быў падобны досвед. Яшчэ школьніцай удзельнічала ў народным тэатры "Надзея". Сярод іншых спектакляў ставілі "А досвіткі тут ціхія" — і я іграла Жэню Камялькову. А калі вучылася ў нашай Акадэміі мастацтваў, дык на чацвёртым годзе ў якасці курсавой рабіла мюзікл "Норд-Ост" — другую яго дзею, пра вайну. Менавіта пасля гэтай працы Міхаіл Кавальчык, які быў маім педагогам, паклікаў да сябе ў Музычны тэатр. У тым спектаклі склалася ўсё: і тое, што я больш люблю менавіта мюзікл, а не аперэту, і захопленасць матэрыялам, і вялізнае жаданне ўвасобіць твор як мага лепш. Мы дняваліначавалі ў акадэміі. Самі шылі сцэнічныя строі, шчыравалі над дэкарацыямі. А яшчэ я ўсімі праўдамі і няпраўдамі прабралася на "Беларусьфільм" і выпрасіла там — літаральна выкленчыла — касцюмы лётчыкаў, каб пры зразумелай мастацкай умоўнасці штосьці выглядала як у жыцці. На той час у акадэміі ішоў рамонт, нармальнай сцэны не было, мы займаліся ў прыстасаваным памяшканні на Партызанскім праспекце і публіку на тыя паказы не запрашалі. Шкада! Справа ж не ў тым, каб пахваліцца, хто што зрабіў, а ў неабходнасці зваротнай сувязі. Трэба вучыць працаваць з гледачом не толькі артыстаў, але і рэжысёраў, каб яны адчувалі гэты энергаабмен, былі гатовыя і да поспеху, і, магчыма, да непрымання. 

71

— У вас такая лакмусавая паперка, наколькі я ведаю, — дзіцячыя спектаклі, якіх вы паставілі багата. Вы неаднойчы выказваліся, што малых хлопчыкаў і дзяўчынак нельга падмануць, яны заўжды рэагуюць вельмі шчыра. 

— Так і ёсць! Я прыйшла ў тэатр у 21 год. Мне прапанавалі ўвасобіць "Прыгоды Кая і Герды" паводле "Снежнай каралевы" Андэрсана — гэта быў мой дыпломны спектакль. Тая праца стала для мяне добрым вопытам. Своеасаблівай "разведкай боем". Адна справа — навучанне. Зусім іншая — рэальная работа, у якой важна абсалютна ўсё, нават мноства тэхнічных момантаў, пра якія не расказваюць: стварыць расклад рэпетыцый, выпісаць на іх артыстаў і гэтак далей. 

— Да многіх дзіцячых спектакляў, тэматычных канцэртаў вы самі распрацоўваеце лібрэта. А яшчэ скончылі магістратуру і аспірантуру, з’яўляецеся педагогам па акцёрскім майстэрстве і каля сямі гадоў кіруеце тэатральнай студыяй "Маска" пры арт-цэнтры Наталлі Ракінай. Як усё паспяваеце? 

— Мяне заўжды падтрымлівалі і бацькі, і выкладчыкі. Цяпер я таксама адчуваю падтрымку і на працы, і дома. А з дзецьмі цікава! Зноў дапамагае маё ўласнае маленства, бо чаго я толькі не рабіла! Наведвала музычную школу, іграла на скрыпцы (нават потым паступала ў каледж у клас па гэтым інстру- менце, ды добра, што не прайшла). Удзельнічала ва ўсіх гуртках і студыях: і танцавала, і ў аматарскім тэатры лялек пры бібліятэцы займалася. Дарэчы, у нас там былі не толькі пальчаткавыя лялькі, але і тросцевыя. У творчай працы заўжды важна, каб і сама атмасфера заставалася творчай, каб панавала суладдзе. У мяне гэта ёсць — вось і ўвесь сакрэт. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 
"Культура". - 2023. - 20 ліп.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва гераіні



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: