« Назад Вайна, любоў-каханне "па-музычнаму" Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр рыхтуе прэм’еру ваенна-патрыятычнай пастаноўкі "Барані мяне, лю́бая". Крыху раней яго рэпертуар папоўніўся яшчэ двума вячэрнімі спектаклямі — "Герцагіня з Чыкага" і "Гульня кахання". Музычная прыпавесць "Барані мяне, любая" пра Вялікую Айчынную была напісана знаным екацярынбургскім кампазітарам, колішнім лідарам рок-гурта "Урфін Джус" Аляксандрам Пантыкіным яшчэ да 60-годдзя Перамогі. Тады ж гісторыю ўвасобіў на сцэне Свярдлоўскі акадэмічны тэатр музкамедыі, і спектакль атрымаў прэмію "Брава". Твор на два гады апярэдзіў такі нашумелы мюзікл Пантыкіна, як "Сіліконавая дура.net", і на чатыры — яшчэ больш славутую лайтоперу "Мёртвыя душы", уганараваную прэстыжнай расійскай прэміяй "Залатая маска — 2011" ажно ў чатырох намінацыях. З вяршыні гэтых заваёў кампазітар вярнуўся да свайго першага мюзікла. Новая аўтарская версія стала называцца больш сціпла і канцэптуальна — музычнай прыпавесцю — і была вынесена на суд гледача там жа, у Екацярынбургу, у 2020-м. Са згаданым тэатрам мінскі Музычны мае даўнія сувязі — і прыпавесць падрыхтуюць на нашай сцэне да Дня Незалежнасці: прэм’ера прызначана на ліпень. У складзе пастановачнай каманды — рэжысёр Вікторыя Чыгілейчык, якая і прапанавала ўвасобіць твор, дырыжор Мікалай Макарэвіч, мастакі Андрэй Меранкоў і Ілья Падкапаеў. — Для мяне гэтая тэма святая, — гаворыць Мікалай Макарэвіч. — Мае бабуля і прабабуля — у мінулым партызаны. Дзед, у гонар якога мяне назвалі Мікалаем, і стрыечны дзед прайшлі ўсю вайну. Таму Дзень Перамогі заўжды быў і застаецца самым галоўным святам у нашай сям’і. Варта дадаць, што будучая прэм’ера — "Барані мяне, любая" — скіравана на музычна-харэаграфічнае ўвасабленне ўжо самім лібрэта Канстанціна Рубінскага. На фронт ідуць чацвёра братоў: гітарыст, гарманіст, трубач і скрыпач. Іх камандзір — былы настаўнік танцаў. А што далей? Пабачым. У чаканні прэм’еры ўспомнім іншы спектакль, што ў гэтым сезоне з’явіўся на сцэне Музычнага тэатра. З асаблівай нецярплівасцю чакалася музычная камедыя "Гульня кахання", бо гэты спектакль ствараў знакаміты расійскі акцёр Марат Башараў. Раней артыст неаднаразова з’яўляўся на нашай сцэне ў ролі шчадралюбнага князя Базінэлі ў аперэце Франца Легара "Граф Люксембург". І вось цяпер — уласная пастаноўка. "Гульню..." з мелодыямі і вершамі Юлія Кіма Башараў ужо ўвасабляў у Расіі. Але ў нас, зразумела, усё зроблена іначай. Спектакль, дзе дыялогаў куды больш, чым музычных нумароў, стаўся вялікім выпрабаваннем для ўдзельнікаў, і яны вытрымалі іспыт вельмі годна. Ды ўсё ж камедыя дэль артэ, у жанры якой напісана гэтая французская п’еса пачатку ХVIII стагоддзя, патрабуе папраўдзе бліскучых акцёрскіх імправізацый. У нас яны таксама "пазначаны" ў рэжысуры, у тым ліку гутарка галоўнага героя з залай: маўляў, дайце параду, як мне "быць ці не быць". Але ў паветры лунае іншае пытанне: чаму такі спектакль узнік на сцэне менавіта гэтага мінскага тэатра? Верагодна, трэба было падысці да матэрыялу больш кардынальна — максімальна скараціць п’есу і, адпаведна, значна пашырыць музычныя нумары, якіх дзеі катастрафічна не хапае. А нашы артысты ўмеюць так добра спяваць і танчыць! Чаму ж не скарыстоўваць таленты як мага шырэй? Ды і публіка, абіраючы Музычны, чакае ад яго найперш музычных уражанняў. Надзея БУНЦЭВІЧ |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by