Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Прыгоды трох каптуркоў (2010 г., Настаўніцкая газета)

Прыгоды трох каптуркоў (2010 г., Настаўніцкая газета)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПРЫГОДЫ ТРОХ КАПТУРКОЎ

Сусветны дзень тэатра, які адзначаецца 27 сакавіка, стаў сёлета магчымасцю для беларускіх калектываў парадаваць гледачоў новымі пастаноўкамі. Купалаўскі тэатр паказаў традыцыйны капуснік. Рускі імя М. Горкага прадставіў прэм’еру спектакля "Пане каханку" па п’есе А. Курэйчыка. А ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбылася прэм’ера мюзікла "Чырвоны каптурок. Пакаленне next" Аляксея Рыбнікава. 

Прэм’ера музычнага тэатра, створаная па матывах культавага кінафільма "Пра чырвоны каптурок" вядомага беларускага і расійскага рэжысёра Леаніда Нячаева, стала праявай адначасова двух тэатральных працэсаў. Першы з іх уласцівы калектыву музычнага тэатра менавіта ў апошняе дзесяцігоддзе, калі на яго сцэне адзін за адным сталі з’яўляцца яркія, эмацыйныя мюзіклы для дзяцей і дарослых рэжысёра Настассі Грыненка. Шмат дзіцячых спектакляў ставілася на сцэне таэтра і дагэтуль. Але менавіта Грыненка ўзняла дзіцячы мюзікл на новыя вышыні. Ва ўмовах відавочнага крызісу Беларускага музычнага тэатра ў апошнія гады менавіта працы рэжысёра зрабіліся візітнай карткай калектыву. 

Прычым спектаклі Грыненка з’яўляюцца безумоўным сведчаннем росту творчай актыўнасці і амбіцыёзнасці рэжысёра. Калі першая пастаноўка, "Айбаліт-2002" былі створана на аснове ўжо напісанага драматургічнага матэрыялу (п’есы Р. Быкава і В. Карастылёва), дык у наступных – "Бураціна.by" і "Прыгоды брэменскіх музыкантаў" рэжысёр сама станавілася аўтарам лібрэта, створаных паводле вядомых казак. Ва ўсіх трох выпадках А. Грыненка арыентавалася на правераную часам класіку, якая карыстаецца заслужанай любоўю ўжо не аднаго пакалення маленькіх гледачоў. Рэжысёр час ад часу адаптуе вядомыя сюжэты да сучасных рэалій (напрыклад, пудзель Артэмон, каб даведацца пра планы Карабаса Барабаса ў "Бураціна.by", заходзіць праз ноутбук на яго асабісты сайт). Але казачная аснова кожны раз застаецца нязменнай.

У сваёй апошняй рабоце А. Грыненка пайшла далей і як аўтар лібрэта перанесла дзеянне "Чырвонага каптурка" у наш час. Аднайменная дзяўчынка з казкі вырасла і пераўтварылася ў паспяховую бізнэс-ледзі (Наталля Глух). Яна з’язджае па сваіх справах у Афрыку і пакідае дома дачку, якая таксама з’яўляецца Чырвоным каптурком (Ілона Казакевіч). Тая ахвотна бавіць час у інтэрнэце, чым карыстаюцца воўкі-пярэваратні. Каб адпомсціць, яны праз інтэрнэт завабліваюць дзяўчынку ў Чароўнае каралеўства, дзе жыве яе бабуля – трэці Каптурок (Наталля Гайда), а час ідзе ў 10 разоў павольней. Перш, чым самы меншы Чырвоны каптурок сустрэнецца са сваімі роднымі, яе чакаюць безліч прыгод і сустрэч. 

Зрэшты, такі падыход не з’яўляецца адзінкавай з’явай. Павышаная ўвага да класічных сюжэтаў ці музыкі з наступнай істотной перапрацоўкай сюжэта (другая тэндэнцыя) закранула амаль усе беларускія тэатры. "Сёстры Псіхеі" ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, "Вяселле" ў Купалаўскім, балет "Папялушка" і опера "Трубадур" на сцэне тэатра оперы і балета – вось толькі нязначная частка такіх пераўвасабленняў. Большасць з іх мелі поспех у гледачоў, а вось навацыі рэжысёраў заставаліся прадметам абмеркавання крытыкаў. 

Ацэнка "Чырвонага каптурка" шмат у чым заслежыць ад ракурсу, з якога можна разглядаюць пастаноўку. Калі ацэньваць "Каптурок" як спектакль дзіцячы, можна ўпэўнена сцвярджаць, што ён меў значны поспех. На гэта істотна паўплывала праца пастановачнай групы, своеасаблівай "каманды А. Грыненка", якая працавала з рэжысёрам на папярэдніх пастаноўках. У стварэнні ўсіх трох яе ранейшых спектакляў удзельнічалі мастак-пастаноўшчык Андрэй Меранкоў і балетмайстар Дзмітрый Якубовіч, у двух папярэдніх – дырыжор Мікалай Макарэвіч (у сёлетняй прэм’еры які выступіў таксама складальнікам клавіру), мастак па касцюмах Юлія Бабаева і аранжыроўшчык Леў Карпенка (зараз яго калегам таксама выступіў Уладзімір Ткачэнка). У "Брэменскіх музыкантах" да іх дадалася хармайстар Святлана Пятрова. 

Найвялікшае захапленне выклікае праца мастака А. Меранкова, дзякуючы якому маленькія і дарослыя гледачы трапляюць у сапраўдную казку. Дэкарацыі вабілі невычэрпнай фантазіяй і здаваліся проста фантастычнымі! Сцэна пераўтваралася то ў парад планет ў сцэне з Астролагам, то казачны палац у эпізодзе з Забытай каралевай. 

У чарговы раз парадаваў Д. Якубовіч. Харэаграфія спектакля абсалютна адпавядае пастаўленым мэтам і падтрымлівае агульны ўзровень "Чырвонага каптурка". Балетныя салісты дадалі дадатковыя штрыхі ў казачную атмасферу Чароўнага каралеўства, а нумар матылькоў стаў сапраўдным упрыгожваннем харэаграфічнай часткі спектакля.

Як рэжысёр-пастаноўшчык А. Грыненка падцвердзіла ўласны высокі прафесійны ўзровень. Прыемна, што асаблівасці яе творчага почырку, ўпершыню заяўленыя ў папярэдніх спектаклях, зноў праявіліся ў "Чырвоным каптурку". Гэта давер да актрыс-травесці, якіх яна бачыць у галоўных ролях, а гэта дае выканаўцам шанс для іх большай рэалізацыі (як Ала Лукашэвіч – Бураціна і Ілона Казакевіч – Чырвоны каптурок). Абаяльныя адмоўныя персанажы: Худы (Аляксей Грыненка) і Тоўсты ваўкі (Аляксандр Крукоўскі), Ваўчыца (Святлана Маціеўская) і Ваўчаня (Дзяніс Нямцоў). І хоць вобразы ваўкоў "запазычаныя" са знакамітага фільма Нячаева, салісты тэатра прадставілі іх уласнае бачанне ў кантэксце спектакля. Цудоўныя знаходкі, кшталту люка, з якога можна ўбачыць на небе зоркі. Нарэшце, ёсць у спектаклі лёгкая, ненавязлівая дыдактычнасць, калі яго героі кажуць са сцэны малечы, якая сядзіць у зале, што "калі працуеш, час ляціць незаўважна". Калі паведамляюць, што зоркі таксама нас чуюць, і па-філасофскі сцвярджаюць, што ўсе мы браты і сёстры на гэтай планеце. 

Тым не менш "Чырвоны каптурок" заяўлены, і як спектакль для дарослых. Таму не дамаўляючыся ад папярэдніх высноў, паспрабуем ацаніць пастаноўку з гэтага пункту гледжання. Як вядома, значная роля ў папулярнасці "Каптурка" належыць яркай музыцы кампазітара А.Рыбнікава. Калі рэжысёр звярнулася да яго па ноты, высветлілася, што іх фактычна… няма. Таму дырыжору М.Макарэвічу давялося самому ствараць клавір, праглядаючы нячаеўскі фільм. Але для паўнавартаснага спектакля ў двух аддзяленнях музыкі там аказалася няшмат. Для параўнання, "Чырвоны каптурок" у тэатры самога Рыбнікава ішоў меў працягласць 1 гадзіна 15 хвілін, гэта 9 нумароў, а паміж імі – устаўныя эпізоды. Падаецца, стваральнікі мінскага спектакля не змаглі цалкам адысці ад пэўнай адасобленасці музычных фрагментаў. У адрозненне ад "Бураціна.by", які грунтаваўся на моцным "каркасе", знітаваным музыкай і імклівымі падзеямі, "Чырвоны каптурок" выглядае па музычнай драматургіі больш расплывістым, а часам і фрагментарным. 

Сярод класічных нумароў другога аддзялення запомніўся і ўрывак са "Спячай прыгажуні", дзе партыю прынцэсы Аўроры танцавала народная артыстка Беларусі К. Фадзеева. Знакамітая танцоўшчыца знаходзіцца ў цудоўнай форме. У праграмцы "Балю кветак" праанансаваны яе магчымае выкананне партый Фіалкі і Ружы. І гэта пакідае надзею, што балетная кар’ера К.Фадзеевай не закончыцца па-за межамі сцены Нацыянальнага акадэмічнага тэатра, дзе яшчэ летась яна танцавала. 

Зразумелае жаданне рэжысёра задзейнічаць у спектаклі значную частку тэатральнага калектыву: салістаў, хор, балет. У выніку, акрамя галоўных герояў, у дзеянне былі ўведзены сакратары і ахоўнікі, лесарубы, паляўнічы і яго прыхільніцы, шматлікія прадстаўнікі флоры і фауны, астролаг, Забытая каралева, галоўны камандуючы, Кулёма. Вядома, асобныя з іх прысутнічалі яшчэ ў фільме Нячаева. Але калі для дзяцей такая стракатасць толькі спрыяе развіццю фантазіі, дык дарослае вока неўзабаве пачынае стамляцца ад мільгацення і перанасычанасці дзеяння. У такой сітуацыі годна справілася са сваёй задачай мастак па касцюмах Юлія Бабаева. На маёй памяці тэатр ужо даўно не сутыкаўся з праблемай такой вялікай колькасці сцэнічнага аддзення. Але ўсе героі атрымалі сваю яркую знешнюю характарыстыку, якая, праўда, часам крыху прамалінейна сведчыла пра іх характар. Зрэшты, для дзіцячага спектакля гэта абсалютна прымальная з’ява. 

У асобных момантах спектаклю не хапала кантрастнасці. Нават адмоўныя героі (за выключэннем 1-й сцэны, дзе яна праявілася нават празмерна) часам выклікаюць большую сімпатыю – дзякуючы ўласнай няправільнасці. У выніку ў параўнанні з "Бураціна.by" у "Чырвоным каптурку" можна было зусім не хвалявацца за галоўную гераіню, якая не можа не перамагчы такіх герояў. Акрамя таго, у мюзікле хацелася б пачуць больш "жывой" музыкі, не сапсаванай магутнай гукаўзмацняльнай апаратурай. 

Тым не менш спектакль атрымаўся. Магчыма, ён зробіцца адкрыццём маладых талентаў. Акрамя салісткі тэатра І. Казакевіч, на ролю Чырвонага каптурка запрошана студэнтка 1-га курса Акадэміі мастацтваў Аляксандра Жук. А ролю Дзіцяці непараўнальна выканала непасрэдная Алеся Брагінец, якая ўжо зараз падаецца народжанай для сцэны. 

Галоўнае, што "Чырвоны каптурок. Пакаленне next" вучыць дзяцей дабрыні, пагадлівасці і любві да родных. Упэўнены: сённяшнія маленькія гледачы прыйдуць праз гады на спектакль з уласнымі дзецьмі.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ.
Настаўніцкая газета. – 2010. – 3 крас. – С. 13.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: