Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Прыма беларускай аперэты (1977 г., Голас Радзімы)

Прыма беларускай аперэты (1977 г., Голас Радзімы)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ПРЫМА БЕЛАРУСКАЙ АПЕРЭТЫ

3 набліжэннем аўтобуса да ўскраіны Магілёва мяняецца і выраз твару прыгожай, са спадаючымі на плечы густымі каштанавымі валасамі дзяўчыны. Усё больш прыкметным становіцца яе хваляванне. 

Побач з дзяўчынай сядзіць хлопец – яе жаніх. Сёння яна пазнаёміць яго з маці і з цудоўнейшым на зямлі кутком, дзе прайшло яе дзяцінства. 

– Калі мы выйшлі з аўтобуса, – успамінае Валерый Мазур, муж салісткі тэатра музычнай камедыі БССР Вікторыі Мазур, – я быў здзіўлены прыгажосцю, якая адкрылася мне. Вялікі бярозавы гай. Высокія, у абхват таўшчынёю, дрэвы. Сонечныя промні прабіваюць маладую лістоту і слепяць зялёным святлом. Сакавітая роўная трава. Яр. Яго дно – рэчышча бурлівай рачулкі. Птушыныя хоры. Незвычайнае гучанне слоў – высокае, звонкае. А сярод гаю, як жыллё лесніка, хата. 

"Цяпер я ведаю, чаму ты спяваеш", – сказаў тады Валерый нявесце. 

У дзяцінстве Вікторыя спявала вельмі многа. Песні аб бярозках, птушках, ручайку і сонейку. Яе маці, Ніна Данілаўна, хоць да музыкі непасрэднага дачынення не мела, – яна фармацэўт па прафесіі, – заўважыла, што голас у дачкі мацнейшы, чым у яе сябровак-аднагодак, дзяўчынка хутчэй "схоплівае" мелодыю... 

Закончыўшы дзіцячую музычную школу ў Магілёве, Вікторыя паступае ў Мінскае музычнае вучылішча на дырыжорска-харавое аддзяленне. Любоў да спеваў і настойлівае патрабаванне педагогаў: "Вы павінны спяваць!" – прывялі яе пасля заканчэння вучылішча ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. 

Тут таксама хутка заўважылі здольнасці дзяўчыны. Яна стала пастаяннай удзельніцай студэнцкіх канцэртаў. 

Вікторыя, безумоўна, ведала, што спявае добра, і марыла аб будучым сваім поспеху. Але ніяк не думала, што ён прыдзе да яе так хутка і не на опернай сцэне. А здарылася ўсё вось як. Калі Вікторыя вучылася на чацвёртым курсе, у Мінску адкрываўся тэатр музычнай камедыі. Падбіралі артыстаў у трупу. Выкладчыкі кансерваторыі, бачачы ў Мазур добрыя даныя артысткі аперэты – жывасць, лёгкасць, схільнасць да інтэрпрэтацыі, эмацыянальнасць, пэўнае драматычнае майстэрства, гучны голас, абаяльную знешнасць, – параілі ёй праслухацца. У выніку вучобу на апошнім курсе Вікторыі давялося сумяшчаць з работай у тэатры. 

Нярэдка бывае так: прыходзіць у тэатр малады, падаючы надзею акцёр, сыграе ўдала дзве-тры ролі і быццам застывае на месцы, не можа адысці ад хутка выпрацаванага ўласнага стэрэатыпу. Ці то таленту не хапае на большае, ці то працавітасці. З Вікторыяй Мазур падобнага не здарылася. Таму што талент у яе – сапраўдны і яшчэ таму, што працавала яна шмат, упарта. 

Цяпер Вікторыя Мазур – адна з вядучых артыстак беларускай аперэты. Яна іграе галоўныя ролі амаль ва ўсіх спектаклях, пастаўленых у тэатры: Фенісу ў "Хітрамудрай закаханай", Насцю ў "Бабіным бунце", Ірыну ў "Спявае "Жаваранак", Зорыку ў "Цыганскім каханні" і іншыя. 

Я сказаў "амаль ва ўсіх". Можа, рэжысёры-пастаноўшчыкі засумняваліся ў артыстычных магчымасцях Мазур? 

Прычына гэтаму ў асаблівай патрабавальнасці, з якой Вікторыя падыходзіць да выбару кожнай новай сваёй ролі. 

– Часам акцёр выдатна спраўляецца з роллю, таму што ён іграе самога сябе, – гаворыць Мазур, – гэта значыць, што і ў артыста, і ў яго героя аказаліся вельмі падобнымі лёсы, характары, погляды. Мне пакуль што не даводзілася іграць іменна такія ролі. Але я заўсёды шукаю ў сабе нешта агульнае з гераінямі. I калі знаходжу – не сумняваюся: драматычная лінія ролі атрымаецца добра. 

Гэта ўяўная пераборлівасць якраз і дапамагае артыстцы заўсёды знаходзіць сваю гераіню, поўнасцю "злівацца" з вобразам. 

...Ідзе "Паўлінка" – спектакль па аднайменнай камедыі Янкі Купалы. Закончылася чарговая сцэна. Паўлінка – Мазур праходзіць за кулісы і адтуль уважліва сочыць за дзеяннем. Яе бацька, Сцяпан Крыніцкі, толькі што вярнуўся з кірмашу, дзе прасватаў дачку за багатага шляхцюка Быкоўскага. Ён расказвае цяпер аб гэтым жонцы. Шчасце Паўлінкі ў небяспецы – яна кахае іншага. Паўлінка крыху падалася наперад, каб бацька бачыў яе. Усё ў ёй, здаецца, гаворьшь: "Татачка, родненькі, не аддавай за нялюбага, не губі мяне!" 

Сваёй ігрой Вікторыя прымушае гледача забыцца на ўмоўнасці таго, што адбываецца на сцэне, выклікае ў яго суперажыванне. А гэта, бадай, галоўнае ў творчасці. 

Вікторыя Мазур усе ролі іграе добра, але найбольш удала, мне здаецца, створаны ёю вобразы Паўлінкі і Сільвы ў аднайменных аперэтах Юрыя Семянякі і Імрэ Кальмана. Сапраўднае задавальненне атрымлівала Вікторыя яшчэ ў час работы над гэтымі ролямі. 

– Калі, напрыклад, ставілі "Паўлінку", – успамінае Валерый, – Віка прыходзіла дахаты вельмі стомленая. Але варта было спытаць яе аб рабоце, як яна на вачах ажыўлялася. З захапленнем расказвала аб новых рашэннях рэжысёра, аб сваіх знаходках, тут жа паказвала фрагменты з ролі. 

I цяпер у дні "Паўлінкі" і "Сільвы" настрой у яе асаблівы. 

Што захапляе артыстку ў гэтых вобразах? Сіла пачуцця, напружаная ўнутраная барацьба Сільвы і шчырасць, непасрэднасць Паўлінкі. Мазур перадае гэта па-майстэрску. Падабаюцца Вікторыі і танцавальныя элементы гэтых роляў. Спектаклі шчодра прасякнуты гумарам, напоўнены жывымі рытмамі, гэта дае магчымасць артыстцы інтэрпрэтаваць кожнае адценне мелодыі. Тут поўнасцю раскрываюцца вакальныя магчымасці Мазур. 

Пры жаданні Вікторыя магла б пець у оперы. На думку спецыялістаў, у яе "густы драматычны оперны голас, які можа быць упрыгажэннем любога тэатра". I таму некаторыя здзіўляюцца, што Мазур да гэтага часу застаецца вернай музычнай камедыі. Але той, хто добра ведае Вікторыю, не можа ўявіць яе нідзе больш, акрамя аперэты. 

У кожнага, бадай, ёсць любімы занятак, не звязаны з работай. Ведаючы яго, можна адкрыць новыя рысы характару чалавека. У Вікторыі Мазур два захапленні. Першае – кнігі. Чытае яна шмат. Добра ведае айчынную і зарубежную класіку, сучасную літаратуру. Творы Л. Талстога, I. Буніна, Ф. Дастаеўскага, Ж. Санд (з рамана "Кансуэла" ведае на памяць цэлыя раздзелы), Э. Хэмінгуэя, А. Маруа перачытвае па некалькі разоў. Леў Талстой, напрыклад, прыцягвае яе як вялікі знаток мовы і выдатны псіхолаг. 

Другое яе захапленне вельмі падабаецца дачцэ. Вікторыя пячэ смачныя торты і пірагі. У гэтай справе Анжэла першая ёй памочніца. 

А мама дапамагае дачцэ вучыцца іграць на фартэпіяна (дзяўчынка займаецца ў музычнай школе). Часта, пад настрой, маці і дачка спяваюць дуэтам. 

Валянцін РЫБІЦКІ. 

Голас Радзімы. – 1977. – 31 сак. – С. 7.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: