« Назад
ПРЫМАДОННА ЕДЗЕ ПА КРАІНЕ
У вялікі юбілейны гастрольны тур па рэспубліцы выправілася днямі народная артыстка Беларусі Наталля Гайда.
– Я заўсёды з захапленнем успамінаю свае колішнія канцэртныя паездкі па гарадах і вёсках Беларусі ў 70-х гадах. Зараз мне хочацца яшчэ раз сустрэцца са сваімі гледачамі, паказаць ім новую канцэртную праграму, тое цікавае, што створана за апошнія гады, – кажа Наталля Віктараўна.
Канцэртны тур пачынаецца сёння, 5 снежня з гарадоў Міншчыны – Беразіно, Чэрвень, Жодзіна, Барысаў. Мяркуецца, што Наталля Гайда і некалькі яе партнёраў наведаюць усе абласныя гарады Беларусі, а таксама не менш як пяць райцэнтраў у кожнай вобласці.
Канцэртная праграма будзе складацца з двух аддзяленняў, у якіх прагучыць оперная, камерная музыка і, вядома, аперэта, без якой немагчыма ўявіць Наталлю Гайду, чыё акцёрскае майстэрства і цудоўнае сапрана адзначаны вышэйшай узнагародай у галіне тэатральнага мастацтва нашай краіны – "Крыштальнай Паўлінкай".
Завершыцца гастрольная паездка прымадонны ў красавіку вялікім юбілейным творчым вечарам і новым спектаклем-рэвю ў Мінску.
Паводле слоў Наталлі Віктараўны, пасля завяршэння тура з сольнымі канцэртамі яна больш выязджаць не будзе. Аднак яе цудоўны голас па-ранейшаму пачуем у спектаклях Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі, салісткай якога яна з'яўляецца амаль ужо 30 гадоў.
Дарэчы, у дадатак да ўсіх званняў у 1997-98 гг. Сусветным біяграфічным цэнтрам (Кембрыдж) народная артыстка Беларусі Наталля Гайда названа "Чалавекам года". Беларуская прымадонна аперэты прадстаўлена і ў сусветным выданні "Хто ёсць хто" сярод самых знакамітых жанчын свету.
Ірына СВІРКО. Чырвоная змена. – 1998. – 5 снеж.
|