Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Прывід мюзікла (2012 г., Літаратура і мастацтва)

Прывід мюзікла (2012 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПРЫВІД МЮЗІКЛА

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр упершыню абвясціў конкурс на стварэнне арыгінальных нацыянальных спектакляў, які працягнецца да 1.12.2012 г. За "круглым сталом" тэатра нядаўна сустрэліся прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, зацікаўленыя новай падзеяй. Сярод іх — мастацкі кіраўнік БДАМТ Адам Мурзіч і галоўны дырыжор Алег Лясун; рэжысёры гэтага ж тэатра Настасся Грыненка і Ганна Маторная; кампазітары Уладзімір Кандрусевіч, Сяргей Картэс, Канстанцін Яськоў; паэты Навум Гальпяровіч, Таццяна Мушынская, Таццяна Сівец, Віка Трэнас; музычны крытык Надзея Бунцэвіч, радыёжурналіст Людміла Палкоўнікава, сцэнарыст Таццяна Сінкевіч. Газетную версію той палемічнай размовы прапануюць Вольга Нікалаеўская і Святлана Берасцень.

Адам МУРЗІЧ. Не сакрэт, што фінансавае становішча тэатра сёння вельмі складанае, аднак нашы партнёры гатовыя падтрымаць конкурс — каб з’явіліся спектаклі, цікавыя і музычна, і ў літаратурным плане. У конкурсе дзве намінацыі: аперэта (камічная опера, музычная камедыя) і мюзікл. Чаму мюзікл? Таму, што недалёкі той час, калі наш тэатр падзеліцца на дзве трупы. Адна, скажам так, маладзёжная, якая адчувае пульс часу, спявае ў адпаведнай манеры, скарыстоўваючы мікрафон. Другая — "венская" трупа, якая пяе класіку. Абвяшчэнне конкурсу абумоўленае насамперш тым, што апроч твораў У. Кандрусевіча спектакляў беларускіх аўтараў, і тым больш — на беларускай мове, у нас, да вялікага нашага сораму, няма. Новае кіраўніцтва БДАМТ паабяцала беларускай грамадскасці пастарацца гэты прагал ліквідаваць. Мы не абвяшчалі конкурс на дзіцячы спектакль: тут у нас справы неблагія. Ды калі камусьці захочацца папрацаваць у гэтым напрамку, мы не супраць. Магчыма, потым і абвесцім адпаведны конкурс, бо хацелася б, каб у рэпертуары для дзяцей з’явіўся спектакль на беларускай мове.

Алег ЛЯСУН. Найгалоўны крытэрый для конкурсных твораў — цікавая музыка і цікавая п’еса. Хацелася б убачыць нестандартны падыход да музычнага матэрыялу, пачуць прывабныя, прыгожыя, запамінальныя мелодыі. І каб беларуская мова нарэшце загучала ў Музычным тэатры. Я думаю, гэты конкурс — шанц знайсці яркі твор. У нас, на шчасце, багата цікавых кампазітараў. Спадзяюся, мы зробім годную справу і для свайго тэатра, і для беларускай культуры.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ. Беларуская мова павінна гучаць у нашых тэатрах: гэта бясспрэчна. Але творчая сувязь паэтаў і кампазітараў, на жаль, перарвалася. Патрэбныя нейкія зрухі, каб вярнуць тыя двухбаковыя стасункі, наладзіць найперш асабістыя кантакты творцаў. І конкурс тут можа паспрыяць. Музычны тэатр выступіў з такой цудоўнай канкрэтнай ініцыятывай. Зразумела, не хочацца нікому працаваць "у стол". Таму трэба, на мой погляд, замаўляць канкрэтныя тэмы, заключаць дамовы, наладжваць супрацоўніцтва. Усе замежныя госці Мінска ў першую чаргу цікавяцца: а дзе ж ваша мова? Арыгінальныя песні, спектаклі? Нацыянальнае мастацтва павінна быць з мовай Купалы, Коласа, Багдановіча. Кампазітары могуць пацвердзіць, як хораша яна кладзецца на музыку: нібыта створана для спеваў!

А. М. Працуючы са студэнтамі як вакальны педагог, я заўсёды адчуваў, як добра кладзецца мелодыка беларускай мовы на музыку. Знаёміўся і з даследаваннямі, паводле якіх беларуская мова займала другое месца пасля італьянскай па мілагучнасці.

Віка ТРЭНАС. Скажу ад майго, маладзейшага пакалення беларускіх паэтаў, якія друкуюцца на старонках часопіса "Маладосць", адзінага выдання на ўсю краіну, прысвечанага менавіта маладзёжным рухам і маладзёжнай літаратуры. Лібрэтыстаў сярод нашых аўтараў за апошнія пяць гадоў, колькі я працую ў "Маладосці", увогуле не было. Гэта вельмі складаны і спецыфічны жанр, які вымагае і драматургічнага мыслення, і адпаведнай адукацыі, і адукаванасці. Напэўна, у нас проста не ставала настаўнікаў старэйшых, якія маглі б праводзіць майстар-класы, адпаведным чынам вучыць; альбо праз нейкі конкурс падштурхнуць да творчасці таленавітых людзей з належнай адукацыяй. Вось новы конкурс і павінен быць штуршком. Але важна, каб маладое пакаленне мела пэўную падтрымку, бо лібрэта, зразумела, пішацца пад заказ, па натхненні не ствараецца. Гэты конкурс узнімае адразу столькі вялікіх праблем: выхаванне, адукацыя, уменне працаваць у творчых колах між сабой.

Канстанцін ЯСЬКОЎ. Дапусцім, я, малады кампазітар, вырашыў удзельнічаць у ім. Як мне знайсці паэта, калі я тут чую, што лібрэтыстаў у нас няма, іх не навучаюць? А калі я знайду такога чалавека і мы будзем разам пісаць конкурсны твор? Дзве дзеі па 40–50 хвілін — досыць сур’ёзная праца. Але няма гарантыі, што потым гэта будзе пастаўлена.

А. М. Гарантыя? Якасць!

К. Я. Гэта зразумела. Але ўявіце, што будуць напісаныя дзесяць твораў годных. Усё роўна хоць адзін з іх пойдзе ў стол: год працы лібрэтыста і кампазітара! Праблема. Лепш бы засяродзіцца на канкрэтных кампазітарах і літаратарах, задаць ім пэўную тэматыку. І кампазітарам было б значна лягчэй, калі б ужо зараз прапаноўвалася лібрэта або некалькі на выбар. Ці хаця б ідэя.

Таццяна МУШЫНСКАЯ. На мае вершы напісана вельмі шмат музычных твораў: я зрэдчас жартам кажу, што больш, чым у Купалы і Коласа разам узятых. На сённяшні дзень болей як дзвесце: і песні, і рамансы, вакальныя і харавыя цыклы, асобныя хары. У мяне маса тэкстаў, і я "хаджу па кампазітарах": можа, каго зацікавіць? У мяне шэраг гатовых балетных лібрэта, якія я, выбачайце за вульгарнае слова, ніяк не магу прыладзіць, знайсці кампазітара, які зацікавіўся б. Бывала, пачыналася праца над маім лібрэта, фрагменты музыкі былі напісаныя, а потым — стоп, бо ёсць сям’я ў кампазітара, ёсць іншая работа, ён мусіць заставацца ў соцыуме, каб мець сродкі на штодзённы хлеб. У мяне ёсць і некалькі оперных лібрэта, і шмат накідаў. Але пытанне: "Як супасці з кампазітарам?" — самае складанае.

Людміла ПАЛКОЎНІКАВА. Павінна быць у тэатры невялікая творчая група, якая працавала б з матэрыялам, прапанаваным на конкурс: рэжысёр, дырыжор, рэдактар… Да іх прыйдуць аўтары, прапануюць свае ідэі, напрацоўкі. Тая група і вызначыць, каго з кім звесці для далейшай працы.

А. М. У нас за гэта адказныя галоўны рэжысёр і галоўны дырыжор, на чале з мастацкім кіраўніком. І ўсе рэжысёры і дырыжоры тэатра ўлучаныя ў працэс.

Уладзімір КАНДРУСЕВІЧ. "На лібрэтыстаў" у нас не вучаць. Калі я заканчваў кансерваторыю, нас там не вучылі пісаць мюзіклы… Перш за ўсё павінен быць талент чалавека, які выдасць ідэю. І ўжо зыходзячы з яе трэба шукаць людзей, якія паспрыяюць фарміраванню новага твора на падставе гэтай ідэі. Трэба цалкам змяніць падыход да працэсу. Не пладзіць масу непатрэбнага. Небаракі сапраўды гадамі будуць працаваць, пісаць… Важна знайсці чалавека, здольнага арганізаваць працэс, як гэта робіцца ў Маскве. Яркі прыклад — мюзікл "Граф Монтэ-Крыста" ў тэатры "Московская оперетта". Гэта, я лічу, сёння найлепшы прадукт у адпаведнай галіне. А напісаў музыку малады аўтар Р. Ігнацьеў, які не мае спецыяльнай адукацыі… Не трэба казаць, што нас не вучылі, мы не ведаем. Сам я гатовы працаваць хоць год бясплатна, калі ёсць ідэя і ёсць разуменне, што атрымаецца нешта цікавае. Я гэтак і жыву.

А. М. Мы ўжо год працуем з У. Кандрусевічам над стварэннем мюзікла пра гісторыю жыцця Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Практычна ўсё гатова да пастаноўкі, ёсць і рэжысёр спектакля. Шчыра скажу: працу "прытармазіла" праблема грошай. Але мы робім усё, каб гэты твор з’явіўся на сцэне.

Настасся ГРЫНЕНКА. Большасць тут разважае катэгорыямі песні: вершы, музыка… А буйная форма вымагае драматургіі. Вы напішаце цудоўную паэзію, цудоўную музыку, але не будзе драматургіі — і не будзе спектакля. Дый не ўсе паэты могуць быць драматургамі. Гэта зусім розныя ўменні. Трэба драматургаў падключаць: хай яны пішуць лібрэта. І мяне бянтэжыць боязь маладых аўтараў пісаць "у стол". Не напішаце ў стол — наогул нічога не напішаце! Расійскі кампазітар Г. Гладкоў піша ў стол, хоць ён вядомы і прызнаны і можа сабе дазволіць гэтага не рабіць. Такім чынам ён развіваецца. А тут — іншае мысленне: барані божа, мы напішам, а не паставяць… І не паставяць, калі гэтак разважаць. Пішы пра тое, пра што ты не можаш не пісаць! Гэтак працуюць У. Кандрусевіч, С. Картэс. Ніхто не абяцаў іх творы ставіць, а яны сядзяць і пішуць. А вы баіцеся зрабіць штосьці лішняе дзеля свайго ж досведу. Надта інфантыльная пазіцыя: маўляў, вы нам прывядзіце лібрэтыста, вы прыдумайце, пра што мы напішам…

Ганна МАТОРНАЯ. Так, не прыраўноўвайце нас да педагогаў. Мы не павінны нікога вучыць! Што ж, збяромся, прыдумаем ідэю… Распавядзём вам, як усё трэба зрабіць, можа, яшчэ і напяём, а вы за намі запішаце, потым апрацуеце і будзе твор?

Сяргей КАРТЭС. Каб нехта збоку прапаноўваў напісаць вось такую ці такую оперу? Ніколі не паверу, што хтосьці прыходзіў да Р. Вагнера і казаў: давай напішам "Тангейзера"! Не можа гэтага быць. Ідэя павінна нараджацца ў кампазітара.

Г. М. Моладзь, зважайце! Усе оперы С. Картэса, вельмі вядомага творцы, унікальныя не толькі з пункту гледжання драматургіі (бо напісаныя на аснове п’ес Брэхта, Дзюрэнмата, Чэхава). Яго творы ўнікальныя, бо там ёсць аўтарская музычная драматургія. Калі я, рэжысёр, бяру ў рукі яго оперу, дык магу яе па-свойму трактаваць, але для мяне там ёсць музычная драматургія. Высакакласны матэрыял. 

Надзея БУНЦЭВІЧ. Мы зараз намагаемся звесці ўсё да нейкага адзінага варыянта правядзення конкурсу. А ў свеце іх шмат, і розных. Прыгадаем, як рабіў С. Дзягілеў: ёсць ідэя, пад яе збіраюцца кампазітар, мастак, харэограф, рэжысёр, артысты і з гэтай ідэяй працуюць. Ён ведаў сваіх аднадумцаў, ведаў, каго шукаць. Калі мы не ведаем сваіх кампазітараў, хто з іх да чаго здатны, тады пра што гаварыць… Часта творцы працавалі па замове тэатра. У нас існавала практыка дзяржаўных заказаў. Кампазітар, які задумаў оперу, накіроўваў заяўку ў Міністэрства культуры, з ім заключалі дамову. Ён пачынаў працу, атрымаўшы грашовы аванс — каб мог аддацца гэтай працы цалкам, забяспечыўшы сям’ю… Мне здаецца, наш конкурс трэба праводзіць сярод моладзі, калі хочам знайсці тое імя, якое далучыцца да працы.

Г. М. Для нашага тэатра твор павінен быць касавым. Я ўпэўненая: нават калі гэта будзе геніяльны твор, напісаны на беларускай мове, з добрым лібрэта і з добрай музыкай, але ён не будзе касавы, яго ставіць — бессэнсоўна. І калі браць лібрэта на беларускай мове, гэта павінна быць нешта выбітнае. І самае галоўнае: паступова беларуская мова выйшла з ужытку — я прапаную і вяртаць яе паступова.

Н. Г. Самае галоўнае — падтрымаць ініцыятыву тэатра, адгукнуцца на яе, каб з’явіўся музычны спектакль, за які не было б сорамна. А гаварыць пра паступовае вяртанне мовы… Мы ўсё жыццё гаворым пра паступовае вяртанне. А знікае — раптоўна. Не трэба баяцца ствараць на беларускай мове. За Мулявіна, за ягоныя песні не было сорамна нідзе. Касавасць? Неабходна выхоўваць чалавека, і касавасць тады з’явіцца! Мы чамусьці апошнім часам ідзём за попытам. Самі ж яго не фарміруем! А трэба фарміраваць культуру ўспрымання, каб чалавек без прымусу разумеў і адчуваў, што твор нацыянальнага мастацтва павінен быць нацыянальным, вартым нашай краіны, гісторыі, багатай літаратуры.

А. М. Запэўню ўсіх: арыентавацца на касу мы не будзем. Калі арыентавацца на касу, дык ніколі не пачуем у нашых сценах беларускае слова і беларускую музыку. Гэты конкурс — не кан’юнктурнае рашэнне, а доўгачасовая праграма тэатра. Не атрымаецца знайсці высокамастацкі твор з першай спробы — абвесцім наступны конкурс.

Таццяна СІНКЕВІЧ. Хто будзе вызначаць вартасць твора? І што калі ён ужо гатовы: у кампазітара Ганны Казловай ёсць мюзікл, які яна пісала некалі ў стол і ўжо досыць даўно шукае мажлівасць паставіць…

А. М. Мюзікл Г. Казловай ляжыць не ў стале, а НА стале! З ім азнаёмілася кіраўніцтва нашага тэатра, і ёсць добрыя рэкамендацыі. Конкурсныя творы ацэніць не персанальна мастацкі кіраўнік ці галоўны рэжысёр, а будзе калегіяльнае меркаванне. Я нават пафасна сказаў бы: меркаванне выбітных дзеячаў музычнага тэатра, людзей, якія не лабіруюць чыесьці інтарэсы. І конкурсны адбор пройдзе ананімна.

Г. М. Хай бы кампазітары прыйшлі да нас, паглядзелі трупу: з разлікам на каго пісаць. Яны ж неяк павінны цікавіцца, для каго і дзеля чаго пішуць.

К. Я. Чаму думаюць, што ўсе кампазітары апанаваныя славалюбствам і мараць проста ўбачыць свой твор пастаўленым? Калі тэатру патрэбна пэўная музыка, я магу яе напісаць. Але я мушу ведаць, што канкрэтна ад мяне патрабуецца. А то буду прыдумваць, прынясу, а такое не трэба!

Г. М. Гэта калі музыка прыкладнога характару, рэжысёр выклікае і кажа: напішыце вось такое! А вы самі чым-небудзь захапляецеся? Вас цікавіць штосьці?.. Вось Н. Грыненка, рэжысёр, ужо робіцца аўтарам лібрэта, бо ёй лацвей напісаць самой, чым даверыць некаму іншаму. Атрымліваецца годна: усе яе спектаклі — касавыя.

Таццяна СІВЕЦ. Вы займаецеся не сваёй справай. На тое і ёсць паэты, пісьменнікі, каб дапамагаць вам.

Н. Гр. Дык вы ж самі кажаце, што сярод вас няма лібрэтыстаў.

Т. С. Дык навучыце нас!

Н. Гр. А навошта мне вучыць вас, калі я навучылася сама і магу працаваць, і на Расію, і…

Т. С. Дзеля чаго ж тады абвешчаны конкурс?!

А. М. Калі мы абвясцілі конкурс, дык і паклапоцімся пра тое, каб вы былі правільна зарыентаваныя, працавалі ў належным кірунку і плённа. А вынікам нашых супольных высілкаў, спадзяёмся, будзе цудоўны беларускі нацыянальны твор.

Літаратура і мастацтва. – 2012. – 6 студз. – С. 4.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: