Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Прывітанне, Кіса і Бендэр! (2011 г., Мастацтва)

Прывітанне, Кіса і Бендэр! (2011 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПРЫВІТАННЕ, КІСА І БЕНДЭР!

11-95a У Музычным тэатры шукаюць скарбы

У сярэдзіне верасня Беларускі акадэмічны музычны тэатр запрасіў на прэм’еру эксцэнтрычнага балета "12 крэслаў" на музыку Генадзя Гладкова. Такім чынам знакаміты Астап Бендэр, вялікі камбінатар і сын турэцкага падданага, а таксама Іпаліт Мацвеевіч Вараб’янінаў (ён жа Кіса), бацька рускай дэмакратыі і прадвадзіцель павятовага дваранства, трапілі ў Мінск.

Раман Ільі Ільфа і Яўгенія Пятрова, напісаны ў 20-я гады мінулага стагоддзя, афарыстычны і даўно разабраны на мноства цытат. Гэты твор, што надзвычай каларытна адлюстроўвае нэпманскую Расію і пачатак пабудовы сацыялізму, амаль праз век набывае нечаканую актуальнасць і злабадзённасць.

Скажыце шчыра, паважаны чытач, няўжо вы ніколі не марылі, як знакаміты Астап, раптоўна аказацца багатым, каб наяве ажыццявіць таемныя летуценні? Вядома, марылі. Хоць у тым і не прызнаецеся. Так што Бендэр жыве ў душы кожнага з нас. Выкажу крамольную думку, але гэта такі ж вечны вобраз, як Гамлет або Дон Кіхот! Выходзіць, з пункту гледжання тэмы і персанажаў цікавасць гледача новаму спектаклю забяспечана.

Што датычыць яго музычнай асновы, дык з вядомым кампазітарам Генадзем Гладковым калектыў сябруе даўно: "Прыгоды брэменскіх музыкантаў" не першы сезон з поспехам ідуць у тэатры. Мала хто з сучасных расійскіх кампазітараў здолеў так рэалізаваць свой талент, як Гладкоў. Яшчэ ў савецкі час сапраўднымі музычна-экраннымі "хітамі", якія мелі неверагодную папулярнасць, сталі фільмы, зробленыя сумесна з Маркам Захаравым, – "12 крэслаў", "Звычайны цуд", "Дом, які пабудаваў Свіфт", "Формула кахання", "Забіць дракона".

Асноўныя музычныя тэмы, што прагучалі ў першым з названых фільмаў Захарава (Бендэра там віртуозна іграў незабыўны Андрэй Міронаў), пазней зрабіліся асновай балета Гладкова, пастаўленага ў Свярдлоўску (1986). Мікалай Макарэвіч, музычны кіраўнік і дырыжор мінскіх "12 крэслаў", сведчыць: і ён, і аркестр з захапленнем працавалі над партытурай. Дзякуючы аркестроўцы, зробленай самім аўтарам, музыка балета і цяпер, праз чвэрць стагоддзя, гучыць надзвычай сучасна, не губляючы вастрыні ў тэмпах, рытмах, тэмбральных спалучэннях. Музыка "12 крэслаў" меладычная і надзіва прыдатная для танца, яна сама па сабе нараджае зрокава-танцавальныя вобразы. У ёй прысутнічае драйв, няспынны рух. А самае галоўнае – закладзенае адчуванне камічнага, прычым ва ўсёй палітры – ад мяккага гумару да сатыры і сарказму. Кампазітар выкарыстоўвае розныя інтанацыйныя і жанравыя пласты – тут гучаць танга, шымі, лацінаамерыканскія рытмы, характарныя фарбы, ёсць і стылізацыя пад цыркавую музыку.

Адметнасць новай пастаноўкі і ў тым, што функцыі балетмайстра і рэжысёра падзелены. Практыка распаўсюджаная на Захадзе, яна амаль не сустракаецца ў нас, але ў дадзеным выпадку цалкам апраўдвае сябе. Бо ў кожнага – свае задачы. Да гэтага часу мы ведалі Дзмітрыя Якубовіча як надзвычай таленавітага саліста, здатнага арганічна спалучыць спевы, танец, драматычную ігру. Як сказаў дырыжор Анатоль Лапуноў, Дзмітрый – "геніяльны прасцяк". Думаю, калі б "12 крэслаў" былі мюзіклам, ён мог бы вельмі ярка ўвасобіць Бендэра. Але артыст перарос уласнае амплуа.

Адначасова Якубовіч шмат у чым пераўзышоў сябе і як малады харэограф. Бо поўнаметражных балетаў раней не ставіў – толькі асобныя нумары. А гэта рэчы прынцыпова розныя! Стварыць арыгінальную харэаграфічную версію, прыдумаць пераканаўчыя танцавальныя вобразы літаратурнай класікі – дарагога каштуе! Паколькі трупа выхавана на класічнай танцавальнай лексіцы, арыентавана на яе, дык пластычная партытура спектакля ўзнікала менавіта на гэтай аснове. Пра класіку нагадваюць першае сола Бендэра, дуэт Лізы і Колькі ў 1-й дзеі. У іншых эпізодах шмат элементаў эстраднага танца, яскравага і кідкага, які добра спалучаецца з тэмай пошуку скарбаў. Ёсць элементы пантамімы, побытавых і бальных танцаў, рытмапластыкі – усё, што працуе на эксцэнтрычны стыль.

Як здолелі пастаноўшчыкі стварыць шматнаселены спектакль, маючы невялікую балетную трупу, – загадка (прычым і кардэбалет, і салісты апошнім часам не мелі складаных мастацкіх задач). У асобных сцэнах удзельнічаюць навучэнцы Дзіцячай харэаграфічнай школы № 1, якія ўдала іграюць беспрытульнікаў.

Шмат цікавых пастановачных знаходак і ў рэжысуры Анастасіі Грыненка (яна рабіла і новую рэдакцыю лібрэта, бо ў Свярдлоўску ставіўся балет у 3-х дзеях). Думаю, "12 крэслаў" могуць адкрыць нечаканую лінію ў яе творчасці. Пастаноўка мюзіклаў для дзяцей і дарослых, якімі Грыненка захаплялася ў апошнія сезоны, выглядае ў нечым асвоенай тэрыторыяй. Строгі падзел па карцінах (а іх 12, як крэслаў) робіць дзеянне дынамічным. Важна, што новы балет шматузроўневы, адрасаваны розным гледачам. Адным будзе цікавае харэаграфічнае ўвасабленне рамана. Другім – атмасфера часу, камедыйна-сатырычны ракурс успрымання сацыялістычнай рэчаіснасці. Трэцім – роздум на тэму "чалавек і сістэма". На дапамогу пастаноўшчыкам прыходзіць выкарыстанне выразных магчымасцей сумежных відаў мастацтва. Напрыклад, нямога кіно і кінахронікі 1920–30-х гадоў, якія ўзмацняюць гучанне спектакля.

Моцную сэнсавую ролю маюць сцэнаграфія і касцюмы спектакля (мастак Андрэй Меранкоў, касцюмы Таццяны Лісавенка). У вобразным вырашэнні сцэнічнай прасторы шмат адсылак да культурных з’яў таго часу – вежа Татліна, біямеханіка Меерхольда, канструктывізм. Татальна і надзвычай эмацыйна ўздзейнічае ў "12 крэслах" чырвоны колер. Калі на пачатку спектакля ў фае сустракаеш дзяўчат у чырвоных касынках, іранічна думаеш: "Аказваецца, традыцыі Таганкі не паміраюць…" Потым чырвані становіцца ўсё больш: паўсюль кумачовыя транспаранты з надпісамі, сцягі… Мастакі ведаюць такую заканамернасць: чырвоны колер на сцэне (менавіта кумачовы, а не малінавы ці пунсовы) глядзіцца надзвычай нявыйгрышна, блякла і нецікава. Але такі эфект і быў запраграмаваны. Колер выклікае шмат асацыяцый: гэта і сцягі на першамайскіх дэманстрацыях, і заслоны партыйных з’ездаў… Празмернасць і свядомая навязлівасць неўпрыкмет "забіваюць" усе астатнія адценні і набываюць сатырычнае гучанне, увасабляючы прамалінейнасць, часам – прымітывізм мыслення, а больш шырока – сацыялістычна-камуністычную фантасмагорыю.

Візуальным кантрастам успрымаюцца трызненні Бендэра, ягоная ідэя фікс, яркі і навязлівы фантом – карнавал у Рыа-дэ-Жанэйра. У пастаноўцы ён пададзены надзвычай пераканаўча. З аднаго боку, дзяўчаты з іх пышнымі, "паўлінавымі" спадніцамі і галаўнымі ўборамі нагадваюць цыркавых артыстак або мюзік-хольных прыгажунь. З другога – перад гледачом паўстае і пародыя на штампы аперэты, яе празмерную, "анілінавую" квяцістасць. Але і яшчэ адзін нечаканы ракурс узнікае ад супастаўлення надакучлівай чырвані, што сімвалізуе савецкую рэальнасць, і рознакаляровых мар Бендэра – яны акрэсліваюць выйсце ў іншую жыццёвую прастору, тую мрою, дзеля якой Астап і шукае скарб…

Колеравы кантраст прысутнічае ў вырашэнні касцюмаў. Бірузова-зялёны строй Астапа вылучае яго з натоўпу, але адначасова нагадвае пра марскія хвалі і далёкае Рыа. Масоўка "12 крэслаў" у многіх сцэнах выступае ў ватоўках шэрага, агідна-мышынага колеру. Гэта тыя, хто працуе на будоўлях сацыялізму. Але ўзнікае і іншы сэнс – магчыма, гэта адзенне тых, хто потым зробіцца ахвярай сістэмы і ператворыцца ў "лагерны пыл"…

А цяпер пра галоўныя партыі. Добра памятаю Бендэраў у розных экранізацыях "12 крэслаў" і "Залатога цяляці" (Арчыл Гаміяшвілі, Сяргей Юрскі, Андрэй Міронаў), для кожнага з артыстаў гэтая роля аказалася знакавай. Праўда, там былі сталыя выканаўцы, што мелі надзіва моцную зброю – тэкст Ільфа і Пятрова. І кожны ўдала і арганічна ўвасабляў сумесь цынізму і абаяльнасці, уменне "вялікага камбінатара" віртуозна карыстацца чалавечымі слабасцямі. Малады танцоўшчык Артур Іваноў (ён перайшоў у трупу з Тэатра оперы і балета) надзвычай падыходзіць на ролю Астапа знешне, свабодна адчувае сябе ў прасторы партыі з пункту гледжання тэхнікі. Новы мінскі Бендэр малады, кемлівы. Па жыцці яго вядзе не столькі памкненне да грошай, колькі цікавасць і цікаўнасць. На мой погляд, герою пакуль не хапае цынізму і глыбокай расчараванасці ў свеце і людзях, прыхаванай за афарыстычнымі выказваннямі (у рамане – слоўнымі, у балеце – пластычнымі). Але думаю, дасканаленне вобраза Бендэра будзе для яго доўжыцца.

А вось Кіса ў выкананні Віталя Краснаглазава атрымаўся ці не найбольш яркай постаццю балета. Вараб’янінаў надзіва разнастайны і харызматычны. Мо таму, што артыст мае вялікі сцэнічны вопыт? Уражанне, быццам танцоўшчык проста купаецца ў сваёй партыі. (Цяжка ўявіць, што ён гэткі ж пераканальны ў абліччы брутальна-саркастычнага Мефіста ў аднайменным балеце.) Яшчэ адным нечаканым адкрыццём "12 крэслаў" сталася выдатная характарная танцоўшчыца Людміла Кісялёва ў камедыйна-сатырычных партыях мадам Грыцацуевай і Агаф’і Ціханаўны з "Жаніцьбы", балета ў балеце. Калі бачыш работы Краснаглазава і Кісялёвай, шкадуеш, што такія артысты яшчэ дзесяць гадоў таму не мелі адпаведных роляў і таму як след не "разгарнуліся".

Ніколі не здагадвалася, што знакамітая п’еса Гогаля можа быць так пераканаўча ўвасоблена сродкамі харэаграфіі! (Астап і Кіса трапляюць у Тэатр Каломба, дзе паказваюць "Жаніцьбу", а ў якасці рэквізіту выступаюць запаветныя крэслы.) Але ж атрымалася – ды яшчэ як! Нечакана, выразна і… смешна! Увогуле ў спектаклі шмат сцэн, якія выклікаюць у зале проста гамерычны рогат. Напрыклад, танец маленькіх лебедзяў. Або эпізод вясельнай ночы Астапа і мадам Грыцацуевай, які чаргуецца са сцэнай, калі Кіса раз’ятрана трыбушыць чарговае крэсла. Сцэну ў Тэатры Каломба, як і фрагменты з удзелам Элачкі (віртуозная работа Вольгі Лядскай), можна без сумневаў паказваць у музычных рэвю – глядацкі поспех такім сцэнічным шлягерам забяспечаны!

У Музычным тэатры з’яўляюцца розныя прэм’еры. Ёсць спектаклі, што зроблены хутка, "на падборы", дзеля папаўнення касы, для гастроляў. Гэта можна зразумець: і фінансавы план ніхто не адмяняў, і публіка наша розная – часам не ўмее, часам не хоча аддзяляць высокае і сапраўднае мастацтва ад таннай забаўляльнасці. Але тым больш цікавымі, адметнымі і захапляльнымі ўспрымаюцца спектаклі, пастаўленыя камандай аднадумцаў. Менавіта ў гэтым зарука сапраўднага поспеху. Пасля "12 крэслаў" думалася пра тое, што Музычны тэатр не мае шыкоўных інтэр’ераў, грандыёзных крышталёвых свяцільняў, велізарных люстраў, мазаічнай падлогі, іншых будаўніча-дызайнерскіх цудаў, якімі валодаюць канкурэнты. Але справа, аказваецца, у тым, што арыгінальнасць ідэй і імпэт трупы зусім не залежаць ад навізны і дэкору памяшкання. Нагадаю даўно вядомую ісціну: талент – як каханне і кашаль – не схаваеш. А дух жыве там, дзе захоча…

Таццяна МУШЫНСКАЯ.
Мастацтва. – 2011. – № 9. – С. 16–17.

На здымку: "12 крэслаў" Генадзя Гладкова. Сцэна са спектакля.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: