Главная \ Пресса \ Пяшчотная ўлада (2005 г., Лiтаратура i мастацтва)
« Назад

ПЯШЧОТНАЯ ЎЛАДА

Сімволіка загадкавага лотаса і чарадзейнай ружы. Маўклівая мудрасць экзатычных букетаў ды гірлянд. І – раскоша суквецця… артыстаў. Такіх розных! Кожны, нібы тыя кветкі, густоўна спалучаныя ў ансамбль, надзелены сваімі адметнасцямі: дарам сцэнічнага пераўвасаблення, магічным голасам, захапляльнай знешнасцю, бліскучым камедыйным талентам, надзвычайнай пластычнасцю. Атмасфера поўніцца парыжскім шармам, панадным паветрам куліс, п’янкім і тонкім водарам Усходу. У гонар лепшых з кветак тут узносяць прыгожы хваласпеў. Моваю кветак прызнаюцца ў каханні…

Дзе яшчэ можна сёння адчуць такі рамантычны культ Кветкі, Жанчыны, Кахання, як не ў класічнай аперэце! Тым больш, калі гэта – "Баядэра" І. Кальмана. Прэм’ера яе адбылася ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры "пад заслону" сезона. Новы спектакль створаны пад мастацкім кіраўніцтвам дырэктара тэатра А. Ісаева, які запрасіў на пастаноўку з Расіі рэжысёра Ю. Дражняка і мастака У. Пермякова. А вось і знаёмыя імёны – музычны кіраўнік А. Сасноўскі, балетмайстар-пастаноўшчык Н. Дзячэнка, хормайстар С. Пятрова.

Суквеццем артыстаў – Маргарыта Александровіч, Антон Заянчкоўскі, Дзмітрый Якубовіч, Герман Казлоў, Ірына Цярэнцева, Аляксандр Асіпец – уразіў ужо самы першы паказ "Баядэры". Публіка радасна, з кветкамі ў руках, прыняла палон таемнай і пяшчотнай улады – улады прыгожых мрояў і музыкі, артыстызму, яркіх эмоцый і гумару, – усяго, чым жывіцца свет аперэты.

Лiтаратура i мастацтва. – 2005. – 29 лiп.