Главная \ Пресса \ Рамонт як стыхійная навала (Арцём Кумельскіх, "Літаратура і мастацтва", 12.10.2012)
« Назад

РАМОНТ ЯК СТЫХІЙНАЯ НАВАЛА

"Парупіцца пра білеты лепей летам. Бо на першым спектаклі новага сезона чакаецца аншлаг", — хваляваліся прыхільнікі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Ды неўзабаве з’явілася зусім іншая падстава для хвалявання, якая "ўзняла нервы" і артыстам, і публіцы, і кіраўніцтву творчага калектыву.

Урачыстае адкрыццё 43-га сезона Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра абвясцілі на пачатак верасня. Сваёй рэпертуарнай візіткі калектыў пакуль не мае, таму гонару распачаць сезон спадобілася сёлетняя прэм’ера — беларуска-амерыканская пастаноўка мюзікла Л. Бернстайна "Вестсайдская гісторыя". Надышла восень, і вакол папулярнага сталічнага тэатра ўтварыўся незразумелы інфармацыйны вакуум. Быццам той бясследна знік. Паўсюль ішла рэклама нацыянальнай опернай прэм’еры, міжнародных выставачных праектаў, філарманічных і тэатральных фестываляў. А гучны пачатак сезона ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адкладваўся на няпэўны тэрмін… з-за рамонту. Дакладней, з-за нядбайнасці (або некампетэнтнасці, або нядобрасумленнасці — якая нам, гледачам, ці ім, "служкам Мельпамены", розніца?) тых, хто не выканаў адпаведную працу ў будынку. Артысты выступалі на ўрачыстасцях, прысвечаных юбілею ўнікальнага помніка старажытнага дойлідства — Сынкавіцкай царквы; ладзілі гастролі ў Літве…

І вось нарэшце з’явілася абвестка, што з 5 кастрычніка тэатр пачынае рэгулярны паказ спектакляў у Мінску.

Аднак віншаваць яго з перамогай над наступствамі "стыхійнага бедства", да якога нашы грамадзяне прыраўноўваюць нават звычайны рамонт у гарадской кватэры, — рана! Спектаклі будуць ісці на сцэне Мінскага палаца культуры чыгуначнікаў.

Якія б каментарыі ні напрошваліся з гэтай нагоды, лепей ад іх устрымацца. Галоўнае, што публіка не пакіне сваіх куміраў без увагі. І дачакаецца здзяйснення тых творчых планаў на бліжэйшы год, якімі кіраўніцтва тэатра падзялілася з журналістамі яшчэ ў ліпені: опера Р. Леанкавалы "Паяцы" (канцэртнае выкананне); балет У. Саўчыка "Пад ветразямі мары (Асоль)"; мюзікл Г. Гладкова "Звычайны цуд"; аперэта І. Кальмана "Містэр Ікс"; мюзікл У. Баскіна "Сірано дэ Бержарак". Няма сумніву, што працягнецца праца над новым творам У. Кандрусевіча з вершамі А. Туравай "Соня, Сонейка, Сафія", у аснове якога гісторыя Соф’і Гальшанскай і Ягайлы…

Тэатр запрашае паглядзець музычную камедыю Я. Пцічкіна "Бабскі бунт". І ўжо заклікае набываць білеты на навагоднія імпрэзы для дзяцей!

Арцём КУМЕЛЬСКІХ.
Літаратура і мастацтва. – 2012. – 12 кастр. – С. 19.