Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ролі – яго багацце (1982 г., Літаратура і мастацтва)

Ролі – яго багацце (1982 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

РОЛІ – ЯГО БАГАЦЦЕ

Дзверы кватэры адчыняе сам гаспадар. Я скарджуся, што доўга шукаў дом і кватэру. Ён смяецца: "Артыстаў, напэўна, спецыяльна пасяляюць далей ад тэатраў, каб пасля спектакля не адразу кідаліся ў ложак, а і па дарозе маглі б набірацца жыццёвых уражанняў!" Потым прапануе мне, пакуль сам займаецца са сваім сынам Алёшам, паглядзець фатаграфіі, газетныя выразкі, афішы, праграмкі. Усё гэта разам – сканцэтраваны творчы і жыццёвы шлях артыста. Яго гады, яго багацце. 

…На шляху да аперэтачнай сцэны перад Віктарам Бажэнавым паўставала шмат спакус. У юнацкія гады было сур’ёзнае пытанне: спевы альбо спартыўная кар’ера – ён з задавальненнем і не без поспеху гуляў у хакей у класе "А" за арэнбургскую каманду. Перамагла песня. Скончыў музычнае вучылішча, пачаў працаваць у мясцовым тэатры аперэты. Спачатку ў дапаможным складзе, а пасля выканання ролі Андрэйкі ("Вяселле ў Малінаўцы") – у акцёрскім. Паспяхова спяваў у спектаклях "Сарочынскі кірмаш" (Грыцько), "Ноч у Венецыі" (Энрыка). Адкрыліся рэальныя перспектывы на вядучае становішча ў тэатры. Але голас голасам, але на сцэне ж трэба яшчэ і іграць! Віктар адчуў недахоп акцёрскага ўмельства. 

У 1965 годзе ён паступіў у Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва (кіраўнік курса – адзін з буйных савецкіх рэжысёраў прафесар І. Туманаў). Вучоба Віктару давалася лёгка. Таму ў гэтыя гады шмат часу Бажэнаў аддаваў і канцэртнай дзейнасці. Рэпертуар яго складаўся з італьянскіх песень, рамансаў рускіх кампазітараў, арый з аперэт. Тады ж Бажэнаў пачаў здымацца ў фільмах. Новыя цікавыя запрашэнні ў кіно атрымаў і перад ад’ездам у Мінск. А тут яшчэ вядомы рэжысёр Б. Равенскіх запрасіў выпускніка аддзялення аперэты ў тэатр імя Пушкіна. Драматычная сцэна, кіно, філарманічная эстрада – якія прывабныя перспектывы! І гэта – у Маскве! Але Віктара вабіла аперэта, малады тэатр, які толькі-толькі арганізоўваўся. 

Добрая прафесійная школа, акцёрская дасведчанасць, цудоўны голас. З такім багажом зрабіць можна многае. Была б толькі жаданая аперэта! 

Сёння Віктар Бажэнаў, "старажыл" Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР, заняты ў рэпертуары шмат. Але ён з прыемнасцю знайшоў бы час для ўдзелу ў эстрадных філарманічных канцэртах, для здымак у кіно. Мне нават дзіўна даведацца, што рэжысёры "Беларусьфільма", якія нячаста запрашаюць здымацца артыстаў драматычных тэатраў рэспублікі, "перакрэсліваюць" акцёрскую картатэку тэатра музкамедыі зусім… 

У кожнай ролі Бажэнаў адметны не толькі сваім моцным лірыка-драматычным тэнарам, цудоўным ва ўсім дыяпазоне, насычаным прыгожымі абертонамі. Цудоўнае спяванне вельмі арганічна спалучаецца з яго выразнай акцёрскай ігрой. У Бажэнава яркі сцэнічны тэмперамент, шчырасць, добрая вера ў абставіны, уменне гэтыя абставіны падрабязна выявіць у сцэнічным дзеянні. Значны патэнцыял сцэнічнага абаяння акцёра надае яго героям нязменную прывабнасць і прыгажосць. Ролі ён іграе і драматычныя, і камедыйныя. Яму аднолькава зручна ў фраку і ў бытавым касцюме, у іспанскім капелюшы і ў казацкай кубанцы, у шыкоўных макасінах і ў спартыўных кедах, са шпагай у руцэ і з гітарай, з вясёлым гармонікам і з баявой стрэльбай. Яго героі то нервовыя, парывістыя, то вальяжна мяккія, то падкрэслена стрыманыя, то нястрымна лірычныя. 

Большасці яго персанажаў, асабліва ў сучасным рэпертуары, уласцівы душэўная шырыня, весялосць, нават пэўная гарэзлівасць, адкрытае і радаснае ўспрыманне жыцця. На мінскай сцэне В. Бажэнаў сыграў каля 30 роляў. Асаблівае задавальненне прынесла артысту праца над ролямі мастака Рауля ў "Фіялцы Манмартра", студэнта Сені ("Увага, здымка!"), саветніка пасольства Раджамі ("Баядэра"), катоўца Петры ("Вяселле ў Малінаўцы") і яшчэ аднаго студэнта – Пабла – у "Пацалунку Чаніты". 

Працуючы над роляй, ён дамагаецца ўрэшце імправізацыйнай свабоды. Паказальныя ў гэтым сэнсе спектаклі "Бабскі бунт", "Увага, здымка!", "Беласнежка і сем гномаў", дзе Віктар далучаў да сваёй імправізацыі нават аркестр, які з задавальненнем падтрымліваў яго ігру. Гэтую імправізацыйнасць ён імкнецца не згубіць незалежна ад тэрміну "эксплуатацыі" спектакля. Гэта ж галоўнае для артыста, лічыць Бажэнаў, – ніколі не паўтарацца! Зразумела, і ў кожнай новай сваёй рабоце ён імкнецца знаходзіць адметныя фарбы, новыя рысы, арганічны стыль сцэнічных паводзін. Прыклад – і Нехта са світы пана Бараноўскага ў "Несцерку", і Генрых Айзенштэйн з "Лятучай мышы", і сам Несцерка… 

Чалавек са світы Бараноўскага – ружовашчокі і вельмі дабрадушны з выгляду – жорсткая буздумная сіла, на якой толькі і трымаецца ўсякая няпраўда. Зразумела, яго акцёрскае задавальненне тут – паказаць такі індывідуум у групе панскіх паслугачоў. Гэтая роля выяўляла прафесійную сталасць Бажэнава і яшчэ раз пацвярджала думку, што акцёрскае майстэрства нельга не заўважыць і ў маленькіх ролях. 

Ягоны Генрых Айзенштэйн – свецкі леў, дэндзі, заняты пошукамі любоўных прыгод. Усё ў ім выдае валацугу-жуіра, завадатара начных пірушак і балоў. (Вядома, двума словамі пра гэтую тонкую акцёрскую работу расказаць немагчыма). 

І Несцерка. Дасціпны, спрытны жыццялюб, шчодры і бясконца абаяльны мужычок! 

Віктар Бажэнаў вельмі сур’ёзна ставіцца да сваёй творчасці. Тое, што перашкаджае стварэнню паўнацэнных сцэнічных вобразаў, ён імкнецца пераадолець, пазбягаючы хоць бы якіх прафесійных кампрамісаў. Усё, што ён робіць і на рэпетыцыях, і ў самастойнай працы над роляй дома, на сцэне і ў час спектакля, – пазначана высокай патрабавальнасцю да сябе! 

– У працы над ролямі, – расказвае Віктар, – я не імчуся галопам: "хутчэй бы!". Я павінен добра прадумаць: навошта і сама роля і для чаго яе асобныя элементы? Што хоча герой выказаць, чаго дамагаецца? У нашым жанры трэба "выцягваць" з малога, бо драматургія часам прымітыўная, даводзіцца выкручвацца і з недарэчнага драматургічнага становішча. А да таго ж, як вядома, у нас у тэатры адсутнічае пакуль што стабільная высокапрафесійная рэжысура. І кожны акцёр вымушаны сам для сябе быць рэжысёрам. На сцэне даводзіцца падладжвацца пад партнёраў, якія не заўсёды адказваюць на твой акцёрскі ход. Канечне, маладых неспрактыкаваных выканаўцаў вінаваціць за гэта нельга: кансерваторыя не дае належнай акцёрскай школы. Іграюць, як умеюць, а рэжысёрскага нагляду няма. У выніку адбываюцца непажаданыя сэнсавыя зрухі ў дзеянні, і са спектакля знікае самае галоўнае – жыццё… 

Я цікаўлюся меркаваннямі майго субяседніка пра яго новыя ролі. 

– Генрых Айзенштэйн, – адказвае ён, – матэрыял цікавы, музыка цудоўная. Так, гэта – свецкі леў. Але я імкнуся іграць не яго арыстакратычнасць – цыліндр, знешні лоск, пыхлівасць і да т.п… – а ўнутраную існасць чалавека: што схавана пад фракам, чым жыве, што кіруе яго паводзінамі. Абурэнне недарэчным выпадкам на паляванні і бяздарнасцю адваката ў судзе; патрабавальнае нецярплівае заляцанне да прывабнай "незнаёмкі" на балі; сцэна рэўнасці – у турме. Шматлікія эмацыянальныя і ігравыя нюансы ў паводзінах Генрыха прыносяць задавальненне ад гэтай працы, хаця не скажу, што ўжо вычарпаў тут усе свае магчымасці. Я кожны раз шукаю новае. 

Несцерку Бажэнаў па незалежных ад яго прычынах іграць пачаў зусім нядаўна. І, зразумела, не было таго напалу, які ўзнікае на пачатку работы над новым спектаклем. 

– Гэта мая першая вялікая роля на беларускай мове, – працягвае Віктар, – і хацелася дамагчыся моўнай лёгкасці! Сама ж работа была для мяне як увод. А выпісана роля фрагментарна. Давялося папацець. 

Але – падабаецца. Падабаецца, што Несцерка – аптыміст. У яго радаснае няўрымслівае светаўспрыманне. Нават над сваёй няўдачай смяецца! Ён – скамарох па натуры. Жыве для людзей. А жыццё ж не салодкае: "Ты дабро зрабіў, а цябе за каўнер хапаюць. Ты чалавека з бяды вызваліў, а цябе за гэта ў турму валакуць!" А ён для пакрыўджанага чалавека стараецца! Робіць рызыкоўныя ўчынкі, не задумваючыся пра магчымыя для сябе непрыемнасці. 

Вось, мне здаецца, і сэнс ролі: барацьбіт за шчасце людзей. Барацьбіт простымі, даступнымі яму метадамі – бяры гэтае шчасце зараз, будзь што будзе! Важная чалавечая якасць Несцеркі – асабістая абаяльнасць. Ён павінен прыцягваць да сябе. Людзі безагаворачна паддаюцца яго абаянню і вераць Несцерку. Несцерка не дае людзям змарнець у пакутах, не дае загаснуць людскім надзеям. У любой сітуацыі. І няхай гэтая надзея як міраж, але ўсё-такі надзея! Яна жывіць людзей. Вось так разумею гэты вобраз. І калі я гэта здолеў паказаць, калі глядач успрымае яго менавіта так, значыць у гэтай ролі я нечага дасягнуў. 

Віктар Бажэнаў выступае цяпер у ролі Фрэдзі ў спектаклі "Мая цудоўная лэдзі" Ф. Лоу. Ён чакае новых работ. І марыць пра той час, калі ў тэатры, нарэшце, з’явіцца стабільная прафесійная рэжысура, якая пераадолее рознастылёвасць ігры акцёраў, адродзіць у калектыве колішні энтузіязм і павядзе тэатр да творчых вышынь. Марыць і пра надзённы рэпертуар: "Каб глядач прыходзіў да нас не толькі дзеля забавы і пацехі, а каб яшчэ і аб нечым задумаўся, пакідаючы сцены нашага тэатра…"

Георгій ВАЛЧОК.
Літаратура і мастацтва. – 1982. – 16 крас. – С. 10–11.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: