« Назад СЕРЭНАДА ДОНКІХОЦТВУ Ў ДЗВЮХ ДЗЕЯХ З ПРАЛОГАМ І АНТРАКТАМ
У ролі Санча Пансы – Надзея Бунцэвіч.
ПРАЛОГ. Мае мілыя чытачы! Гартаючы зараз газету, нібы любімы рыцарскі раман, ці не збіраецеся вы, падобна Дон Кіхоту, адправіцца ў вандраванне на пошукі свайго Ідэалу? Калі ідэалам вы лічыце прывабнае тэатральнае дзеянне, здольнае на дзве гадзіны адцягнуць увагу ад жыццёвых праблем, дык я запрашаю вас у Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі на балет "Дон Кіхот". І абяцаю быць вам верным Санчам Пансам. I Д3ЕЯ. "Мы побач з Барселонай!" – шчасліва ўсміхнуўся мастацкі кіраўнік тэатра С. Косцін на прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэм'еры балета. Словы гэтыя можна трактаваць па-рознаму: і як намёк на іспанскі сюжэт, і як покліч аперэтачных артыстаў быць не горш за оперных, якія аб'ездзілі Іспанію ў некалькі разоў болей, чым Беларусь. Я ў Барселоне не была, але нахвальваю наш "Мінск-балет", што ўзнік на базе тэатра музкамедыі, не толькі з патрыятызму. На пытанне "Навошта ў аперэце балеты?" адказалі самі спектаклі: "Штраусіяна", "Іспанскі дывертысмент", "Шэхеразада". Нарэшце, пасля ўдалых аднаактовых спроб тэатр рашыўся на знакаміты спектакль з рубрыкі "вялікіх класічных". Але паставіў яго ў скарочаным варыянце: два акты замест звычайных чатырох (сцэнічная рэдакцыя і пастаноўка нар. арт. Расіі, лаўрэата міжнародных конкурсаў Любові Кунаковай). Не будзем зараз спрачацца наконт правамоцнасці зробленых купюр: практыка такая існуе, і той жа "Дон Кіхот", напрыклад, ідзе нават у аднаактовым варыянце. Прычыны гэтага розныя: і адноснасць захавання ў харэаграфіі аўтарскага тэксту, і адсутнасць у тым ці іншым тэатры вялікага кардэбалету, і клопат пра сярэднестатыстычнага гледача, які з нязвыкласці можа "не вытрымаць" да канца. Гледачы "Дон Кіхота" ў музтэатры пакідаюць яго са шкадаваннем – цуд скончыўся. Прыгожыя касцюмы нагадваюць сілуэты ранняга рамантызму, і толькі ў Кітры ў II дзеі з'явіцца класічная балетная пачка (мастак па касцюмах – Таццяна Тулуб'ева з Масквы). Спектакль ззяе яркай вобразнасцю, цеплынёй незласлівага гумару, свежым подыхам юнацтва. З выканаўцаў асабліва ўражваюць Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў. I не толькі таму, што іх героі ў спектаклі – галоўныя. Кітры – гарэзлівая, з лірычнымі павевамі – скарае сваёй эмацыянальнасцю, тонкім артыстызмам. Базіль жа наогул прымушае паверыць, што мы ў тэатры еўрапейскага ўзроўню. У тэатр музкамедыі нас вяртае... Дон Кіхот – яго ролю выконвае вядомы артыст і спявак Герман Казлоў. Здаецца, яму б яшчэ крышачку пластыкі рук, і пад кіраўніцтвам балейтмайстраў-рэпетытараў М. Подкінай і Н. Дз'ячэнка ён станцуе самога Бога ў знакамітым "Стварэнні свету"! Зразумела, майстэрства можна ўдасканальваць бясконца. У тым жа "Дон Кіхоце" далейшай распрацоўкі патрабуе вобраз Эспады, пакуль крыху блёкла-другасны. Невыпадкова, што шматлікія "тарэадорскія" сцэны імгненна засланяе адзіны кароткі выхад кантрабандыстаў з яскравай "Джыгай" (салістка Т. Сяргейчык). Спадзяюся, другі склад танцоўшчыкаў прыўнясе ў агульны каларыт свае штрыхі, у аркестры (дырыжор В. Чарнуха) з'явіцца больш чароўнай пластычнасці, гнуткасці фразіроўкі. Але ўжо сёння спектакль дорыць радасць. Сапраўдную! Без скідкі на геаграфічную "правінцыяльнасць". АНТРАКТ. У фае гледачоў падштурхоўвалі да мікрафона і задавалі пытанне, ці спадабалася ім ўбачанае. Усе згодна падтаквалі, ківалі галовамі, а некаторыя нават бянтэжыліся, чаму гэта да іх такая пашана. Мне таксама спадабалася. Не толькі балетнае дзеянне – пашана. Не толькі да гледачоў – да артыстаў. Бо спектаклі ставяцца з разлікам на іх індывідуальнасці. Зайздросна? I гэта пры тым, што сярод салістаў "Мінск-балета" няма ні сусветных "зорак", ні лаўрэатаў міжнародных конкурсаў. А ёсць звычайныя выпускнікі харэаграфічнага вучылішча – "зорачкі", якім далі магчымасць заззяць не перад пенсіяй, як у нас часцей здараецца, а менавіта на пачатку творчага шляху. Той жа К. Кузняцоў, незважаючы на ўсю элегантнасць, экспрэсію, фантастычную адточанасць тэхнікі, пры сваёй хударлява невялічкай постаці мог у лепшым выпадку разлічваць у Вялікім тэатры на ўвасабленне хіба што д'ябальскага асяроддзя ў "Вальпургіевай ночы". А ў "Мінск-балеце" ў яго ролі "прынцаў" – мара кожнага танцоўшчыка. Тэатр, няхай і музкамедыі, становіцца для маладых выканаўцаў яшчэ адной прыступкай творчага росту, акрыленнем юнацкай веры ў сваё жыццёвае прызначэнне. Як нам усім пашчасціла, што ёсць яшчэ ў нас донкіхоты, згодныя змагацца з ветракамі бяздушша, абібоцтва і проста мастацкага спакою – дон кіхоты, якім, акрамя аперэтачных канканаў, патрэбны яшчэ і "Дон Кіхот"! II Д3ЕЯ. Фіналы балетаў Пеціпа хіляцца да традыцыйна пышнага апафеозу з бясконцымі выхадамі-прывітаннямі персанажаў, калі дзеянне не толькі спыняецца, а набывае шматмернасць класічна дасканалай боскасці. Так і ў "Дон Кіхоце": усе перашкоды і праблемы ў мінулым, на вяселлі застаецца вымаўляць тосты-здравіцы ды любавацца маладымі. Але разам з любаваннем прыходзіць мудрасць: "спыніся, імгненне" раўнавелічна ў мастацтве смяротнаму зыходу. Вось чаму так замірае сэрца на фінальных фуэтэ: зараз Кітры зафіксуе позу "ганарлівага цвічка", удыхне апладысменты – і што ж далей? Тосты-здравіцы? Яшчэ адзін "Дон Кіхот"? Можа, і так. I ў гэтым няма нічога заганнага, класічны рэпертуар замацоўвае за тэатрам цікавых выканаўцаў, выхоўвае прыхільнікаў балетнага мастацтва ў самых дэмакратычных пластах насельніцтва, якія няёмка пачуваюць сябе сярод снабізму наведвальнікаў ДАВТа. Але час у мастацтве вымяраецца не толькі адточаным паўторам знойдзенага, а яшчэ і прарывам у нязведанае. Так супала, што прэм'ера "Дон Кіхота" адбылася літаральна праз некалькі дзён пасля VIII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі, які праходзіў у Віцебску. I які не ўпершыню прадэманстраваў адсутнасць на Беларусі прафесійнай трупы, што займалася б распрацоўкай нацыянальнага мадэрна. Не, я зусім не за тое, каб "Мінск-балет" раптоўна змяніў профіль. Але ж і пошукі новай пластыкі яму б не пашкодзілі – нават у прыстасаванні да такога жанра, як мюзікл. I няхай зараз гэта ідэя падасца дзіўнай, невыканальнай – ці ж не былі смешна-нездзяйсняльнымі ўсе задумы Дон Кіхота, які з героя парадыйнага рамана ператварыўся ў рамантычны сімвал бясконцага пошуку ідэалу?
|
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by